Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вера і пошукі Бога






35. Святло веры ў Езуса асвятляе таксама ўсіх, хто шукае Бога, і робіць свой хрысціянскі ўклад у дыялог з вызнаўцамі розных рэлігій. Пасланне да Габрэяў кажа пра сведчанне справядлівых, якія ўжо перад Запаветам з Абрагамам з вераю шукалі Бога. Пра Эноха гаворыцца, што «было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу» (Гбр 11, 5), а гэта немагчыма без веры, бо «той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае» (Гбр 11, 6). Таму можна зразумець, што шлях пабожнага чалавека вядзе праз вызнанне веры ў Бога, які клапоціцца пра яго i якога можна знайсці. Якую ж іншую ўзнагароду Бог мог бы даць тым, хто шукае Яго, калі не сустрэчу з Ім? Яшчэ раней бачым постаць Абэля. Яго вера таксама ўсхваляецца, i з-за яе Богу спадабаліся яго дары, ахвяра з першароднай жывёлы (пар. Гбр 11, 4). Пабожны чалавек стараецца распазнаць Божыя знакі ў сваім штодзённым жыцці, у змене пораў году, ва ўраджайнасці зямлі i ва ўсім руху космасу. Бог ёсць святлом, і Яго можа сустрэць таксама той, хто Яго шукае шчырым сэрцам.

Вобразам гэтага пошуку з’яўляюцца Мудрацы, якіх вяла зорка аж да Бэтлеема (пар. Мц 2, 1-12). Божае святло паказала ім шлях, як зорка, што свеціць на шляху, які вядзе да адкрыццяў. Таму зорка кажа пра цярплівасць Бога да нашых вачэй, якія павінны прызвычаіцца да Яго бляску. Пабожны чалавек знаходзіцца ў дарозе і павінен быць гатовым дазволіць сябе весці, выйсці па-за свае межы, каб знайсці Бога, які заўсёды здзіўляе. Гэтая павага Бога да вачэй чалавека паказвае нам, што калі чалавек набліжаецца да Яго, чалавечае святло не знікае ў яснеючай бязмежнасці Бога, як зорка, што гасне на світанні, але становіцца тым больш яркай, чым больш збліжаецца да першаснага агню, як люстэрка, якое адбівае святло. Хрысціянскае вызнанне веры ў Езуса, адзінага Збаўцу, сцвярджае, што ўсё Божае святло сканцэнтравана ў Ім, у Яго «яснеючым жыцці», у якім адкрываецца пачатак i канец гісторыі31. Няма ніводнага чалавечага досведу, ніводнай дарогі чалавека да Бога, якую не магло б прыняць гэтае святло, асвятліць i ачысціць. Чым больш хрысціянін заглыбляецца ў круг, адкрыты Хрыстовым святлом, тым больш становіцца здольным зразумець i спадарожнічаць кожнаму чалавеку на шляху да Бога.

З увагі на тое, што вера падобна да дарогі, датычыць яна таксама жыцця людзей, якія хоць не вераць, але прагнуць верыць i не перастаюць шукаць. У такой ступені, у якой яны адкрываюцца шчырым сэрцам на любоў i вырушаюць у дарогу з гэтым святлом, якое здольныя заўважыць, ужо жывуць – не ведаючы пра гэта – на шляху да веры. Імкнуцца дзейнічаць так, як бы Бог існаваў, часам таму, што Ён неабходны, каб знайсці трывалае суаднясенне ў супольным жыцці, або таму, што адчуваюць прагу святла сярод змроку, або таксама таму, што, заўважаючы, якім вялікім i прыгожым ёсць жыццё, інтуітыўна адчуваюць, што прысутнасць Бога зрабіла б яго яшчэ большым. Св. Ірэнэй з Ліёна расказвае, што Абрагам, перш чым пачуў голас Бога, ужо шукаў Яго «у гарачым прагненні свайго сэрца» i «перамерваў увесь свет, пытаючыся, дзе ёсць Бог», аж нарэшце «Бог злітаваўся над тым, які сам шукаў Яго ў маўчанні»32. Хто выруше ў дарогу, каб рабіць дабро, ужо збліжаецца да Бога, ужо атрымлівае Яго дапамогу, бо гэта менавіта моц Божага святла асвятляе нашыя вочы, калі мы ідзём да паўнаты любові.

 


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.005 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал