Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Сакрамэнты і перадаванне веры






40. Як кожная сям’я, Касцёл перадае сваім дзецям тое, што захоўвае ў сваёй памяці. Што зрабіць, каб нічога не загінула, але – наадварот – усё штораз больш паглыблялася ў спадчыне веры? Менавіта дзякуючы Апостальскай Традыцыі, захаванай у Касцёле пад апекай Духа Святога, мы маем жывы кантакт з першаснай памяццю. Тое, што было перададзена Апосталамі – як сцвярджае Другі Ватыканскі Сабор – «ахоплівае ўсё, што спрыяе жыццю Божага народу ў святасці і ўмацаванню яго веры. Так Касцёл трывае ў сваім вучэнні, жыцці і кульце і перадае ўсім пакаленням тое, чым ёсць сам, і тое, ува што верыць»35. Вера патрабуе асяроддзя, у якім можна пра яе сведчыць i перадаваць яе, і яно павінна быць адпаведным і прапарцыянальным да таго, што перадаецца. Для пераказу чыста дактрынальнага зместу, пэўнай ідэі, быць можа хапіла б кнігі або паўтарэння вуснага абвяшчэння. Але тое, што перадаецца ў Касцёле, тое, што перадаецца ў яго жывой Традыцыі, ёсць новым святлом, якое нараджаецца у выніку сустрэчы з жывым Богам, святлом, якое дасягае цэнтра асобы, яе сэрца, актывізуючы яе розум, яе волю і яе пачуццёвае жыццё, адкрываючы яе на жывыя адносіны ў камуніі з Богам i іншымі людзьмі. Для пераказу такой поўні існуе спецыяльны сродак, які ахоплівае асобу, цела і дух, нутро і адносіны. Гэтым сродкам з’яўляюцца сакрамэнты, якія здзяйсняюцца ў літургіі Касцёла. У іх перадаецца ўцелаўлёная памяць, звязаная з месцамі i перыядамі жыцця, з’яднаная з усімі пачуццямі; асоба ўключана ў іх як член жывога суб’екта, уключана ў тканку супольнасных адносін. Таму, калі праўда, што сакрамэнты з’яўляюцца сакрамэнтамі веры36, то трэба таксама сказаць, што вера мае сакрамэнтальную структуру. Абуджэнне веры лучыцца з абуджэннем новага сакрамэнтальнага сэнсу жыцця чалавека i хрысціянскай экзістэнцыі, паказваючы, што бачны i матэрыяльны пачатак адкрываюцца на таямніцу таго, што вечнае.

 

41. Перадаванне веры адбываецца найперш праз хрост. Можа здавацца, што хрост з’яўляецца толькі магчымасцю сімвалічнага вызнання веры, педагагічным актам для асобаў, якія патрабуюць вобразаў i жэстаў, якія па сутнасці можна прапусціць. Словы св. Паўла на тэму хросту нагадваюць нам, што гэта не так. Ён сцвярджае, што «праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці» (Рым 6, 4). Праз хрост мы становімся новым стварэннем, усыноўленымі Божымі дзецьмі, удзельнікамі Боскай натуры, членамі Хрыстовага цела. Апостал сцвярджае далей, што хрысціянін падпарадкаваны «форме навучання» (typos didaché s), якому паслухмяны сэрцам (пар. Рым 6, 17). Чалавек атрымлівае праз хрост таксама вучэнне, якое павінен вызнаваць, а таксама канкрэтную форму жыцця, якая патрабуе ўдзелу ўсёй яго асобы i накіроўвае яго да дабра. Ён пераносіцца ў новае акружэнне, змяшчаецца ў новым асяроддзі, у новым спосабе супольнага дзеяння, у Касцёле. Таму хрост нагадвае нам, што вера не з’яўляецца справаю асобы, якая жыве адасоблена, гэта не акт, які можа здзейсніць чалавек, разлічваючы толькі на ўласныя сілы, але яна павінна быць прынятаю праз уваход у касцёльную супольнасць, якая пераказвае Божы дар: ніхто сам не ўдзяляе сабе хросту, так як ніхто сам не нараджаецца да жыцця. Нас ахрысцілі.

 

42. Якія элементы хросту ўводзяць нас у гэтую новую «форму навучання»? Над катэхуменам заклікаецца спачатку імя Тройцы: Айца, Сына i Духа Святога. Такім чынам з самага пачатку сцісла паказваецца дарога веры. Бог, які паклікаў Абрагама і хацеў называцца яго Богам; Бог, які аб’явіў сваё імя Майсею; Бог, які даў нам свайго Сына і аб’явіў нам цалкам таямніцу свайго Імя, надзяляе ахрышчанага новай сыноўняй сутнасцю. Так адкрываецца сэнс дзеяння, якое адбываецца падчас хросту, – акунанне ў ваду: вада з’яўляецца адначасова сімвалам смерці, які запрашае нас да навяртання свайго «я», каб яно адкрылася на большае «Я», і сімвалам жыцця, улоння, у якім мы адраджаемся, наследуючы Хрыста ў Яго новай экзістэнцыі. Так, праз акунанне ў ваду, хрост кажа нам пра ўцелаўлёную структуру веры. Дзеянне Хрыста закранае нас у нашай асабовай рэчаіснасці, радыкальна перамяняе нас, і мы становімся ўсыноўленымі Божымі дзецьмі, удзельнікамі Яго Боскай натуры; мадыфікуе такім чынам усе нашыя адносіны, нашую канкрэтную сітуацыю ў свеце і сусвеце, адкрываючы яе на жыццё ў камуніі. Гэтая дынаміка перамены адзначае хрост, дапамагае нам зразумець важнасць катэхуменату, які сёння, таксама ў грамадствах са старажытнымі хрысціянскімі каранямі, дзе ўзрастае лічба дарослых, якія прыступаюць да сакрамэнту хросту, набывае асаблівае значэнне для новай евангелізацыі. Гэта дарога падрыхтоўкі да хросту, да перамены ўсяго жыцця ў Хрысце.

У зразуменні сувязі паміж хростам і вераю можа дапамагчы тэкстпрарока Ісаі, які ў старажытнай хрысціянскай літаратуры быў злучаны з хростам: «яго прыбежышча – непрыступныя скалы; [...] і не будзе недахопу вады» (Іс 33, 16)37. Ахрышчаны, уратаваны з водаў смерці, мог стаць на «непрыступнай скале», бо знайшоў дапамогу, на якую мог абаперціся. I так вада смерці перамянілася ў ваду жыцця. Грэцкі тэкст апісвае яе як ваду pistó s, ваду «верную». Вада хросту верная, бо ёй можна даверыцца, бо яе струмень далучае да дынамікі любові Езуса, крыніцы ўпэўненасці для нашай дарогі жыцця.

 

43. Структура хросту прадстаўляе яго як адраджэнне, у якім мы атрымліваем новае імя і новае жыццё, дапамагае нам зразумець сэнс і важнасць хросту дзяцей. Дзіця няздольнае да свабоднага акту прыняцця веры, не можа яшчэ само вызнаваць яе, таму ад яго імя вызнаюць веру яго бацькі і хросныя. Вера перажываецца ў межах супольнасці Касцёла, яна ўпісана ў супольнае «мы». Таму дзіця можа падтрымлівацца іншымі, бацькамі і хроснымі, і можа быць далучана да іх веры, якая з’яўляецца вераю Касцёла і якую сімвалізуе святло, якое бацька запальвае ад пасхала падчас літургіі хросту. Гэтая структура хросту падкрэслівае важнасць сумеснага дзеяння Касцёла і сям’і ў перадаванні веры. Як сказаў св. Аўгустын, бацькі пакліканы не толькі даваць жыццё дзецям, але таксама весці іх да Бога, каб праз хрост яны адрадзіліся як Божыя дзеці і атрымалі дар веры38. Так разам з жыццём яны адпаведна накіроўваюцца, а таксама атрымліваюць упэўненасць у добрым будучым; і гэтая накіраванасць затым будзе пацверджана ў сакрамэнце канфірмацыі асаблівым знакам Духа Святога.

 

44. Сакрамэнтальная прырода веры мае сваё найбольшае праяўленне ў Эўхарыстыі. Гэта каштоўны спажытак для веры, гэта сустрэча з Хрыстом, рэальна прысутным праз найвышэйшы акт любові, гэта дар самога сябе, які нараджае жыццё. У Эўхарыстыі перакрыжоўваюцца дзве восі, на якіх трымаецца вера. З аднаго боку – вось гісторыі: Эўхарыстыя – гэта акт памяці, актуалізацыяй таямніцы, у якой мінулае, як факт смерці і ўваскрасення, паказвае сваю здольнасць адкрыцца на будучае, прадугадаць канчатковую паўнату. Літургія нагадвае нам пра гэта ў сваім hodie – «сёння» таямніц збаўлення. З другога боку –вось паміж бачным светам і нябачным. У Эўхарыстыі мы вучымся заўважаць глыбіню рэчаіснасці. Хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста, які становіцца прысутным на сваёй пасхальнай дарозе да Айца: гэты дынамізм уводзіць нас з целам і душою ў імкненне ўсяго стварэння да сваёй паўнаты ў Богу.

 

45. Здзяйсняючы сакрамэнты, Касцёл перадае сваю памяць, асабліва праз вызнанне веры. Маецца тут на ўвазе не столькі прыняцце збору абстракцыйных праўд. Наадварот, у вызнанні веры ўсё жыццё накіроўваецца да поўнай еднасці з жывым Богам. Можна сказаць, што праз Credo веруючы чалавек пакліканы паглыбіцца ў вызнаваную таямніцу і дазволіць, каб яго перамяніла тое, што ён вызнае. Каб зразумець сэнс гэтых слоў, паразважаем найперш пра змест Credo. Яно мае трынітарную структуру: Айцец і Сын яднаюцца ў Духу любові. Такім чынам веруючы сцвярджае, што цэнтрам існавання, найглыбейшай таямніцай усяго з’яўляецца Боская камунія. Больш за тое, Credo змяшчае таксама хрысталагічнае вызнанне: пералічваюцца таямніцы жыцця Езуса аж да Яго Смерці, Уваскрасення і Унебаўшэсця, у чаканні Яго апошняга прыйсця ў хвале. Таму гаворыцца, што гэты Бог-камунія, узаемнае адорванне любоўю Айца і Сына ў Духу, здольны ахапіць гісторыю чалавека, увесці яго ў сваю дынаміку камуніі, якая мае свой пачатак і канчатковую мэту ў Айцу. Вызнаючы веру, заўважае, што ўдзельнічае ў праўдзе, якую вызнае. Ён не можа шчыра вымаўляць словы Credo, калі не будзе пераменены, не ўвойдзе ў гісторыю любові, якая ахоплівае яго, пашырае яго існаванне і робіць яго часткай вялікай супольнасці, канчатковага суб’екта, які вымаўляе Credo і якім з’яўляецца Касцёл. Усе праўды, якія мы вызнаём, гавораць пра таямніцу новага жыцця веры як дарогі камуніі з жывым Богам.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал