Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
У пасляваенны перыяд
Пасля заканчэння вайны заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета Беларускай ССР і яго Прэзідыума была даволі абмежаванай. Згодна з артыкулам 14 Канстытуцыі СССР 1936 г., выданне законаў аб судовым ладзе, судаводстве, крымінальным і грамадзянскім кодэксах, а таксама і па некаторых іншых пытаннях было аднесена да кампетэнцыі Савецкага Саюза, а таму саюзныя рэспублікі не мелі права прымаць свае законы па гэтых галінах права. Апрача таго, рэспубліканскае кіраўніцтва, запалоханае сталінскімі рэпрэсіямі, баялася праяўлць сваю якую-небудзь ініцыятыву. Нават была спынена публікацыя збораў законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў БССР. Новыя заканаўчыя акты ў пасляваенны перыяд выдаваліся ў асноўным у Маскве, а ў Беларусі іх толькі паўтаралі без усялякіх змен. Так, у сакавіку 1945 г. быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, якім пашыралася кола спадчыннікаў. Імі прызнаваліся працаздольныя бацька і маці, а таксама браты і сёстры; было дазволена завяшчаць сваю маёмасць пабочным асобам пры адсутнасці спадчыннікаў па закону. Указам Прэзідыума ВС СССР ад 26 жніўня 1948 г. «Аб праве грамадзян купляць і будаваць індывідуальныя жылыя дамы» адмянялася так званае «права забудовы», па якому чалавек, які пабудаваў свой уласны дом, павінен быў аддаць яго дзяржаве праз 50 гадоў, калі дом быў пабудаваны з дрэва, альбо праз 60 – 65 гадоў – каменны. Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларускай ССР сваім указам у сакавіку 1949 г. унёс адпаведныя змяненні ў Грамадзянскі кодэкс Беларускай ССР. У пасляваенны перыяд на Беларусі працягвалі дзейнасць законы, указы і пастановы СССР, прынятыя яшчэ да вайны або падчас вайны.Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 лютага 1942 г. была ўведзена мабілізацыя працаздольнага насельніцтва: мужчын ад 16 да 55 гадоў і жанчын ад 16 да 45 гадоў. Падлеткі ад 16 і 18 гадоў маглі быць прымусова прызваны ў рамёсныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання (ФЗН). Так, у ліпені 1946 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову аб чарговым прызыве (мабілізацыі) у школы: ФЗН з гарадской моладзі 2000 чалавек і з сельскай – 7150 чалавек; у рамесныя і чыгуначныя вучылішчы з гарадоў – 2250 чалавек і з сельскай мясцовасці – 1450 чалавек. Апрача таго, з сельскай моладзі прызываліся для школ ФЗН г. Леніграда 2500 чалавек і для школ ФЗН Іванаўскай вобласці – 1500 чалавек. Прымусовы або прымусова-добраахвотны вываз моладзі за межы Беларусі працягваўся і ва ўсе наступныя гады, пакуль існаваў Савецкі Саюз. Да чэрвеня 1951 г. ухіленне без дастатковых прычын або ўцёкі з ФЗН маглі караць судом як крымінальнае злачынства. Значныя змены былі ўнесены ў крымінальнае заканадаўства СССР. У 1945 – 1947 гг. была распачата падрыхтоўка праекта Крымінальнага кодэкса СССР, але гэтая задума не была ажыццёўлена. У маі 1947 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ «Аб скасаванні смяротнага пакарання», але ён дзейнічаў толькі да 12 студзеня 1950 г., калі зноў была ўведзена смяротная кара. 4 чэрвеня 1947 г. былі выдадзены два ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Першы – «Аб крымінальнай адказнасці за раскраданне дзяржаўнай і грамадскай маёмасці», згодна з якім вінаватыя ў крадзяжы караліся пазбаўленнем волі ў папраўча-працоўным лагеры тэрмінам ад 7 да 10 год з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. За больш цяжкія віды крадзяжу сацыялістычнай маёмасці або арганізаванай групай пакаранне ўстанаўлівалася ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўча-працоўным лагеры на тэрмін ад 10 да 25 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, а за неданясенне аб такім крадзяжы – пазбаўленне волі ад 2 да 3-х год, або ссылка на тэрмін ад 5 да 7 гадоў. Другі указ – «Аб узмацненні аховы асабістай уласнасці грамадзян», якім прадугледжвалася, што за просты крадзеж асабістай маёмасці ў грамадзян вызначалася пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 до 6 гадоў. Пры крадзежы шайкай або паўторна – ад 6 да 10 год; за разбой – ад 10 да 15 гадоў пазбаўлення волі. 27 сакавіка 1953 г. быў выдадзены указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб амністыі», згодна з якім з лагераў і турмаў былі вызвалены крымінальныя злачынцы, асуджаныя на невялікі тэрмін. Палітычныя зняволеныя па гэтаму ўказу не падлягалі вызваленню. 14 ліпеня 1954 г. быў выдадзены указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб умоўна-датэрміновым вызваленні з месц зняволення. У гэты перыяд пачынаецца паслабленне рэпрэсіўнага рэжыму і пачынаюць выпускаць з заключэння ні ў чым не павінных так званых «палітычных» вязняў. У 1956 г. датэрмінова была вызвалена з лагера асуджаная на 25 гадоў беларуская паэтка Ларыса Геніюш. Новы этап у заканадаўстве Савецкага Саюза і ў заканадаўчай дзейнасці саюзных рэспублік пачынаецца пасля XX з’езда КПСС, які даў дырэктыву на пашырэнне правоў саюзных рэспублік у праватворчасці. Законамі Вярхоўнага Савета СССР ад 11 лютага 1957 г. саюзным рэспублікам было нададзена права вырашаць пытанні свайго абласнога адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, заканадаўства аб судовым ладзе, прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў. Пасля чаго адразу ажывілася заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета БССР і яго Прэзідыума. 20 лістапада 1959 г. быў прыняты Закон аб судовым ладзе Беларускай ССР, у якім галоўнай мэтай правасуддзя вызначалася ахова грамадскага ладу, сацыялістычнай сістэмы гаспадаркі і сацыялістычнай уласнасці, палітычных, працоўных і іншых правоў грамадзян. Новым у законе было дапушчэнне грамадскіх абвінаваўцаў; замест удзельнікаў народных судоў уводзіўся адзіны раённы (гарадскі) народны суд. У раёнах (гарадах), дзе выбіраліся два або больш народных суддзяў, адзін з іх прызначаўся старшым народным суддзёй. У 1956 – 1959 гг. былі ўнесены значныя змены ў Працоўны кодэкс БССР, якімі пашыраліся правы рабочых і служачых. На пачатку 1960 г. было скасавана Міністэрства ўнутраных спраў СССР, у сувязі з чым аднаймённае Міністрэства БССР было пераўтворана з саюзна-рэспубліканскага ў рэспубліканскае, а затым, у 1962 г., яно было перайменавана ў Міністэрства аховы грамадскага парадку БССР. Аднак у 1968 г. зноў было адноўлена саюзна-рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў СССР, адпаведна з гэтым таксама Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 1959 – 1960 гг. юрыдычная камісія пры Савеце Міністраў БССР разам з вучонымі і практыкамі Вярхоўнага Суда і Пракуратуры БССР распрацавалі праект Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў рэспублікі, якія затым шырока абмяркоўваліся сярод юрыстаў рэспублікі. Падрыхтаваны Крымінальны кодэкс БССР быў зацверджаны Вярхоўным Саветам БССР 29 снежня 1960 г. і ўведзены ў дзеяннне з 1 красавіка 1961 г. Новымі ў кодэксе былі нормы, якія прадугледжвалі магчымасць «вызвалення ад крымінальнай адказнасці з перадачай справы на разгляд таварыскага суда, калі адбылося малазначнае злачынства, або перадача абвінавачанага на парукі», а таксама былі ўведзены новыя артыкулы ў асаблівую частку кодэкса. Адначасова з Крымінальным кодэксам рэспублікі распрацоўваўся і прымаўся Крымінальна-працэсуальны кодэкс БССР, які быў уведзены ў дзеянне з 1 красавіка 1961 г. Гэты кодэкс упершыню замацаваў палажэнні, што крымінальнае пакаранне можа прызначацца толькі судом (арт. 8). Абвінавачанаму гарантавалася права на абарону. Крымінальна-працэсуальны кодэкс уносіў некаторыя новыя нормы ў параўнанні са сталінска-яжоўска-берыеўскім дэспатызмам і самавольствам, але і ён не пазбаўлены быў антыдэмакратычных заган, бо засноўваўся на дыктатуры бальшавіцкай партыі. Паранейшаму грамадзянін не меў права падаць ў суд крымінальны іск, калі супраць яго было зроблена злачынства, а мусіў толькі прасіць пракуратуру або міліцыю ўзбудзіць крымінальную справу. Яму дазвалялася ўзбуджаць справу непасрэдна ў судзе толькі па малазначных справах так званага «прыватнага абвінавачвання». Не было паводле УПК БССР 1960 г., апеляцыйнага перагляду спраў, калі скарга на прыгавор суда першай інстанцыі поўнасцю пераглядаецца з удзелам асуджанага ў судзе другой інстанцыі, а захоўваўся стары парадак касацыйнага перагляду, пры якім суд другой інстанцыі толькі правярае правільнасць складзеных папер у ніжэйшым судзе, па сутнасці вядзе працэс тайна, не бачачы на свае вочы асуджанага. Для абмежавання адміністрацыйных пакаранняў і самавольства розных дзяржаўных устаноў і асобных службовых асоб у гэтай справе важнае значэнне мелі ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 чэрвеня 1961 г. «Аб далейшым абмежаванні прымянення штрафаў, што накладаюцца ў адміністрацыйным парадку» і аднайменны ўказ ВС БССР ад 30 снежня 1961 г., а таксама выдадзенае адначасова «Палажэнне аб парадку накладання і спагнання адміністрацыйных штрафаў». У гэтых нарматыўных актах прыводзіўся вычарпальны пералік устаноў, якія мелі права накладаць штрафы і ўказваліся канкрэтныя адміністрацыйныя парушэнні, за якія ім дазвалялася ўстанаўліваць штрафы.
Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 4
1. Дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі ў пасляваенны перыяд. Тэрыторыя БССР. 2. Дзейнасць вышэйшых партыйных і савецкіх органаў БССР у 1946 – 1959 гг. 3. ХХ з’езд КПСС і значэнне яго пастаноў. Пашырэнне правоў БССР. 4. Змены ў структуры органаў кіравання Беларускай ССР. 5. Змены ў заканадаўстве СССР і БССР у 1946 – 1963 гг. 6. Дзяржаўнае кіраўніцтва сельскай гаспадаркай БССР. 7. Міжнародная дзейнасць Беларускай ССР.
Літаратура да тэмы 4
1. История государства и права Белорусской ССР. Т.2. Мн., 1973. 2. Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1996. 3. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.2. Мн., 1995. 4. Вишневский А.Ф. Очерки истории государства и права Республики Беларусь (1917 – 1995 гг.). Мн., 1995. 5. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000. 6. Имплементация норм международного права во внутригосударственное право //Под ред. Л.В.Павловой. Мн., 2001. 7. Бровка Ю.П. Белорусская ССР – суверенный участник международного общения. Мн., 1974.
Тэма 5. Дзяржава і права Беларускай ССР у перыяд застою ў эканоміцы і крызісу ў адміністрацыйна-каманднай сістэме кіравання (1965 – 1985)
Крызіс савецкай адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання народнай гаспадаркі падчас хрушчоўскай «адлігі» спрабавалі паправіць шматлікімі перабудовамі і рэарганізацыямі, але беспаспяхова. Таму пасля адхілення М.С.Хрушчова ад улады быў ўзяты курс на аднаўленне сталінскай цэнтралізацыі і вяртання да старой сістэмы кіравання народнай гаспадаркай праз агульнасаюзныя і саюзна-рэспубліканскія міністэрства з Масквы. Ім былі падпарадкаваны ўсе буйныя і значная колькасць сярэдніх прамысловых прадпрыемстваў. Законам СССР ад 2 кастрычніка 1964 г. і законам БССР ад 21 кастрычніка 1965 г. «Аб змяненні сістэмы органаў кіравання прамысловасцю Беларускай ССР» быў скасаваны Савет народнай гаспадаркі БССР і адноўлены або ўтвораны шэраг саюзна-рэспубліканскіх і рэспубліканскіх міністэрстваў і таксама многія агульнасаюзныя міністэрствы СССР, а падпарадкаваныя ім прамысловыя прадпрыемствы, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларускай ССР былі перададзены ў падпарадкаванне ўтворанаму ў рэспубліцы Савету народнай гаспадаркі (СНГ). Усяго ў падпарадкаванне БССР было перададзена больш за 850 прадпрыемстваў (Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.2. Мн., 1995. С.375). Толькі ў 1966 – 1970 гг. былі створаны 3 саюзна-рэспубліканскія міністэрствы (лясной гаспадаркі, нарыхтоўкі і юстыцыі); новае рэспубліканскае Міністэрства будаўніцтва і аўтамабільных дарог; пры Галоўным упраўленні бытавога абслугоўвання насельніцтва і камунальнай гаспадаркі былі створаны два рэспубліканскія міністэрствы: камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання; Камітэт па фізічнай культуры і спорту. У далейшым уносіліся змены і ў апарат Савета Мністраў БССР. З аднаўленнем галіновага кіравання прамысловасцю ў 1965 г. колькасны састаў Савета Міністраў пачаў пашырацца: у 1967 г. – 44, у 1971г. – 48, у 1975 г. – 50 чалавек. Старшынямі Савета Міністраў БССР былі: П.К. Панамарэнка, А.Е. Кляшчоў, К.Т. Мазураў, Н.Е. Аўхімовіч, Т.Я. Кісялёў. Пасля ўвядзення ў дзеянне новай Канстытуцыі БССР 1978 г. у складзе Савета Міністраў БССР з’яўляецца пастаянна дзеючы Прэзідыум у складзе Старшыні Савета Міністраў, першых намеснікаў і намеснікаў Старшыні, а таксама другіх членаў урада ў адпаведнасці з Законам аб Савеце Міністраў БССР. Вышэйшым судовым органам з’яўляўся Вярхоўны Суд, які па Канстытуцыі БССР 1978 г. выбіраўся на 10 гадоў (арт. 151). У яго склад уваходзілі (пастаянныя) члены і народныя засядацелі. У 1972 г. у складзе Вярхоўнага Суда было 23 пастаянныя члены і 4118 засядацеляў. У складзе Вярхоўнага Суда знаходзіліся калегіі: па грамадзянскіх справах, па крымінальных справах і іншыя. Кампетэнцыя Вярхоўнага Суда неаднаразова пераглядвалася: то павялічвалася, то змяншалася. Напрыклад, з 1960 г. да 1970 г., калі было ліквідавана рэспубліканскае Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд павінен быў выконваць функцыі па кіраванні абласнымі і народнымі судамі і дзяржаўнымі натарыяльнымі канторамі. У 1970 г. пасля стварэння саюзна-рэспубліканскага Міністэрства юстыцыі БССР гэты накірунак дзеяння быў скасаваны з мэтай паглыблення ў ажыццяўленні сваёй асноўнай функцыі – правасуддзя. Меры, якія ажыццяўляліся на аснове рашэнняў сакавіцкага 1965 г. Пленума ЦК КПСС «Аб неадкладных мерах па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі СССР» і закона БССР ад 21 кастрычніка 1965 г. «Аб змяненні сістэмы органаў кіравання прамысловасцю Беларускай ССР» і Пленума ЦК КПСС «Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці», назвалі эканамічнай рэформай. Дзеля ажыццяўлення гэтай рэформы вызначаліся мерапрыемствы па ўдасканаленні планавання і эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці. Змянялася сістэма тэхніка-эканамічных паказчыкаў, якія даводзіліся да прадпрыемстваў зверху: замест 109 толькі 9. Вышэйстаячымі органамі планаваліся толькі асноўныя заданні: · аб’ём рэалізацыі прадукцыі; · асноўная наменклатура вырабаў; · фонд зарплаты, прыбытак, рэнтабельнасць і інш. Прадпрыемствы атрымалі права самастойна вырашаць пытанні сабекошту прадукцыі, колькасці персаналу, вызначаць рост прадукцыйнасці працы. Па-новаму вырашаліся пытанні матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Адначасовае ўмацаванне цэнтралізаванага кіравання народнай гаспадаркай і пашырэнне гаспадарчай самастойнасці і ініцыятывы калектываў прадпрыемстваў былі цяжка сумяшчальнымі. Эканамічныя пераўтварэнні, не забяспечаныя палітычнай рэформай, не маглі быць даведзены да заканчэння, і эканамічны крызіс паглыбляўся. У гэты час значнай падзеяй ў развіцці заканадаўства БССР былі распрацоўка і прыняцце Грамадзянскага і Грамадзянска-працэсуальнага кодэксаў рэспублікі летам 1964 г. і ўвядзенне іх у дзеянне з 1 студзеня 1965 г. Новымі ў ГК былі нормы, што рэгулявалі таварна-грашовыя і маёмасныя адносіны як паміж сацыялістычнымі суб’ектамі гаспадарання, так і паміж імі і грамадзянамі, а таксама і паміж грамадзянамі. Тым самым гэта былі, хаця і маленькія, спробы пераходу да рыначных адносін. Новым быў артыкул 7, які дазваляў грамадзянам або арганізацыям звяртацца ў суд з патрабаваннем абароны іх гонару і годнасці. Некалькі былі пашыраны жыллёвыя правы грамадзян, а таксама іх правы па дагаворах куплі-продажу, падраду, бытавога пракату. Удакладнены былі нормы спадчыннага права. Разам з тым у ГК БССР былі ўнесены артыкулы ідэалагічнага накірунку, якія абмяжоўвалі права грамадзян на набыццё прыватнай уласнасці. Так, можна было мець толькі адзін жылы дом або частку яго; найбольшы памер не павінен быў перавышаць 60 кв.