Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Вызваленне Беларусі. Завяршальны этап вайны
Разгром нямецкіх войскаў летам 1943 г. на Курска-Арлоўскай дузе дазволіў Чырвонай Арміі перайсці ў стратэгічнае наступленне і ўжо ў верасні 1943 г. распачаць шырокамаштабную аперацыю вызвалення Украіны і Беларусі. 23 верасня 1943 г. часці Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі ад нямецкіх акупантаў першы раённы цэнтр БССР - гарадскі пасёлак Камарын. 20 воінам, якія вызначыліся пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Камарына, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У асенне-зімовай кампаніі 1943/44 гг. войскі Беларускага фронту (камандуючы генерал арміі К. Ракасоўскі) удала правялі Гомельска-Рэчыцкую і Калінкавіцка-Мазырскую аперацыі, у выніку якіх у лістападзе 1943 г. былі вызвалены Рэчыца і Гомель, у студзені 1944 г. - Мазыр. На поўдні рэспублікі войскі Беларускага фронту прасунуліся больш як на 200 км у глыб варожай абароны ў паласе шырынёй звыш 100 км. Але поўнасцю вызваліць Беларусь ад акупантаў да лета 1944 г. не ўдалося, немцы ўмацавалі абарону. На пачатку лета 1944 г. лінія фронту на Беларусі праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, далей на захад ад Мазыра і па рацэ Прыпяць да Ковеля. Канчатковае выгнанне нямецка-фашысцкіх акупантаў з беларускай зямлі пачалося напрыканцы чэрвеня 1944 г., калі Чырвоная Армія прыступіла да практычнага ажыццяўлення буйной стратэгічнай наступальнай аперацыі пад кодавай назвай " Баграціён". Працягвалася яна з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г. Савецкаму боку ў гэтай аперацыі супрацьстаялі групы армій " Цэнтр", " Поўнач" і " Паўночная Украіна". Агульная колькасць войск праціўніка складала каля 1, 2 млн. салдат і афіцэраў (63 дывізіі і 3 брыгады). Яны мелі 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 1350 баявых самалётаў. З савецкага боку для ўдзелу ў аперацыі " Баграціён" былі прыцягнуты войскі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Агульная колькасць савецкіх войскаў складала 2, 4 млн. салдат і афіцэраў, яны мелі на ўзбраенні 36 400 гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак і 5300 самалётаў (без уліку авіяцыі далёкага дзеяння). Да таго ж у тыле ворага дзейнічалі 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў агульнай колькасцю больш за 143 тыс. чалавек. 23 чэрвеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту прарвалі абарону нямецкіх войскаў на паўночным захадзе ад Віцебска. Войскі 3-га Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка і абышлі г. Віцебск з паўднёвага і паўднёва-заходняга напрамку. У Віцебскі " кацёл" трапіла танкавая армія, якая на 27 чэрвеня 1944 г. была знішчана. Праціўнік страціў там каля 20 тыс. салдат і афіцэраў забітымі, больш за 10 тыс. палоннымі. Амаль адначасова з падзеямі пад Віцебскам арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі акружылі 6 дывізій нямецкай арміі. Важнейшай асаблівасцю аперацыі па знішчэнні бабруйскай групоўкі праціўніка было масіраванае выкарыстанне авіяцыі фронту. 526 самалётаў на працягу некалькіх гадзін групамі па 25-30 самалётаў наносілі ўдары па акружанай групоўцы. 28 чэрвеня 1944 г. варожая групоўка колькасцю ў 40 тыс. салдат і афіцэраў была ліквідавана. Падчас паспяхова распачатага наступлення войскі 3-га Беларускага фронту 3 ліпеня 1944 г. вызвалілі сталіцу Беларусі. Першым у Мінск уварваўся танк малодшага лейтэнанта Д. Фролікава 2-га гвардзейскага танкавага корпуса. У 2 гадзіны 30 мінут 3 ліпеня 1944 г. ён перадаў па радыё: " Я - Фролікаў, я - Фролікаў, знаходжуся ў Мінску…". Адначасова на ўсходзе ад Мінска была акружана 105-тысячная групоўка нямецкіх войскаў, якая 11 ліпеня 1944 г. спыніла сваё існаванне. Такім чынам, на першым этапе аперацыі за 12 дзён наступлення савецкія вайсковыя злучэнні прасунуліся наперад на 225- 280 км. Галоўныя сілы групы армій " Цэнтр" былі разбіты. У паласе савецка-германскага фронту з'явіўся пралом шырынёй звыш 400 км. Спробы ліквідаваць яго не прынеслі поспеху германскаму камандаванню. У ходзе беларускай аперацыі былі разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, а 50 дывізій - страцілі звыш паловы