Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
ББК 63.3(4Беи)я7 3 страница
Ёсць версіі, што полацкія і тураўскія дружыны ўдзельнічалі ў складзе аб’яднаных сіл старажытнарускіх княстваў і ў бітве 1223 г. на р. Калка супраць ардынскага войска. Атрымаўшы перамогу, татара-манголы на чале з ханам Батыем пачалі буйнамаштабны шматгадовы паход на захад. Яны захапілі і разрабавалі Разань, Каломну, Маскву, накіраваліся ў бок Смаленска, але абыйшлі яго і ўварваліся ў паўднёварускія землі. Захапіўшы і разрабаваўшы Кіеў, Уладзімір, Галіч, яны дасягнулі прастораў цэнтральнай Еўропы. Такім чынам, татара-манголы абыйшлі з поўдня тэрыторыю Полацкага княства, але захаваліся звесткі аб сутычках з перадавымі ардынскімі атрадамі каля гарадоў Гомель, Бярэсце, Мазыр, магчыма, каля Крутагор’я, аб абкладанні данінай некаторых гарадоў Паўднёвай Беларусі.
3.2. Культура беларускіх зямель IX–ХIII стст.
На развіццё культуры Беларусі ранняга сярэднявечча вялікі ўплыў аказала прыняцце хрысціянства. Яно ўводзілася мірнымі і нямірнымі сродкамі, часам паралельна, у форме двухвер’я, часам у барацьбе са старымі паганскімі вераваннямі. Пачаткам увядзення хрысціянства на Русі лічыцца 988 г., калі князь Уладзімір ахрысціў жыхароў г. Кіева. Умоўнай жа датай прыняцця хрысціянства на Беларусі прынята лічыць 992 г. – год заснавання Полацкай епархіі. Епархія ў Тураве была заснавана некалькі пазней – у 1005 г. Распаўсюджванне хрысціянства супала па часе з зараджэннем асноў дзяржаўнасці на Полаччыне і Тураўшчыне, ідэя адзінага бога адпавядала цэнтралізацыі княжацкай улады, царква стала духоўнай асновай раннесярэднявечнай дзяржавы. У выніку хрысціянізацыі значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, перш за ўсё, з Канстанцінопалем, садзейнічалі развіццю рамёстваў, гандлю, а яшчэ больш, культурнаму прагрэсу. Шырокае распаўсюджванне атрымалі мураванае дойлідства, манументальны жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыняцце хрысціянства садзейнічала развіццю асветы і пісьменнасці, літаратурнай справы. Пісьменнасць на землях Беларусі была вядома і раней, але ў больш прымітыўнай форме “чэртаў і рэзаў” і не была прыстасавана для запісу складаных тэкстаў. З Х ст. пачала распаўсюджвацца кірыліца – азбука, створаная славянамі па паходжанню, Кірылам і Мяфодзіем. Праз Балгарыю гэта старажытнаславянская мова перайшла да ўсходніх славян. На ёй зроблены надпісы на пячатцы полацкага князя Ізяслава канца Х ст., так званых, “Барысавых“, ”Рагвалодавых” камянях, знойдзеных на рэках Заходняя Дзвіна і Днепр, самшытавым грэбені канца XII ст., каменнях у падмурку Полацкага Сафійскага сабора, прасліцах з археалагічных раскопак у Пінску, Віцебску, берасцяных граматах XI–XIII стст., надпісу на крыжы Лазара Богшы, якія датуецца XII ст. З грэчаскай на стараславянскую мову перакладаліся царкоўныя кнігі. Найбольш старажытнымі літаратурнымі помнікамі з’яўляюцца “Тураўскае евангелле” канца XI ст., “Аршанскае евангелле” канца XII–пачатку XIII стст. Вядома, што ў старажытным Полацку была вялікая бібліятэка, якая, як лічыцца, загінула ў час Лівонскай вайны. Да нас дайшла толькі частка Полацкага евангелля. Кнігі пісаліся ўручную, асобым шрыфтам – “уставам” на пергаменце ў свайго рода майстэрнях – скрыпторыях. Асобныя раздзелы падзяляліся каляровымі застаўкамі. Вокладкі рабіліся з дрэва і ўпрыгожваліся золатам і каштоўнымі камянямі. У юрыдычных дакументах таго часу – граматах полацкага князя Ізяслава, дагаворнай грамаце паміж Полацкам, Смаленскам і Рыгай, якія датуюцца пачаткам XIII ст., ужо ёсць асобныя элементы старабеларускай мовы. Да нас дайшлі таксама і асобныя творы – “Словы”, малітвы, лісты, створаныя вядомымі асветнікамі таго часу Кірылам Тураўскім і Кліментам Смаляцічам, а таксама агіяграфічныя аповесці – “Жыціе і хаджэнне Еўфрасінні Полацкай” аб аднайменнай выдатнай асветніцы, “Жыціе Кірылы Тураўскага”. Асобнае месца сярод помнікаў пісьменнасці разглядаемага перыяду займаюць Іпацьеўскі летапісны звод, складзены ў канцы XIII ст., які ўключае чатыры летапісы: “ Аповесць мінулых гадоў”, Кіеўскі летапіс, Галіцка-Валынскі летапіс, і “Слова аб палку Ігаравым”, у якіх змешчаны звесткі аб старажытнай гісторыі плямён і княстваў, якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Падзеі на тэрыторыі Полацкага княства адлюстраваны і ў “Слове аб палку Ігаравым” – вяршыні мастацкай пісьменнай літаратуры пачатку XII ст. На Полаччыне было шмат і рознай перакладной літаратуры, перш за ўсё, антычнага свету. Папулярнай на беларускіх землях была і вусная народная творчасць. Распаўсюджванне пісьменнасці, асветы на беларускіх землях у XII ст. цесна звязана з імёнамі дзеячоў культуры Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча. Ефрасіння Полацкая (Прадслава) была ўнучкай князя Усяслава Брачыслававіча (Чарадзея). Дабраахвотна выбраўшы дарогу ў манастыр, яна ўсё сваё жыццё прысвяціла асвеце, займалася перапіскай кніг, заснавала два манастыры і дзве царквы, па яе заказу ў 1161 г. быў зроблены крыж – узор мясцовага мастацкага майстэрства. Кірыла Тураўскі, выхадзец з заможнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю ў Тураве. Пастрыгшыся ў манахі, ён заняўся літаратурнай дзейнасцю. Выдатнай красамоўнасцю выдзяляюцца ўрачыстыя і дыдактычныя пропаведзі, казанні, “Словы” (павучанні), прытчы, каля 30 малітваў і некалькі канонаў. Клімент Смаляціч таксама жыў у манастыры, быў вельмі адукаваным чалавекам. У сваім пасланні смаленскаму прэсвітару Фаме ён даказваў, што разумець біблію трэба з дапамогай навуковых ведаў, у прыватнасці, вывучаючы творы антычных аўтараў. Візантыйскі ўплыў на беларускіх зямлях у Х–XIII стст. асабліва адчуваўся ў развіцці матэрыяльнай культуры: дойлідстве, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. У IX–XIII стст. тут ужо існавала 35 гарадоў, прычым, як паказваюць раскопкі ў Бярэсці, Мінску, Новагародку, Гародні, яны ні ў чым не саступалі еўрапейскім. Напрыклад, у Бярэсці XII ст. ўжо існавалі драўляныя маставыя, рыначная плошча. Менавіта з Х ст., пасля прыняцця хрысціянства, на Русі пачалося будаўніцтва мураваных будынкаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі выяўлена і даследавана 25 мураваных помнікаў культавай і грамадзянскай архітэктуры IX–XIII стст. З іх поўнасцю або часткова захавалася невялікая частка, але па выніках раскопкаў іх фундаментаў можна вызначыць форму, тэхніку збудавання. Помнікі архітэктуры можна падзяліць на культавыя і абарончыя збудаванні. У культавых пабудовах выразна адчуваўся ўплыў Канстанцінопаля, у абарончых жа, старажытных замках – больш заходнееўрапейскі. Як і ў Візантыі, на Беларусі пачалі будаваць храмы крыжовакупальнага тыпу або шматкупальныя. Яны былі, як правіла, прамавугольныя або выцягнутыя ў плане, з выкарыстаннем для аздаблення пабудоў керамікі, часцей за ўсё, з адным купалам. Вядомы 13 культавых пабудоў IX–XIII стст. у Полацку, але зберагліся толькі два – Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Гэтыя культавыя пабудовы, а таксама ансамбль Бельчыцкага манастыра, Благавешчанская царква ў Віцебску і іншыя дазваляюць выдзяліць полацкую архітэктурную школу. Для яе характэрны тэхніка муравання са схаваным радам плінф, выцягнуты падкупальны барабан. Маючы свае самабытныя рысы, полацкая школа дойлідства, тым не менш, абапіралася на візантыйскія традыцыі, але прымяненне пры пабудове Полацкага Сафійскага сабора контрфорсаў сведчыць і аб нейкім уплыве раманскага стылю. Пры гэтым, як сведчаць апошнія знаходкі беларускіх археолагаў, па плошчы забудовы Полацк быў роўны Кіеву. Сваеасаблівыя культавыя збудаванні былі ўзведзены ў Новагародку, Гародні, у прыватнасці, Ніжняя царква ў Гародне і Барысаглебская (Каложская) царква. Для апошняй характэрна большая дэкаратыўнасць, чаргаванне кладкі з мураванымі рознакаляровымі камянямі і маёлікавымі пліткамі, наяўнасць у сценах галаснікоў для паляпшэння акустыкі. Абарончыя збудаванні гэтага перыяду прадстаўлены Камянецкай вежай, рэшткамі Новагародскага замка. Тут ужо больш адчуваецца заходнееўрапейскі ўплыў, у прыватнасці, раманскі архітэктурны стыль. Фрэскавыя размалёўкі ў культавых пабудовах, перш за ўсё, у Полацкім Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве, напрыклад, “Невядомая святая”, “Васіль Вялікі” і інш., даюць прадстаўленне аб манументальным жывапісу ранняга сярэднявечча, які быў асновай мастацтва таго часу. Другой формай яго былі кніжныя мініяцюры. У манументальным жывапісу, кніжнай графіцы адчуваецца моцны візантыйскі ўплыў. Гэта выражаецца ў падкрэсліванні аскетызму, адсутнасці аб’ёмнасці вобразаў. Значна больш у параўнанні з выяўленчым было развіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У старажытным Полацку былі вядомы больш за 60 розных відаў мастацтва. Асабліва цікавымі з’яўляюцца ювелірныя вырабы. Шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХII ст.(1161 г.) з’яўляецца багата арнаментаваны крыж, створаны Лазарам Богшай па заказу Ефрасінні Полацкай. Акрамя крыжа Лазара Богшы, месцазнаходжанне якога ў цяперашні час невядома, практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, як паказалі археалагічныя раскопкі, знойдзены сляды залатарства і рэшткі ювелірных майстэрняў. З ювелірнай справай цесна звязана мастацкая апрацоўка камяню. Найбольш цікавым відам каменнай пластыкі XII–XIII стст. з’яўляюцца абразкі, якіх выраблялі з бронзы, косці і камяню. Іх знаходзілі ў час раскопак у Полацку, Мінску, Новагародку, Ваўкавыску, Віцебску і інш. Напрыклад, зроблены з гліны абразок з выявай святых Канстанціна і Алены, знойдзены ў Полацку, аб’ядноўвае візантыйскі, раманскі і мясцовы ўплывы. Выключнай рознабаковасцю вызначаюцца і іншыя вырабы з косці, камяню, знойдзеныя ў час археалагічных раскопак, у тым ліку, арыгінальныя высокамастацкія шахматныя фігуркі. Такім чынам, развіццё кніжнай справы, дойлідства, манументальнага жывапісу, кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дробнай пластыкі старажытных зямель Беларусі Х–XIII стст. адбывалася ў рэчышчы візантыйскай традыцыі з адначасовым засваеннем раманска-гатычных рысаў. Але на гэтай аснове ў гэты час ужо паступова вызначалася самабытная своеасаблівая культура, характэрная, нягледзячы на наяўнасць асобных княстваў, у цэлым для ўсяго регіёна зямель сучаснай Беларусі. Тэма 4. Утварэнне і ўмацаванне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (другая палова XIII – першая палова ХVI стст.)
4.1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і ўваходжанне беларускіх зямель у яго склад. 4.2. Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. 4.3. Асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. 4.4. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага жыцця беларускіх зямель у XIII–XVI стст. 4.5. Культура Беларусі ў другой палове XIII – першай палове ХVI стст.
4.1. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і ўваходжанне беларускіх зямель у яго склад
У першай палове XIII ст. у Еўропе дамінавалі некалькі буйных дзяржаўных фарміраванняў – Свяшчэнная Рымская імперыя, Францыя, Іспанія. Гэтыя каталіцкія дзяржавы, асабліва Германія, прызнавалі верхавенства Ватыкана. Менавіта папства заахвочвала духоўна-мілітарысцкую актыўнасць манаскіх і рыцарскіх ордэнаў, члены якіх рэкруціраваліся пераважна на нямецкіх землях, спачатку супраць Палесціны, а затым і супраць хрысціянскіх краін, якія прытрымліваліся праваслаўя або рэгіёнаў, дзе заставалася паганская вера. Гэта ваенная экспансія пад выглядам абароны і распаўсюджвання каталіцызма галоўным чынам праводзілася ў Прыбалтыцы, дзе дзейнічаў Лівонскі ордэн. Перамога над крыжаносцамі ў 1240 і 1242 гг. кааліцыі наўгародскага і полацкага княстваў на некаторы час прыпыніла яе, але пагроза засталася. Крыжаносцы працягвалі рабіць шматлікія набегі на суседнія землі. Перад раздробленымі балцкамі плямёнамі і рускімі княствамі паўстала альтэрнатыва кансалідацыі і барацьбы з захопнікамі або прызнання іх улады. Ваенна-палітычная сітуацыя ва Усходняй Еўропе ўскладнілася ў сувязі з паходам мангольскага хана Батыя на Русь у 1237–1240 гг. Татара-манголы заваявалі і спустошылі землі Паўднёвай Русі. Хаця яны закранулі толькі ўскрайкі беларускай тэрыторыі, зрабіўшы набегі на гарады Гомель, Мазыр, па некаторым звесткам, Бярэсце, але гэта не выключала пагрозы іх далейшай экспансіі. На захадзе, у Польшчы, дзе манархія Пястаў распалася на тры асноўных дзяржаўных утварэнні: Вялікапольскае, Малапольскае і Мазавецкае, у гэты час назіраўся спад знешняй ваеннай актыўнасці, але набегі на памежныя тэрыторыі працягваліся. Такім чынам, прыбалтыйскія плямёны і княствы на тэрыторыі Беларусі аказаліся ў складанай геапалітычнай сітуацыі, калі практычна з усіх бакоў можна было чакаць агрэсіі. Гэта стала асноўнай знешнепалітычнай прычынай аб’яднання ў адно дзяржаўнае ўтварэнне. Унутранымі перадумовамі аб’яднання сталі развіццё феадальных адносін, эканамічных зносін, асаблівасці палітычнай сістэмы Русі, працяглы вопыт міжэтнічных кантактаў з суседнімі землямі, пачатак цэнтралізацыі балцкіх плямён і выкліканае гэтым з’яўленне моцных уладароў у суседняй Літве. Гаспадарчае развіццё, рост гарадоў садзейнічалі ўмацаванню гаспадарчых сувязяў паміж асобнымі княствамі і землямі. Акрамя таго, пашырэнне права ўласнасці на нерухомасць вяло да абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў, што таксама спрыяла зацікаўленнасці землеўладальнікаў у моцнай дзяржаўнай уладзе. У першай палове XIII ст. на абшарах Кіеўскай Русі існавала вялікая колькасць раздробленых княстваў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі Полацкае і Тураўскае княствы таксама распаліся на больш дробныя ўдзелы, утварыліся новыя княствы, у тым ліку і Новагародскае. Яны былі аслабленымі ў ваенных адносінах, але даволі развітымі ў эканамічнай, культурнай сферах, мелі агульныя рысы ў развіцці эканомікі, культуры, духоўнай сферы, сістэме кіравання. Балцкія плямёны ў пачатку XIII ст. знаходзіліся на больш нізкай ступені палітычнага і культурнага развіцця. Тут існавалі плямёны, якія паступова аб’ядноўваліся ў саюзы на чале са старэйшымі князямі. Такі саюз, дзе ў ліку старэйшых адзначаўся будучы заснавальнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг, быў утвораны ў 30-я гг. XIII ст. Аснову яго складалі плямёны Дзяволтва, Нальшчаны, Жамойць, Аўкштайты, Літва, якія займалі тэрыторыю Прыбалтыкі і паўночна-заходняй часткі Беларусі і ў гістарычных крыніцах сталі называцца “Літвой” у шырокім сэнсе. Гэта аб’яднанне было даволі стабільным, хаця ўнутры яго не прыпынялася барацьба за лідэрства, і менавіта з 1210 г., наадварот, назіраецца ваенная актывізацыя літоўскіх князей. Яны зрабілі паходы на Ноўгарад, Смаленск, Полацк (аб гэтым у паэтычнай форме нават згадваецца ў “Слове аб палку Ігаравым”), Польшчу, Валынь праз Пінскае княства. У Пскове, Полацку, Друцку, Віцебску пачалі кіраваць князі літоўскай дынастыі. Балцкія плямёны з пераменным поспехам вялі барацьбу з крыжаносцамі, якія ажыццяўлялі актыўную экспансію ў Прыбалтыцы. Паходы, якія былі здзейснены літоўцамі ў 40-я гады XII ст., ужо ўзначальваў Міндоўг, сын уладара Кернаўскага княства Рынгольда, згодна з “Ліфляндскай рыфмованай хронікай”, вялікага князя, “ які не меў сабе роўных у Літве”. Міндоўг атрымаў ад бацькі ўдзел, які затым пачаў называцца “Літва Міндоўга”, а пасля смерці бацькі ўзначаліў кааліцыю. Прыкладна ў 1244–1246 гг. Міндоўг ужо характарызаваўся “Ліфляндскай рыфмованай хронікай” як “магутны кароль” і “уладар Літоўскай зямлі”. Менавіта ён, абапіраючыся не толькі на мясцовае баярства і сваю вотчыну, але і на ўвесь ваенны патэнцыял Літвы ў шырокім сэнсе, стаў заснавальнікам Вялікага княства Літоўскага. Аб’яднанне літоўскіх і рускіх (беларускіх) зямель было выгадным абодвум бакам. Літва атрымала ўжо сфарміраваны і развіты апарат кіравання, больш высокую культуру, рускія ж княствы маглі абаперціся на ваенную моц літоўцаў. Пачатак утварэнню ВКЛ быў пакладзены аб’яднаннем у першай палове XIII ст. Новагародскай зямлі і Літвы пад уладай Міндоўга. Гэта амаль адразу выклікала супрацьдзеянне як з боку Жамойціі, якая таксама прэтэндавала на ролю аб’яднальніка зямель, так і з боку іншых суседзяў – Галіцка-Валынскага княства, Лівонскага ордэна і нават татара-манголаў, якія не адмовіліся ад намераў падпарадкаваць усю Русь. Галіцка-Валынскі князь Даніла тройчы рабіў паходы на Новагародак і Гародню. У такіх складаных умовах Міндоўг папрасіў заступніцтва ў Папы Рымскага, прыняў хрышчэнне па каталіцкаму абраду і ў 1253 г. каранаваўся. Саступіўшы частку Жамойціі крыжаносцам, а Новагародак – Галіцка-Валынскаму княству, Міндоўг гэтым самым нейтралізаваў сваіх галоўных ворагаў, затым здолеў перамагчы сваіх праціўнікаў у Літве і адбіць напад татарскага войска пад камандаваннем Бурундая каля 1258 г. Умацаваўшы сваё становішча, Міндоўг парваў з каталіцтвам і падтрымаў барацьбу Жамойціі супраць крыжаносцаў, але ў 1263 г. быў забіты ў выніку змовы літоўскіх удзельных князёў. Аб’яднаўчы працэс прадоўжыў сын Міндоўга Войшалк, які з дапамогай пінскай дружыны і войска Галіцка-Валынскага князя здолеў у 1264 г. стаць на чале ВКЛ. Ён заваяваў землі змоўшчыкаў – Нальшчаны і Дзяволтву, пашырыў уплыў княства на Полацк і Віцебск. У 1267 г. ён перадаў уладу галіцкаму князю Шварну, які праз тры гады памёр. На працягу наступных трыццаці гадоў, перш за ўсё, у час праўлення Трайдзеня, да ВКЛ былі далучаны землі яцвягаў, адбіты спробы экспансіі з боку татара-манголаў і крыжаносцаў. У канцы XIII–пачатку XIV стст. пры князю Віцене працягвалася барацьба з крыжаносцамі, у 1307 г., згодна з рашэннем полацкага веча, за княствам быў замацаваны Полацк. У 1320–1330-я гг., у час праўлення Гедыміна, тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага значна пашырылася за кошт Берасцейскай, Тураўскай, Пінскай зямель, Мінскага і Віцебскага княстваў. Сталіцай яго з 1323 г. стала Вільня. Пры Альгердзе і затым Вітаўце былі далучаны сучасныя ўкраінскія землі, Смаленскае і Бранскае княствы і дзяржава стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. У склад Вялікага княства Літоўскага пасля перамогі ў Грунвальдскай бітве ўвайшла і Жамойцкая зямля, а княства стала афіцыйна звацца Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Яно займала тэрыторыю ад Польшчы на захадзе да Падмаскоўя на ўсходзе, ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні і па свайму памеру раўнялася буйнейшым еўрапейскім краінам. Па этнічнаму складу ВКЛ на першай стадыі фарміравання была, як лічаць многія даследчыкі, літоўска-беларускім утварэннем, у перыяд праўлення Гедыміна і Альгерда – літоўска-беларуска-ўкраінскім і ў час канчатковага фарміравання – ўжо поліэтнічным, у асноўным, літоўска-беларуска-украінска-рускім, у якім тэрыторыя Беларусі склала каля 30% агульнай плошчы. Шляхі ўваходжання ў ВКЛ беларускіх і іншых зямель былі рознымі: акрамя ваенных захопаў, праз дабраахвотнае ўключэнне на дагаворнай аснове, напрыклад, рашэннем Полацкага веча; шлюбныя сувязі, прыкладам можа быць далучэнне Віцебшчыны шляхам шлюбу Альгерда з мясцовай княжной; міждзяржаўныя дамоўленасці, такім чынам, праз дамоўленасць з Польшчай была далучана Валынь; у выніку вызвалення ад іншаземных захопнікаў, як гэта было з украінскімі землямі пасля перамогі Альгерда над татарамі ў бітве на рацэ Сінія Воды. Аб’яднанне зямель у адзіную дзяржаву ажыццяўлялася пераважна мірным шляхам, паколькі ў большасці выпадкаў гэта было выгадна абодвум бакам. Гэтаму садзейнічала і ўзважаная палітыка князёў, якія прытрымліваліся правіла “старае не рушыць, новае не ўводзіць”. На далучаных землях спачатку захоўвалася старая сістэма кіравання, розныя пласты насельніцтва практычна не прыніжаліся ў правах, не рабілася ломка форм уласнасці.
4.2. Дзяржаўны і грамадскі лад Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага на працягу яго развіцця паступова мяняўся. На чале яго стаяў князь, які меў адміністрацыйную, судовую, ваенную ўладу. Але яго ўлада была неаднолькавай на рознай тэрыторыі. ВКЛ спачатку складвалася з вялікай колькасці дробных удзельных княстваў і дзялілася на дзве часткі: цэнтральную і, так званыя, “прыслухоўваючыя” землі. Вялікі князь ажыццяўляў кіраванне дзяржавай праз удзельных князёў, прычым іх улада ў “прыслухоўваючых” землях была большай. Яны дзейнічалі на правах аўтаноміі і на аснове дамоўленасцяў з вялікім князем. З сярэдзіны XIV ст. удзельныя княствы пачалі ліквідавацца, а замест іх уводзіцца ваяводствы, першымі – Віленскае і Трокскае. Канчаткова адміністрацыйная рэформа была завершана ў сярэдзіне XVI ст., калі княства было падзелена на 13 ваяводстваў і 30 паветаў. Улада князя абмяжоўвалася радай і сеймам, прычым з цягам часу іх роля ў кіраванні дзяржавы павышалася. Спачатку рада не мела пастаяннага складу, прызначалася князем з ліку свайго прыбліжэння і найбольш уплывовых асоб і мела толькі дарадчыя функцыі. Да сярэдзіны XV ст. яна ўжо набыла адносна самастойнае значэнне як вышэйшы орган дзяржаўнай ўлады і стала называцца паны – рада. У яе склад уваходзілі вышэйшыя службовыя асобы княства. Роля рады яшчэ больш пашырылася ў канцы XV–пачатку XVI стст. Згодна з прывілеямі князя Адяксандра 1492 і 1506 гг. паны–рада атрымала права абмяжоўваць уладу князя, без яе згоды апошні не мог прымаць важнейшыя рашэнні. З XV ст. побач з панамі – радай пачаў дзейнічаць заканадаўчы орган – агульнадзяржаўны (вальны) сейм. Спачатку, як і ў радзе, пэўнага складу сейма не было, у яго ўваходзілі буйныя феадалы, шляхта, але з 1512 г. былі ўведзены выбарнасць дэлегатаў з ліку шляхты. Паступова роля сеймаў павялічвалася. У Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529 г. ужо прама адзначалася аб неабходнасці выдаваць вялікакняжацкія прывілеі выключна на вальным сейме. Князь выконваў свае абавязкі пры дапамозе адміністрацыі, вышэйшых службовых асоб, якія пажыццёва прызначаліся з ліку прадстаўнікоў найбольш знатных фамілій. Маршалак земскі старшынстваваў на пасяджэннях сойма, з’яўляўся ахоўнікам парадку і этыкета пры вялікакняжацкім двары, кіраваў прыёмам паслоў. З цягам часу была ўведзена таксама пасада маршалка дворнага. Гетман найвышэйшы камандаваў узброенымі сіламі, якія складаліся з шляхецкага “паспалітага рушэння”, наёмнікаў. Яго намеснікам быў гетман польны. Дзяржаўнай канцылярыяй кіраваў канцлер, разам са сваім памочнікам падканцлерам ён удзельнічаў у падрыхтоўцы дзяржаўных дакументаў, завяраў іх дзяржаўнай пячаткай. Дзяржаўнымі фінансамі ведаў падскарбій земскі. Яго намеснікам быў падскарбій дворны. Характар дзяржаўнага ладу не заставаўся нязменным. Князь імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, але гэта зачастую сустракала супрацьдзеянне ўдзельных князёў. У гэтай барацьбе князі спрабавалі абаперціся на ваенна-служылае саслоўе – шляхту, ў выніку шляхта атрымала значныя правы, у тым ліку, права абмяжоўваць уладу князя праз сойм. Дзяржаўнае кіраванне набыло рысы саслоўна-прадстаўнічай манархіі. На месцах нейкі час захоўваліся княствы, якімі кіравалі ўдзельныя князі. Пры іх былі такія службовыя асобы, як ключнік, канюшы, гараднічы, цівун, ляснічы. Пасля ўвядзення ваяводств гэтыя адміністрацыйныя адзінкі ўзначальвалі ваяводы, якія пажыццёва прызначаліся вялікім князем і радай. У сваёй дзейнасці яны абапіраліся на намеснікаў – падваявод, якія выконвалі адміністрацыйныя і судовыя абавязкі, кашталянаў, якія стаялі на чале войска, гараднічых – камендантаў замкаў, ключнікаў, цівуноў, адказных за спагнанне падаткаў і чыншу, за ўлік дзяржаўнай маёмасці. Кіраўнікамі адміністрацыі ў паветах былі старасты. Да ліку службовых асоб адносіліся іх намеснікі – падстарасты, харунжыя, якія збіралі апалчэнне, ахоўвалі сцягі – харугвы, маршалкі – кіраўнікі павятовых сеймікаў, а ў ваенныя часы – камандзіры апалчэнняў, цівуны, канюшыя і інш. Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў ваяводствах і паветах былі ваяводскія і павятовыя сеймікі. Ніжняй ступенню сістэмы дзяржаўнага кіравання былі дзяржаўцы. Яны ажыццяўлялі нагляд за маёнткамі. Памочнікамі дзяржаўцаў былі сельскія войты, соцкія, дзесяцкія. У гарадах, якія атрымалі магдэбургскае права, г. зн., права на самакіраванне, пэўныя ільготы, таксама стваралася гарадская адміністрацыя – магістрат, які складаўся з гарадской рады і лавы. Рада займалася справамі кіравання горадам, а лава прадстаўляла сабой судовы орган. Службовымі асобамі былі войты, бурмістры, радцы і лаўнікі, апошнія ўдзельнічалі ў рабоце бурмістарска-радскага або войтаўска-лаўніцкага судоў. Судовая сістэма складалася з двух катэгорый судоў – агульных і саслоўных. Да агульных адносіліся вялікакняжацкі, суд паноў – рады, камісарскі, гродскі або замкавы, апошні ўзначальваў ваявода, да саслоўных: феадальна-шляхецкі – земскі і падкаморскі, для мяшчан – войтаўска-лаўніцкі, для духавенства – царкоўны, для сялян – копны. У 1581 г. быў створаны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага – вышэйшы апеляцыйны суд княства, дзейнічаўшы з 1582 г. Суды разглядвалі справы на аснове звычаёвага права, вялікакняжацкіх прывілеяў, былі выдадзены таксама юрыдычныя зборнікі права – судзебнік князя Казіміра 1468 г., Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг. Грамадскі лад ВКЛ меў тыповую для феадальнага ладу структуру. Існавалі два галоўныя класы: феадалаў-землеўладальнікаў і феадальна-залежных людзей. Буйныя землеўладальнікі, якія да таго ж удзельнічалі ў рабоце рады, з XV ст. пачалі называцца “панамі” або “баронамі”. Да іх адносіліся магнаты, частка вышэйшага духавенства. Другую, больш шматлікую групу складалі сярэднія і дробныя феадалы, у тым ліку, асноўная частка духавенства, якія валодалі залежнымі сялянамі. Большасць з іх была прадстаўлена ваеннаслужылым саслоўем – “шляхтай”, у асобных выпадках называемай “баярамі”. Яна складала невялікую частку насельніцтва ВКЛ. Паступова шляхта, акрамя права набываць землі з залежнымі сялянамі, атрымала шмат іншых правоў і прывілегій: палітычную, асабістую, маёмасную недатыкальнасць, права свабоднага выезду за мяжу, магчымасць у якасці дэпутатаў сеймаў удзельнічаць у кіраўніцтве дзяржавай, займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, падсуднасць свайму саслоўнаму суду. Яна была вызвалена ад падаткаў і павіннасцяў, акрамя выплаты падаткаў на ваенныя патрэбы і ўдзелу ў шляхецкім апалчэнні (паспалітым рушэнні). Пры гэтым прывілегіі шляхты перадаваліся нашчадкам. Да прывілегіраванага саслоўя ў ВКЛ адносілася і духавенства. Яно валодала такімі ж правамі, як і шляхта. Але духавенства па свайму маёмаснаму палажэнню было неаднародным: вышэйшае прыраўнівалася да магнатаў, а нізы – да мяшчан і асабіста свабодных заможных сялян. Гарады ў ВКЛ дзяліліся на вялікакняжацкія і прыватнаўласніцкія. Гаражане былі асабіста свабоднымі, але плацілі падаткі. Памеры іх ў прыватнаўласніцкіх гарадах вызначаў сам феадал. У гарадах, якія карысталіся магдэбургскім правам, мяшчане вызваляліся ад шэрагу абавязкаў, але ўзамен павінны былі ўдзельнічаць у выпадку войнаў у абароне горада. Насельніцтва гарадоў было неаднародным па свайму маёмаснаму стану. Сацыяльныя вярхі прадстаўлялі заможныя купцы, уладальнікі буйных майстэрняў; сярэднія пласты – дробныя гандляры, рамеснікі і нізы – вучні майстроў, хатнія слугі і інш. Сялянства было найбольш шматлікім саслоўем у ВКЛ. У залежнасці ад таго, каму належала зямля, сяляне падзяляліся на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных. Па ступені залежнасці сяляне адносіліся да наступных катэгорый: “пахожыя”, гэта значыць, тыя, якія яшчэ фармальна мелі права перахода з аднаго маёнтка ў другі; “непахожыя” або “отчычы”– страціўшыя гэтае права, “чэлядзь нявольная”, фактычна рабы, яны адрозніваліся ад “непахожых” тым, што не карысталіся зямлёй; “закупы” – часова залежныя. Па форме выплаты феадальнай рэнты сяляне дзяліліся на цяглых, іх асноўным абавязкам была паншчына; чыншавых, якія ў асноўным плацілі грашовую рэнту і сялян-даннікаў, якія выплочвалі даніну прадуктамі промыслаў і сельскай гаспадаркі. Былі таксама сяляне-слугі, якія працавалі пры двары феадала. Становішча сялян не было нязменным. Калі спачатку пераважалі “пахожыя”, якія працавалі на зямлі феадала, плацілі падаткі, але былі яшчэ асабіста свабоднымі, то згодна з прывілеем князя Казіміра 1447 г. феадалам забаранялася прымаць у сваіх маёнтках беглых сялян, а ў яго ж судзебніку 1468 г. прадугледжвалася суровае пакаранне асоб, якія садзейнічалі ўцёкам сялян. Гэтыя дакументы паклалі пачатак заканадаўчаму афармленню прыгоннага права. У выніку аграрнай рэформы 1557 г. усе сяляне замацоўваліся за валокамі і поўнасцю пераходзілі ў стан “непахожых”. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг. канчаткова завяршылі працэс запрыгоньвання сялян: спачатку абмежаваўшы магчымасць пераходу да другога феадала некалькімі днямі, затым устанавіўшы 10-гадовы тэрмін пошуку беглых сялян, а па Статуту ВКЛ 1588 г. вызначаўся ўжо 20-гадовы тэрмін пошуку беглых сялян.
4.3. Асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Унутраная палітыка Вялікага княства Літоўскага ў XIV–ХVI стст. вызначалася трыма асноўнымі фактарамі. Гэта барацьба за ўладу, супярэчнасці, выкліканыя імкненнем вялікіх князёў да цэнтралізацыі ўлады і сепаратызмам удзельных князёў, паланізацыя і акаталічванне насельніцтва, што вызывала канфлікты на рэлігійнай і этнічнай глебе. Усе яны былі цесна ўзаемазвязанымі: у барацьбе за ўладу той ці іншы прадстаўнік дынастыі абапіраўся на буйных феадалаў і ўдзельных князёў, якія пры гэтым імкнуліся дасягнуць сваіх мэтаў: захавання мясцовай улады, абароны маёмасных правоў; апазіцыя ж, як правіла, выступала пад сцягам абароны сваіх этнічных правоў і сваёй рэлігіі, хаця на самой справе ірвалася да ўлады. У выніку Вялікае княства Літоўскае неаднаразова падвяргалася ўнутрыпалітычным крызісам. Яны пачаліся яшчэ ў пачатку заснавання ВКЛ, калі ішла барацьба паміж літоўскімі дынастыямі за аб’яднанне зямель і ў якую ўступіў сын Міндоўга Войшалк. Але ўнутрыпалітычная сітуацыя найбольш абвастрылася ў XIV–XV стст., што прывяло фактычна да грамадзянскай вайны і расколу ВКЛ.
|