м. Калі ж грамадзянін сістэматычна выкарыстоўваў свой дом, дачу або іншую маёмасць для атрымання даходаў, то такі дом, дача, або іншая маёмасць павінна была быць у яго адабрана на карысць дзяржавы (арт. 100, 101, 106). Праект Грамадзянска-працэсуальнага, як і Грамадскага кодэкса, распрацоўваўся Юрыдычнай камісіяй пры Савеце Міністраў БССР з удзелам вучоных і практыкаў рэспублікі, абмяркоўваўся ў рэспубліканскіх і мясцовых органах, а таксама ў спецыяльнай камісіі, утворанай пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета СССР, дзе прымалі ўдзел найбольш вядомыя вучоныя-юрысты СССР. ГПК БССР 1964 г. захаваў усе асноўныя палажэнні старога грамадзянска-працэсуальнага права. Да новых норм можна аднесці тое, што раней у пратаколе судовага пасяджэння сведкі і бакі павінны былі падпісваць свае паказанні, а па ГПК 1964 г. пратакол падпісваўся толькі старшынствуючым у судзе і сакратаром, а сам пратакол можна было рэдагаваць да наступнага дня. Больш шырокія правы прадстаўляліся для ўдзелу ў грамадскім працэсе органам дзяржаўнага кіравання, прафсаюзам, кааператыўным і грамадскім арганізацыям, а таксама прадстаўнікам грамадскасці і калектываў працоўных. Новым у ГПК быў раздзел, у якім замацоўваліся грамадзянска-працэсуальныя правы замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і замежных юрыдычных асоб. У 1966 г. у ГПК БССР былі ўнесены дапаўненні, згодна з якімі спрашчаўся працэс аб скасаванні шлюбу. Больш поўна пытанні шлюбу і сям’і былі замацаваны ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і БССР 1969 г. У ім вызначаны парадак і ўмовы ўступлення ў шлюб, скасаванне яго, асабістыя і маёмасныя адносіны паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, паміж іншымі членамі сям’і. Адным з важнейшых пытанняў развіцця эканомікі краіны з’яўляецца стаўленне да права ўласнасці на зямлю і карыстання ёю. Гэтыя праблемы вырашаюцца ў Канстытуцыі дзяржавы і Зямельным кодэксе. Канстытуцыя БССР 1937 г., як і папярэднія канстытуцыі, замацоўвала дзяржаўную ўласнасць на зямлю. Таму і Зямельны кодэкс БССР, прыняты 24 снежня 1970 г. і ўведзены ў дзеянне з 1 ліпеня 1971 г., вызначыў структуру адзінага зямельнага фонду, акрэсліў парадак і формы землекарыстання, акрэсліў парадак і формы землекарыстання, у асноўным калгасаў і саўгасаў; правы і абавязкі землекарыстальнікаў пры захаванні дзяржаўнай уласнасці на зямлю. Для забеспячэння правоў рабочых і служачых важнае значэнне мае Кодэкс законаў аб працы, што быў зацверджаны Вярхоўным Саветам БССР 23 чэрвеня 1972 г. і ўведзены з 1 кастрычніка 1972 г. У ім замацаваны важнейшыя нормы праваадносін паміж рабочымі і служачымі з прадаўцамі, іх узаемныя правы і абавязкі. У Кодэксе законаў аб працы разглядаюцца пытанні працоўнай дысцыпліны, аховы працы, калектыўнага дагавору, рабочага часу, заработнай платы, нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы. У снежні 1984 г. быў зацверджаны Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, які быў уведзены ў дзеянне з 1 чэрвеня 1985 г. Мелася на ўвазе, што з прыняццем гэтага Кодэкса зменшыцца колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў, а таксама будзе наведзены парадак у прызначэнні адміністрацыйных пакаранняў. Але, на жаль, гэтага не адбылося. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 г. была распрацавана і зацверджана 14 красавіка 1978 г. Канстытуцыя Беларускай ССР. Яна складалася з прэамбулы, 10 раздзелаў, 19 глаў і 172 артыкулаў. У ёй адзначалася, што, у тым ліку і ў БССР, ужо пабудавана развітое сацыялістынае грамадства, сфарміравалася новая гістарычная супольнасць людзей – савецкі народ. У раздзеле першым, замест упамінання пра дыктатуру пралетарыяту, быў уведзены артыкул 6, паводле якога кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза. Не дапушчалася прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці і зямлю. У Канстытуцыі нават не ўжываўся тэрмін «прыватная ўласнасць», а замест яго ўведзена была назва «асабістая ўласнасць». У артыкуле 48 абвяшчалася свабода слова, друку, сходаў, мітынгаў і дэманстрацый, але толькі ў мэтах умацавання і развіцця сацыялістычнага ладу. А вызначаць, на карысць гэта сацыялізму ці не, маглі толькі партыйныя і дзяржаўныя асобы, а таму дзейнічала строгая цэнзура ў друку, а супраць сходаў і мітынгаў дзейнічалі органы МУС і КДБ. Захоўвалася старое сталінскае выбарчае права, па якому вылучаць кандыдатаў ў дэпутаты мелі права толькі Камуністычная партыя і залежныя ад яе іншыя арганізацыі і сходы. Абвяшчалася недатыкальнасць дэпутата, а так як усе высокія начальнікі былі адначасова і дэпутатамі, то тым самым забяспечвалася іх недатыкальнасць. Па сутнасці, карэнных змен у гэтай Канстытуцыі адносна сталінскай Канстытуцыі 1936 г. і беларускай Канстытуцыі 1937 г. не было.
Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 5
1. Змяненні ў сістэме кіравання прамысловасцю Беларускай ССР у 1965 г. 2. Змены ў заканадаўстве СССР і БССР. 3. Канстытуцыя Беларускай ССР 1977г.
Літаратура да тэмы 5
1. История государства и права Белорусской ССР. Т.2. Мн., 1973. 2. Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1996. 3. Новейшая история отечества. ХХ век. М., 1999. 4. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998. 5. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.2. Мн., 1995. 6. Довнар Т.И. Краткий очерк истории государства и права Республики Беларусь. Мн., 1997. 7. Вишневский А.Ф. Очерки истории государства и права Республики Беларусь (1917 – 1995 гг.) Мн., 1995. 8. Васілевіч Р.А., Доўнар Т.І., Юхо І.А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. Мн., 2001.
Тэма 6. Беларусь у перыяд кардынальных рэформ дзяржаўнага ладу СССР і Беларускай ССР (1985 – 1990)
Складаны характар развіцця савецкай эканомікі, нарастанне эканамічных цяжкасцяў, нястачы ў продажы прадуктаў харчавання і прадметаў шырокага ўжытку і, разам з тым, вялікія выдаткі сродкаў на вайну ў Аўганістане, непамерныя траты для ваеннай і цяжкай прамысловасці, фінансаванне шэрага краін Азіі і Афрыкі абмяжоўвалі магчымасці паляпшэння дабрабыту народа. Наглядалася пастаянная адставанне сельскай гаспадаркі, што вяло да масавых закупак за мяжой збожжа, мяса, масла і іншых прадуктаў. Не вырашалася жыллёвая праблема. Нацыянальнай трагедыяй для Беларусі стала катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 г. Асабліва моцнае радыяцыйнае забруджанне Беларусі было выклікана злачынным загадам асадзіць радыяцыйны пыл штучнымі дажджамі над Гомельскай і Магілёўскай абласцямі. Крызісныя з’явы ў эканоміцы сталі асабліва яскрава праяўляцца ў сярэдзіне 80-ых гадоў, а крызіс у сельскай гаспадарцы пачаўся яшчэ раней. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі ўжо ў 1980 г. скарацілася ў параўнанні з 1970 г. на 10 %. На цяжкае становішча ў Беларускай ССР адмоўна ўздзейнічаў той факт, што 288 буйных прадпрыемстваў рэспублікі знаходзіліся ў агульнасаюзным падпарадкаванні, на якіх у 1989 г. працавалі 726 тыс. рабочых і служачых, або 58 % усіх працуючых у прамысловасці, але ў рэспубліканскі бюджэт яны давалі толькі 8, 5 % ад свайго прыбытку. Асноўны іх прыбытак забіраўся ў саюзны бюджэт («Звязда». 1989.19.09.). Сродкі саюзнага бюджэта ішлі на ўтрыманне самай вялікай у свеце арміі, на непамерна вялікае ўзбраенне. Напрыклад, у 1989 г. у СССР было выраблена 1700 танкаў, у той жа час у ЗША – 725; у СССР – 665 бамбардзіроўшчыкаў, у ЗША – 470; у СССР – 140 міжкантынентальных ракет, у ЗША – толькі 9 («Звязда». 1993.31.03.). Усё гэта вяло да нарастання крызісных з’яў. Першыя захады па выпраўленні цяжкага эканамічнага становішча былі зроблены пасля прыходу да ўлады ў канцы 1982 г. Ю.Андропава, які жорсткімі адміністрацыйнымі мерамі спрабаваў навесці парадак у эканоміцы, не мяняючы самой сістэмы. Затым у лютым 1984 г. партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва ў СССР узначаліў К.Чарненка, пры якім крызісныя з’явы сталі яшчэ больш відавочнымі. У сакавіку 1985 г. пасля смерці К.Чарненкі Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў абраны Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, з прыходам да ўлады якога пачалася ў СССР так званая перабудова. Асноўным зместам перабудовы была спроба ўмацавання сацыялістычнага ладу на аснове дэмакратызацыі грамадскага жыцця, аслаблення цэнзуры, пашырэння самастойнасці прадпрыемстваў, быў абвешчаны новы курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Для яго ажыццяўлення рабіліся першыя крокі ў напрамку да рыначных адносін. У лістападзе 1986 г. быў прыняты закон СССР «Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці», згодна з якім рамеснікам дазвалялася вырабляць і прадаваць тавары сваёй вытворчасці. Тым самым дазвалялася не толькі вытворчасць, але і прыватны гандаль, пачыналіся таварна-рыначныя адносіны. У 1987 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве», які павінен быў садзейнічаць пераходу ад адміністрацыйных метадаў кіравання да эканамічных. Праведзеная летам 1986 г. ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС прыняла шэраг рэзалюцый: «Аб ходзе рэалізацыі рашэнняў ХХVІІ з’езда КПСС і задачах па паглыбленню перабудобы», «Аб дэмакратызацыі савецкага грамадства і рэформе палітычнай сістэмы», «Аб барацьбе з бюракратызмам», «Аб міжнацыянальных адносінах», «Аб галоснасці», «Аб прававой рэформе», «Аб некаторых неадкладных мерах па практычнаму ажыццяўленню палітычнай сістэмы краіны». М.С.Гарбачоў у дакладзе на канферэнцыі выказаўся за неабходнасць утварэння «прававой дзяржавы», у якой свабодна б выяўлялася воля розных класаў і сацыяльных груп насельніцтва, партыйныя органы былі б пазбаўлены права ўмешвацца ў кіраванне гаспадарчымі справамі. Саветы прапанавалася наблізіць да асноў парламентарызму. У верасні 1987 г. ЦК КПСС выдаў пастанову, якою карэнным чынам мяняліся адносіны камуністычнай партыі і дзяржаўных органаў да развіцця асабістых падсобных і дачных гаспадарак грамадзян. Устанаўлівалася, што памеры прысядзібных зямельных надзелаў і нормы ўтрымання жывёлы і птушак у асабістых падсобных гаспадарках грама-дзян вызначаюцца сельскімі і пасялковымі Саветамі народных дэпутатаў, калгасамі і саўгасамі. Рэкамендавана калгасам і дазвалялася саўгасам шырэй выкарыстоўваць арэндны падрад, а таксама даваць на доўгі тэрмін дадатковыя зямельныя ўчасткі калгаснікам, рабочым саўгасаў і іншым грамадзянам. Гэтая пастанова ЦК КПСС была першым крокам на шляху да рыначных адносін у сельскай гаспадарцы, пераходу ад калгаснага ладу да фермерскай гаспадаркі. Але яна ў многіх раёнах сустрэла маўклівы сабатаж мясцовых чыноўнікаў, якія не жадалі страціць уладу над сялянамі. Пашырэнне галоснасці і поспехі перабудовы ў грамадскім і палітычным жыцці выклікалі значныя змены як ва ўнутранай палітыцы СССР, так і ў дзяржавах сацыялістычнага лагеру: Балгарыі, Венгрыі, Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Польшчы, Чэхаславакіі. У СССР пачалі ўтварацца палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, збірацца мнагалюдныя сходы і мітынгі, на якіх выступалі прадстаўнікі савецкіх рэспублік з патрабаваннем для саюзных рэспублік рэальнага суверэнітэту. Першымі пачалі патрабаваць больш шырокіх правоў у Азербайджане, Грузіі, на Украіне, у Прыбалтыйскіх рэспубліках. У Беларусі ў 1988 г. быў утвораны Арганізацыйны камітэт з прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія летам 1989 г. правялі ў Вільні Устаноўчы з’езд. Ён абвясціў аб утварэнні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» і прыняў Статут і Праграму руху. Праграма складалася з раздзелаў: «Суверэнітэт», «Дэмакратыя. Правы чалавека», «Эканоміка», «Сацыяльная справядлівасць», «Ахова здароўя», «Экалогія», «Нацыянальнае пытанне», «Мова», «Культура», «Адукацыя і навука», «Рэлігія і грамадства», «Этыка і маральнасць». Характэрна, што на першае месца пастаўлены суверэнітэт, ад якога залежыць эканоміка і культура. Згодна з рашэннямі ХІХ партканферэнцыі ў снежні 1988 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон «Аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі СССР» і закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР», згодна з якімі ўносіліся змены ў выбарчую сістэму і ўтвараўся З’езд народных дэпутатаў СССР – як вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў СССР. У яго склад уваходзілі 2250 дэпутатаў, 2/3 павінны былі складаць дэпутаты, выбраныя насельніцтвам, а 1/3 частку – прадстаўнікі градмадскіх арганізацый. З яго складу затым фарміраваўся Вярхоўны Савет СССР з 542 дэпутатаў як пастаянна працуючы вышэйшы заканадаўчы орган. Старшыней Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў абраны Генеральны сакратар ЦК КПСС М.С.Гарбачоў. Новы выбарчы закон даваў магчымасць вылучаць некалькі кандыдатаў у дэпутаты па кожнай выбарчай акрузе, як ад прадпрыемстваў і грамадскіх устаноў, так і ад сходаў выбаршчыкаў па месцы жыхарства. Апрача выбарчых акруг частка дэпутатаў не выбіралася, а прызначалася ад грамадскіх арганізацый. На З’езд народных дэпутатаў СССР ад Беларускай ССР было абрана 60 народных дэпутатаў, сярод іх былі і прыхільнікі беларускай нацыянальнай дэмакратыі: В.Быкаў, А.Дабравольскі, М.Ігнатовіч, С.Шушкевіч і іншыя. У кастрычніку 1989 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў закон «Аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР», па якому вылучаць кандыдатаў у народныя дэпутаты маглі па некалькі чалавек на адну акругу. Выбары дэпутатаў былі прызначаны на 4 сакавіка 1990 г. Праходзілі яны ў вострай палітычнай барацьбе, пры якой кіруючы орган Камуністычнай партыі ўжывалі розныя адміністрацыйныя і прапагандысцкія сродкі, каб не дапусціць нацыянальных дэмакратаў у дэпутаты. Апрача таго, законам прадугледжвалася прызначэнне 50 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР ад чатырох грамадскіх арганізацый: Беларускай рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў вайны і працы; Беларускага таварыства інвалідаў; Беларускага таварыства сляпых; Беларускага таварыства глухіх. Апрача першага тура выбараў было праведзена яшчэ шэсць дадатковых тураў галасавання. У выніку якіх было абрана 277 дэпутатаў ад выбарчых акруг і прызначана 50 дэпутатаў ад грамадскіх арганізацый. Усяго стала ў Вярхоўным Савеце БССР 327 народных дэпутатаў, большасць з іх складалі камуністы і іх прыхільнікі. Прадстаўнікі беларускай дэмакратыі мелі не больш як 40 – 45 дэпутацкіх галасоў. Але іх дзейнасць была вельмі актыўнай і яны ў значнай ступені ўплывалі на ўсю дзейнасць Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12 склікання. Сярод іх выдзяляліся: Н.Гілевіч, В.Голубеў, З.Пазняк, А. Трусаў, С.Шушкевіч. На першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР у маі 1990 г. Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР быў выбраны былы сакратар ЦК КПБ Мікалай Іванавіч Дземянцей, яго першым намеснікам – прафесар БДУ С.С.Шушкевіч і намеснікам В.І.Шаладонаў, былі выбраны старшыні камісій Вярхоўнага Савета. На ход дзяржаўна-палітычных змен у Савецкім Саюзе ў цэлым і ў саюзных рэспубліках значнае ўдзеянне аказала «Платформа ЦК КПСС да ХХVIII з’езда партыі» «К гуманнаму дэмакратычнаму сацыялізму», якая была зацверджана Пленумам ЦК КПСС у лютым 1990 г. У ёй былі змешчаны наступныя раздзелы: 1. У чым сэнс перабудовы, ад чаго трэба рашуча адмовіцца і што захаваць у ідэйна-палітычным арсенале партыі. 2. У цэнтры палітыкі партыі – чалавек. 3. За эфектыўную планава-рыначную эканоміку. 4. Да развіцця сацыялістычнай дэмакратыі і самакіравання народа. 5. Да новай федэрацыі. 6. Да мірнага развіцця чалавецтва. 7. Да абнаўлення партыі. Па сваей сутнасці «Платформа ЦК КПСС да ХХVIII з’езда партыі» з’яўлялася праграмай пабудовы не таталітарнай, а дэмакратычнай савецкай дзяржавы. У ёй было запісана: «Мы адмаўляемся ад татальнага адзяржаўлення грамадскага жыцця, ад усяго, што прыводзіла да дэспатызму і беззаконню, дазваляла беспакаранна злоўжываць уладаю і карыстацца незаслужанымі прывілеямі… Агульнанародная прававая дзяржава выключае дыктатуру якога-небудзь класа, тым больш уладу кіруючай бюракратыі… Магістральны шлях… партыя бачыць у паслядоўным ажыццяўленні эканамічнай і палітычнай рэформ, у рашучай адмове ад сталінскай, па сутнасці сваёй унітарнай мадэлі дзяржаўнага ладу, у поўнай і паслядоўнай рэалізацыі прынцыпу федэралізму… рэальнага напаўнення суверэнітэту саюзных рэспублік… выбіраць формы ўладкавання жыцця, інстытуты і сімвалы дзяржаўнасці» («Известия». 1990.14.02.). З асноўных палажэнняў «Платформы ЦК КПСС да ХХVIII з’езда партыі» ясна відаць, што ЦК КПСС пад кіраўніцтвам М.