свайго складу. Агульныя страты нямецкіх войскаў і іх саюзнікаў склалі каля 500 тыс. салдат і афіцэраў. Урон савецкага боку быў таксама істотным: Чырвоная Армія страціла 765 815 салдат і афіцэраў (з якіх 178 507 чалавек забітымі). У выніку аперацыі " Баграціён" Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, частку Літоўскай і Латвійскай ССР, уступіла на тэрыторыю Польшчы і падступіла да межаў Усходняй Прусіі. Германскае камандаванне было вымушана перакінуць на беларускі тэатр ваенных дзеянняў з заходняга фронту ў Еўропе 46 дывізій і 4 брыгады, што значна паспрыяла аперацыям англа-амерыканскіх войскаў у Францыі. 12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскую і Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы. Наступленне пачалося раней запланаванага тэрміну па просьбе саюзнікаў, якія трапілі ў цяжкае становішча ў раёне Ардэн, але праходзіла паспяхова. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна. Штурм Берліна пачаўся 16 красавіка 1945 г. Дзесяць дзён спатрэбілася савецкім войскам, каб пераадолець абарону немцаў на подступах да горада. Больш за тыдзень доўжыліся баі ў самім Берліне. 8 мая 1945 г. у прыгарадзе Берліна, Карлсхорсце, у прысутнасці прадстаўнікоў камандавання саюзных армій, немцамі быў падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі. На ўсіх этапах Вялікай Айчыннай вайны беларускі народ уносіў свой уклад у перамогу над фашызмам. Звыш 1, 3 млн. жыхароў Беларусі былі мабілізаваны і добраахвотна ўступілі ў рады Чырвонай Арміі. Сотні тысяч беларусаў загінулі на франтах вайны, у партызанскіх атрадах і падполлі. З ураджэнцаў Беларусі вызначылася многа таленавітых палкаводцаў: начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, генерал арміі, кавалер ордэна " Перамога" А. Антонаў; маршалы Савецкага Саюза В. Сакалоўскі і І. Якубоўскі, маршал авіяцыі С. Красоўскі. 65 салдат і сяржантаў з Беларусі сталі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў. Асаблівай старонкай гісторыі Другой сусветнай вайны з'яўляецца ўдзел нашых суайчыннікаў у антыфашысцкай барацьбе, якая разгарнулася ў Еўропе. У адпаведнасці з ваенным пагадненнем ад 14 жніўня 1941 г. паміж СССР і Польшчай прадугледжвалася стварэнне на тэрыторыі СССР польскай арміі. Камандуючым арміі польскі эмігранцкі ўрад прызначыў генерала У. Андэрса. У сакавіку 1942 г. польская армія ў СССР налічвала звыш 75 тыс. салдат і афіцэраў, з якіх каля 10% былі ўраджэнцамі Заходняй Беларусі. У складзе польскай арміі, якая была сфарміравана ў СССР у 1943- 1944 гг. пад камандаваннем генерала З. Берлінга, колькасць нашых суайчыннікаў была амаль такой самай. Са згоды Савецкага ўрада польская армія генерала Андэрса была эвакуіравана ў 1942 г. у паўднёвыя раёны Ірана і Ірака. У чэрвені 1943 г. з яе складу быў вылучаны 2-гі корпус для ўдзелу ў баявых аперацыях саюзных войскаў. Польскі корпус у складзе 8-й брытанскай арміі вызначыўся ў Італіі ў бітве за Монтэ-Касіна. У гэтай бітве вырашаўся лёс наступлення англа-амерыканскіх войскаў на Рым. Баявая аперацыя пачалася 17 студзеня, а завяршылася 1 мая 1944 г., калі салдаты 2-га польскага корпуса прарвалі нямецкую абарону, так званую " Лінію Густава", і авалодалі цэнтрам варожага супраціўлення - горным кляштарам Монтэ-Касіна. У час наступлення корпуса вызначылася вялікая колькасць беларусаў, многія з іх атрымалі высокія брытанскія і польскія баявыя ўзнагароды. Поспех 2-га польскага корпуса пад Монтэ-Касіна быў аплачаны вялікай крывёю. Ён страціў 70% асабовага складу. У гады вайны дзесяткі тысяч нашых землякоў апынуліся ў нямецкім палоне ці былі вывезены ў акупіраваныя германскімі войскамі краіны Еўропы. Многія з іх збеглі з палону і працягвалі барацьбу супраць фашызму ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Яны змагаліся ў антыфашысцкіх атрадах Італіі, Францыі, Югаславіі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. Дзесяткі ўраджэнцаў Беларусі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі гэтых краін. Другая сусветная вайна закончылася 2 верасня 1945 г., калі капітулявала Японія, апошні саюзнік Германіі. У разгроме японскіх войскаў, якія дыслацыраваліся ў Маньчжурыі, таксама ўдзельнічалі тысячы беларусаў.
|