Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
ББК 63.3(4Беи)я7 6 страница
У 1596 г. у Бярэсці была заключана царкоўная ўнія, асноўная сутнасць якой была пабудавана на кампрамісу: праваслаўная царква прызнавала вяршынства Папы Рымскага, але ў асноўным захоўваліся праваслаўная літургія і царкоўныя дагматы. Служба вялася, у тым ліку, і на старабеларускай мове. Унія ўводзілася рознымі мерамі: і мірнымі, і гвалтоўнымі. Да канца ХVIII ст. ва ўніяцкую веру перайшлі каля 75% насельніцтва беларускіх зямель. Адраджэнне, Рэфармацыя і Контррэфармацыя, шматканфесійнасць, агульная эканамічная і палітычная абстаноўка аказалі ўплыў і на літаратуру, перш за ўсё публіцыстычную, і на выяўленчае мастацтва, і на адукацыю, і на развіццё матэрыяльнай культуры. Адукацыя развівалася галоўным чынам з дапамогай рэлігійных аб’яднанняў. У буйных беларускіх гарадах былі адкрыты езуіцкія каталіцкія калегіўмы, брацкія праваслаўныя школы, пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі – ўніяцкія, а таксама базыліянскія школы. У 1579 г. езуіты заснавалі Віленскую акадэмію. Пад уплывам Адраджэння ў школах і акадэміі, акрамя тэалагічных прадметаў, больш увагі сталі ўдзяляць граматыцы, рыторыцы, геаграфіі, астраноміі, фізіцы, матэматыцы. У эпоху Асветніцтва свецкі напрамак у адукацыі яшчэ больш узмацніўся. Гэта выразілася ў школьнай рэформе, якая была ажыццёўлена заснаванай у 1773 г. Адукацыйнай камісіяй – першай у Еўропе цэнтралізаванай свецкай установай па кіраўніцтву асветай. У яе падначаленне перайшлі навучальныя ўстановы езуіцкага ордэна, таксама былі створаны на месцах акруговыя і падакруговыя школы. Навучанне ў іх насіла ў асноўным свецкі характар, тэалогія была зведзена да мінімуму. Ніжэйшай ступенню адукацыі сталі парафіяльныя школы. У выніку рэформы павялічылася колькасць навучальных устаноў, адукацыя набыла больш свецкі характар. У канцы XVIII ст. у Беларусі існавала 130 пачатковых школ, 33 сярэднія і няпоўныя сярэднія школы, каля 40 школ розных ордэнаў, а таксама яўрэйскія рэлігійныя школы. У іх навучалася каля 4 тысяч чалавек. Хаця навучэнцаў было адносна няшмат, усё ж гэта быў значны крок наперад у навучанні моладзі ў параўнанні з папярэднімі стагоддзямі. Развівалася навука. Далёка за межамі Бацькаўшчыны быў вядомы выдатны вучоны першай паловы XVII ст. Казімір Семяновіч. У яго кнізе “ Вялікае майстэрства артылерыі”, якая выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме, былі выказаны новыя ідэі ў ваеннай справе, нават ў галіне ракетнай тэхнікі. Адным з вядомых астраномаў быў рэктар галоўнай Літоўскай школы, дырэктар Віленскай абсерваторыі Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гістарычнай навуцы вызначыўся Альберт Каяловіч, які напісаў “Гісторыю Літвы”. Вялікі ўплыў на фармаванне рацыянальнага светапогляду сучаснікаў аказаў вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч Казімір Лышчынскі, які быў спалены на кастры за атэістычныя погляды, выказаныя ў трактаце “Аб неіснаванні Бога”. У Новы час больш разнабаковай стала літаратура. Складаныя міжканфесійныя адносіны, падрыхтоўка і правядзенне царкоўнай уніі спарадзілі багатую палемічную публіцыстыку. Гэта мемуарна-публіцыстычная літаратура (“Фрынас” М. Сматрыцкага, “Дыярыуш” А. Філіповіча, “Допісы” аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнобыльскага, “Дзённік” Ф. Еўлашоўскага); палемічныя пропаведзі С. Зізанія, І. Пацея; свецкія прамовы Р. Хадкевіча, Л. Сапегі, парадыйна -сатырычныя творы (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”). У сувязі з адносна слабым развіццём буржуазных адносін, носьбітамі ідэй Асветы на Беларусі былі перш за ўсё шляхта і святары. Традыцыйнае летапісанне набыло формы гісторыка-літаратурных мастацкіх твораў, рэгіянальны характар. Арыгінальным помнікам такой літаратуры з’яўляецца “Баркулабаўская хроніка”, напісаная ў XVI–XVII стcт. У гэты час развівалася паэзія як самастойны від літаратурнай творчасці. Яна звязана, перш за ўсё, з іменем Сімяона Полацкага і яго зборнікамі паэзіі “Рыфмаліён” і “Вертаград шматколерны”. Значны след у развіцці літаратуры аставіў таксама таленавіты педагог, паэт Мацей Казімір Сарбеўскі. Шмат зрабіў у галіне асветніцтва Ілья Капіевіч. Новай з’явай у культурным жыцці Беларусі стала з’яўленне тэатра. Спачатку былі школьныя тэатры, дзе ставіліся звычайна п’есы маральна-этычнага характару і на рэлігійныя тэмы. Біблейскія сюжэты пераважалі і ў лялечным тэатры “батлейка”, які ўзнік у ХVI ст. Затым іх змянілі бытавыя гумарыстычныя сцэнкі. Звычайна рэпертуар батлейкі складаўся з кананічнай (рэлігійнай) і свецкай (народнай).У XVIII ст. батлеечны тэатр пачынае дзейнічаць пераважна як народная лялечная дзея. У беларускай батлейцы вядома 20 народных сцэнак. Героем іх з’яўляецца весялун, жартаўнік Несцерка, які выступае ў ролі народнага заступніка. У другой палове ХVIII ст. значнае развіццё атрымалі прыгонныя тэатры, якія ствараліся ў маёнтках буйных феадалаў. Найбольш вядомымі былі тэатры Агінскага ў Слоніме, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіліся галоўным чынам аўтарскія п’есы Уршулы Францішкі Радзівіл, тэатры ў Шклове, Слуцку, Магілёве і інш. Для кіраўніцтва імі і навучання артыстаў нярэдка запрашаліся прафесійныя настаўнікі з Заходняй Еўропы. У ХVIII ст. атрымалі распаўсюджванне прыгонныя аркестры, капэлы, якімі таксама кіравалі прафесійныя капельмайстры. Існавалі музычныя школы, ствараліся новыя музычныя творы. Шырокую вядомасць у канцы ХVIII–пачатку ХIX стст. атрымаў кампазітар Міхал Клеафас Агінскі. У выяўленчым мастацтве адчуваўся заходнееўрапейскі ўплыў, які спалучаўся з мясцовымі самабытнымі рысамі. Як і раней, развіваўся іконапіс, але ў XVII ст. у культавым мастацтве пачалі адрозніваць тры жывапісныя школы: магілёўскую, віцебскую і палескую. Найбольш прыбліжанай да заходнееўрапейскага мастацтва была магілёўская школа. У сюжэтах з’явіліся элементы пейзажу, партрэта. Найбольш яскрава мясцовыя самабытныя рысы праглядваюцца ў іконе “Нараджэнне Марыі”, якую намаляваў Пётр Яўсяевіч з Галынца. Рэалізм і ўплыў барока характэрны для манументальных роспісаў у храмах. Свецкі напрамак у жывапісу прадстаўлены парадным, або, так званым, сармацкім партрэтам. На мяжы ХVIII і ХIX стст. жанры жывапісу пашыраюцца: з’яўляецца сюжэтны накірунак, пейзаж. Скульптура XVII–ХVIII стст. развівалася ў стылі барока. Найбольш распаўсюджанымі былі выявы святых, але ў эпоху асветніцтва пашыралася і свецкая скульптура. Стыль барока пераважаў і ў архітэктуры. Найбольш раннім помнікам барока стаў езуіцкі касцёл у Нясвіжы (архітэктар Дж. М. Бернардоні). Працягвалася будаўніцтва замкаў, хаця яны і страцілі свае абарончыя функцыі. Спалучэнне стыляў барока і класіцызма назіраецца ў Нясвіжскім замку. Асаблівасцю беларускай архітэктуры XVII–ХVIII стст., стала, так званае, віленскае барока, сфармаванае на мясцовых традыцыях. Развівалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, перш за ўсё, мастацкая разьба па дрэву, ткацтва. Шырока вядомымі сталі слуцкія паясы. Тэма 6. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі. Асаблівасці іх палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця (канец XVIII – першая палова XIX стст.)
6.1. Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пасля ўваходжання ў склад Расійскай дзяржавы. 6.2. Палітыка расійскай улады на беларускіх землях у першай палове ХIX ст. 6.3. Вайна 1812 г. і Беларусь. Грамадска-палітычны рух на Беларусі ў канцы ХVIII – першай палове ХIX стст. 6.4. Культура Беларусі першай паловы ХIX ст.
6.1. Пачатак індустрыяльнай цывілізацыі. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі пасля ўваходжання ў склад Расійскай дзяржавы
Канец ХVIII–пачатак ХIX стст. адзначаны значнымі поспехамі ў навуцы і тэхніцы, зменамі тэхналагічных працэсаў у вытворчасці, якія затым атрымалі назву прамысловай рэвалюцыі. Яна пачалася спачатку ў Англіі, Германіі, затым перамясцілася ў іншыя краіны Еўропы, ЗША, Расію і закранула ў першую чаргу лёгкую прамысловасць. Пазней, у сярэдзіне і другой палове ХIX ст., ядром прамысловага перавароту стала цяжкая прамысловасць і, перш за ўсё, машынабудаванне. Вытворчы працэс паскорыла вынаходніцтва ў Англіі паравога рухавіка, механічнага ткацкага станка, што, у сваю чаргу, садзейнічала ўдасканальванню шляхоў і сродкаў зносін. Сапраўдную рэвалюцыю ў гэтым плане зрабіла вынаходніцтва ў 1814 г. англійскім інжынерам Стэфенсонам паравоза. На змену парусным судам прыйшлі параходы. У канцы ХVIII ст. лідарам у развіцці прамысловасці стала Англія, але затым яе пачала даганяць Германія. Мануфактуры выцясняліся фабрычнай вытворчасцю. Расла колькасць гарадскога насельніцтва. Але хуткае развіццё машыннай вытворчасці суправаджалася ўзмацненнем эксплуатацыі наёмных рабочых і адпаведна абвастрэннем сацыяльнай напружанасці. Яна вылілася ў чарцісцкі рух у Англіі (масавы збор подпісаў пад харціямі), паўстанні ткачоў у Германіі і інш. Расія некалькі пазней уступіла на шлях капіталістычнага развіцця. Працэс паступовага разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін тут пачаўся ў пачатку ХIX ст. У прамысловасці гэта праявілася ў хуткім росце мануфактурнай вытворчасці, з’яўленні першых фабрык і заводаў, дзе ўжо выкарыстоўвалася наёмная праца. Новыя рысы намеціліся і ў сельскай гаспадарцы, яна стала больш арыентаванай на рынак, але гэтаму супярэчылі кансерватыўныя формы вядзення гаспадаркі і прыгонніцкія адносіны. Памешчыкі імкнуліся павялічыць даходнасць сваіх гаспадарак шляхам змяншэння сялянскіх надзелаў, павялічвання дзён баршчыны, аброка. Гэта абвастрала сацыяльныя адносіны. Для Беларусі былі характэрны тыя ж рысы гаспадарання, як і ў цэлым у Расіі. Яна была аграрнай акраінай Расійскай імперыі. Усе сяляне былі прыгоннымі, прычым каля 70 % належылі памешчыкам, пераважна буйным, астатнія – дзяржаве, дваранам, чыноўнікам, царкве. З далучэннем да Расійскай імперыі павялічылася колькасць расійскіх землеўладальнікаў. Да пачатку ХIX ст. ім былі пажалаваны землі разам з 250 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Жыццё патрабавала павышэння таварнасці сельскай гаспадаркі, таму памешчыкі пачалі пашыраць пасевы тэхнічных культур, перш за ўсё, лёну, цукровых буракоў, бульбы. У шэрагу гаспадарак пачалі выкарыстоўвацца сельскагаспадарчыя машыны. У сувязі з патрабаваннямі рынку ў першай палове ХIX ст. пачала вызначацца спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па асобных рэгіёнах: вырошчванне льну і бульбы на ўсходзе і развіццё жывёлагадоўлі на захадзе. Развівалася памешчыцкая прадпрымальніцкая дзейнасць, ствараліся падсобныя промыслы, перш за ўсё, па вытворчасці гарэлкі. Да 50-х гг. ХIX ст. у Беларусі дзейнічалі каля 3 тысяч невялікіх вінакурань. Прыбытак ад гэтага віду промыслаў складаў да 60 % усяго даходу многіх памешчыцкіх гаспадарак. У 1852 г. у Беларусі дзейнічала 12 цукровых заводаў, якія перапрацоўвалі буракі і выраблялі да 10 тыс. пудоў цукру ў год. Некаторыя памешчыкі, напрыклад, І. Храптовіч, для павышэння матэрыяльнай зацікаўленнасці сваіх прыгонных сялян уводзілі элементы частковай платы за іх працу. Але большасць землеўладальнікаў працавалі, як і раней, імкнучыся пабольшыць даходнасць сваіх гаспадарак шляхам узмацнення эксплуатацыі прыгонных сялян, павялічвання аброку, колькасці дзён баршчыны. Гэта вяло да збяднення сялян. Яны не маглі ў поўнай меры выконваць свае абавязкі перад гаспадарамі і дзяржавай, пачасціліся сялянскія выступленні. Паглыбленне крызісу ў сельскай гаспадарцы прымусіла ўлады правесці рэформу, якая пачалася перш за ўсё сярод дзяржаўных сялян. Было створана Міністэрства дзяржаўнай маёмасці на чале з графам П.Д. Кісялёвым, таму пазней гэтыя меры пачалі называцца рэформай Кісялёва. Яна праводзілася на працягу 1840–1857 гг. у дзяржаўных маёнтках і прадугледжвала тры асноўныя накірункі: перабудова кіравання дзяржаўнай вёскай, палітыка “апякунства” над дзяржаўнымі сялянамі і люстрацыя (інвентарызацыя) маёнткаў. Была ўведзена трохступенчатая сістэма кіравання: губерні – акругі – сельскія ўправы. На месцах павышалася роля абшчыны. Апякунская палітыка прадугледжвала агранамічныя мерапрыемствы, пашырэнне колькасці прыходскіх школ, паляпшэнне медыцынскай дапамогі, стварэнне страхавых фондаў і матэрыяльная дапамога дзяржаўным сялянам у выпадках неўраджаяў. Была праведзена інвентарызацыя дзяржаўных маёнткаў і ўведзена рэгламентацыя сялянскіх павіннасцяў. З 1844 г. у дзяржаўных уладаннях Беларусі сяляне пераводзіліся з паншчыны на аброк, прычым змяншалася грашовая рэнта. Малазямельным павялічваліся памеры надзелаў. У выніку рэформы некалькі палепшылася становішча дзяржаўных сялян, але яна спрыяла і росту маёмаснай дыферэнцыяцыі. Гэту рэформу ўлады спрабавалі распаўсюдзіць і на памешчыцкае землеўладанне, але не атрымалі падтрымкі сярод землеўладальнікаў. Яны абмежавалася складаннем інвентароў памешчыцкіх маёнткаў. Працэс разлажэння феадальных адносін закрануў на Беларусі і прамысловасць. Павялічылася колькасць мануфактур, у тым ліку і з прымяненнем наёмнай працы. Станоўчае значэнне на развіццё прамысловасці і гандлю аказала ўключэнне Беларусі ў агульнарасійскі рынак і будаўніцтва дарог, водных шляхоў зносін: Бярэзінскага канала, рэканструкцыя Агінскага і Днепра-Бугскага каналаў. У цэлым жа прамысловасць Беларусі першай паловы ХIX ст. насіла ў асноўным дробнатаварны характар, але з 1850-х гг. пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур, узбуйненне майстэрань і пашырэнне прымянення ў іх наёмнай працы. Менавіта ў 20-я гг. ХIX ст. пачалі ўзнікаць першыя фабрыкі і заводы: суконныя прадпрыемствы ў мястэчках Хомск і Косава на Гродзеншчыне, мукамольны завод у Магілёве і інш. Усяго ў Беларусі ў 1860 г. налічвалася 942 прамысловых прадпрыемстваў (без уліку вінакуранных) з пераважна наёмнай працай. Прадукцыя фабрычных прадпрыемстваў ужо пераўзыходзіла мануфактурную, хаця фабрык і рабочых, якія працавалі ў іх, было менш у 3–4 разы. У першай палове ХIX ст. вызначылася і спецыялізацыя прамысловасці Беларусі: у асноўным лёгкая прамысловасць, пераважна тэкстыльная, па перапрацоўцы лесу і сельскагаспадарчай прадукцыі. З развіццём капіталістычных адносін звязаны і рост гарадоў. За паўстагоддзе колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася ў 4 разы: з 80 да 320 тыс. Адпаведна пашыраўся і гандаль.
6.2. Палітыка расійскай улады на беларускіх землях у першай палове ХIX ст.
Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі палітыка ўлады ў цэлым была накіравана на іх зліццё з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі. Але першапачаткова ўлады ўлічвалі спецыфіку сацыяльна-эканамічнага і грамадскага жыцця насельніцтва гэтага рэгіёна і не пераходзілі да адкрытай русіфікатарскай палітыкі. Яна пачала пашырацца пасля паўстання 1830–1831 гг. У сацыяльна-адміністрацыйнай сферы беларускія землі да пачатку ХIX ст. былі падзелены згодна з унутраным расійскім адміністрацыйным падзелам на 5 губерняў, якія ў сваю чаргу аб’ядноўваліся ў 2 генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская, Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская губерні). Пазней тэрмін Белая Русь быў заменены паняццем “Паўночна-Заходні край”. Губерні падзяляліся на паветы, паветы – на воласці (акрамя 1830–1861 гг). Адміністрацыйны апарат у асноўным адпавядаў расійскаму, але захоўваліся некаторыя старыя назвы пасад, напрыклад, павятовы маршалак і інш. Спачатку ў беларускіх губернях працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588 г., але ў 1831 г. у Віцебскай і Магілёўскай, а ў 1840 г. – у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях ён быў адменены і ў Беларусі было ўведзена расійскае заканадаўства. Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі выкупляліся ўладамі і згодна з даравальнай граматай гарадам 1785 г. іх жыхары ўраўніваліся ў правах з іншым гарадскім насельніцтвам Расійскай імперыі, дзяліліся на 6 разрадаў, кіраўніцтва ажыццяўлялася гарадской думай на чале з гарадскім галавой. Магдэбургскае права скасоўвалася. Некаторы час у беларускіх гарадах яшчэ захоўвалася дзеянне Статута 1588 г. Магнаты і шляхта павінны былі прынесці прысягу новым уладам, пасля чаго яны набывалі правы расійскіх дваран. Тыя ж, хто адказваўся прынесці прысягу, павінны былі за кароткі тэрмін прадаць свае маёнткі і з’ехаць за мяжу. Забараняліся канфедэрацыі, сеймы, правы шляхты былі істотна абмежаваны. Сяляне з-за іх галечнага становішча спачатку былі вызвалены на два гады ад падаткаў, у наступныя дзесяць гадоў яны браліся на ільготнай аснове, але затым пачаліся спаганяцца ў поўным размеры. Уводзіліся рэкруцкія наборы. Нацыянальная палітыка расійскіх ўлад спачатку была даволі памяркоўнай. Справаводства, кнігадрукаванне, навучанне ў школах, як і раней, ажыццяўляліся на польскай мове. Але адначасова праводзілася палітыка пратэкцыянізма рускай мове. Такім чынам, беларусы падвяргаліся двайному нацыянальнаму прыгнёту. З 1830-х гг., пасля падаўлення паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве, польскі ўплыў паступова пачаў выцясняцца, узамен яго разгарнулася актыўная русіфікацыя беларускага насельніцтва. Адначасова пачаўся так званы “разбор” шляхты. Ён заключаўся ў праверцы сапраўднасці і наяўнасці дакументаў, пацвярджаючых шляхецкае званне. Не вытрымаўшых праверку шляхцічаў пераводзілі ў саслоўе аднадворцаў у сельскай мясцовасці і грамадзян у гарадах. Для яўрэяў указам ад 23 верасня 1794 г. устанаўлівалася мяжа аседласці. Згодна з ёй, яўрэі маглі сяліцца толькі на беларускіх, літоўскіх і часткова ўкраінскіх землях, пры гэтым ім забаранялася набываць маёнткі. Падаткі ж яны павінны былі плаціць у двайным памеры. Пазней яўрэйскаму насельніцтву было забаронена займацца сельскай гаспадаркай і яно пераважна сканцэнтравалася ў мястэчках і невялікіх гарадах. У адносінах да рэлігійных аб’яднанняў улады спачатку таксама займалі ўзважаныя пазіцыі. Каталіцызм не забараняўся, нават часова была адноўлена дзейнасць ордэна езуітаў. Але дзяржаўнай канфесіяй стала праваслаўе. Улады матэрыяльна падтрымлівалі праваслаўных святароў, выдзялялі сродкі для будаўніцтва праваслаўных храмаў. Але пасля паўстання 1794 г. каталіцкаму і ўніяцкаму духавенству было забаронена схіляць у сваю веру людзей. Уніятаў пачалі пераводзіць у стан праваслаўных. Гэтыя дзеянні ўлады заканадаўча былі замацаваны 12 лютага 1839 г. на ўніяцкім саборы ў Полацку. На ім было прынята рашэнне аб далучэнні ўніяцкай царквы да праваслаўнай.
6.3. Вайна 1812 г. і Беларусь. Грамадска-палітычны рух на Беларусі ў канцы ХVIII – першай палове ХIX стст.
У пачатку ХIX ст. у выніку дзяржаўнага перавароту ў Францыі да ўлады прыйшоў Напалеон. У 1804 г. ён аб’явіў сябе імператарам. У выніку ваенных дзеянняў Напалеон падпарадкаваў амаль усю Заходнюю і Цэнтральную Еўропу. Антыфранцузская кааліцыя, у якую ўваходзіла і Расія, пацярпела паражэнне. У 1807 г. у Тыльзіце паміж Расіяй і Францыяй быў заключаны мір, адной з умоў якога было стварэнне на землях, адабраных у Прусіі, Вялікага герцагства Варшаўскага. Напалеон разлічваў на гэта герцагства як на плацдарм на выпадак вайны з Расіяй. На працягу наступных гадоў адносіны паміж Расіяй і Францыяй заставаліся абвостранымі, перш за ўсё, з-за імкнення абедзвюх краін да еўрапейскай гегемоніі і з-за кантынентальнай блакады Англіі. Гэтыя канфлікты прывялі да нападзення Францыі на Расію. 12 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона, у якую ўваходзілі і прадстаўнікі падпарадкаваных Францыі народаў Еўропы, перасекла дзяржаўную мяжу Расійскай імперыі. Ёй супрацьстаялі тры разрозненыя расійскія арміі агульнай колькасцю 200 тыс. чалавек. Каб аб’яднацца і сабрацца з сіламі, яны пачалі з баямі адыходзіць на ўсход. У час адступлення ваенныя дзеянні адбыліся каля Кобрына, Міра, Полацка, Магілёва. Да канца ліпеня тэрыторыя Беларусі была акупіравана французамі. Каб набыць прыхільнікаў, 19 чэрвеня 1812 г. Напалеон аб’явіў аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага і ўтварыў часовы орган улады – Камісію Вялікага княства Літоўскага. Але на самой справе Беларусь была падзелена, як і ў Францыі, на дэпартаменты, кантоны на чале з французскай адміністрацыяй, усталяваўся акупацыйны рэжым, сутнасць якога заключалася ў зборы правіянта для французскага войска і яго папаўненні за кошт рэкрутаў з мясцовага насельніцтва. Палякі ў асноўным прыхільна сустрэлі французаў, але значная частка беларускага насельніцтва, нездаволеная рабаўніцтвам і гвалтам, не падтрымала акупантаў. На тэрыторыі Беларусі пачалі ўтварацца партызанскія атрады. Вядома, што яны дзейнічалі ў Барысаўскім, Дрысенскім, Полацкім і іншых паветах. Французская армія пасля бітвы на Барадзінскім полі здолела без бою заняць Маскву, але, знясіленая, у кастрычніку 1812 г. вымушана была пачаць адступленне назад, на захад па спустошанай Смаленскай дарозе. Адначасова перайшлі ў наступленне і расійскія войскі. На зваротным шляху на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў час пераправы праз р. Беразіну каля г. Барысава, адбыўся разгром французскай арміі. Вайна нанесла Беларусі вялікія страты. У выніку рэквізіцый, рабаванняў гаспадарка была разбурана, многія паселішчы, асабліва на ўсходзе, спалены, пачаліся голад, масавыя эпідэміі. Пасяўныя плошчы, колькасць жывёлы скараціліся ў два разы. Але расійскі ўрад не зменшыў на спустошаных землях падаткі, захаваў старыя прыгонніцкія парадкі, больш таго, маніфестам ад 12 снежня 1812 г. аб’яўлялася дараванне мясцовым памешчыкам, якія падтрымалі Напалеона, з вяртаннем ім іх маёнткаў. Пасля паражэння ў Расіі Напалеон ужо не здолеў паспяхова весці ваенныя дзеянні супраць кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў, якія зноў падняліся супраць яго, і пасля некалькіх няўдалых бітваў быў сасланы на востраў Святой Елены. Згодна з рашэннямі Венскага кангрэса еўрапейскіх дзяржаў, які праходзіў з кастрычніка 1814 па чэрвень 1815 гг, у Еўропе аднаўляліся манархічныя рэжымы, ліквідаваліся тыя палітычныя змены і пераўтварэнні, якія адбыліся ў перыяд Французскай буржуазнай рэвалюцыі і напалеонаўскіх войн, па новаму вызначаліся межы дзяржаў. Большая частка Вялікага герцагства Варшаўскага на правах аўтаноміі адышла да Расіі і стала называцца Каралеўствам Польскім. Вынікі Венскага кангрэса, наданне аўтаноміі Каралеўству Польскаму, а таксама абяцанне Аляксандра I аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. вызвалі рост прапольскіх патрыятычных настрояў сярод значнай часткі шляхецкай інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі. У 1817 г. сярод студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ўзнікла тайнае таварыства філаматаў (аматараў навук). Арганізатарамі яго былі А. Міцкевіч, Т. Зан. Таварыства мела філіялы ў іншых навучальных установах Беларусі. У 1820 г. было створана другое таварыства – філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці). Члены таварыстваў вывучалі беларуска-літоўскі край, займаліся культурна-асветніцкай, навуковай дзейнасцю, прапагандавалі ідэі свабоды і роўнасці людзей і народаў. Але яны крытыкавалі царскі ўрад і таемна выказваліся за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1823 г. гэтыя таварыствы былі выкрыты і распушчаны, а найбольш актыўныя члены падвергліся ганенням. У 1825 г. К.Г. Ігельстромам, А.І. Вягеліным, М.І. Рукевічам было створана таварыства “Ваенныя сябры” з ліку афіцэраў Літоўскага корпуса, мясцовай шляхты, чыноўнікаў, вучнёўскай моладзі. Члены таварыства падзялялі ідэі дзекабрыстаў і 24 снежня 1825 г. зрабілі спробу падняць паўстанне ў Літоўскім корпусе ў час прыняцця прысягі на вернасць імператару Мікалаю I, але пацярпелі няўдачу. У сярэдзіне 1820-х гг. тайныя таварыствы на Беларусі былі разгромлены, але антыўрадавыя настроі сярод пэўных пластоў насельніцтва захоўваліся. Ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай былі папулярнымі сярод нацыянальна настроеных людзей польскай арыентацыі, асабліва ў Каралеўстве Польскім. Рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі, Італіі далі штуршок для паўстання ў Варшаве, якое пачалося 29 лістапада 1830 г. Мэтай яго было аднаўленне Рэчы Паспалітай ў межах 1772 г. Яно ахапіла ўсю Польшчу, на бок паўстаўшых перайшла польская армія. Хутка ў кіраўніцтве выявіліся два накірункі: кансерватыўны на чале з князем А. Чартарыйскім, які ставіў адну мэту – аднаўленне Рэчы Паспалітай; і левы на чале з І. Лялевелем, які выступаў таксама і за буржуазна-дэмакратычныя свабоды, надзяленне сялян зямлёй з адначасовай грашовай кампенсацыяй памешчыкам. У Варшаве быў утвораны Часовы ўрад, пазней ён быў перайменаваны ў Нацыянальны ўрад, скліканы сейм, які прыняў “Маніфест польскага народа”. У 1831 г. паўстанне перакінулася на беларускія землі, пераважна паўночна-заходнія паветы Мінскай губерні і Віленскую губерню. Тут дзеяннямі паўстанцаў кіраваў утвораны ў студзені 1831 г. Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. На месцах таксама ствараліся павятовыя ўрады, якія пачалі праводзіць рэкруцкія наборы. Усяго ў паўстанні на беларускіх землях прынялі ўдзел каля 10 тыс. чалавек, але дзейнічалі паўстанцкія атрады стыхійна. У канцы мая на дапамогу паўстанцам з Польшчы быў накіраваны атрад пад камандаваннем генерала Д. Хлапоўскага колькасцю 700 чалавек, пазней – яшчэ 12-тысячны корпус генералаў А. Гелгуда і Г. Дэмбінскага. 19 чэрвеня 1831 г. пад Вільняй расійскае войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў і да канца ліпеня паўстанне ў Беларусі і Літве было падаўлена. Многія яго ўдзельнікі былі асуджаны, маёнткі канфіскоўваліся. Была скасавана аўтаномія Польшчы. Пачаўся “разбор” шляхты, быў адменены Статут ВКЛ 1588 г. Расійскі ўрад перайшоў да больш актыўнай палітыкі русіфікацыі. Тым не менш, нягледзячы на рэпрэсіі і русіфікацыю, грамадскі рух у 30–50-я гг. XIX ст. не спыніўся. У 1836 г. у Вільні пад кіраўніцтвам Франца Савіча пачало дзейнічаць “Дэмакратычнае таварыства”, якое выступала за адзінства ў барацьбе супраць самадзяржаўя, за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй. Пазней, на працягу 1846–1849 гг. у Вільні, Мінску і іншых беларускіх гарадах існавала тайная арганізацыя “Саюз свабодных братоў”, якая налічвала больш за 200 членаў. Саюз таксама ставіў мэтай звяржэнне самадзяржаўя і ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў. Гэтыя арганізацыі былі выкрыты і разгромлены. Але і ўлады былі вымушаны некалькі лібералізаваць сваю палітыку ў заходніх губернях. У сярэдзіне ХIX ст. палітычная сітуацыя ў Беларусі прадаўжала заставацца напружанай.
6.4. Культура Беларусі першай паловы ХIX ст.
Да пачатку ХIX ст. на беларускіх землях, далучаных да Расійскай імперыі, захоўвалася старая сістэма навучання – школы пры розных рэлігійных арганізацыях і навучальныя ўстановы былой Адукацыйнай камісіі. У пачатку XIX ст. у Беларусі у Віленскай навучальнай акрузе дзейнічалі адкрыты ў 1803 г. на базе Галоўнай школы ВКЛ Віленскі ўніверсітэт, Полацкая езуіцкая акадэмія. Універсітэт быў буйнейшай вышэйшай навучальнай установай. Тут дзейнічалі 4 факультэты: маральна-палітычных навук, літаратуры і вольных мастацтваў, фізіка-матэматычны і медыцынскі, а таксама медыцынская, ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, батанічны сад, некалькі музеяў, друкарня. Сярэдняе і ніжэйшае звенні адукацыі таксама былі прыведзены ў адпаведнасць з расійскай сістэмай: сямігадовыя гімназіі ў губернскіх гарадах, павятовыя чатырохгадовыя для дзяцей мяшчан і купцоў і прыходскія вучылішчы для ніжэйшых саслоўяў. Езуіцкія калегіўмы захавалі сваю аўтаномію і перайшлі пад кіраўніцтва Полацкай езуіцкай акадэміі, якая існавала ў 1812–1820 гг. Дзейнічалі шматлікія яўрэйскія рэлігійныя навучальныя ўстановы, жаночыя пансіёны пры каталіцкіх кляштарах. Працавалі таксама каля 20 школ узаемнага навучання (ланкастэрскія). У навучальных установах у пачатку ХIX ст. працягвала панаваць польская мова. Некаторыя змены ў сістэме адукацыі адбыліся ў 1830–1850-я гг. Пасля паўстання 1830– 1831 гг. быў закрыты Віленскі ўніверсітэт як “расаднік вальнадумства”, замест яго ў Вільні былі створаны медыка-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. Школы пачалі пераводзіцца на рускую мову навучання, але адначасова быў зроблены крок да пашырэння пачатковай адукацыі, у гэты час адкрыліся больш за 100 школ для сялянскіх дзяцей. Дзейнічалі прыватныя навучальныя ўстановы закрытага тыпу–пансіёны. Узмацнілася цікавасць і да прафесійнай адукацыі, пры гімназіях адкрываліся прафесійныя школы або класы. У 1848 г. на базе земляробчай школы быў адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які праіснаваў да 60-х гадоў ХIX ст. У цэлым жа, нягледзячы на пэўныя зрухі, напярэдадні 1861 г. навучаннем была ахоплена невялікая частка насельніцтва Беларусі – 16, 5 тысяч чалавек, або 0, 5 %. У першай палове ХIX ст. быў пакладзены пачатак развіццю беларусазнаўства. Першымі крокамі ў гэтым напрамку сталі працы расійскіх вучоных І. Ляпёхіна і В. Севяргіна, якія ў пачатку стагоддзя арганізавалі навуковыя экспедыцыі на далучаныя да Расіі землі. Этнаграфічныя і гістарычныя даследаванні заходніх губерняў Расіі рабілі прафесары Віленскага ўніверсітэта І. Даніловіч, М. Баброўскі. Да сярэдзіны ХIX ст. актывізавалася краязнаўчая дзейнасць мясцовых даследчыкаў. Менавіта ў гэты час выходзіць шэраг этнаграфічных прац Я. Чачота, Я. Тышкевіча, П. Шпілеўскага і іншых навукоўцаў. Па ініцыятыве Яўстафія Тышкевіча ў Вільні ў 1855 г. быў заснаваны першы музей старажытнасцяў. Беларусазнаўства развівалася ў неспрыяльных умовах паланізацыі і русіфікацыі, але, тым не менш, унесла значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванне беларускай нацыі. Багаты фальклор, які знайшоў сваё адлюстраванне і ў першых працах беларускіх этнографаў, з’явіўся асновай духоўнага нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў, якое пачалося ў першай палове ХIX ст. Менавіта з ім звязана і адраджэнне літаратурнай беларускай мовы. Прыкрываючыся лацініцай, беларуская мова загучала ў такіх выдатных народных творах, як “Гутаркі”, і ў ананімных паэмах “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”. У першай палове ХIX ст. пачала адраджацца беларуская літаратура. Ля яе вытокаў стаялі Ян Чачот (“Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”), Ян Баршчэўскі (“Шляхціч Завальня або Беларусь ў фантастычных апавяданнях”), В. Дунін-Марцінкевіч (“Сялянка”, “Вечарніцы”, “Пінская шляхта”). З іменем Дуніна-Марцінкевіча звязана і стварэнне першай нацыянальнай тэатральнай трупы. 9 лютага 1852 г. у час прэм’еры камічнай оперы “Сялянка”(аўтар лібрэтта В. Дунін-Марцінкевіч, кампазітары С. Манюшка, К. Кжыжаноўскі) са сцэны Мінскага тэатра ўпершыню загучалі беларускія песні, гаворкі, прымаўкі.
|