Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Веданне праўды і любові
26. Ці ў гэтай сітуацыі хрысціянская вера можа паслужыць агульнаму дабру ў межах уласцівага разумення праўды? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба задумацца над відам пазнання, якое ўласціва веры. У гэтым нам могуць дапамагчы словы св. Паўла: «Бо сэрцам вераць» (Рым 10, 10). Паводле Бібліі цэнтрам чалавека з’яўляецца сэрца, у якім сустракаюцца ўсе яго вымярэнні: цела i дух; глыбіня асобы і яе адкрыццё на свет і іншых; розум, воля і пачуцці. Вось жа, калі сэрца здольнае яднаць гэтыя вымярэнні, то дзеецца так таму, што яно з’яўляецца месцам, дзе мы адкрываемся на праўду i любоў i дазваляем, каб яны ў глыбіні закранулі нас i перамянілі. Вера перамяняе ўсю асобу, і настолькі, наколькі яна адкрываецца на любоў. Дзякуючы гэтаму з’яднанню веры і любові можна зразумець форму пазнання, якая ўласціва веры, яе сілу пераконвання, яе здольнасць асвятляць нашую дарогу. Вера пазнае настолькі, наколькі звязана з любоўю, бо любоў нясе святло. Разуменне веры нараджаецца тады, калі мы прымаем вялікую Божую любоў, якая перамяняе нас i дае нам новыя вочы, каб мы маглі бачыць рэчаіснасць.
27. Вядома, як філосаф Людвік Вітгенштэйн растлумачыў сувязь паміж верай і ўпэўненасцю. Паводле яго вера падобна да досведу закаханасці, які разумеецца як нешта суб’ектыўнае, чаго нельга прапанаваць як праўдзівае для ўсіх19. Сучаснаму чалавеку здаецца, што пытанне любові не мае нічога супольнага з праўдай. Любоў сёння разумеецца як досвед, звязаны са светам непастаянных пачуццяў і не звязаны ўжо з праўдай. Ці гэта сапраўды адэкватнае апісанне любові? Сапраўды, любоў не можа зводзіцца да пачуцця, якое ўзнікае і знікае. Канешне, яна мае сувязь з нашай пачуццёвасцю, але на столькі, каб адкрыць яе на ўмілаваную асобу i такім чынам распачаць дарогу, якая з’яўляецца выйсцем з замкнёнасці ва ўласным «я» i збліжэннем да другой асобы дзеля будавання трывалых адносін; любоў імкнецца да еднасці з умілаванай асобай. Такім чынам бачым, у якім сэнсе любоў патрабуе праўды. Аднак, калі любоў абапіраецца на праўду, яна можа вытрываць у часе, перамагаючы мімалётнасць хвіліны i застаючыся моцнай, каб падтрымліваць супольную дарогу. Калі любоў не суадносіцца з праўдай, то падлягае зменлівасці пачуццяў і не вытрымлівае выпрабаванняў часу. Сапраўдная ж любоў яднае ўсе вымярэнні нашай асобы i становіцца новым святлом на шляху, які вядзе да вялікага і поўнага жыцця. Без праўды любоў не можа даць трывалай сувязі, не можа вывесці нашае «я» з яго адасабнення і вызваліць яго ад недаўгавечнасці, каб будаваць жыццё і прыносіць плён. Калі любоў патрабуе праўды, то і праўда патрабуе любові. Нельга аддзяляць любові ад праўды. Без любові праўда становіцца зімной, безасабовай, ускладняе жыццё канкрэтнай асобы. Праўда, якую мы шукаем, тая, што надае сэнс нашай дарозе, асвятляе нас, калі мы ахоплены любоўю. Хто любіць, разумее, што любоў – гэта досвед праўды, што гэта яна адкрывае нашыя вочы, каб мы маглі ўбачыць усю рэчаіснасць па-новаму, разам з каханай асобай. У гэтым сэнсе св. Грыгорый Вялікі напісаў, што «amor ipse notitia est» – сама любоў з’яўляецца пазнаннем, нясе з сабою новую логіку20. Маецца на ўвазе дыялогавы спосаб успрымання свету, які становіцца пазнаннем, што ўдзяляецца іншай асобе, позіркам у перспектыве іншага чалавека i супольным поглядам на ўсё. Вільгельм з Сан-Цьеры ў Сярэднявеччы звяртаецца да гэтай традыцыі, калі каментуе верш з «Песні песняў», у якім умілаваны кажа ўмілаванай: вочы твае як галубкі (пар. Пп 1, 15)21. Гэтыя двое вачэй – тлумачыць Вільгельм – гэта веруючы розум i любоў, якія становяцца адным вокам, каб сузіраць Бога, калі інтэлект становіцца «інтэлектам асветленай любові»22.
28. Гэтае адкрыццё любові як крыніцы пазнання, якое з’яўляецца першым досведам кожнага чалавека, знаходзіць праўдзівае адлюстраванне ў біблійным разуменні веры. Радуючыся любові, з якой Бог яго выбраў і ўстанавіў як народ, Ізраэль даходзіць да разумення еднасці Божага плану, ад пачатку аж да яго спаўнення. Пазнанне веры, паколькі нараджаецца з Божай любові, якая ўстанаўлівае Запавет, з’яўляецца пазнаннем, якое асвятляе дарогу гісторыі. Таму таксама ў Бібліі праўда i вернасць выступаюць разам: праўдзівы Бог ёсць Богам верным, тым, хто здзяйсняе свае абяцанні і дазваляе ў часе разумець свой намер. Праз досвед прарокаў, у болю выгнання і ў надзеі канчатковага вяртання ў святы горад, Ізраэль зразумеў, што Божая праўда выходзіць па-за межы яго гісторыі, ахопліваючы ўсю гісторыю свету, пачынаючы ад стварэння. Пазнанне веры асвятляе не толькі канкрэтную дарогу аднаго народу, але ўсю гісторыю створанага свету, ад яго пачатку аж да канца.
|