Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Раздзел I. Асновы Канстытуцыйнага ладу






КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),
зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваім неад'емным праве на самавызначэнне,
абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці,
імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь,
жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэту Канстытуцыю - Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.

РАЗДЗЕЛ I. АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ

Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

Артыкул 2. Чалавек з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы.

Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы. Грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.

Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

Любыя дзеянні па дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.

Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў.

Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 5. Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, дзейнічаючы ў рамках Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.

Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным законам.

Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.

Артыкул 6. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны узаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць i ўраўнаважваюць адзін аднаго.

Артыкул 7. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы звязаны правам, дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю законаў.

Прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі з палажэннямі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.

Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.

Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі.

Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная.

Тэрыторыя падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца законам.

Артыкул 10. Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства.

Грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам.

Артыкул 11. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі.

Артыкул 12. Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць.

Артыкул 13. Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці.

Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства.

Законам могуць быць вызначаны аб'екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці.

Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацьянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 16. Усе рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам. Наданне якіх-небудзь пераваг або абмежаванняў адной рэлігіі або веравызнання ў адносінах да іншых не дапускаецца.

Забараняецца дзейнасць канфесійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян.

Адносіны дзяржавы і канфесій рэгулююцца законам.

Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова.

Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін.

Артыкул 18. Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцьпаў і нормаў міжнароднага права.

Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву - нейтральнай.

Артыкул 19. Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Артыкул 20. Сталіца Рэспублікі Беларусь - горад Мінск.

Статус горада Мінска вызначаецца законам.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.009 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал