Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Абрагам, наш айцец у веры






8. Вера адкрывае нам дарогу i спадарожнічае нам на працягу гісторыі. Калі мы хочам зразумець, чым з’яўляецца вера, мы павінны расказаць пра яе гісторыю, пра дарогу веруючых людзей, аб якой у першую чаргу сведчыць Стары Запавет. Асаблівае месца займае Абрагам, наш айцец у веры. У яго жыцці адбываецца незвычайная рэч: Бог скіроўвае да яго Слова, аб’яўляецца як Бог, які гаворыць і кліча па імені. Вера спалучана са слуханнем. Абрагам не бачыць Бога, але чуе Яго голас. Такім чынам вера набывае асабісты характар. Таму Бог не з’яўляецца Богам нейкага месца і нават не звязаны з нейкім адмысловым святым часам, але з’яўляецца Богам асобы, менавіта Богам Абрагама, Ісаака і Якуба, здольным устанаўліваць кантакт з чалавекам i заключаць з ім запавет. Вера – гэта адказ на Слова, скіраванае да асобы, дадзены канкрэтнаму «Ты», якое кліча нас па імені.

 

9. Тое, што Слова кажа Абрагаму, складаецца з закліку і абяцання. Перш за ўсё гэта заклік выйсці са сваёй зямлі, гэта запрашэнне нанова адкрыцца на новае жыццё, гэта пачатак выйсця, якое адкрывае дарогу да невядомай будучыні. Бачанне, якое вера дасць Абрагаму, заўсёды будзе звязана з гэтым крокам наперад, які трэба зрабіць: вера «бачыць» настолькі, наколькі развіваецца, наколькі ўваходзіць у адкрытую Божым Словам прастору. Больш за тое, гэтае Слова змяшчае абяцанне: тваё патомства будзе шматлікім, будзеш айцом вялікага народу (пар. Быц 13, 16; 15, 5; 22, 17). Гэта праўда, што як адказ на Слова, якое апярэджавае яе, вера Абрагама заўсёды будзе актам памяці. Аднак гэтая памяць не замыкаецца ў мінулым, але, як памяць пра абяцанне, адкрываецца на будучыню, становіцца здольнай асвятліць шлях. Таму бачна, што вера, як памяць пра будучыню, memoria futuri, цесна звязана з надзеяй.

 

10. Тое, што павінен зрабіць Абрагам, – гэта даверыцца Слову. Вера разумее, што слова, рэч з выгляду кароткатрывалая i знікомая, калі сказана верным Богам, становіцца найбольш пэўнай з усіх рэчаў i нязменнай, бо робіць магчымай нашую далейшую вандроўку ў часе. Вера прымае гэтае Слова як моцную скалу, на якой можна будаваць як на салідным падмурку. Таму ў Бібліі вера акрэслена габрэйскім словам ‘emû nah, якое паходзіць ад дзеяслова ’amà n, корань якога азначае «падтрымліваць». Паняцце ‘emû nah можа азначаць як вернасць Бога, так і веру чалавека. Чалавек верны атрымлівае сілу, калі даручае сябе ў рукі вернага Бога. Звяртаючыся да абодвух значэнняў гэтага слова – прысутных таксама ў адпаведных ім словах: грэцкім (pistò s) i лацінскім (fidelis) – св. Кірыл Ерузалемскі падкрэслівае годнасць хрысціяніна, які атрымлівае тое ж імя, што і Бог: адзін і другі названыя «вернымі»8. Св. Аўгустын тлумачыць гэта так: «Чалавек верыць абяцанням Бога. Верны Бог выконвае тое, што абяцаў чалавеку»9.

 

11. Яшчэ адзін аспект гісторыі Абрагама з’яўляецца істотным для зразумення яго веры. Божае Слова, нават калі нясе ў сабе навізну і нечаканасць, не з’яўляецца чымсьці далёкім ад досведу Патрыярха. У голасе, які звяртаецца да Абрагама, ён распазнае глыбокі заклік, спрадвеку ўпісаны ў яго сэрца. Бог спалучае сваё абяцанне з месцам, дзе жыццё чалавека заўсёды выглядае шматабяцальным: ёсць у ім бацькоўства, нараджэнне новага жыцця: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і дасі яму імя Ісаак» (Быц 17, 19). Бог Абрагама, які просіць, каб ён цалкам Яму даверыўся, аб’яўляецца як крыніца, з якой паходзіць усялякае жыццё. Такім чынам вера звязана з Божым бацькоўствам, з якога ўзнікае стварэнне: Бог, які кліча Абрагама, ёсць Богам Стварыцелем, тым, які «кліча няіснае да існавання» (Рым 4, 17), тым, які «выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, […] прадвызначыў нас для ўсынаўлення» (Эф 1, 4-5). Вера ў Бога асвятляе найглыбейшую сутнасць Абрагама, дазваляе яму распазнаць крыніцу дабрыні, якая з’яўляецца пачаткам усяго, a таксама пераканацца, што яго жыццё не паходзіць з небыцця або з выпадку, але з закліку i любові да асобы. Таямнічы Бог, які паклікаў яго, не з’яўляецца чужым Богам, але тым, які ёсць пачаткам усяго i ўсё падтрымлівае. Вялікае выпрабаванне веры Абрагама, прынясенне ў ахвяру сына Ісаака, паказвае, да якой ступені гэтая першасная любоў здольная гарантаваць жыццё таксама і пасля смерці. Слова, якое было здольнае паклікаць да жыцця сына ў яго «амярцвелым» целе і ў «амярцвелым улонні» бясплоднай Сары (пар. Рым 4, 19), зможа таксама быць гарантыяй абяцання, звязанага з будучым, незалежна ад усялякіх пагрозаў або небяспек (пар. Гбр 11, 19; Быц 4, 21).

 

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.006 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал