Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Калектывізацыя ў Беларусі






У канцы 20-х гадоў групоўка Сталіна распачала адыход ад нэпа і рэпрэсіі супраць " непралетарскіх элементаў". На вёсцы галоўным ворагам быў аб'яўлены " кулак", г. зн. заможны селянін. У 1927 г. на Беларусі такіх налічвалася 4, 1% ад усяго вясковага насельніцтва.

Узмацненне " антыкулацкай лініі" ў другой палове 20-х гг. паставіла заможных сялян перад пытаннем: ці патрэбна пашыраць вытворчасць, калі " лішкі" ў любы момант могуць быць канфіскаваны дзяржавай? Як вынік, у 1927-1928 гг. экспарт збожжа па СССР скараціўся ў 8 разоў у параўнанні з 1926-1927 гг. Да таго ж існаваў дыспарытэт цэн на збожжа і прамысловыя тавары. Нарыхтоўчыя цэны былі значна ніжэйшымі за рыначныя. Хлебанарыхтоўчы крызіс ставіў пад пагрозу планы індустрыялізацыі.

З другога боку, рэзка павялічыўся попыт на збожжа ўнутры краіны. У ходзе індустрыялізацыі гарадам, рабочым і служачым патрабавалася ўсё больш і больш прадуктаў харчавання. Невыкананне дзяржаўнага плана нарыхтовак збожжа прывяло да ўвядзення ў гарадах прадуктовых картак.

 

І. Сталін падчас паездкі ў Сібір у студзені 1928 г. заявіў, што прычынай хлебанарыхтоўчых цяжкасцяў з'яўляецца " кулацкая стачка". Таму партыйна-савецкім органам было прапанавана актыўна выкарыстоўваць артыкул 107 Крымінальнага кодэксу (барацьба са спекуляцыяй) і сілай забіраць " лішкі" хлеба ў сялян. Там жа ён заявіў: " Мы краіна савецкая, мы імкнёмся да стварэння абагульненай гаспадаркі не толькі ў прамысловасці, але і ў сельскай гаспадарцы." Такім чынам быў вызначаны курс на масавую калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

Летам 1929 г. Сталін абвясціў лозунг " суцэльнай калектывізацыі", які прадугледжваў завяршыць калектывізацыю ў збожжавых раёнах вясной 1932 г. Тэрмін заканчэння калектывізацыі для Беларусі прадугледжваўся ў 1932-1933 гг. Але кіраўніцтва БССР на чале з К. Геем вырашыла фарсіраваць тэмпы калектывізацыі, закончыць працэс да 1931 г. У Маскву была накіравана дакладная запіска з просьбай аб'явіць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі.

Каб забяспечыць высокія тэмпы калектывізацыі, у вёску паслалі тысячы ўпаўнаважаных, а ў гарадах на прамысловых прадпрыемствах ствараліся спецыяльныя брыгады дапамогі. Кіраўніцтва рэспублікі сфарміравала спецыяльную групу рабочых агульнай колькасцю 612 чалавек (99 - з Горкаўскага завода " Чырвонае Сормава"). Пасля двухтыднёвай падрыхтоўкі на курсах яны ў пачатку лютага 1930 г. выехалі на месцы прызначэння, працавалі старшынямі і членамі праўлення калгасаў, загадчыкамі аддзелаў і інструктурамі ў акруговым апараце. Слабадасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, яны лічылі за лепшае дзейнічаць метадам загадаў і прымусаў.

Працэс кааперавання быў падменены " раскулачваннем". У БССР раскулачванню падлягала 34 тыс. гаспадарак. Да мая 1930 г. пад рэпрэсіі падпала 15, 6 тыс. сем'яў. Пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці кулакоў. ЦК КП(б)Б у лютым 1930 г. даў класіфікацыю кулацтва па трох катэгорыях: 1) актыўныя праціўнікі калектывізацыі; 2) найбольш заможныя; 3) усе астатнія.

 

Тых, каго адносілі да першай катэгорыі, без суда і следства паводле рашэння " троек" (1-шы сакратар райкома, старшыня райвыканкома, начальнік ДПУ) арыштоўвалі і накіроўвалі ў месцы зняволення або расстрэльвалі. Сялян, аднесеных да другой катэгорыі, высылалі ў Казахстан, на Урал, Поўнач, Сібір. " Кулакоў" трэцяй катэгорыі пазбаўлялі права на зямельны надзел у сваёй вёсцы і давалі ім участак за межамі калгасаў. Але на Беларусі адчуваўся недахоп зямлі, таму іх запісвалі ў катэгорыю спецперасяленцаў.

Нават сераднякоў і беднякоў, якія сумняваліся ў мэта-згоднасці суцэльнай калектывізацыі, абвяшчалі класавымі ворагамі, агентамі кулацтва і г.д. У выніку ў вёсцы зноў абвастрылася палітычнае становішча, сталі нарастаць сялянскія хваляванні. У студзені - сярэдзіне красавіка 1930 г. у БССР было зарэгістравана 520 " кулацкіх" выступленняў - перш за ўсё гэта была расправа над камуністамі і актывістамі.

Таксама да актыўных формаў пратэсту сялян можна аднесці забой хатняй жывёлы. Трэба мець на ўвазе і тое, што стымулаў уваходжання ў калгасы не было. Жывёла і інвентар абагульняліся бясплатна. Пай, які сяляне ўносілі ў калгас, не ўлічваўся пры размеркаванні вырабленай прадукцыі. Але асноўнай формай непрымання калектывізацыі ў Беларусі была пасіўнасць (бяздзейнасць) вясковых жыхароў.

Кіраўніцтва краіны, каб ліквідаваць " перагібы", вырашыла прыняць тэрміновыя меры. 2 сакавіка 1930 г. на старонках " Праўды" быў надрукаваны артыкул І. Сталіна " Галавакружэнне ад поспехаў (Да пытанняў калгаснага руху)", дзе ўпершыню асуджалася практыка прымусовай калектывізацыі, давалася ўказанне весці работу ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі, не абагульняць прысядзібныя землі, агароды, жыллёвыя будынкі і г. д.

Адразу адбыўся адток сялян з калгасаў. Да 1 чэрвеня 1930 г. працэнт калектывізацыі паменшыўся з 58% да 11, 1%, частка сельгасарцеляў распалася. Аднак восенню 1930 г. палітыка суцэльнай калектывізацыі была зноў адноўлена. Кіраўніцтва ЦК КП(б)Б вырашыла " паскорыць" тэмпы калектывізацыі, для чаго намячалася " ўзмацніць пралетарскую дапамогу вёсцы", мабілізаваць студэнтаў сельскагаспадарчых і педагагічных навучальных устаноў, а таксама актывістаў цэнтральнага апарату. Па ранейшаму прымусова абагульваліся жылыя памяшканні і жывёла, аплата працадзён праводзілася па астаткаваму прынцыпу - пасля выканання дзяржаўных паставак, якія паглыналі ўсе даходы.

Але вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Калі на пачатку года калектывізацыя аддымала 50, 4% двароў, - паменшылася да 43, 7%; распалася звыш 1000 калгасаў. Тым разам выхад з калгасаў з'явіўся натуральнай рэакцыяй сялян выратавацца ад голаду, які ахапіў СССР у 1932-1933 гг. і забраў 3-4 млн. жыццяў, перш за ўсё на Украіне і чарназемнай паласе Расіі. Ён быў выкліканы неўраджаем і жорсткай нарыхтоўчай палітыкай. Масавы голад абышоў нашу рэспубліку, хоць і тут шматлікімі былі паведамленні аб адсутнасці збожжа ў 12 раёнах, аб выпадках апухання людзей і галоднай смерці ў Ельскім, Нараўлянскім і іншых раёнах.

Партыйнаму кіраўніцтву краіны стала зразумела, што голым адміністраваннем утрымаць сялян у калгасах немагчыма. Таму быў дазволены калгасны гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі, праводзіліся мерапрыемствы па павышэнні аплаты працы і даходаў калгаснікаў, забеспячэнні іх асабістай жывёлай і кармамі.

Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі сталі адыгрываць машынна-трактарныя станцыі. Менавіта яны, па задуме савецкага кіраўніцтва, павінны былі пераканаць сялянскія масы ў перавазе сацыялістычнага спосабу вытворчасці, заснаванага на калектыўнай працы. У пачатку 1929 г. пачалася арганізацыя МТС, а ў 1932 г. налічвалася 57 МТС, якія мелі 1500 трактароў і абслугоўвалі 33% калгасаў. На палях з'явіліся першыя камбайны.

Узмацнялася і адміністрацыйнае ўздзеянне на вёску, у МТС былі створаны палітычныя аддзелы, якія дзейнічалі камандна-загаднымі метадамі і з'яўляліся органамі " дыктатуры пралетарыяту" ў вёсцы. Палітаддзелы павінны былі кантраляваць калгасы, саўгасы і мясцовыя партыйныя арганізацыі ад " засмечанасці".

Галоўнымі метадамі калектывізацыі былі гвалтоўныя метады: запалохванне, прымус, раскулачванне, спецпасяленні, расстрэлы. Калгаснікі не мелі пашпартоў і поўнасцю залежалі ад свайго старшыні. Старшыня ў сваю чаргу падпарадковаўся райкому партыі, ад якога залежаў яго лёс. Напрыклад, толькі ў 1936 г. у БССР было заменена 1500 старшынь калгасаў.

На канец 1940 г. мелася 10165 калгасаў і 92 саўгасы. Дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную, сацыялістычную. Аднак узровень сельскагаспадарчай вытворчасці заставаўся нізкім, а планы яе павышэння не былі выкананы. У 1938 г. прысядзібныя ўчасткі калгаснікаў складалі 4, 0% плошчы, а давалі 45% усёй сельгас-прадукцыі, у т. л. 70% мяса. Да таго ж калгаснікі не мелі адпачынку, выхадных дзён, ім не аплачваліся водпускі па цяжарнасці і родах, не прадастаўлялася пенсія.

Калектывізацыя прывяла да адчужэння былых уладальнікаў зямлі ад асноўнага сродку вытворчасці - зямлі. Фактычна сяляне пераўтварыліся ў наёмных дзяржаўных работнікаў. Менавіта гэтага патрабавала тэорыя К. Маркса і У. Леніна аб пабудове камунізму. Адначасова таталітарны рэжым І. Сталіна атрымаў эфектыўны механізм кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем харчавання ва ўсёй дзяржаве.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал