Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вызваленне Беларусі






 

Пасля перамогі над гітлераўскай арміяй пад Арлом і Курскам Савецкая Армія працягвала наступленне на захад і ў канцы верасня 1943 г. вызваліла ад немцаў два беларускія гарады Камарын (23 верасня) і Хоцімск (26 верасня). У Хоцімску адразу пачалі працаваць ЦК Кампартыі Беларусі і ўрад рэспублікі. У хуткім часе немцы былі выгнаны з Навабеліцы і неўзабаве з Гомеля, куды пераехалі ўсе дзяржаўныя ўстановы рэспублікі. Такім чынам, Гомель стаў часовай сталіцай Беларускай ССР.

21 – 24 сакавіка 1944 г. у Гомелі адбылася сесія Вярхоўнага Савета БССР, на якой абмяркоўвалася пытанне аб вызваленні беларускіх зямель, далейшых задачах барацьбы беларускага народа супраць нямецкіх захопнікаў і бліжэйшых задачах адбудовы народнай гаспадаркі Беларускай ССР. На сесіі былі прыняты законы: аб бюджэце рэспублікі на 1944 г. і аб утварэнні саюзна-рэспубліканскіх народных камісарыятаў абароны і замежных спраў. У вызваленых гарадах і вёсках пачалі працаваць фабрыкі, заводы, машынна-трактарныя станцыі, саўгасы, калгасы, аднаўлялі работу школы, бальніцы, кінатэатры і іншыя ўстановы культуры.

Летам 1944 г. пачалося новае наступленне Чырвонай Арміі, у выніку якога ўся Беларусь была вызвалена ад акупантаў. Разгром немцаў на Беларусі ўвайшоў у гісторыю як адна з найбольш выдатных вайсковых перамог у час другой сусветнай вайны. Важнае значэнне для поспехаў баёў за Беларусь мелі ўдары партызан па нямецкіх тылах і дарогах. Пад ударамі чатырох франтоў, 1, 2, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага, нямецкая абарона паміж Заходняй Дзвіной і Прыпяццю была знішчана на працягу аднаго тыдня. 3 ліпеня 1944 г. Чырвоная Армія ўвайшла ў Мінск, а яшчэ праз два тыдні была вызвалена ад гітлераўцаў уся Беларусь. У ходзе баёў за Беларусь у 1944 г. немцы страцілі больш за 500 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, параненымі і палоннымі. Амаль поўнасцю была знішчана групоўка нямецкіх армій «Цэнтр», што ў 1941 г. прайшла на Усход. Перамогі, атрымануя ў 1944 г., кардынальна змянілі ўвесь ход вайны, наблізілі поўную перамогу над ворагам, прыспешылі адкрыццё другога фронту ў Заходняй Еўропе.

Адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў беларускі народ прыступіў да самаадданай працы па адбудове жылля, прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, гарадоў і вёсак, ўстаноў культуры, школ, бальніц, устаноў дзяржаўнай улады і кіраўнічага апарату. Разам з аднаўленнем дзяржаўнага апарату і ўстаноў культуры ішла татальная русіфікацыя ўсіх устаноў. Значная частка беларускай нацыянальна свядомай інтэлігенцыі была вынішчана ў 30-ыя гады сталінскага генацыду, а тыя, хто тады ўцалеў, былі знішчаны гітлераўцамі. Грамадзяне, якія працавалі пры нямецкай акупацыі ў школах або іншых культурных установах, вымушаны былі ўцякаць з роднай зямлі з немцамі ад бальшавіцкага тэрору. У такіх абставінах кіруючыя кадры ў БССР камплектаваліся з людзей, якіх накіравалі ў рэспубліку з Масквы, гэта называлася «дапамогай кадрамі». Так, толькі ў канцы 1943 і 1944 г. у Беларускую ССР былі накіраваны з РСФСР 2124 кіраўнічыя работнікі. Сярод іх 9 сакратароў абкомаў, 64 сакратары райкомаў, 23 старшыні райвыканкомаў, 16 сакратароў абкомаў камсамола і іншыя кіруючыя работнікі. Такое становішча з кіруючымі кадрамі працягвалася і ў наступныя гады. Напрыклад, у 1951 г. ва ўрадзе Беларускай ССР беларусы складалі толькі 1/3 частку ўсіх міністраў. Падобная сітуацыя назіралася і ў абласных партыйных і савецкіх установах. Усё гэта прывяло да таго, што ў пасляваенны час асабліва хутка беларуская мова была пазбаўлена дзяржаўнага становішча і ўсе дзяржаўныя і партыйныя ўстановы карысталіся толькі рускай мовай, яна стала ўрадавай мовай, што і прывяло да ўсеагульнай русіфікацыі краю ў наступныя дзесяцігоддзі.

Матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было асабліва цяжкім, бо працягвалася вайна, а найбольш працаздольная частка насельніцтва была вынішчана немцамі (2, 2 млн чалавек) або знаходзілася ў арміі. Асабліва цяжкім было становішча сялян, значная частка якіх была пазбаўлена сваіх хат, спаленых немцамі. Сяляне, якія працавалі ў калгасах, за сваю працу амаль нічога не атрымлівалі, акрамя «палачак» у табелі, і вымушаны былі яшчэ здаваць дзяржаве абавязковыя пастаўкі мяса, малака, воўны і інш. Дзейнічалі вельмі жорсткія крымінальныя законы, па якіх за некалькі каласкоў з калгаснага поля або некалькі кілаграмаў бульбы чалавека, больш за ўсё галодных жанчын, засуджвалі на многа год зняволення. Але і пры такіх цяжкіх умовах жыцця ў 1944 г. былі дасягнуты першыя станоўчыя поспехі па наладжванню ўмоў для існавання чалавека. Сялянам выдзяляўся лес на пабудову дамоў, а ў гарадах даваўся танны крэдыт.

У выніку перамог Чырвонай Арміі і армій ЗША, Англіі, Францыі і іншых саюзнікаў на захадзе Еўропы ў 1945 г. гітлераўская Германія 8 мая 1945 г. падпісала акт аб поўнай капітуляцыі, што сведчыла аб заканчэнні вайны ў Еўропе.

Перамога народаў Савецкага Саюза і яго арміі над гітлераўскай Германіяй і мілітарысцкай Японіяй у вайне 1941 – 1945 гг. мела сусветна-гістарынае значэнне. Многія народы Еўропы былі выратаваны ад каланіяльнага рабства або нават ад поўнага знішчэння. Пераход да мірнай працы на Беларусі патрабаваў ад людзей самаадданай працы і цяжкіх высілкаў. Разам з аднаўленнем прамысловых прадпрыемстваў у гарадах пачалося будаўніцтва новых заводаў і фабрык, школ, тэхнікумаў і іншых устаноў асветы і культуры.

Пасля перамогі ў вайне людзі спадзяваліся, што сталінскі таталітарны рэжым хоць трохі аслабне, але на Беларусі зноў пайшлі арышты і высылкі ні ў чым не вінаватых людзей. Найбольш жорсткія рэпрэсіі праводзіліся супраць нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, настаўнікаў, якія працавалі ў школах падчас акупацыі.

Гераічная барацьба беларускага народа з гітлераўскай Германіяй садзейнічала павышэнню аўтарытэту Беларускай ССР на міжнароднай арэне.

Згодна з законам Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лютага 1944 г., за саюзнымі рэспублікамі было замацавана права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўнікамі. Згодна з гэтым законам, 24 сакавіка 1944 г. шостая сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прыняла закон аб утварэнні Народнага Камісарыята замежных спраў рэспублікі. З гэтага часу пачынаецца аднаўленне міжнароднай дзейнасці рэспублікі.

Новыя правы саюзных рэспублік у сферы міжнародных адносін і абароны аблягчалі барацьбу савецкай дыпламатыі за права іх удзелу ў стварэнні і рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

На папярэдніх перагаворах аб стварэнні новай міжнароднай арганізацыі па бяспецы, якія пачаліся восенню 1944 г. (ЗША, Думбартан-Окс), савецкая дэлегацыя паставіла пытанне аб тым, каб паўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтай арганізацыі, побач з СССР, былі і 16 саюзных рэспублік. Але даная прапанова, як і трэба было чакаць, сустрэла рашучае пярэчанне з боку заходніх дзяржаў, асабліва ЗША. Адзін з аргументаў – саюзныя рэспублікі не суверэнныя, не самастойныя дзяржавы, хоць гэты аргумент не перашкаджаў заходнім краінам падтрымліваць прэтэндэнтаў на членства ў ААН, далёкіх ад палітычнай незалежнасці. Палітыка СССР у даным пытанні расцэньвалася як імкненне мець «множественное членство» ў міжнароднай арганізацыі па бяспецы. Пытанне ў Думбартан-Оксе не было вырашана і зноў абмяркоўвалася ўжо на Ялцінскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Англіі ў лютым 1945 г. Нарэшце ў выніку вострых дыскусій было прынята кампраміснае рашэнне аб прадстаўніцтве ў ААН толькі Беларускай і Украінскай рэспублік і, значыць, аб допуску гэтых дзяржаў да першапачатковага членства.

На канферэнцыі Аб'яднаных Нацый, якая адкрылася 25 красавіка 1945 г., савецкая дэлегацыя паставіла пытанне аб запрашэнні для ўдзелу ў ёй Беларусі і Украіны. Прапанова была падтрымана. Прадстаўнікі БССР і УССР былі запрошаны на канферэнцыю ў Сан-Францыска. Накіраваная Беларускай ССР дэлегацыя мела паўнамоцтвы на падпісанне канчатковага тэксту Статута ААН. 6 чэрвеня 1945 г. прадстаўнікі БССР падпісалі ў ліку 50 яе заснавальнікаў Статут ААН. 30 жніўня 1945 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ратыфікаваў Статут. 24 кастрычніка ратыфікацыйная грамата была дэпанавана Дзяржаўнаму дэпартаменту ЗША.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці, наша дзяржава паступова, крок за крокам, умацоўвала сваё міжнароднае становішча і разам з ім свой нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт.

 

Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 3

 

1. Грамадскі і дзяржаўны лад Польскай рэспублікі ў 1921 – 1938 гг.

2. Становішча працоўных Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй.

3. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай ССР.

4. Мясцовыя органы дзяржаўнай улады ў заходніх абласцях Беларусі (верасень 1939 г. – снежань 1940 г.).

5. Напад Гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз. Прычыны няўдач Чырвонай Арміі.

6. Нямецкі акупацыйны рэжым на Беларусі (1941 – 1944 гг.).

7. Партызанскі рух на Беларусі супраць акупантаў.

8. Адбудова народнай гаспадаркі і дзяржаўнага апарату Беларускай ССР.

9. Пачатак міжнародных адносін Беларускай ССР у 1945 – 1952 гг.

 

Літаратура да тэмы 3

 

1. Бардах Ю., Леснодорский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. М., 1980.

2. Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. Мн., 1996.

3. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993.

4. Великая Отечественная война Советского Союза 1941 – 1945. Краткая история. М., 1970.

5. Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение БССР. Документы и материалы. Т. 1 – 2. Мн., 1962 – 1972.

6. Они не стали на колени: Сборник воспоминаний н документов о концлагере Береза Картузская. Мн., 1966.

7. Сорокин А.А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии. Мн., 1970.

8. Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1993.

9. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1 – 6. Мн., 1993 – 2003.

10. Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003.

 

Тэма 4. Беларуская ССР у перыяд пасляваеннай адбудовы і пачатку правядзення рэформ (1945 – 1964)

 

Перамога ў вайне з гітлераўскай Германіяй прынесла многім народам Еўропы вызваленне ад таталітарызму і прыгнечання, а для беларусаў азначала выратаванне ад поўнага нацыянальнага вынішчэння. У першыя ж месяцы пасля вызвалення пачалася цяжкая праца па адбудове жылля, прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі, устаноў народнай асветы, культуры, аховы здароўя, гандлю, транспарта, а таксама ўстаноў дзяржаўнай улады і кіравання. У 1950 г. агульная прадукцыя прамысловасці дасягнула ўжо даваеннага ўзроўню. Горш абстаялі справы у сельскай гаспадарцы. У 1949 – 1952 гг. у заходніх абласцях Беларусі была праведзена масавая прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. У верасні 1951 г. Савет Міністраў СССР прыняў пастанову «Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР», у сувязі з чым з Беларусі было вывезена звыш 20 тыс. сялян. Яшчэ раней у Заходняй Беларусі былі арыштаваны і вывезены тысячы сем’яў леснікоў, былых службоўцаў дзяржаўнага апарату, беларускіх «нацыяналістаў», эсэраў і сяброў іншых партый. Апрача таго, людзей з Беларусі вывозілі і па іншых прычынах: па так званай працоўнай мабілізацыі, па прызыву ў школы ФЗА і рамесныя вучылішчы. У чэрвені 1948 г. быў выдадзены ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб высяленні ў аддаленыя раёны асоб, якія злосна ўхіляюцца ад працоўнай дейнасці ў сельскай гаспадарцы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця».

У пасляваенны час працягваўся ідэалагічны ўціск на беларускую культуру. У студзені 1947 г. была выдадзена пастанова ЦК ВКП(б) «Аб рабоце ЦК КП(б) Беларусі», у якой кіраўніцтва кампартыі Беларускай ССР абвінавачвалася ў адсутнасці прынцыповай бальшавіцкай крытыкі твораў беларускіх пісьменнікаў, рэдакцыі часопісаў «Полымя» і «Беларусь», а таксама вучоных Акадэміі Навук БССР. У сувязі з чым Прэзідэнт АН БССР А.Р.Жэбрак быў у кастрычніку 1947 г. зняты з пасады, а навука генетыка была абвешчана лжэнавукай і фактычна забаронена. У той жа час праводзіліся рэпрэсіі супраць маладзёжных груповак у Слоніме, Баранавічах, Ганцавічах, Глыбокім і іншых гарадах Беларусі, удзельнікі якіх адстойвалі сваю нацыянальную самасвядомасць. Усе яны былі асуджаны на вялікія тэрміны пакарання ў лагерах Поўначы і Сібіры. У 1948 г. была арыштавана Л.А.Геніюш і асуджана ў 1949 г. на 25 гадоў пазбаўлення волі за тое, што ўдзельнічала ў беларускіх нацыянальных групоўках у Чэхаславакіі і пісала вершы пра Беларусь. У 1951 г. быў асуджаны міністр асветы БССР П.В.Саевіч за нібыта беларускі нацыяналізм. У 1951 – 1952 гг. рэпрэсіўныя меры былі накіраваны як супраць «нацыяналістаў», так і супраць «касмапалітаў». Рэпрэсійная палітыка сталінскага рэжыму не скарацілася адразу і пасля смерці дыктатара. Толькі ў верасні 1953 г. была скасавана Асобая нарада пры Міністэрстве ўнутраных спраў СССР, якая без суда і следства выносіла ў масавым парадку пакаранні, нават – расстрэл. Палітычныя рэпрэсіі праводзіліся пастаянна да 1956 г. Толькі пасля ХХ з’езда КПСС карная палітыка некалькі змянілася.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.008 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал