Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Прыватныя калекцыі гістарычнага профелю ў Беларусі ў к. 18 – пп19ст.
Цікавай калекцыяй у гэты перыяд валодаў адзiн з заснавальнiкаў беларускай археалагiчнай навукi – К. Тышкевiч (1806–1868). Пасля заканчэння Віленскага універсітэта і непрацяглай службы ў міністэрстве фінансаў, ён вяртаецца ў родны Лагойск, дзе адкрывае пазыковы банк, ткацкую фабрыку, майстэрні. Адначасова пачынае праводзіць раскопкі і збор этнаграфічных матэрыялаў на тэрыторыі Мінскай губерні. Яго збор, складзены з дапамогай малодшага брата, размяшчаўся ў двух спецыяльна адведзеных для гэтай мэты залах палаца ў Лагойску. Прадметы групавалiся наступным чынам: • Археалагiчная калекцыя, якая з’яўлялася навуковым ядром збору. У ёй былi шырока прадстаўлены вынiкi раскопак курганоў, праведзеных К. Тышкевiчам у Бырысаўскiм i Мiнскiм паветах. Калекцыя была старанна сiстэматызавана па прынцыпе месца знаходжання прадмета. Асаблiва вылучалiся ў ёй разнастайныя жаночыя ўпрыгожваннi, якiя ўяўлялi вялiкую цiкаўнасць з пункту гледжання этнаграфii. У асобнай зашклёнай шафе экспанаваліся прадметы, знойдзеныя ў вынiку археалагiчных раскопак на Блiзкiм Усходзе, у Пампеі i Геркулануме (егiпецкая мумiя, папiрусы, прадметы са слановай косці i г. д.). • Калекцыя гравюр, падзеленая на дзве часткi. Першая ўключала адбiткi, выкананыя ў XVII–XIX ст., на рэлiгiйныя тэмы, другая – партрэты гiстарычных асоб, сярод якiх знаходзiўся славуты партрэт Т. Касцюшкi. У абедзвюх частках калекцыi змяшчалiся як творы невядомых мясцовых гравёраў, так i майстроў з Польшчы, Англii, Францыi. К. Тышкевiч аддаў шмат сiл i часу на стварэнне гэтай калекцыі i ў 1858 г. апублiкаваў каталог гравюр, якi ўтрымлiваў багаты матэрыял для беларускай iканаграфii. • Манеты, медалi, пячаткi (агульная колькасць манет i медалёў складала 1140 адзінак, 420 з якiх было адбіта ў Рэчы Паспалiтай). • Зброя, даспехі i рыштунак (у т. л. шпага Пятра I, дзве залачоныя шаблi з мiнiяцюрнымi выявамi С. Баторыя, асабiстыя рэчы Станiслава Аўгуста). У вiтрынах былi размешчаны ордэны, старажытная бронза, узоры тканiн, крыж з мясцовага касцёла, якi быў зроблены ў XVI ст., i г. д. Лагойскi збор, якi сучаснiкi небеспадстаўна называлi “музеем старажытнасцей”, ужо ў 40-я гг. XIX ст. атрымаў даволi шырокую вядомасць. У значнай ступенi гэтаму спрыялi шматлiкiя навуковыя кантакты Тышкевiча (ён быў сябрам некалькiх навуковых таварыстваў), а таксама выкарыстанне свайго збору пры напiсаннi прац па археалогii. Навуковая i збiральнiцкая дзейнасць прывяла ўладальнiка Лагойскага палаца да думкi аб неабходнасцi перадачы сваiх калецый у грамадскае карыстанне. Прыкладна тады ж К. Тышкевiч дае згоду на прапанову мiнскага губернатара перадаць увесь ягоны збор у дар наследнiку расiйскага трона – будучаму iмператару Аляксандру II. Аднак апошнi не зацiкавіўся беларускiмі старажытнасцямі, i перадача не адбылася. Усведамляючы важнасць лагойскага збору для развiцця навукi, К. Тышкевiч ахвяраваў большую яго частку Вiленскаму музею старажытнасцей, частку археалагiчных знаходак перадаў у Кракаўскi музей археалогii, калекцыю шкла эпохi Рымскай iмперыi – у Музей Нарадовы ў Варшаву. “Надзвычай выдатную калекцыю дагiстарычных старажытнасцей заходняга краю” ён перадаў у распараджэнне Маскоўскага археалагічнага таварыства. Калі збор К.П. Тышкевiча ўтрымлiваў у асноўным гiсторыка-археалагiчныя матэрыялы, то збiральнiцкая дзейнасць канцлера графа М.П. Румянцава (1754–1826) была звязана з археаграфiчнай і крынiцазнаўчай працай, якая разгарнулася ў Расiйскай імперыі пачатку ХІХ ст У збiральнiцкай i навуковай дзейнасцi М.П. Румянцаў цiкавiўся, галоўным чынам, матэрыяламi па славянскай гiсторыі i старажытнай пiсьменнасцi. У гэтых адносiнах Беларусь пачатку XIX ст. уяўляла сабой неабсяжнае поле дзейнасцi. На сродкi Румянцава было арганiзавана даследаванне архiваў Полацка, Магiлёва, Мсцiслаўля, Турава, падчас якога было выяўлена шмат каштоўных рукапiсаў. Аднак найбольш плённым з пункту гледжання распрацоўкi беларускай археаграфii было супрацоўнiцтва М.П. Румянцава з гомельскiм протаiрэем І.I. Грыгаровiчам. У 1824 г. ён сабраў i выдаў на сродкi свайго патрона “Беларускi архiў старажытных грамат” – першы археаграфiчны зборнiк, прысвечаны выключна Беларусi. Трэба адзначыць, што ў якасцi дадатку да зборнiка, па рэкамендацыi Румянцава, быў складзены першы “Слоўнiк карэнных беларускiх слоў”. У рукапiсным аддзеле Гомельскай бiблiятэкi знаходзiлiся не толькi арыгiнальныя матэрыялы, але i копii, выпiскi, што тычылiся беларускай гiсторыi, зробленыя самiм уладальнiкам. Асаблiвую ўвагу вучонага прыцягвала гiсторыя Полацка, яго старажытнасцi. У 1818 г. ён адшукаў на тэрыторыi былога Полацкага княства Барысаў камень – манументальны помнiк эпiграфiкi XII ст. У апошнiя гады жыцця М.П. Румянцаў зацiкавiўся нумiзматыкай, чаму ў значнай ступенi садзейнiчаў скарб арабскiх манет, знойдзеных у Гомелі i апiсаных па яго просьбе акадэмiкам Х.Д. Фрэнам. Добра вядомы сучаснiкам быў ваенна-гiстарычны збор, створаны ў другой чвэрцi XIX ст. у маёнтку Дабраўляны Вiленскай губерні. Сканцэнтраванне ўвагi пераважна на зброі i вайсковым рыштунку дазволiла яго ўладальнiку Адаму Гюнтэру сабраць каштоўную калекцыю польскiх, рускiх, французскiх, турэцкiх, нямецкiх і мясцовых узораў XIII–XIX ст. У 1824–1830 гг. па праекце архітэктара Яна Барэцці Гюнтэр будуе новы палац у рамантычным стылі. Адначасова з будаўніцтвам палаца ідзе рэканструкцыя старога рэгулярнага парку ў пейзажным стылі. Яго асаблівасцю стала водная сістэма, якая складалася з трох сажалак, каналаў, крыніц і гарманіравала з гротамі і альтанкамі. У духу часу заснавальнікі парку стварылі ідылічныя пейзажы вясковага жыцця. На ўскраіне знаходзілася малочная ў выглядзе будана, дзе пераапранутая ў швейцарку жанчына раздавала ежу, а “нармандка” разлівала гарбату. Побач “ляжаў” пастух з дудою. Нечакана для шматлікіх гасцей Гюнтэра ў парку маглі з’явіцца цыганы ці літаратурныя персанажы кшталту Эсмеральды ці Квазімоды. У цэнтры парку знаходзілася каплiца з алтаром, унутры якога за шклом былi раскладзены “свяшчэнныя рэлiквii”, якія сведчылі аб былой вайсковай славе шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага. На сценах, па перыметры памяшкання, былi развешаны “стрэлы, сякеры, парахаўнiцы, чаканы, кірасы, шлемы, бердышы, алебарды… акуратна сгрупаваныя яны уяўлялі цiкавае i прыгожае вiдовiшча”. Да калекцый зброi далучалiся нешматлiкiя курганныя знаходкi. Можна сцвярджаць, што збор А. Гюнтэра фарміраваўся пад уплывам iдэй І. Чартарыйскай, якiя рэалiзавалiся ў яе “Гатычным доме” ў Пулавах*. Аб гэтым сведчыць падобная архiтэктура абодвух музейных будынкаў, афармленне экспазiцый, крынiцы папаўнення гэтых збораў (падобна Пулавам, у Дабраўляны дасылалi сямейныя рэлiквiі i зброю прадстаўнiкi шматлiкiх магнацкiх родаў). Нарэшце, iснуюць ускосныя звесткі аб тым, што І. Чартарыйская i А. Гюнтэр мелі перапiску. Пасля смерцi ўладальнiка Дабраўлян у 1854 г. збор быў падзелены i вывезены ў Варшаву. Палац і парк загінулі падчас першай сусветнай вайны. Разглядаючы прыватныя зборы Беларусi першай паловы XIX ст. трэба ўзгадаць купца-старавера I.I. Сабольшчыкава (1763–1836) у Вiцебску. З’яўленне гэтага збору сведчыла аб заканчэннi перыяду манаполii збiральнiкаў-арыстакратаў, развiццi калекцыянiравання ў бок большай дэмакратызацыi. Вядома, што I.I. Сабольшчыкаў быў адукаваным чалавекам. Дзякуючы прыроднаму розуму і працавітасці, ён хутка разбагацеў, меў тры каменныя дамы і багатую малельню. Цiкавiўся гiсторыяй, складаў вершы, перапiсваў кнiгi рэлiгiйнага зместу, ведаў замежныя мовы. Пакінуў пасля сябе рукапісны “Зборнік”, які складаўся з 189 артыкулаў і ўяўляў хроніку чалавечай гісторыі ад стварэння свету да ХVIII ст. У найбольш цікавым артыкуле пад назвай “Касмаграфія” ён выкладае сваё бачанне ўсяго жывога, што ёсць на планеце, звычаяў і вераванняў іншых народаў. У малельні Сабольшчыкава размяшчаўся збор царкоўных старажытнасцей, у якiм былi сапраўдныя унiкумы (першыя рукапiсныя i друкаваныя кнiгi, старажытныя абразы ў залатых i срэбраных акладах, iнкруставаныя каштоўнымi камянямі). Як адзначаў вiдавочца, “…для археолага малельня Сабольшчыкава ўяўляла багатае сховішча старажытнасцей i рэдкасцей”. Рашэнне ўладальніка змясціць збор у малельны пакой было прадыктавана не толькі яго зместам, але і імкненнем пазнаёміць з сабранымі старажытнасцямі сябраў стараверскай абшчыны. Далейшы лёс калекцыі І.I. Сабольшчыкава невядомы. Не менш цiкавым зборам валодаў Тодар Нарбут (1784–1864), вядомы аўтар 9-томнай “Гiсторыi лiтоўскага народа”. Ён праводзiў раскопкi курганоў, вывучаў этнаграфiю i фальклор Паўночнай Беларусі. У маёнтку Шаўры знаходзiўся створаны iм “невялiкi збор старажытнасцей”, а таксама бiблiятэка, дзе захоўвалiся рэдкiя рукапiсы i выпiскi з кёнiгсбергскага тайнага архiва, звязаныя з гiсторыяй Беларусi. Яго сучаснiк Адам Плятэр (1790–1862) вывучаў гiсторыю беларускiх гарадоў, праводзiў археалагiчныя раскопкi. У сваiм маёнтку Краслава ён з маленства калекцыянiраваў прадметы, звязаныя з беларускай гiсторыяй i археалогiяй. Акрамя таго, там знаходзiўся архiў дакументаў вялiкай гiстарычнай каштоўнасцi. Першая палова ХІХ ст. была часам стварэння падобных калекцый мiнскiм чыноўнiкам Ю. Кабылiнскiм, князем Чацвярцiнскiм у Гродне, настаўнiкам Слуцкай гiмназiі I.К. Гесэ i некаторымі iншымi збiральнiкамi. Іх дзейнасць спрыяла захаванню помнiкаў гiсторыі i культуры, стварэнню крынiцазнаўчага фонду археалогii, этнаграфii i гiсторыi Беларусi, фарміраванню першых публiчных музеяў.
|