Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Адметнасці індустрыялізацыі ў БССР






Пераход да новай эканамічнай палітыкі дазволіў у сціслыя тэрміны аднавіць дарэвалюцыйны ўзровень эканомікі і нават пераўзысці яго. Аднак нэп не зламаў дарэвалюцыйную структуру эканомікі. БССР заставалася пераважна сялянскай, з перавагай сельскай гаспадаркі, лесаперапрацоўчай і лёгкай прамысловасці. Неразвітасць індустрыі стварала востры таварны дэфіцыт, які суправаджаўся моцнай інфляцыяй. А на тэрыторыі Беларусі ўдзельная вага прамысловасці ў народнай гаспадарцы складала ў 1925 г. толькі 22%. Тэхнічная насычанасць была таксама вельмі слабой. Пераважалі дробныя і саматужныя прадпрыемствы, на якіх працавала больш за 70% рабочых. Цяжкай прамысловасці не было зусім. У БССР ў 1927 г. працавалі толькі 82 інжынеры з вышэйшай адукацыяй і 111 тэхнікаў. Нізкім быў і агульны, адукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва. Паводле перапісу 1926 г. пісьменных ва ўзросце 9 гадоў і старэй у Беларусі было ўсяго 40, 7%.

СССР, на думку камуністаў, павінен быў быць арганізацыйнай і ваенна-тэхнічнай базай сусветнай рэвалюцыі. Таму кампартыя брала курс на індустрыялізацыю. Індустрыялізацыя павінна была ажыцяўляцца за кошт унутраных рэзерваў і назапашванняў, перш за ўсё правядзення " суровага рэжыму эканоміі", коштам максімальнай перакачкі сродкаў са сферы сельскай гаспадаркі ў сферу індустрыі. Менавіта на такой перакачцы настойвалі левыя ў ВКП(б), якія ўзялі на ўзбраенне ідэю Троцкага аб " звышіндустрыялізацыі" за кошт сялянства, якую затым падтрымаў І. Сталін.

Індустрыялізацыя ў БССР праходзіла як састаўная частка адзінага працэсу індустрыялізацыі ўсяго СССР, але мела і свае адметнасці. Так, пагранічнае становішча рэспублікі рабіла немэтазгодным размяшчэнне на яе тэрыторыі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, ваенна-прамысловага комплексу. У БССР адсутнічалі разведаныя радовішчы нафты, вугалю, металаў. Таму асноўная ўвага тут аддавалася развіццю не цяжкай прамысловасці, а лёгкай, мясцовай, перш за усё - працаёмкай.

Мясцовыя рэсурсы і асігнаванні з саюзнага бюджэту дазволілі вырашыць праблему назапашвання сродкаў для прамысловага будаўніцтва. Асноўнай крыніцай была сама прамысловасць. Важнай крыніцай былі накапленні працоўных, унутраныя пазыкі і ашчадныя касы. Трэба таксама ўлічваць і так званы " звышпадатак" у выглядзе розніцы ад завышэння цэн, якія плаціла сялянства за прамысловыя тавары, і заніжаных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. Амаль 1/3 сродкаў, укладзеных у прамысловасць БССР за гады 1-й пяцігодкі, паступіла з саюзнага бюджэту.

Большасць сродкаў з бюджэту рэспублікі накіроўваліся на рэканструкцыю і рамонтныя работы ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую і гарбарную прамысловасць. З 1925 па 1928 гг. у рэспубліцы было пабудавана 150 новых прамысловых прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва буйнейшай у рэспубліцы электрастанцыі - БелДРЭС (пад Оршай), а ў 1928 г. даў першую прадукцыю станкабудаўнічы завод " Энергія". У гэтым жа годзе на базе невялікіх заводаў у Мінску быў створаны металаапрацоўчы завод " Камунар".

Па волі партыйнага кіраўніцтва краіна паступова стала ўцягвацца ў " індустрыяльны скачок", фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, датэрміновае выкананне пяцігодкі. Гэта прывяло да перагляду планаў пяцігодкі, прыняццю павышаных абавязацельстваў. Пачалі адкідацца зацверджаныя раней нормы выпрацоўкі. Вынікам сталі разбалансаванасць вытворчасці, паломкі і прастоі абсталявання, павелічэнне выпуску бракаванай прадукцыі, зніжэнне дысцыпліны працы. Узніклі фінансавыя, матэрыяльныя і іншыя цяжкасці. Да гэтага дадалося падзенне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці, што з'явілася вынікам непрадуманага фарсіравання тэмпаў калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Пагоршылася харчовая забеспячэнне краіны, што прымусіла зноў увесці харчовыя карткі.

Як выхад з цяжкага становішча былі ўзмоцнены камандныя метады кіраўніцтва эканомікай. Была праведзена перабудова кіравання народнагаспадарчым комплексам. 5 сту-дзеня 1932 г. была прынята пастанова ЦВК СССР " Аб рэарганізацыі саўнаргасаў". Беларускі СНГ быў рэарганізаваны ў Наркамат лёгкай прамысловасці БССР. Прадпрыемствы цяжкай і лясной прамысловасці, падначаленыя яму, пераходзілі ў распараджэнне адпаведных саюзных наркаматаў. Сіндыкатны гандаль стаў замяняцца размеркаваннем зверху па фондах і нарадах. Фінансаванне індустрыяльнага будаўніцтва грашовымі сродкамі было ўскладзена на Наркамат фінансаў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне прадпрыемстваў - на Дзяржплан і галіновые наркаматы. Непасрэднай крыніцай фінансавання буйнамаштабнага капітальнага будаўніцтва станавілася не вытворчасць, а сфера размеркавання і абарачэння (падатак з абароту і пазык). У партыйных органах з'явіліся новыя падраздзяленні - галіновыя аддзелы па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сельскай гаспадарцы і іншыя. Такім чынам была створана камандна-размеркавальная сістэма эканомікі.

Цэнтральныя органы кіравання фактычна пачалі рэгламентаваць усе асноўныя паказчыкі развіцця рэспубліканскай прамысловасці. Перавага аддавалася колькасным паказчыкам. За першую пяцігодку (1928-1932) у БССР было пабудавана 538 прамысловых прадпрыемстваў. Пачалі працаваць Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, швейныя фабрыкі ў Магілёве, Мінску, Віцебску, абутковая фабрыка ў Гомелі, Гомсельмаш, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, ільнокамбінат у Оршы. Істотна змянілася галіновая структура прамысловасці. Аб'ём буйной прамысловасці вырас амаль у 4, 3 раза. У рэспубліцы з'явіліся машынабудаўнічая, хімічная і іншыя галіны вытворчасці. Колькасць спецыялістаў з тэхнічнай адукацыяй у народнай гаспадарцы ў параўнані з 1929 г. вырасла больш чым у 40 разоў. Важным сацыяльным вынікам стала ліквідацыя ў 1931 г. беспрацоўя.

Другі пяцігадавы план (1933-1937), які, як і першы, быў, паводле афіцыйных звестак, выкананы за 4 гады і 3 месяцы, на справе даў рост аб'ёму прамысловай вытворчасці ў 1, 9 раза, замест запланаваных 3, 8 раза. Значна павялічылася выпрацоўка электраэнергіі на базе шырокай здабычы торфу. Прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах, падпарадкаваных наркаматам, узрасла на 65, 5%. Буйная прамысловасць стала аказваць вырашальны ўплыў на ўсю гаспадарку.

З 1938 г. пачаў выконвацца трэці пяцігадавы план. Павелічэнне агульнага аб'ёму валавой прадукцыі прамысловасці планавалася ў 3, 5 раза.

У выніку індустрыялізацыі коштам велізарных высілкаў народа ў БССР была створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база народнай гаспадаркі. У 1929-1940 гг. у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% яе прамысловай прадукцыі. Вырасла ўдзельная вага прадукцыі беларускай прамысловасці ў агульнасаюзнай вытворчасці і яе вываз за межы рэспублікі. Грунтоўныя змены адбыліся ў структуры прамысловасці. З'явіліся галіны, якія ўвасаблялі значны крок наперад у тэхнічным прагрэсе, напрыклад, станкабудаванне.

Індустрыялізацыя прынесла значныя змены ў сацыяльную структуру насельніцтва, садзейнічала росту рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі, рэзка скарацілася колькасць сялянства.

Галоўным жа вынікам індустрыялізацыі для СССР было стварэнне ваенна-прамысловага комплексу, больш-менш адэкватнага патрабаванням вялікай вайны ў Еўропе. Для Беларусі ў будучай вайне адводзілася роля прыфрантавой тэрыторыі, гэтым прадвызначаліся мясцовыя адметнасці індустрыялізацыі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.007 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал