Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ББК 63.3(4Беи)я7 2 страница






Пераход да земляробства, будаўніцтва стацыянарнага жылля прывялі да аседласці, павялічвання абшчыны. Пачалося расслаенне ўнутры яе. Старэйшыя абшчыны, племянныя кіраўнікі паступова прысвойвалі сабе лепшыя землі, атрыманую ваенную здабычу, усё больш распараджаліся абшчыннымі здабыткамі.

У эпоху каменнага века пачынаюць зараджацца элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры: мастацтва, скульптура, рэлігія. На мезалітычных і неалітычных стаянках Беларусі знойдзена нямала вырабаў з косці, керамікі, пакрытых арнаментам, у тым ліку, сімвалічным. На паселішчах Юравічы ў Калінкавіцкім раёне, Асавец у Бешанковіцкім раёне знойдзены выявы чалавека на касцяных і каменных вырабах. Даволі распаўсюджаны знаходкі амулетаў, у тым ліку, з прасвідраваных зубоў мядзведзя, дзіка, касцяныя фігуркі жывёл, што сведчыць аб праявах фетышызму.

 

2.2. Рассяленне індаеўрапейцаў. Славянскі этап засялення

Беларусі

 

На мяжы III і II тысячагоддзяў да нашай эры, у перыяд бронзавага веку, пачалося, так званае, першае “вялікае перасяленне народаў”, у выніку якога тэрыторыю сучаснай Беларусі пачалі засяляць індаеўрапейцы. Гэта вялікая група народнасцяў, якая стаяла на адносна высокай ступені развіцця, вяла паўаседлы вобраз жыцця. Прарадзімай іх, як лічаць многія даследчыкі, была Малая Азія, паўночная Месапатамія. Частка індаеўрапейцаў (сябе гэтыя плямёны называлі “арыі” або “айран”) паступова выйшла да пабярэжжа Каспійскага мора, ад іх затым сфарміраваліся народнасці іранцаў, курдаў, таджыкаў.

Другая частка дайшла да берагоў Інда і далей. Гэтыя арыйскія плямёны змяшаліся з носьбітамі харапскай культуры і сталі заснавальнікамі індыйскай цывілізацыі.

Трэцяя група індаеўрапейцаў рухалася ў Еўропу. Менавіта яны, асіміліруючыся з аўтахтонным насельніцтвам, стварылі мікенскую культуру, папярэдніцу антычнай цывілізацыі, паклалі пачатак грэчаскай, італьянскай, германскай, славянскай, балцкай групам народаў. Адно з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, балты, аселі на большай частцы сучаснай Беларусі і далучылі мясцовае насельніцтва да больш развітых форм вядзення гаспадаркі, сваёй мовы, культуры. Напрыклад, індаеўрапейцы ўжо карысталіся колавым транспартам, плугам. Яны былі носьбітамі археалагічнай культуры шнуравой керамікі. Яна так названа таму, што пры абпальванні посуду на яго паверхні заставаліся адбіткі шнура, якім звязваліся вырабы. Асноўнымі заняткамі былі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і лоўля рыбы. Хаця прыход індаеўрапейцаў на тэрыторыю Беларусі супаў з бронзавым векам, але гэты метал тут ужываўся вельмі рэдка. Зброя, прылады працы па ранейшаму ў асноўным вырабляліся з каменю, косці і дрэва. Ад гэтага часу засталася вялікая колькасць шліфаваных сякер, якія, магчыма, мелі не толькі прыкладное, але і культавае значэнне. Выраблялі таксама кераміку, большай часткай пласкадонны посуд. Пазней, у сярэдні і позні перыяд бронзавага веку, індаеўрапейцы падзяліліся на шэраг асобных, хаця і роднасных паміж сабой культур. Акрамя плямён шнуравой керамікі Панямоння і Палесся, тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў арэал паўночнабеларускай, сярэднедняпроўскай, пазней шчацінецка-сосніцкай археалагічных культур, а ў канцы эпохі ў Беларусі з’яўляецца штрыхаваная кераміка.

З прыходам індаеўрапейцаў звязваецца і паступовая замена мацярынска-родавых адносін патрыярхальнымі. Асновай грамад­скай арганізацыі, гаспадарчай ячэйкай становіцца патрыярхальная абшчына, якая складвалася з некалькіх пакаленняў бліжэйшых родзічаў па бацьку.

Балты пражывалі на тэрыторыі Беларусі на працягу двух тысячагоддзяў У I тысячагоддзі да нашай эры тэрыторыю Беларусі засялялі балцкія плямёны трох асноўных археалагічных культур: днепра-дзвінскай (на паўночным усходзе і ўсходзе), культуры штрыхаванай керамікі (яна ахоплівала тэрыторыю сучаснай цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі) і мілаградскай на поўдні, апошняя паступова змянілася зарубінецкай, якая існавала і ў I тысячагоддзі нашай эры і, як лічаць гісторыкі А.Р. Мітрафанаў і Л.Д. Побаль, мела элементы славянскага ўплыву.

У гэты перыяд, які атрымаў назву жалезнага веку, адбываецца значны прагрэс у развіцці вытворчых сіл. Асновай гаспадаркі сталі земляробства і жывёлагадоўля. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі глебы, пачало практыкавацца земляробства з прымяненнем рала. Усё гэта садзейнічала павялічванню вытворчасці прадуктаў харчавання, назапашванню матэрыяльных каштоўнасцяў, развіццю абмена, і, як вынік гэтага, з’яўленню асабістай уласнасці, маёмаснай няроўнасці. Пачасціліся набегі на суседнія абшчыны з мэтай грабяжу. Таму не выпадкова, што асноўным тыпам пасяленняў балтаў сталі ўмацаваныя гарадзішчы. На тэрыторыі Беларусі выяўлена каля тысячы такіх паселішч, у кожным з іх пражывала ад 50 да 70 чалавек. У гэты час існавала вялікасямейная патрыярхальная родавая супольнасць, якая мела сваю пэўную тэрыторыю для пражывання, апрацоўкі глебы, выпасу жывёлы. З цягам часу паступова назіраецца аслабленне родавых сувязяў і на іх змену прыйшлі суседскія тэрытарыяльныя абшчыны, якія, у сваю чаргу, аб’ядноўваліся ў плямёны і саюзы плямён. Далейшы працэс вёў да дыферэнцыяцыі ўнутры абшчын і плямён, калі пачала выдзяляцца племянныя вярхі, а таксама асобныя групы абшчыннікаў, якія ў асноўным займаліся абаронай сваіх умацаваных паселішчаў і набыццём багацця за кошт рабавання іншых плямён. З ліку апошніх паступова фарміраваліся ваенныя дружыны.

I тысячагоддзе нашай эры было адзначана важнымі падзеямі ў жыцці народаў Еўропы і Беларусі. Яны былі звязаны з другім “вялікім перасяленнем народаў” і міграцыяй на ўсход славянскіх плямён. Славян лічаць адным з адгалінаванняў індаеўрапейцаў, якія дасягнулі Заходняй Еўропы. Старажытныя гісторыкі Тацыт, Пліній Старэйшы, Клаўдзій Пталамей, Пракопій Кесарыйскі і іншыя называлі іх па-рознаму, часцей за ўсё, венедамі, антамі, склавенамі, з цягам часу замацавалася назва “склавены”– “славяне”. На думку многіх даследчыкаў, прарадзімай славян была мясцовасць паміж рэкамі Одэр і Віслай, магчыма, Дняпром. Іх міграцыя была вызвана некалькімі прычынамі. Гэта, перш за ўсё, “вялікае перасяленне народаў” – рух ваяўнічых плямён готаў, гунаў, авараў. Яны пачалі выцясняць аседлыя плямёны з цэнтральнай Еўропы пераважна на ўсход, а таксама на поўдзень. Другой прычынай стала аслабленне Рымскай імперыі, якая да гэтага часу з’яўлялася стрымліваючым фактарам іншаземнай агрэсіі. Цяпер жа, наадварот, яе багатыя абшары сталі вабіць заваёўнікаў. Неабходнасць асваення новых зямель была выклікана і дэмаграфічнымі працэсамі. Частка славян пачала рухацца на поўдзень і ў працэсе асіміляцыі з мясцовым насельніцтвам утварыла групу народнасцяў, аб’яднаную назвай “паўднёвыя славяне”. Гэта балгары, сербы, харваты, македонцы і іншыя. Другая частка пачала рухацца на ўсход, на тэрыторыю сучасных Украіны, Беларусі, Расіі, іх затым пачалі называць усходнімі славянамі, у адрозненне ад заходніх, міграцыйны рух якіх быў адносна нязначным. Славянскае засяленне Беларусі працягвалася з VII па IX стст. нашай эры. Пачалося яно з Палесся, менавіта там знойдзены помнікі найбольш старажытнай славянскай археалагічнай культуры – пражскай. Cлавяне пачалі прасоўвацца на поўнач, а таксама з захаду на ўсход, змешваючыся з балцкім насельніцтвам. Паколькі апошніх было не вельмі шмат, згодна з падлікамі па колькасці гарадзішч, каля ста тысяч, і жылі яны разрэджана, то каланізацыя беларускіх зямель славянамі праходзіла пераважна мірным шляхам. Як паказваюць археалагічныя даследаванні, у балцкім арэале з’явіліся тыповыя славянскія прыкметы: жыллё – паўзямлянкі з печамі-каменкамі ў вуглу, у той час, як у балтаў ачаг размяшчаўся ў цэнтры памяшкання; каменныя жорны, славянскія кераміка, упрыгожанні, звычаі трупаспаленняў у круглых курганах, славянская гідраніміка. Злучэнне славянскіх і балцкіх элементаў характэрна для банцараўскай і калочынскай археалагічных культур, якія ў V–VIII стст. нашай эры займалі большасць тэрыторыі сучаснай Беларусі. Складаныя працэсы этнічнага ўзаемадзеяння славян і балтаў адбываліся на працягу трох стагоддзяў, у выніку славяне часткова выцяснілі балтаў, часткова асіміліраваліся з імі. Славяна-балцкая мяжа пралягла прыкладна па лініі сучасных гарадоў Дзісна – Будслаў – Рубяжэвічы – Беліца – Слонім – Ваўкавыск. У выніку ўзаемадзеяння славян і балтаў на тэрыторыі Беларусі стварыліся пераважна славянскія этнічныя супольнасці – крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Крывічы былі найбольш буйным племянным аб’яднаннем, якое падзялялася на тры групы: пскоўскую, смаленскую і полацкую. Полацкія крывічы займалі басейн Заходняй Дзвіны. На Палессі і ў цэнтральнай частцы сучаснай Беларусі аселі дрыгавічы. У басейне р. Сож пасяліліся радзімічы. У культуры гэтых плямён балцкімі элементамі з’яўляліся бранзалеты са змяінымі галовамі на канцах, спіральныя пярсцёнкі, шыйныя грыўны балцкага тыпу, зоркападобныя спражкі. Асноўнымі ж прыкметамі славянскіх элементаў крывіцкай культуры былі бранзалетападобныя скроневыя кольцы, радзіміцкай – сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, дрыгавіцкай – буйныя металічныя пацеркі альбо скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту з замацаванымі на іх трыма металічнымі пацеркамі невялікага памеру, а таксама кераміка. Мова іх, як сцвярджаецца ў “Аповесці часовых гадоў”, была славянскай. Існуе шмат версій, якія растлумачваюць паходжанне назваў гэтых плямён. Найбольш вядомыя з іх выводзяць назву плямён ад характару мясцовасці, ад імён правадыроў, ад родственных сувязяў. Дрыгавічы, радзімічы і крывічы займалі амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Але часткова яе закраналі і іншыя ўсходнеславянскія супольнасці: вяцічы, паляне, драўляне, валыняне, бужане. У Панямонні пражывала таксама вялікая група яцвяжскіх плямён – судзінаў, дайновы і ўласна яцвягаў, а на паўночным захадзе – плямёны аўкштайтаў, жэмайтаў, латгалаў і інш.

Расцягнутая на стагоддзі, славянская каланізацыя тэрыторыі Беларусі праходзіла ва ўмовах разлажэння першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння раннефеадальных адносін. Пры гэтым характэрнай асаблівасцю гэтага працэса быў непасрэдны пераход усходніх славян ад першабытнасці праз ваенную дэмакратыю непасрэдна да феадалізму, мінуючы рабаўладальніцкі лад. У гэты час асновай сацыяльна-гаспадарчага жыцця заставалася буйная патрыярхальная абшчына, але ў яе недрах з развіццём прыватнай уласнасці пачалі з’яўляцца элементы сацыяльнага расслаення. Выдзяляўся пласт насельніцтва, які павялічваў сваю ўласнасць, у тым ліку, і на сродкі вытворчасці, зямлю. З другога боку, з асяроддзя збяднелых людзей утваралася залежнае сялянства, якое яшчэ не страціла сваёй свабоды, але ўжо стаяла на сацыяльнай лесвіцы ніжэй за многіх сваіх супляменнікаў.

Перасяленні і каланізацыя новых зямель далі штуршок працэсу маёмасна-сацыяльнага расслаення, узвышэнню і ўзбагачэнню знаці, перш за ўсё, ваенна-племянных вярхоў. Апорай ваенна-племянной арыстакратыі станавілася ваенная дружына – аб’яднанне прафе­сійных воінаў. Фарміравалася асобная палітычная арганізацыя з органамі кіравання – правадыром, саветам старэйшын, народным сходам. Пры гэтым народны сход складаўся са свабодных мужчын, здольных насіць зброю. Такая форма арганізацыі грамадства і яго кіравання атрымала назву “ваеннай дэмакратыі” і ўзнікла напярэдадні ўтварэння дзяржаўнасці.

У першым тысячагоддзі нашай эры больш багатай стала матэрыяльная і духоўная культура ўсходніх славян. Ускладнілася апрацоўка вырабаў з метала, іх арнаментацыя. Складвалася міфа­логія. Славяне абагатваралі прыроду, пакланяліся сонцу, верылі ў замагільнае жыццё. Рэлігія прадстаўлена паганскімі ўяўленнямі, шматбожжам. У паганскі пантэон уваходзілі богі: Пярун (бог маланкі і грому), Сварог (бог неба), Дажбог (бог сонца), Ярыла (бог вясны), Жыжаль (бог агню), Зніч (бог падземнага агню), Стрыбог (бог вятроў), Велес (апякун жывёл), Лёля (багіня вясны) і інш. Формамі вераванняў былі таксама фетышызм (абагатварэнне неадушаўлённых прадметаў), анімізм (вера ў духаў), татэмізм (вера ў роднасць пэўных груп людзей і татэмаў – жывёл, раслін), магія.

Такім чынам, к пачатку нашай эры на тэрыторыі сучаснай Беларусі склаліся пэўныя ўмовы для фарміравання беларускага этнасу.

Паўстае пытанне: якім чынам і калі са славянскіх і іншых плямён, пражываўшых у старажытнасці, узнік беларускі этнас? На гэта дакладнага адказу няма. Ёсць розныя версіі, але прыняць адназначна адну з іх нельга з-за адсутнасці дакладных аргументаў.

Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і іншыя прыхільнікі польскай канцэпцыі яшчэ ў XIX ст. прыйшлі да высновы, што беларусы з’яўляюцца часткай польскага этнасу.

Аўтары вялікарускай тэорыі А. Сабалеўскі, М. Каяловіч і іншыя вучоныя XIX ст. сцвярджалі, што беларускі этнас не існаваў, а беларуская мова – гэта дыялект рускай мовы. Беларусь жа не што іншае, як паўночна – заходні край Расійскай імперыі. Доўгі час вялікаруская тэорыя з’яўлялася асновай афіцыйнай ідэалогіі расійскіх улад.

Крывічскую тэорыю абгрунтавалі М. Пагодзін, В Ластоўскі, якія лічылі продкамі беларусаў толькі крывічоў.

Крывіцка-радзіміцка-дрыгавіцкую канцэпцыю, якая з’явілася ў пачатку ХХ ст., сфармуліравалі беларускія гісторыкі Я. Карскі, У. Пічэта, М. Доўнар-Запольскі. Яна зыходзілі з таго, што аснову беларускай народнасці паклалі не толькі крывічы, але і радзімічы, дрыгавічы.

Ставаральнік балцкай тэорыі В. Сядоў лічыў, што галоўную ролю ў фарміраванні беларускай народнасці адыгралі балты і славяне.

Аўтар фінскай тэорыі І. Ласкоў на аснове фінаўгорскага паходжання раду гідронімаў на тэрыторыі Беларусі прыйшоў да высновы, што пэўны ўклад у стварэнне беларускай народнасці ўнеслі фінаўгорскія плямёны, якія пазней былі асіміліраваны балтамі, а яшчэ пазней змяшаліся са славянамі.

Беларускі вучоны М.Ф. Піліпенка у пачатку 1990-х гг. аб­грунтаваў сваю канцэпцыю паходжання беларускага народа. Пілі­пенка лічыць, што ў выніку змешвання славянскіх плямён з балтамі да Х ст. утварылася першапачатковая этнічная супольнасць на славянскай аснове, свайго роду протанароднасць, якая, ў сваю чаргу, у Х–XI стст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі суполь­насцямі кансалідавалася ў новую агульнаславянскую старажытную супольнасць з агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву Русь. Пры гэтым на тэрыторыі сучаснай Беларусі па асаблівасцям мовы і культуры выдзяляліся дзве этнаграфічныя зоны – Палессе, з аднаго боку, і падзвінска-падняпроўская частка, якая пазней, у сярэднявеччы атрымала назву Белая Русь. Пасля распаду Кіеўскай Русі на аснове ўзаемадзеяння гэтых дзвюх зон з заходнеславянскім (польскім) і балцкім этнасамі на тэрыторыі паміж Дняпром і Нёманам паступова сфарміравалася беларуская народнасць і замацавалася назва “Белая Русь”.

Паходжанне назвы “Белая Русь” тлумачыцца па-рознаму. Па­дарожнікі, якія ў сярэднявеччы праязджалі праз гэтыя землі, у сваіх запісках выводзілі назву ад прыгажосці зямлі, зімовай заснежанасці, колеру традыцыйнага адзення, антрапалагічных рысаў мясцовых жыхароў і інш. Больш абгрунтаванымі, відавочна, з’яўляюцца наступныя версіі: М. Любаўскага – незалежнасць ад татара-манголаў, М. Доўнар–Запольскага – адносная свабода не толькі ад татара-манголаў, але і ад крыжаносцаў і літвы, Я. Юхо – больш ранняе прыняцце хрысціянства ў параўнанні з Чорнай Руссю (заходняй часткай сучаснай Беларусі), дзе яшчэ доўгі час заставалася паганская вера, П. Крапівіна – шырокае распаў­сюджванне ў тапаніміцы назваў са словам “белая”, В. Іванова – суадносіны асноўных колераў з напрамкамі свету.

Упершыню тэрмін “Белая Русь” успамінаецца ў гістарычных дакументах XII ст. і датычыцца Уладзімірска-Суздальскага княства. Пазней, у XIII–XIV стст. ён сустракаецца ў сувязі з Маскоўскімі, Смаленскімі, Пскоўскімі, Наўгародскімі, Кіеўскімі, Чарнігаўскімі землямі. У адносінах да падзвінска-падняпроўскага рэгіёна тэрмін “Белая Русь” лакалізуецца ў канцы XIV ст., а пазней распаўсюджваецца і на захад да Прыпяці і Нёмана. Ад назвы тэрыторыі “Белая Русь” паходзіць і назва жыхароў – спачатку “беларусцы”, затым “беларусы”. Прыкладна у гэты перыяд – XIV–XVI стст. – фарміруецца і старабеларуская мова. Паўночна-Заходні край, Віцебская і Магілёўская губерні ў перыяд уваходжання ў склад Расійскай дзяржавы атрымалі назву “Беларускае генерал-губернатарства” ці ва ўжытку “Белоруссия”.


Тэма 3. Цывілізацыйная спадчына сярэдніх вякоў

і Беларусь (IX–XIII стст.)

 

3.1. Зараджэнне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Полацкае і Тураўскае княствы, іх узаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам.

3.2. Культура беларускіх зямель IX–XIII стст.

 

3.1. Зараджэнне дзяржаўнасці ва ўсходніх славян.

Полацкае і Тураўскае княствы, іх узаемаадносіны з Кіевам

і Ноўгарадам

 

У VI–IX стст. нашай эры ў Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, праходзіў працэс разлажэння першабытнаабшчыннага ладу, зараджэння і развіцця новых феадальных адносін. У Заходняй Еўропе гэты працэс развіваўся шляхам сінтэзу познерымскага рабаўладальніцкага ладу і еўрапейскіх родаплемянных адносін. Ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і Беларусі, пераважаў бязсінтэзны, больш замаруджаны працэс феадалізацыі. Ён пачаўся некалькі пазней і праходзіў без ярка выражанага рабаўладальніцкага этапа.

Асновай гаспадаркі на гэтых землях у другой палове I тысячагоддзя нашай эры было земляробства і жывёлагадоўля. Удасканальваліся прылады працы, перш за ўсё, за кошт шырокага ўжывання жалеза. Шырока выкарыстоўваліся сохі з жалезнымі наканечнікамі. Апрача сельскай гаспадаркі, людзі займаліся таксама промысламі: паляваннем, рыбнай лоўлей, бортніцтвам, ткацтвам, ганчарствам, кавальскай і нават ювелірнай справай.

Найбольш буйныя славянскія паселішчы, якія з’яўляліся цэнтрамі абшчыннага, племяннога асяроддзя і звычайна ўмацоў­валіся, у тым ліку агарожваліся, паступова ператвараліся ў гарады. З цягам часу некаторыя з іх сталі цэнтрамі, якія ажыццяўлялі кіраванне пэўнымі тэрытарыяльнымі акругамі. У гарадах пачала канцэнтравацца і рамесніцкая вытворчасць. Яны часцей за ўсё ўзнікалі і пашыраліся каля водных шляхоў зносін, таму большасць найстаражытных гарадоў Беларусі атрымалі назву ад рэк, на якіх яны былі заснаваны.

Адначасова з гаспадарчым развіццём мяняліся і вытворчыя адносіны. На працягу VIII–IX стст. на змену буйным патры­ярхальным абшчынам, якія абаранялі інтарэсы сваіх членаў у сутыкненні з іншымі людзьмі і выконвалі ўнутраныя вытворчыя і адміністрацыйныя функцыі, прыйшла новая грамадская форма – сельская (суседская) абшчына. Яна складвалася, у асноўным, з малых індывідуальных сем’яў і ўяўляла сабой тэрытарыяльнае аб’яднанне непасрэдных вытворцаў-земляробаў, не абавязкова звязаных родавымі сувязямі. У пісьмовых крыніцах гэта абшчына атрымала назву “верв” або “мір”. Асноўным месцам пражывання сялян-абшчыннікаў былі неўмацаваныя паселішчы – “весі”, пазней з’явілася і іншая назва – “сёлы”.

Сельская абшчына нясла ў сабе яшчэ рысы патрыярхальнага ўкладу, але ўжо пачаўся працэс сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства. Узвышалася верхавіна ўнутры абшчын, плямён. Складвалася дружынная арганізацыя, якая займалася не толькі абаронай сваіх зямель, але і ваеннымі набегамі на суседзяў з мэтай захопу здабычы. Гэтая здабыча, а таксама даніна з сялянскіх абшчын, збіраемая на яе ўтрыманне, вялі да паступовага ўзбагачэння старэйшых дружыннікаў, якія затым атрымалі назву “баяры”, і кіраўнікоў дружын – князёў. Апошнія з цягам часу канцэнтравалі не толькі ваенную, але і адміністрацыйную, судовую ўладу. У гэты ж час зараджаліся і элементы рабства, крыніцай якога з’яўляліся палонныя, захопленыя ў час ваенных набегаў. Але з-за геаграфічных умоў, асаблівасцяў сацыяльна-эканамічнага развіцця яно не набыло ва ўсходніх славян такіх класічных форм, як у старажытнай Грэцыі або Рыме.

Паступовае ўзвышэнне племянных і ваенных вярхоў, узмацненне іх ваеннай моцы прывяло да пераходу да іх права ўласнасці на зямлю, умацавання ўлады над супляменнікамі і стварэння адміністрацыйна-ваенных аб’яднанняў з пэўнай уладнай структурай у форме княжэнняў. Гэта былі свайго рода протадзяржаўнасці.

У развіцці феадальных адносін і складванні класавых адносін у Усходняй Еўропе, у тым ліку і на беларускіх землях, можна ўмоўна выдзяліць два этапы. На першым з іх пераважала дзяржаўная форма ўласнасці, калі саўладальнікамі зямлі былі князь і старэйшая дружына.

Абшчыннікі-сяляне страцілі магчымасць карыстання даходамі з зямель, якія сталі ўласнасцю княжэнняў. Князь і дружына збіралі дань з сялян, якія працавалі на іх землях, праз “палюддзе”, пазней у пэўных вызначаных месцах – пагостах. Гэтыя землі разам з сялянамі князі маглі перадаваць у карыстанне прадстаўнікам сацыяльных вярхоў грамадства. З XII ст. пачаўся другі этап у развіцці феадальных адносін, калі землеўладанне падзялялася на землі, якія належалі непасрэдна князю, баярскую вотчыну і царкоўнае землеўладанне. Згодна з гэтымі формамі ўласнасці ва ўсходніх славян, у тым ліку, і на землях сучаснай Беларусі, у раннім сярэднявеччы склалася наступная сацыяльная структура. Асноўнымі класамі становяцца феадалы і феадальна-залежныя сяляне. Большасць сялян складалі абшчыннікі, якія былі яшчэ асабіста свабоднымі, вялі сваю гаспадарку, але былі абавязаны ўносіць у карысць органаў кіравання пэўную даніну і выконваць шэраг павіннасцей. З развіццём феадальных адносін, калі з’явілася вотчынная ўласнасць, частка сялян трапіла ў эканамічную залежнасць непасрэдна да феадалаў або плаціла даніну царкве і манастырам. Гэтых асабіста свабодных сялян-абшчыннікаў называлі смердамі. Былі таксама смерды, якія часткова страцілі сваю асабістую свабоду. Іх называлі закупамі. Яны мелі асабістую гаспадарку, але з-за беднасці ішлі ў эканамічную кабалу да феадала, бралі ў яго пазыку, купу, за гэта павінны былі працаваць на гаспадара. Паколькі гэта праца ў асноўным ішла на пагашэнне працэнтаў, то адпрацаваць поўнасцю купу было даволі цяжка і селянін мог пажыццёва застацца ва ўласнасці феадала. Закупы, якія ўсё ж разлічваліся з феадалам, траплялі ў катэгорыю ізгояў, гэта значыць, людзей, якія страцілі сувязь з абшчынай. Акрамя закупаў, часткова залежнымі былі і радовічы, якія заключалі дагавор – “рад” і на гэты тэрмін пераходзілі ў поўную залежнасць ад феадала. Існавалі таксама і халопы, гэта значыць, поўнасцю залежныя людзі, фактычна, рабы.

У гарадах таксама ішоў працэс маёмаснага расслаення. Асноўную масу гарадскога насельніцтва складалі рамеснікі, але пануючае палажэнне займалі купцы, заможныя гаражане, царкоўная вярхушка.

На працягу VIII–IX стст. у выніку развіцця феадальных адносін, узмацнення эканамічных сувязяў пачалі складвацца славянскія племянныя саюзы, якія паступова перараслі ў протадзяржаўныя аб’яднанні – княжэнні. Аб’яднаўчыя тэндэнцыі прывялі да ства­рэння ў IX ст. паўночнага саюза княжэнняў з цэнтрам у г. Ноўгарадзе, куды ўвайшлі ноўгарадскія славены і крывічы разам з фінскім племем весь. Аналагічны працэс на базе княжэння палян адбыўся ў сярэднім Падняпроўі, дзе паўднёвы саюз згрупіраваўся вакол горада Кіева. Пасля авалодвання ў 882 г. ноўгарадскім князем Алегам Кіевам гэтыя два цэнтры аб’ядналіся ў адзін, які затым атрымаў назву Русь.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі ў гэты час існавалі два буйныя княствы: Полацкае і Тураўскае. Полацкае княства кантралявала значны ўчастак важнейшага воднага шляху “з вараг у грэкі”, гэта значыць, з Балтыйскага да Чорнага мора, таму з самага пачатку заснавання Русі знаходзілася ў сферы інтарэсаў і Ноўгарада, і Кіева. Ужо першы ўспамін у летапісу аб Полацку пад 862 г. звязвае яго гісторыю з Ноўгарадам. Але праз некалькі гадоў, у 865 г., полацкую зямлю спрабаваў падпарадкаваць Кіеў. Пасля стварэння адзінай дзяржавы, Кіеўскай Русі, Полацк увайшоў у яе склад на правах аўтаноміі. У 885 г. кіеўскі князь Алег падпарадкаваў радзімічаў, якія раней знаходзіліся ў залежнасці ад хазараў. Паступова самастойнасць Полацка ўзмацнілася і к 980 г., у час праўлення князя Рагвалода, ён фактычна стаў трэцім па значнасці дзяржаўным утварэннем нараду з Ноўгарадам і Кіевам. Але пасля захопу Полацка ноўгарадскім князем Уладзімірам, які адначасова стаў і кіеўскім князем – кіраўніком Русі, ён часова страціў сваю незалежнасць. Першая спроба яе аднаўлення, зробленая князем Брачыславам Ізяслававічам, была няўдалай. У 1021 г. у час бітвы на р. Судамір яго войска пацярпела паражэнне ад ваяроў князя Яраслава, тым не менш, у выніку дамоўленасці паміж князямі Полацкае княства набыло гарады Віцебск і Усвяты і, такім чынам, стала кантраляваць гандлёвы шлях “з вараг у грэкі” на ўсім яго працягу.

Найбольшую магутнасць княства набыло пры Усяславе Брачыслававічу, які вядомы таксама пад іменем Чарадзей. У гэты час яно займала тэрыторыю сучаснай цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, на поўначы межавала з Ноўгарадскай і Пскоўскай землямі і дасягала Балтыйскага мора, на ўсходзе – з Смаленскай, на поўдні – з Тураўскай, на захадзе і паўночным захадзе – з землямі балтаў. Сярод гісторыкаў няма адзінай думкі па наступнаму пытанню: Полацкае княства ў гэты час было поўнасцю незалежным або на пэўных умовах уваходзіла ў склад Кіеўскай Русі? Але відавочна адно: у любым выпадку Усяслаў праводзіў сваю самастойную палітыку. Спачатку ён жыў у згодзе з кіеўскімі князямі, нават удзельнічаў у сумесных паходах супраць полаўцаў, але з 60-х гадоў ХI ст. адносіны змяніліся. Усяслаў спрабаваў узмацніць княства за кошт Пскова, Ноўгарада, неаднойчы вёў войны з кіеўскімі князямі (у летапісу, “Слове аб палку Ігаравым” даволі падрабязна апісваецца бітва на р. Нямізе ў сакавіку 1067 г.), некаторы час займаў кіеўскі вялікакняжацкі прастол, затым некалькі гадоў вёў барацьбу з вярнуўшымся на княжанне ў Кіеў Ізяславам за Полацк. Паспяхова яе завяршыўшы, ён спрабаваў пашырыць межы княства за кошт Смаленска, у 1078 і 1084 гг. адбіў два напады Уладзіміра Манамаха на Лагожаск, Лукамль, Мінск. Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. Полацкае княства было падзелена на некалькі ўдзелаў паміж яго сынамі, у выніку ўтварыліся, акрамя непасрэдна Полацкага, Віцебскае, Лагожскае (Лагойскае), Друцкае, Мінскае і іншыя княствы. У XII ст. цэнтрам аб’яднання стала адно з гэтых удзельных княстваў – Мінскае. Мінскі князь Глеб Усяслававіч спрабаваў пашырыць межы княства ў 1116 г. за кошт дрыгавічоў, затым разам з палачанамі зрабіў паходы на Ноўгарадскую і Смаленскую землі, але пацярпеў паражэнне ад Уладзіміра Манамаха. Мінскае і Полацкае княствы трапілі ў залежнасць ад Кіева. Пазней, у гады феадальнай раздробленасці, калі суседнія Кіеўскае і Смаленскае княствы аслабелі, беларускія княствы аднавілі сваю самастойнасць, але прадаўжалі барацьбу паміж сабою, што вяло да іх аслаблення.

Тураўскае княства ўтварылася ў канцы X ст. на тэрыторыі рассялення племені дрыгавічоў. Амаль увесь час свайго існавання яно знаходзілася ў падпарадкаванні кіеўскіх князёў. Праўда, у пачатку XI ст. тураўскі князь Святаполк зрабіў спробу аддзяліцца ад Кіеўшчыны, але няўдала. Пасля смерці князя Уладзіміра Святаполк, як старэйшы сын, некаторы час займаў кіеўскі вялікакняжацкі пасад, але ў міжусобнай барацьбе з братам Яраславам пацярпеў паражэнне. Толькі ў сярэдзіне XII ст. у Тураве на кароткі час устанавілася самастойная княжацкая дынастыя, але хутка княства распалася на шэраг удзельных: Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае, Новагародскае, Слонімскае. Заходняя частка княства з гарадамі Бярэсце, Драгічын увайшла ў склад Галіцка-Валынскага княства.

У канцы XII–пачатку XIII стст. усё большае значэнне стала набываць Пінскае княства, але і Тураўская, і Пінская землі знаходзіліся ў залежнасці ад Кіеўскага і Галіцка-Валынскага княстваў.

Сістэма кіравання ў Полацкім і Тураўскім княствах мела шмат падабенстваў. На чале іх стаялі князі, якія ажыццяўлялі адміністрацыйную, ваенную, судовую ўладу. Але дзейнасць князя значна абмяжоўвалася радай і вечам – агульным сходам, які збіраўся для вырашэння розных праблем. Веча магло запрасіць або пазбавіць улады князёў, як гэта і здарылася ў перыяд аслаблення цэнтралізаванага кіравання ў Полацку ў 1128, 1132, 1151, 1159 гг. Пасля ўвядзення хрысціянства значную ролю пачалі адыгрываць епіскапы. Вышэйшую ўладу ажыццяўляла таксама княжацкая адміністрацыя: падвойскі, які выконваў распараджэнні князя і рашэнні веча, ключнік, які займаўся фінансамі, цівун – гаспадарчы кіраўнік. Ваенную сілу складала дружына на чале з ваяводай, якая, у сваю чаргу, падзялялася на старэйшую і малодшую. З ліку старэйшых дружыннікаў – баяр, камплектавалася і княжацкая адміністрацыя. На месцах у гарадах таксама існавалі веча. Але звестак аб іх дзейнасці практычна няма. Тым не менш, можна зрабіць выснову, што гэтыя веча падпарадкоўваліся веча княжацкай рэзідэнцыі. На месцах гаспадарчымі справамі займаліся пасаднікі, а ваеннымі – тысяцкія. Пасаднікі і тысяцкія выбіраліся вечам або прызначаліся князем. Адрозненнем у кіраванні Тураўскага княства была значна большая роля пасадніка. Звычайна кіеўскі князь быў адначасова і тураўскім, таму ён, як правіла, знаходзіўся ў Кіеве. На гэты час усе яго функцыі ў Тураве выконваў намеснік – пасаднік. Калі ж вялікі князь прыбываў у Тураў, то фактычна ўсталёўвалася двоеўладдзе.

У цэлым жа палітычнае ўпарадкаванне Полацкага і Тураўскага княстваў было падобным да сістэмы кіравання ў іншых княствах, якія ўваходзілі ў склад кіеўскай Русі.

Закладзеныя ў Х–XI стст. падмуркі эканамічнай і ваеннай магутнасці Полацкага княства сталі перадумовай таго, што ў XII ст. яно даволі паспяхова адстойвала сваю самастойнасць і інтарэсы ў барацьбе з агрэсіяй крыжаносцаў і набегамі ардынцаў. Нямецкая экспансія пачалася ў Прыбалтыцы з пачатку ХIII ст. Заснаваўшы каля вытокаў Заходняй Дзвіны ў 1201 г. крэпасць Рыгу, крыжаносцы ўзялі пад свой кантроль важны ўчастак гандлёвага шляху “з вараг у грэкі” і пачалі пагражаць Полацкаму княству. Спачатку ім даволі паспяхова супрацьстаялі гарады Кукэйнос і Герцыке, якія былі фарпостам Полацка ў гэтым рэгіёне. Але палажэнне змянілася праз чвэрць стагоддзя. Заснаваны рыжскім епіскапам Альбертам Буксгаўдэнам рыцарскі ордэн мечаносцаў аб’яднаўся ў 1237 г. з Тэўтонскім ордэнам, які ў гэты час падпарадкаваў балцкае племя прусаў. З благаславення Папы Рымскага зноў створаны Лівонскі ордэн пачаў шырокамаштабную экспансію на землі Падзвіння. З другога боку, рускія княствы ў гэты час перажывалі перыяд феадальнай раздробленасці і былі аслабленымі. У выніку былі страчаны крэпасці Кукэйнас і Герцыке і на працягу дзесяткаў гадоў Полацк і іншыя рускія княствы павінны былі весці жорсткую барацьбу з крыжаносцамі (так называлі рыцараў лівонскага ордэна з нагоды крыжа, нашытага на іх плашчах). Поспеху ў барацьбе з рыцарамі садзейнічаў саюз паміж Ноўгарадам і Полацкам, замацаваны дынастычным бракам Аляксандра Неўскага з дачкой князя Брачыслава. З дапамогай полацкай дружыны Аляксандр Неўскі атрымаў перамогі над крыжаносцамі ў 1240 г. у бітве на р. Няве і ў 1242 г. на лёдзе Чудскага возера. Гэта на значны час спыніла нямецкую экспансію на рускія княствы.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.012 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал