Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Новая эканамічная палітыка
Першая сусветная вайна і грамадзянская вайна прывялі да велізарных разбурэнняў у Расіі і на Беларусі. Панавала гаспадарчая разруха, разваліліся або аслаблі ранейшыя эканамічныя сувязі, ішло распыленне рабочага класа. Вельмі востра паўстала пытанне збяднення большай часткі насельніцтва. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала 50% ад 1913 г. Не хапала хлеба, запалак, солі. Не ў лепшым стане знаходзілася прамысловасць, агульны аб'ём валавой прадукцыі якой складаў 15-20% ад даваеннага ўзроўню. " Ваенны камунізм" пасля заканчэння грамадзянскай вайны страціў усе аргументы на сваю карысць. У гэты час рашаючым фактарам сталі адносіны да Савецкай улады сялян, чыя лаяльнасць да яе і падпарадкаванне харчразвёрстцы былі выкліканы страхам страты сваіх зямельных надзелаў у выпадку " белай рэстаўрацыі". Як толькі гэта пагроза знікла, сяляне сталі патрабаваць права свабодна распара-джацца зямлёй і прадукцыяй сваёй працы, выказваць незадаволенасць харчразвёрсткай. Сяляне ўсё часцей супраціўляліся прадстаўнікам улады, у розных рэгіёнах краіны ўспыхвалі паўстанні. Супраціўленне сялян палітыцы харчразвёрсткі пагаршала і без таго жабрацкае жыццё гараджан. У студзені 1921 г. хлебны паёк рабочых быў скарочаны. Галадала па ўсёй Савецкай краіне каля 40 млн. чалавек. Улады лічылі, што уціхамірыць сялян толькі армія. Толькі ў Тамбоўскую губерню было паслана да 50 тыс. чырвонаармейцаў на чале з М. Тухачэўскім. 1 сакавіка 1921 г. паўсталі маракі Кранштата, якіх называлі " гонарам рэвалюцыі". Яны патрабавалі свабоды слова, друку, шматпартыйнасці, ліквідацыі харчразвёрсткі, свабоды гандлю, " поўнага права сялян над зямлёй". Падаўленнем мяцяжу кіраваў старшыня Рэўваенсавета Л. Троцкі сумесна з дэлегатамі Х з'езда РКП(б). Л. Троцкі ўнёс прапанову ў Палітбюро абмежаваць развёрстку, прычыну крызісу ён бачыў у высокіх заданнях. У. Ленін убачыў іншае - крызіс ваенна-камуністычных метадаў будаўніцтва сацыялізму. Аднак фактычна гэта быў больш глыбокі крызіс - крызіс усёй канцэпцыі сацыялізму, якую прапаноўвалі К. Маркс і У. Ленін. " Ваенны камунізм", або эксперымент па стварэнню камуністычнага грамадства, з'явіўся сацыяльнай утопіяй. У далейшым гэты эксперымент адважыліся паўтарыць толькі кітайскія камуністы падчас грамадзянскай вайны ў 30-я гады, ды групоўка ў Кампучыі ў 70-я гады. Кіраўніцтва расійскай кампартыі ўжо на пачатку 20-х гадоў зразумела, што, каб пераадолець крызіс, захаваць сваю ўладу, трэба рэзка змяніць палітычны курс. Першай антыкрызіснай мерай нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам. Гэта было адобрана Х з'ездам РКП(б), які адбыўся 8-16 сакавіка 1921 г. Натуральны падатак быў менш развёрсткі, аб'яўляўся перад пасяўной, не мог быць павялічаны на працягу года. Падатак першапачаткова складаў 20% ад чыстага прадукту, затым быў зменшаны да 10%, а з 1924 г. стаў збірацца грашыма. Усе лішкі прадукцыі пасля выканання падатку заставаліся ў селяніна. Партыя вымушана была пайсці на дазвол прыватнага, кааператыўнага і дзяржаўнага гандлю. У адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік у БССР вядучае месца займаў прыватны гандаль. На яго долю ў 1922/1923 г. прыходзілася 90% гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Дзяржаўны гандаль меў першынство ў аптовай сферы. Селянін атрымаў права свабоднага выбару формы апрацоўкі зямлі і гарантыю землекарыстання. З усіх рэспублік СССР Беларусь з'яўлялася найбольш сельскагаспадарчай: у 1920-1923 гг. тут налічвалася 89% сельскага насельніцтва. Зразумела, што сельская гаспадарка была стрыжнем, вакол якога варочалася ўся эканоміка рэспублікі. Асаблівасцю эканамічнага становішча Беларусі было тое, што ўвядзенне нэпа супала па часе з перадачай зямлі сялянам. У 1921 г. сялянства павялічыла сваё землекарыстанне на 11, 4% коштам былых уладанняў памешчыкаў. Але гэта была нязначная прырэзка - менш чым па адной дзесяціне на двор, бо 70% нацыяналізаваных зямель была перададзена ў дзяржаўны лясны і зямельны фонд. У выніку забяспечанасць сялян зямлёй у БССР была ніжэй сярэдняй па СССР на 41%. У верасні 1922 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў закон аб працоўным землекарыстанні. У ім аднолькава законнымі прызнаваліся арцелі, абшчыны, прыватнае ўладанне ў выглядзе водрубаў ці хутароў. Дазвалялася здача зямлі ў арэнду і выкарыстанне наёмнай працы, праўда калі працуюць і члены сям'і. Зямельны крызіс можна было пераадолець толькі інтэнсіфікацыяй формаў вядзення сялянскай гаспадаркі. Наркамат земляробства БССР распрацаваў курс на замену трохполля шматполлем, на развіццё жывёлагадоўлі і кааперацыі. Паралельна пачаў дзейнічаць новы Зямельны кодэкс БССР (прыняты ў жніўні 1924 г.). За аснову землеўпарадкавання быў прыняты ўчасткава-падворны парадак землекарыстання ў форме пасёлкаў - аб'яднанняў 10-20 двароў з агульным шматпольным севазваротам (да 200 дзесяцін), а таксама хутароў. Ліквідацыя цераспалосіцы дазваляла павялічваць прадукцыйнасць працы, змяншаць выдаткі на апрацоўку зямлі, паляпшаць культуру земляробства. Быў створаны рэзервовы зямельны фонд, з якога надзяляліся бяднейшыя сяляне. Праўда, дзейнічалі мінімальныя (5, 6 дзесяціны) і максімальныя (11, 9 дзесяціны) нормы землекарыстання на адну гаспадарку. Да 1928 г. больш за 25% двароў выйшла на хутары і водрубы, на 1, 4 млн. га былі створаны пасёлкі. Заахвочвалася сялянская кааперацыя, якая насіла крэдытна-збытавы характар і аб'ядноўвала ў 1928 г. 50% гаспадарак. З адменай дэкрэта аб нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці ажыццяўлялася дэнацыяналізацыя дробнай і часткі сярэдняй прамысловасці і вяртанне яе былым уладальнікам. Каля 300 прадпрыемстваў было аддадзена ў арэнду. Прычым кожны грамадзянін мог сам арганізаваць саматужную або прамысловую вытворчасць з наймам рабочых: да 10 пры рухавіку, да 20 без рухавіка. Былі зняты абмежаванні на іх дзейнасць і дадзены правы юрыдычных асоб. Нармальнае функцыянаванне гаспадарчага механізма было немагчымым без грашовай рэформы. Рэформа пачалася ў 1922 г. з выпуску новай грашовай адзінкі - савецкага чырвонца. Чырвонцы абменьваліся на золата: 1 чырвонец раўняўся 10 дарэвалюцыйным рублям або 7, 74 г. чыстага золата, або 5, 14 доларам ЗША. У снежні 1921 г. пачала працаваць Усебеларуская кантора дзяржаўнага банка ў Мінску, якая ў далейшым арганізавала 9 філіялаў у акруговых цэнтрах. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту. У адшчадных касах былі адменены абмежаванні на сумы прыватных асоб і арганізацый. Дзяржава абвясціла гарантыю тайны ўкладаў, сярэдняя велічыня якіх павялічылася ў 3, 3 раза. Была адноўлена грашовая аплата, уведзены тарыфы зарплаты, зняты абмежаванні на яе рост. Арганізацыя працы пачала будавацца на прынцыпах матэрыяльнага стымулявання - здзельнай аплаты. Укараненне гаспадарчага разліку дазволіла пазбавіцца ад ураўнілаўкі, улічваць кваліфікацыю работніка і яго працоўную актыўнасць. У зарплату ўключаўся кошт камунальных паслуг для сем'яў рабочых і служачых. І, як вынік, рост прадукцыйнасці працы, якая ў 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень у 1, 8 раза. Нэп меў спрыяльныя вынікі для эканомікі Беларусі. Да 1927 г. была поўнасцю адноўлена сельская гаспадарка, прамысловасць Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню. Пры гэтым на долю дзяржаўнага сектара прыходзілася амаль 3/4 усёй прадукцыі. Партыйны і дзяржаўны апарат не мог прыняць новы эканамічны курс, таму што той адмаўляў камандныя метады кіравання: таварна-грашовыя адносіны патрабавалі гнуткай прафесійнай палітыкі, ведаў і вопыту. А ў партдзяржапараце адсутнічалі стымулы да перабудовы: гарантаваная заработная плата, дачы, санаторыі - усё гэта ён атрымліваў незалежна ад эфектыўнасці працы. Нэпам былі незадаволены таксама малакваліфікаваныя рабочыя, беспрацоўныя, беднякі, батракі. Яны склалі тую сацыяльную глебу, якая падтрымала дзеянні партапарату па ліквідацыі новай эканамічнай палітыкі.
|