С.Гарбачова ўзяў курс на перабудову аўтарытарнай Камуністычнай партыі Савецкага Саюза ў дэмакратычную партыю па тыпу заходнееўрапейскіх сацыял-дэмакратычных партый, а таталітарную дэспатычную дзяржаву ў дэмакратычную федэрацыю па тыпу парламенцкіх еўрапейскіх дзяржаў. Лібералізацыя палітычнага жыцця ў Савецкім Саюзе адгукнулася значнымі падзеямі ў Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі, Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Румыніі, Балгарыі. У гэтых дзяржавах утварыліся новыя дэмакратычныя партыі, якія паступова на працягу 1989 г. сталі кіруючымі партыямі ў сваіх дзяржавах і аказалі значны палітычны ўплыў на многія саюзныя рэспублікі, у тым ліку і на Беларусь. Саюзныя рэспублікі адна за адной пачалі прымаць свае акты аб дзяржаўным суверэнітэце. Літва, Латвія і Эстонія ўвогуле заявілі аб выхадзе з Савецкага Саюза. У сакавіку 1990 г. Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў Акт аб аднаўленні дзяржаўнасці. Латвія ў маі 1990 г. аб’явіла аб аднаўленні поўнага суверэнітэту рэспублікі на основе буржуазнай канстытуцыі 1922 г. Затым летам 1990 г. заявілі аб сваім суверэнітэце Расія і Украіна, а за імі і Беларусь. Дэкларацыяй Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 27 ліпеня 1990 г. «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР» абвяшчалася вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лесу, дзяржаўнасці беларускай мовы, абароны нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага народа і шэраг іншых кардынальных палажэнняў незалежнага становішча беларускай дзяржавы. Ра-зам з тым палажэнні Дэкларацыі не маглі быць ажыццёўлены на той час, бо згодна з Канстытуцыяй СССР 1977 г. усе важнейшыя функцыі ўнутранай і знешняй палітыкі адносіліся да кампетэнцыі агульнасаюзных органаў і кіраваліся Цэнтральным Камітэтам Кампартыі Савецкага Саюза. Пастановай Пленума ЦК КПСС «Да гуманнага дэмакратычнага сацыялізму» была намечана праграма ўтварэння «Новай федэрацыі» ў Савецкім Саюзе, у аснову якой былі пакладзены наступныя прынцыпы: безумоўнае захаванне правоў грамадзяніна кожнай нацыянальнасці на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза, рэальнае напаўненне суверэнітэту саюзных рэспублік, развіццё дагаворнага прынцыпу пабудовы Саюза. З гэтай мэтаю летам 1990 г. адначасова ў Маскве і ў саюзных рэспубліках разгарнулася работа па падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавору. Для падрыхтоўкі прапаноў па праекту Саюзнага дагавора ад Беларускай ССР у верасні 1990 г. была ўтворана экспертная група з дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР і вучоных. У кастрычніку 1990 г. Прэзідэнт СССР М.С.Гарбачоў накіраваў праект новага Саюзнага дагавора ў Вярхоўныя Саветы саюзных рэспублік. У лістападзе 1990 г. праект Дагавора быў апублікаваны ў друку для ўсеагульнага абмеркавання. Праект новага Саюзнага дагавора складаўся з Прэамбулы, у якой прапанавалася новая назва агульнай дзяржавы – Саюз Суверэнных Савецкіх Рэспублік, захаваўшы нязменнай абрэвіатуры СССР, трох раздзелаў і 23 артыкулаў. У першым раздзеле «Асноўныя прынцыпы» былі выкладзены 7 асноўных прынцыпаў, па якіх намячалася пабудаваць новы Саюз Суверэнных Савецкіх Рэспублік, як суверэнную, федэратыўную дзяржаву, утвораную ў выніку добраахвотнага аб’яднання рэспублік. Другі прынцып – прызнанне неадчуджэння права кожнага народа на самавызначэнне і самакіраванне, самастойнае вырашэнне ўсіх пытанняў свайго развіцця. Трэці важнейшы прынцып аб’яднання суверэнных рэспублік – прыярытэт правоў чалавека, абвешчаных ва Усеагульнай дэкларацыі ААН і міжнародных пактах, гарантавалася магчымасць вывучэння і выкарыстання роднай мовы, свабода веравызнання і іншых палітычных і асабістых свабод. Чацвёрты – свабода выбару форм уласнасці і метадаў гаспадарання, рэалізацыя прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і абароненасці. Пяты – фундаментальны прынцып дэмакратыі, заснаванай на народным прадстаўніцтве і імкненні да стварэння прававой дзяржавы, якая служыла б гарантам супраць любых тэндэнцый да аўтарытарызму і самавольства. Шосты – важнейшай задачай кожнай рэспублікі з’яўляецца захаванне і развіццё нацыянальных традыцый, дзяржаўная падтрымка адукацыі, навукі і культуры. Сёмы – галоўнай мэтай рэспублік на міжнароднай арэне – трывалы мір, ліквідацыя ядзернай зброі масавага знішчэння, супрацоўніцтва дзяржаў і салідарнасць народаў. Раздзел другі «Будова Саюза» замацоўваў добраахвотнасць членства суверэнных рэспублік у Саюзе ССР, яго грамадзянства, тэрыторыю, парадак узаемаадносін паміж рэспублікамі. Але па-старому прапанавалася вызначыць паўнамоцтвы Саюза СССР, захаваўшы за ім усе важнейшыя функцыі ўнутранай, гаспадарчай і знешняй палітыкі. Раздзел трэці «Органы ўлады і кіравання» замацоўваў парадак фарміравання органаў улады і кіравання новага Саюза, іх склад і прызначэнне, а таксама саюзныя суды і саюзную пракуратуру. Дзяржаўнай мовай Саюза вызначалася руская мова. Аналіз праекта Саюзнага дагавора дазваляе зрабіць выснову, што разам з новымі нормамі, якія пашырылі правы саюзных рэспублік, асноўнымі ў праекце Дагавора былі нормы, якія былі накіраваны на захаванне старой савецка-партыйнай сістэмы кіравання і значнага абмежавання суверэнітэту саюзных рэспублік, а таму яшчэ да апублікавання праекта, у першай палове 1990 г., Літва, Латвія, Эстонія і Грузія абвясцілі аб выхадзе з СССР і адмовіліся ад падпісання Саюзнага дагавору. Яшчэ летам 1991 г. здавалася, што і пасля выхаду некаторых рэспублік з Савецкага Саюза і іх адмовы падпісаць новы Саюзны дагавор, астатнія саюзныя рэспублікі былі гатовы падпісаць гэты Дагавор. Праведзены ў сакавіку 1991 г. усесаюзны рэферэндум засведчыў, што большасць насельніцтва, апрача Прыбалтыйскіх рэспублік і Грузіі, выказаліся за захаванне Саюза. Аднак гістарычны працэс, які быў накіраваны на пашырэнне дэмакратыі і нацыянальнага суверэнітэту, ішоў сваім ходам і прывёў да распаду Савецкага Саюза. У перыяд з 1985 да 1990 г. значна пашырыліся міжнародныя кантакты Беларускай ССР з замежнымі дзяржавамі. Прызнанне дэкларацыі «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР» аб дзейнасці «ў адпаведнасці з прынцыпам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншым агульнапрызнаным міжнародна-прававым актам» значна павысіла міжнародны аўтарытэт рэспублікі і садзейнічала развіццю яе палітычных, эканамічных і культурных сувязяў з іншымі краінамі свету. Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 6
1. Спробы пераадолення крызісных з’яў у сістэме партыйна-дзяржаўных органаў кіравання пры правядзенні палітыкі перабудовы і паскарэнні развіцця эканомікі. 2. Пашырэнне дэмакратычных свабод у палітычным жыцці СССР і Беларускай ССР. 3. Змест і значэнне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 4. Змест і значэнне праекта новага Саюзнага дагавора аб утварэнні Саюза Савецкіх Суверэнных Рэспублік. 5. У чым асноўныя прычыны няўдачы новага Саюзнага дагавора. 6. Пачатак новага этапу ў міжнародных адносінах БССР.
Літаратура да тэмы 6
1. Нарысы гісторыі Белаусі. Ч.2. Мн., 1995. 2. Новейшая история отечества. ХХ век. М., 1999. 3. Снапкоўскі У. Міжнародныя арганізацыі і Беларусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мн., 1999. С. 132 – 136. 4. Вишневский А.Ф. Очерки истории государства и права Республики Беларусь (1917 – 1995). Мн., 1995. 5. 5. Принципы перестройки: революционность мышления и действий // Правда. 1988.05.04. 6. К гуманному, демократическому социализму (Платформа ЦК КПСС к ХХVIII съезду партии) // Известия. 1990.14.02. 7. Саюзны дагавор. Праект // Звязда. 1990.25.11.. 8. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998. 9. Васілевіч Р.А., Доўнар Т.І., Юхо І.А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. Мн., 2001.
Тэма 7. Дзяржаўнае будаўніцтва Рэспублікі Беларусь
Праціўнікамі новага Саюзнага дагавора былі не толькі палітычныя дзеячы ў Прыбалтыйскіх рэспубліках і Грузіі, але і многія кіруючыя работнікі ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР. У ліпені 1991 г. праект Саюзнага дагавора быў канчаткова падрыхтаваны, адобраны яго распрацоўнікамі і прызначаны да падпісання на 20 жніўня 1991 г. Прэзідэнт СССР М.С.Гарбачоў паехаў адпачываць у Крым, мяркуючы вярнуцца ў Маскву да 20 жніўня. Раніцаю 19 жніўня па радыё і тэлебачанні Савецкага Саюза была абвешчана заява вышэйшага кіраўніцтва СССР аб тым, што ў сувязі з «немагчымасцю па стану здароўя выканання Гарбачовым Міхаілам Сяргеевічам абавязкаў Прэзідэнта СССР» яго паўнамоцтвы пераходзяць да намесніка Прэзідэнта Г.Янаева. Каб не дапусціць палітычнай і міжнацыянальнай барацьбы, хаоса і анархіі ў краіне, для кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі ўтвараецца Дзяржаўны Камітэт па Надзвычайным Становішчы (Государственный Комитет по Чрезвычайному Положению. ГКЧП). У склад ГКЧП былі ўключаны: А.Бакланаў – першы намеснік Старшыні Савета абароны СССР, У.Кручкоў – Старшыня КДБ СССР, В.Паўлаў – Старшыня Савета Міністраў СССР, Б.Пуга – міністр унутраных спраў СССР, В.Старадубцаў – Старшыня сялянскага саюза СССР, А.Цізякоў – ад Асацыяцыі прамыслоўцаў, Д.Язаў – міністр абароны СССР, Г.Янаеў – віцэ-прэзідэнт СССР. Такі склад Надзвычайнага камітэта сведчыць, што і да ўтварэння гэтага камітэта асноўныя функцыі выканаўчай улады знаходзіліся ў іх руках. Аднак камітэт спатрэбіўся для таго, каб устанавіць у СССР жорсткую дыктатуру і прыпыніць дзейнасць Канстытуцыі і іншых прававых актаў, якія забяспечвалі правы грамадзян. Надзвычайны камітэт абвясціў аб прыпыненні дзейнасці палітычных партый, забароне мітынгаў і дэманстрацый, устанаўленні кантроля над сродкамі інфармацыі і друку. Супраць змоўшчыкаў выступіла дэмакратычная грамадскасць Масквы і Ленінграда, падтрыманая Вярхоўным Саветам Расіі і Прэзідэнтам РСФСР Б.Ельцыным. Супраць змоўшчыкаў выступілі дэмакраты і ў саюзных рэспубліках. Камітэт супраць дэмакратаў накіраваў у Маскву войскі з танкамі і іншай бронетэхнікай, але салдаты і афіцэры не пачалі вайны супраць народа. 21 жніўня 1991 г. Прэзідэнт РСФСР Б.Ельцын аддаў загад аб падпарадкаванні Савету Міністраў РСФСР асноўных міністэрстваў СССР і аб арышце лідэраў ГКЧП. 22 жніўня Прэзідэнт РСФСР выдаў указ «Аб забеспячэнні эканамічнай асновы суверэнітэту РСФСР», якім перадаваліся ўсе прадпрыемствы і арганізацыі СССР, што знаходзіліся на тэрыторыі Расійскай Рэспублікі ва ўласнасць Расіі. На працягу некалькіх дзён жніўня 1991г. уся ўлада ў Маскве перайшла да кіруючых органаў РСФСР і тым самым Савецкі Саюз фактычна перастаў існаваць і заставалася толькі юрыдычна аформіць распад СССР. Абвяшчэнне жнівеньскага путчу ў Маскве ў кіруючых колах Беларусі ўспрынялі з частковай насцярожанасцю, але не выступілі супраць, і таму яго правал 21 жніўня ўспрынялі як выпадковую нечаканасць і аказаліся не гатовымі мацаваць дзяржаўны суверэнітэт Беларускай рэспублікі. На пасяджэнні нечарговай пятай сессіі Вярхоўнага Савета БССР, што адбылася 25 жніўня 1991 г. па патрабаванні дэмакратычных дэпутатаў, быў адхілены ад пасады Старшыня Вярхоўнага Савета БССР М.І.Дземянцей і выконваючым абавязкі Старшыні прызначаны першы намеснік С.С.Шушкевіч, які 18 верасня быў выбраны Старшыней Вярхоўнага Савета БССР. Нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета БССР 25 жніўня 1991 г. часова прыпыніла дзейнасць на Беларусі КПБ – КПСС, прыняла закон «Аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР», у якім прадуглежвалася вяршынства Дэкларацыі над усімі іншымі законамі, нават над Канстытуцыяй БССР 1978 г. Пастановай Вярхоўнага Савета ва ўласнасць рэспублікі перадаваліся прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, размешчаныя на яе тэрыторыі. 19 верасня шостая нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Закон «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая стала называцца «Рэспубліка Беларусь», або скарочана «Беларусь». У той жа дзень былі прыняты законы «Аб дзяржаўным гербе» і «Аб дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь». Дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь стаў старажытны беларускі герб «Пагоня», які ўяўляў сабой узброенага конніка ў імклівым руху. У правай руцэ ён трымаў падняты меч, у левай – шчыт, на белым полі якога шасціканцовы крыж. Першыя звесткі пра герб «Пагоня» адносяцца да панавання вялікага князя Літоўскага Віценя, былога князя Полацкага, які «нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему княству Литовскому печать: рыцер збройны на коне з мечем, еже ныне наричут погоня» (Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1. Мн., 1959. С.70). Герб «Пагоня» як дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага і ўсіх яго паветаў заканадаўча замацаваны ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 г., дзе было запісана: «Теж мы, госпадар, даем под гербом того паньства нашога Великого княства Литовского Погонею печать до кождого повету, на которой ест написани около гербу имя того повету» (разд. IV, арт. 12). Герб «Пагоня» змяшчаўся на тытульных лістах Статута 1588 г., выдадзеных у XVI, XVII, XVIII і нават XIX ст. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляў сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох палос роўнай шырыні: верхняй і ніжняй белага, а сярэдняй – чырвонага колеру. Бел-чырвона-белы сцяг як сцяг войска Вялікага княства Літоўскага ўжываўся ўжо ў Грунвальдскай 1410 г. і Аршанскай 1514-га бітвах, у паўстанцкіх атрадах 1863 г. і быў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у 1918 г. У верасні М.С.Гарбачоў і былыя кіраўнікі СССР рабілі захады, каб стрымаць распад Савецкага Саюза. 2 верасня адбыўся 5-ы нечарговы з’езд народных дэпутатаў СССР, які прыняў пастанову, згодна з якой на пераходны перыяд утвараўся Дзяржаўны Савет у складзе Прэзідэнта СССР і вышэйшых службовых асоб саюзных рэспублік, а для каардынацыі кіравання народнай гаспадаркай – Міждзяржаўны эканамічны камітэт. Меркавалася яшчэ падпісаць Саюзны дагавор, што быў падрыхтаваны ў жніўні. 5 верасня з’езд народных дэпутатаў завяршыў сваю працу і фактычна перастаў існаваць. Былі зроблены спробы захаваць Саюз пры дапамозе закона ад 5 красавіка 1990 г. «Аб парадку рашэння пытанняў, звязаных з выхадам саюзнай рэспублікі з СССР», па якому пераходны перыяд выхаду з СССР мог зацягнуцца на 5 гадоў і абумоўліваўся рознымі складанымі працэдурамі. Але многія саюзныя рэспублікі не збіраліся кіравацца гэтым законам. Таму Дзяржаўны Савет СССР ужо ў верасні прызнаў незалежнасць Латвіі, Літвы і Эстоніі насуперак закону «Аб парадку выхаду з СССР». 1 снежня 1991 г. на Украіне адбыўся рэферэндум, на якім 90, 3 % галасаваўшых выказаліся за незалежнасць Украіны. 2 снежня ад імя РСФСР Б.Ельцын заявіў аб прызнанні незалежнасці Украіны. 8 снежня 1991 г. у Белавежскай пушчы адбылася нарада кіраўнікоў трох былых савецкіх саюзных рэспублік, якія прынялі «Заяву кіраўнікоў дзяржаўнай Рэспублікі Беларусь, РСФСР, Украіны», у якой было запісана: «Мы, кіраўнікі Рэспублікі Беларусь, РСФСР, Украіны, адзначаем, што перамовы аб падрыхтоўцы новага Саюзнага Дагавора зайшлі ў тупік, аб’ектыўны працэс выхаду рэспублік са складу Саюза ССР і ўтварэння незалежных дзяржаў стаў рэальным фактам… заяўляем аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў». Заяву падпісалі: Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С.Шушкевіч, Прэзідэнт РСФСР Б.Ельцын, Прэзідэнт Украіны Л.Краўчук. У той жа дзень было заключана «Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў». У ім было запісана: «Мы, Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя (РСФСР), Украіна як дзяржавы – заснавальнікі Саюза ССР, якія падпісалі Саюзны Дагавор 1922 года, якія далей называюцца Высокімі Дагаворнымі Бакамі, канстатуем, што Саюз ССР, як суб’ект міжнароднага права і геапалітычныя рэальнасць, спыняе сваё існаванне… імкнучыся пабудаваць дэмакратычныя прававыя дзяржавы, маюць намер развіваць свае адносіны на аснове ўзаемнага прызнання і павагі да дзяржаўнага суверэнітэту, неад’емнага права на самавызначэнне, прынцыпаў раўнапраўя і неўмяшання ва ўнутраныя справы, адмовы ад прымянення сілы, эканамічных або любых іншых метадаў уціску, урэгулявання спрэчных праблем пагаджальнымі сродкамі, іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права…» Далей былі выкладзены 14 артыкулаў Пагаднення, якое было падпісана за Рэспубліку Беларусь С.Шушкевічам і В.Кебічам, за РСФСР Б.Ельцыным і Г.Бурбулісам, за Украіну Л.Краўчуком і В.Фокіным (Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. № 6 (44) // 1992 г. 25 февраля С. 74 – 79). 10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў і прыняў пастанову аб дэнансацыі Дагавора 1922 г. «Аб утварэнні СССР». Мэтай СНД было захаванне эканамічных сувязяў паміж былымі савецкімі рэспублікамі і садзейнічанне іх пераходу ў якасна новы стан. З моманту падпісання Пагаднення на тэрыторыі падпісаўшых яго дзяржаў не дапускалася прымяненне норм былога Савецкага Саюза, якія супярэчылі рэспубліканскім законам і спынялі сваю дзейнасць усе органы былога Саюза СССР (арт. 11, 14). 25 снежня 1991 г. па тэлебачанні выступіў былы Прэзідэнт Савецкага Саюза М.С.Гарбачоў, які ў сувязі з распадам СССР і ўтварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў прапыняў сваю дзейнасць на пасадзе Прэзідэнта СССР. Тым самым была пастаўлена апошняя кропка ў распа-дзе Савецкага Саюза.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь
Распад Савецкага Саюза быў неспадзяваным і нежаданым як для партыйнага, так і дзяржаўнага кіраўніцтва Беларускай ССР. Кіраўнікі рэспублікі аказаліся негатовымі ўзяць на сябе самастойнае кіраванне дзяржаўнымі справамі. Вярхоўны Савет Беларускай ССР, які павінен быў узяць на сябе ўсё кіраўніцтва рэспублікай, аказаўся малапрыдатным для ўмацавання незалежнасці рэспублікі. Большасць у ім складалі дэпутаты, якія не жадалі бачыць рэспубліку самастойнай дзяржавай і якія ўсё яшчэ спадзяваліся аднавіць СССР. Яны нават не змянілі ўрад рэспублікі, утвораны яшчэ па рэкамендацыі ЦК КПБ, які лічыў, што Беларусь не можа быць самстойнай дзяржавай. У 1991 – 1993 гг. фактычная ўлада ў Беларусі знаходзілася ў руках Савета Міністраў і падпарадкаваных яму мясцовых выканаўчых органаў. Умацаванню ўлады Савета Міністраў садзейнічаў закон Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, «Аб прадастаўленні Савету Мінстраў БССР дадатковых паўнамоцтваў у 1991 – 1992 гг.» прыняты ў чэрвені 1991г. Старшыня Савета Міністраў набыў права прызначаць і здымаць з пасады, накладаць дысцыплінарныя пакаранні на падначаленыя Савету Міністраў асобы. Тым самым выканаўчая ўлада перадавалася ў рукі аднаго чалавека, які мог умацоўваць самастойнасць рэспублікі або падпарадкоўваць яе іншай дзяржаве, што і рабілася на самай справе. Кожны законапраект, накіраваны на ўмацаванне самастойнасці рэспублікі, сустракаў у Вярхоўным Савеце 12-га склікання супраціўлення значнай часткі дэпутатаў. Але ход гістарычнага развіцця прымушаў іх прымаць неабходныя для ўмацавання рэспублікі законы. Напрыклад, у чэрвені 1991 г. шэраг дэпутатаў прапанавалі прыняць закон аб нацыяналізацыі маёмасці, што належала КПСС – КПБ. 18 чэрвеня гэты законапраект разглядаўся Вярхоўным Саветам і большасцю галасоў быў адхілены. А 25 жніўня той жа Вярхоўны Савет, большасць якога складалі камуністы, прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПСС – КПБ на тэрыторыі Беларусі» і 10 снежня 1991 г. пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублікі «Аб уласнасці КПСС – КПБ», згодна з якой уся ўласнасць кампартыі перадавалася дзяржаве. Паступовае і няўхільнае ўмацаванне самастойнасці Рэспублікі Беларусь праводзілася Вярхоўным Саветам на ўсіх яго сесіях у 1991 – 1994 гг. Нечарговая шостая сесія Вярхоўнага Савета, што пачалася 17 верасня 1991г., зацвердзіла законы і пастановы, якімі падпарадкоўваліся органам рэспублікі чыгуначныя і памежныя войскі, што знаходзіліся на беларускай тэрыторыі. На сёмай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які складае адзін з важнейшых элементаў дзяржаўнага суверэнітэту. У лістападзе 1991 г. на базе былой Беларускай ваеннай акругі створана Міністэрства абароны рэспублікі. У той жа час утвораны Савет бяспекі і ўведзена пасада Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Але ўсе гэтыя змены адбываліся вельмі марудна, што вяло да пагаршэння матэрыяльнага становішча рабочых і служачых. Апазіцыя ў Вярхоўным Савеце патрабавала роспуску Вярхоўнага Савета і правядзення новых выбараў, для чаго было сабрана звыш 400 тысяч подпісаў, спадзеючыся, што ў новым Вярхоўным Савеце камуністы не будуць мець большасці: пракамуністычны Савет Міністраў Беларусі будзе заменены іншым. У адказ на гэтае патрабаванне Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў Беларусі выдалі 4 сакавіка 1992 г. сумесную заяву, ў якой пагадзіліся з крытыкай дзейнасці вышэйшых органаў улады. Але ў данай сітуацыі спробы паказаць Вярхоўны Савет і Савет Міністраў Беларусі адзінымі вінаватымі ў зніжэнні ўзроўню жыцця грамадзян – гэта нішто іншае, як спроба аслабіць дзяржаўную ўладу і спрыяць крызісным працэсам. Далей у Заяве гаварылася: «Наіўна было б думаць, што роспуск Вярхоўнага Савета і правядзенне датэрміновых выбараў… дазволяць адразу вырашыць праблемы, што назбіраліся за дзесяцігоддзі… Будзем жа разважнымі, не трэба злоўжываць свабодай і дэмакратыяй, якіх мы так чакалі, да якіх так доўга і цяжка ішлі» (Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. № 19 1992 5 апр.). Спробы дэмакратычных дзеячаў перавыбраць Вярхоўны Савет і змяніць склад Савета Міністраў Беларусі не мелі поспеху, але прымусілі паскорыць прыняцце законаў, накіраваных на ўмацаванне суверэнітэту рэспублікі. У сакавіку 1992 г. пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета было даручана Савету Міністраў прыступіць да фарміравання збройных сіл Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 1992 г. былі прыняты законы «Аб абароне», «Аб збройных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб усеагульным вайсковым абавязку і вайсковай службе», «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь», «Аб памежных войсках Рэспублікі Беларусь». Заключным актам юрыдычнага замацавання дзяржаўнасці незалежнасці Рэспублікі Беларусь з’явілася прыняцце яе Канстытуцыі. Распрацоўка Канстытуцыі пачалася ў 1990 г., калі Вярхоўны Савет Беларускай ССР 20 ліпеня прыняў Пастанову «Аб выбранні Канстытуцыйнай камісіі» з 74 чалавек. У склад камісіі быў выбраны 61 дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, а таксама 8 вучоных юрыстаў і 5 практычных работнікаў праваахоўных органаў. Старшынёй Канстытуцыйнай камісіі быў прызначаны Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Іванавіч Дземянцей, з кастрычніка 1992 г. – Станіслаў Шушкевіч, а з пачатку 1994 г. Мячыслаў Грыб. Адразу былі створаны дзве рабочыя групы, якія складаліся як з сяброў Канстытуцыйнай камісіі, так і з спецыяльна запрошаных вучоных і практыкаў, але ў хуткім часе яны былі аб’яднаны ў адну рабочую групу, якую ўзначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета В.І.Шаладонаў. Першы праект Канстытуцыі быў падрыхтаваны ўжо летам 1991 г. Падзеі жніўня і верасня 1991 г., прыпыненне дзейнасці КПСС – КПБ і наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце сілы канстытуцыйнага закона, запатрабавалі ўнясення значных змен у падрыхтаваны праект Канстытуцыі. У лістападзе 1991 г. Вярхоўны Савет адобрыў праект Канстытуцыі ў першым чытанні і пастанавіў апублікаваць яго для ўсеагульнага абмеркавання. Пасля чаго працы над праектам працягваліся яшчэ ў 1992 і 1993 гг. і закончыліся толькі на пачатку 1994 г. Падчас усёй працы над праектам беларускай Канстытуцыі актыўны ўдзел прымалі каля 20 – 25 чалавек, сярод якіх былі юрысты, вучоныя і практыкі, а таксама дэпутаты Вярхоўнага Савета: В.І.Шаладонаў, В.А.Бараўцоў, Р.А.Васілевіч, А.А.Галаўко, Я.М.Глушкевіч, В.Ф.Голубеў, С.Р.Драбязка, У.А.Кучынскі, Н.А.Кудзінаў, С.Леўшуноў, І.І.Марціновіч, В.А.Піскароў, В.І.Семянкоў, В.А.Фадзееў, М.Ф.Чудакоў, В.Ф.Чыгір, В.І.Шабайлаў, М.Р.Юркевіч, І.А.Юхо. 15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая 30 сакавіка была апублікавана ў газетах «Звязда» і «Народная газета», і з гэтага дня ўступіла ў сілу. Яна складалася з прэамбулы, 8 раздзелаў, 8 глаў і 149 артыкулаў. У прэамбуле адзначаецца, што народ Беларусі ўсведамляе сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджае сваю прыхільнасць да агульначалавечых, абапіраецца на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнецца зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, устоі народаўладдзя і прававой дзяржавы. Гэтыя асноўныя палажэнні складаюць фундамент, на якім грунтавалася ўся Канстытуцыя. Выключна важнае значэнне мае запіс пра «шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці». Ён паставіў задачу перад гістарычнай навукай пра неабходнасць даследавання і вывучэння ўсіх бакоў гісторыі дзяржаўнага жыцця беларускага народа, пачынаючы са старажытных дзяржаў (княстваў): Полацкага, Тураўскага, Мінскага, Гарадзенскага, Навагародскага і іншых. Вядома, што народ без сваёй гісторыі, як дрэва без каранёў, асуджаны на пагібель. Веданне сваёй гісторыі забяспечвае народу гістарычную самасвядомасць, якая ўмацоўвае яго з’яднанне і грамадзянскую згоду. Няменш значным было прызнанне агульначалавечных каштоўнасцей, такіх як усеагульны дабрабыт народа, яго свабода і забеспячэнне маёмасных правоў. У раздзеле першым замацоўваліся асновы канстытуцыйнага ладу: суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, яе незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць, непарушнасць канстытуцыйнага ладу і правапарадку. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы прызнаваўся народ. Дэмакратыя павінна ўсталёўвацца ў рэспубліцы на аснове разнастайнасці палітычных партый, ідэалогій і поглядаў. Прызнавалася, што дэмакратычны лад у дзяржаве грунтуецца на падзеле ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Канстытуцыя прызнавала прыярытэт міжнароднага права, а гэта азначае, што ў поўнай меры прызнаецца прыярытэт Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, зацверджанай Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 10 снежня 1948 г. Канстытуцыя абавязала ўсе дзяржаўныя і грамадскія ўстановы забяспечыць захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і садзейнічаць свабоднаму развіццю культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Беларусі. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь абвяшчалася беларуская мова. Раздзел другі – «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўваў правы і свабоды грамадзян Беларусі, іх роўнасць перад законам, а таксама іх асноўныя абавязкі. Раздзел трэці – «Выбарчая сістэма, рэферэндум» усталёўваў усеагульнасць і роўнасць выбараў для грамадзян, якія дасягнулі 18 гадоў, пры непасрэднай падачы галасоў. Канстытуцыя прадугледжвала магчымасць правядзення рэферэндумаў для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Раздзел чацвёрты – «Заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада» замацоўвае структуру, кампетэнцыю і парадак дзейнасці вышэйшых органаў дзяржаўнай ўлады: Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь і яго кіруючых органаў, прававое становішча дэпутатаў; адпаведная глава Канстытуцыі прысвечана прававому становішчу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на пяць гадоў. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў. Канстытуцыя надзяляла Прэзідэнта шырокімі паўнамоцтвамі. Ён прымае меры па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, забяспячэнні палітычнай і эканамічнай стабільнасці, захоўванні правоў і свабод грамадзян. Ён жа кіруе сістэмай органаў выканаўчай улады і мае права выдаваць у межах сваіх паўнамоцтваў указы і распараджэнні. Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады пры Прэзідэнце рэспублікі ствараецца Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, члены якога назначаюцца і вызваляюцца ад пасад Прэзідэнтам, а Прэм’ер міністр, яго намеснікі і некаторыя міністры назначаюцца і вызваляюцца ад пасады Прэзідэнтам са згоды Вярхоўнага Савета. У главе пятай выкладзены нормы, што замацоўваюць парадак утварэння і дзейнасці судоў у Рэспубліцы Беларусь, канстытуцыйныя прынцыпы правасуддзя. Раздзел пяты прысвечаны ўдзелу грамадзян у стварэнні і дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання, якое ажыццяўляецца праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, сходы і іншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных і грамадскіх справах. У раздзеле шостым выкладзены нормы пра дзяржаўны кантроль і нагляд. Упершыню ў беларускай дзяржаве ўтвараецца Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, на які ўскладаўся абавязак кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, што выдаюцца ў рэспубліцы, а таксама міжнародных абавязацельстваў, ратыфікаваных рэспублікай. Заключэнні Канстытуцыйнага Суда з’яўляюца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць. У гэтым жа раздзеле змешчаны нормы, якія акрэсліваюць асноўныя прынцыпы арганізацыі і дзейнасці пракурорскага нагляду за дакладным і аднастайным выкананнем законаў на тэрыторыі рэспублікі, а таксама дзейнасці Кантрольнай палаты. Раздзел сёмы прысвечаны фінансава-крэдытнай сістэме рэспублікі. У раздзеле восьмым змешчаны нормы, што акрэсліваюць парадак дзеяння Канстытуцыі і яе змянення. Прыняццем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў падсумаваны вынік важнейшага этапу ў жыцці беларускага народа пры пераходзе ад бальшавіцкай таталітарнай дзяржавы да сучаснай «дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы», пабудаванай па тыпу еўрапейскай дэмакратыі. Міжнародная дзейнасць Рэспублікі Беларусь
Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь» абвяшчала сваю рэспубліку паўнапраўным і незалежным членам сусветнага супольніцтва, якая дзейнічае ў адпаведнасці з прынцыпамі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншымі агульнапрызнанымі міжнароднымі актамі. У папярэдні перыяд (1945 – 1990) міжнародная дзейнасць Беларускай ССР не была самастойнай. Усе прынцыповыя пытанні і нават менш важныя, узгадняліся з агульнасаюзнымі ўстановамі: Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам знешняга гандлю і іншымі міністэрствамі і ведамствамі Савецкага Саюза. Знешнепалітычны дыктат цэнтра вынікаў як з адпаведных палажэнняў Канстытуцыі СССР, так і з існуючай практыкі татальнага падпарадкавання Цэнтральнаму Камітэту КПСС і пасіўнасці дзяржаўна-партыйнага кіраўніцтва Беларускай ССР. Разам з тым знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР, нават у тых абмежаваных умовах, мела шэраг станоўчых вынікаў. Прадстаўнікі Беларускай ССР удзельнічалі ў працы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і яе Генеральных Асамблеях, Савета Бяспекі ў 1974 – 1975 гг., розных камітэтаў і канферэнцый, заключылі шмат дагавораў. Тым самым Беларусь набыла неабходны вопыт міжнародных зносін і паступова ўмацоўвала сваю прысутнасць на міжнароднай арэне і свой аўтарытэт. Новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнародных арганізацыях і ў двухбаковых зносінах з замежнымі краінамі пачаўся ў 1991 г. пасля надання сілы канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і прыняцці 2 кастрычніка 1991 г. Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь заявы «Аб прынцыпах знешнепалітычнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь». У гэтай заяве было запісана, што Вярхоўны Савет пацвярджае сваю прыхільнасць да прынцыпаў Статута ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і да міжнародных абавязацельстваў, што былі прыняты Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з яе міжнароднымі дагаворамі, у тым ліку Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнароднаму пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь звярнуўся да кіраўнікоў парламентаў краін – удзельніц Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе з прапановай прыняць Рэспубліку Беларусь у якасці паўнапраўнага члена гэтай Нарады, пачаць перамовы аб знішчэнні ядзернай зброі і ябвяшчэнні Еўрапейскага кантынента бяз ядзернай зонай. На 46-ай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1991 г. міністр замежных спраў Беларусі выклаў знешнепалітычныя прынцыпы і прыярытэты беларускай дзяржавы. У 1992 – 1993 гг. Рэспубліка Беларусь, як незалежная дзяржава, стала ўдзельніцай многіх важных двух- і шматбаковых юрыдычных актаў, у тым ліку Дагавора аб скарачэнні ўзброеных сіл у Еўропе, Хельсінкскага заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Парыжскай хартыі для Новай Еўропы, Дагавора аб адкрытым небе, Дагавора аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, Дагавора аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, Чыкагскай канвенцыі аб грамадзянскай авіяцыі і іншых. На чэрвень 1995 г. Рэспубліка Беларусь з’яўлалася ўдзельніцай больш як 200 шматбаковых дагавораў і пагадненняў. Да снежня 1991 г. Беларусь мела толькі асобныя двухбаковыя пагадненні з Польшчай, Балгарыяй, Славеніяй, Расіяй, Украінай і некаторымі іншымі краінамі. На 1 чэрвеня 1996 г. яна ўжо мела 430 двухбаковых міждзяржаўных і міжнародных дагавораў (В.Фісенка. Дагаворы міжнародныя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.3. 1996. С. 193 – 194). У 1991 – 1992 гг. кардынальна змяніліся дыпламатычныя адносіны з вядучымі краінамі свету. У перыяд «халоднай вайны» і расколу Еўропы на два варожыя блокі Беларусь, размешчаная ў цэнтры Еўропы, амаль была ізалявана ад заходнееўрапейскіх краін. Спробы некаторых заходніх дзяржаў у сярэдзіне і другой пал
|