Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у другой палове 13 – 14 стст.
Першы кіраўнік дзяржавы, якая стала асновай Вялікага княства літоўскага Міндоўг быў забіты ў выніку змовы балцкай знаці ў 1263 г. На кароткі час уладу атрымлівае жамойцкі князь Транята (1263 – 1264). Аднак у 1264 г. ён таксама быў забіты. Вялікім князем становіцца старэйшы сын Міндоўга Войшалак (1264-1267). Падчас свайго княжання Войшалк прытрымліваецца саюзу з Галіцка-Валынскім княствам і нават прызнае намінальную залежнасць ад яго ў якасці новагародскага князя. У межах Літвы ён праводзіць жорсткую барацьбу супраць рода-племянной знаці, далучае да яе землі дайновы, нальшанаў і гальшанаў (землі вакол Крэва і Гальшан). У 1265 г. васальную залежнасць ад ВКЛ прызнае Полацкае княства. У рэлігійных адносінах Войшалк з’яўляўся праваслаўным і актыўна садзейнічаў распаўсюджанню праваслаўя сярод балцкага насельніцтва (заснаванне Лаўрышаўскага манастыра). У выніку змовы валынскіх князёў у 1267 г. Войшалк быў забіты. У 1267 – 1270 гг. на чале ВКЛ знаходзіцца валынскі князь Шварн Данілавіч. Наступным вялікім князем становіцца Тройдзень (каля 1270–1282). Ён лічыца прадстаўніком балцкай язычніцкай знаці і, як мяркуюць, пераносіць сталіцу дзяржавы з Новагародка ў Кернаў. Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі Тройдзеня: - канчатковае пазбаўленне васальнай залежнасці Новагародскай зямлі як галоўнай часткі ВКЛ ад Галіцка-Валынскага княства; - барацьба з крыжакамі за геапалітычнае панаванне ў Прыбалтыцы (на некаторы час ВКЛ удалося падпарадкаваць землі балцкіх плямёнаў земгалаў і селаў у сярэднім Падзвінні пасля паспяховай Ашэрадэнскай бітвы 1279 г.); - барацьба з агрэсіяй мангола-татараў пры падтрымцы Галіцка-Валынскага княства, якое ў гэты час трапляе ў залежнасць ад Залатой Арды і з яе дапамогай спрабуе аднавіць уладу ў Новагародскай зямлі (у 1274, 1275 і 1277 гг. аб’яднаныя валынска-татарскія войскі ажыццявілі тры буйныя паходы на Новагародак і Літву, аднак былі адбітыя); - барацьба з Мазовіяй (славянскае княства на паўночным усходзе Польшчы) за памежныя тэрыторыі; далучэнне да ВКЛ Слонімскага і Гарадзенскага княстваў, а таксама часткі тэрыторый яцвягаў; - перасяленне ў ВКЛ у 1277 – 1280 гг. часткі прусаў і яцвягаў, якія ўцякаюць пасля няўдалага паўстання супраць Тэўтонскага ордэна ў Прусіі 1276 г. у Верхняе Панямонне і Пабужжа. Наступным вялікім князем становіцца Віцень (каля 1293 – 1316). Асноўныя накірункі знешняй і ўнутранай палітыкі ВКЛ падчас княжання Віценя: - жорсткая барацьба з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнамі (паходы Ордэна на Гародню 1296, 1305, 1306 (двойчы), 1307 (тройчы), 1314 гг.); у барацьбе з крыжакамі вылучаецца ваенны талент гарадзенскага ваяводы Давыда Гарадзенскага); усталяванне ваеннай мяжы паміж ВКЛ і Тэўтонскім Ордэнам па рацэ Нёман; - ваенныя сутыкненні з Польскім каралеўствам за кантроль над памежнымі тэрыторыямі (паходы на польскія землі 1294, 1295, 1300, 1306, 1307 гг.); - барацьба супраць жамойцкай знаці, якая імкнулася адасобіцца ад ВКЛ (падаўленне жамойцкага паўстання 1294 г.); - канчатковае далучэнне да ВКЛ Полацкага княства (1307). Полацк заключыў з ВКЛ дамову (рад), паводле якой князь працягваў прызначацца толькі са згоды мясцовага веча; гандлёвыя дамовы горад заключаў самастойна; за злачынствы на тэрыторыі ВКЛ палачан маглі судзіць толькі ў Полацку прадстаўнікі гараджан – фактычна захавалася шырокая аўтаномія. Пры Віцені ў якасці агульнадзяржаўнага герба была ўведзена “Пагоня”. Пераемнікам Віценя становіцца Гедымін (1316 – 1341). У 1323 г. ён пераносіць сталіцу ВКЛ у Вільню. Асноўныя накірункі палітыкі ВКЛ падчас праўлення Гедыміна: -уключэнне ў склад ВКЛ Віцебскага, Менскага, Турава-Пінскага, Берасцейскага княстваў, Падляшша; - спробы распаўсюджання палітычнага ўплыву на Наўгародскую і Пскоўскую рэспублікі; далучэнне да ВКЛ Таропецкага і Ржэўскага княстваў, якія раней уваходзілі ў склад Смаленскай зямлі; - барацьба з крыжацкімі Ордэнамі (пастаянныя ўзаемныя набегі), падтрымка Рыжскага арцыбіскупства ва ўнутранай вайне з Лівонскім Ордэнам; - заключэнне ў 1325 – 1330 гг. ваенна-палітычнага саюзу з Польскім каралеўствам, скіраванага супраць Тэўтонскага Ордэна (вынікам сталі некалькі паспяховых паходаў супраць крыжакоў); - удзел у барацьбе за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства, якое спыніла сваё існаванне ў 1330-я гг., што прыводзіць да разрыву саюзу з Польшчай (сын Гедзіміна Любарт становіцца князем на Валыні); - захаванне свабоды веравызнання ў ВЛ для праваслаўных, католікаў і паганцаў; спробы стварэння асобнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку (1317 – 1330); спробы распаўсюджання каталіцызму ў ВКЛ (зварот да рымскага папы 1323 г. з выказваннем намеру рыняцця каталіцызму, запрашэнне ў ВКЛ каталіцкіх манаскіх ордэнаў і мяшчан з каталіцкіх краін). Пасля гібелі Гедзіміна ў 1341 г. вялікім князем стаў яго сын Яўнут (1341-1345). Аднак у выніку змовы іншых князёў на чале з Альгердам і Кейстутам ён быў скінуты. Падчас праўлення вялікага князя Альгерда (1345 – 1377) ВКЛ дасягае сваёй найвышэйшай магутнасці. У гэты перыяд існавала пэўнае двоеўладдзе: Альгерд княжыў у Вільні і Віцебску, валодаў пераважным палітычным уплывам ва ўсходняй частцы ВКЛ, яго брат Кейстут княжыў у Троках, Гародні і Берасці і валодаў пераважным палітычным уплывам у заходняй частцы ВКЛ. Асноўныя накірункі знешняй палітыкі ВКЛ падчас праўлення Альгерда: - далучэнне да ВКЛ тэрыторый сярэдняга Падняпроўя, Мсціслаўскага і Бранскага княстваў (1358 – 1359); - паяпяховая барацьба супраць Залатой Арды ў 1350 – 1360-я гг.; пасля бітвы пад Сінімі водамі 1362 г. да ВКЛ былі далучаны Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле; - барацьба з крыжакамі: крыжакі за 30 год здзейснілі больш 100 рэйдаў на ВКЛ, у адказ адбыліся 42 пагоні (пагоня – звычай, калі на абарону краіны збіралася ўсё мужчынскае насельніцтва); - барацьба за падзел спадчыны Галіцка-Валынскага княства з Польшчай і Венгрыяй (войны 1349-1351 і 1366 гг.); у выніку за ВКЛ была замацавана Валынь; - барацьба за палітычнае лідэрства ва Ўсходняй Еўропе з Маскоўскім княствам, якое з сярэдзіны 14 ст., абапіраючыся на падтрымку Залатой Арды імкнецца да аб’яднання пад сваёй уладай суседніх усходнеславянскіх княстваў: паходы войска Альгерда на Маскву 1368, 1370, 1372 гг.; барацьба за палітычны ўплыў у Ноўгарадзе, Пскове, Цвярскім, Смаленскім княствах; у выніку да ВКЛ далучаны Вярхоўскія княствы (невялікія княствы ў чарназемнай паласе сучаснай Расіі). У рэлігійных адносінах Альгерд з’яўляўся праваслаўным, але імкнуўся да захавання рэлігійнага міру паміж праваслаўнымі і язычнікамі ў дзяржаве; у працяг палітыкі Гедыміна імкнуўся да стварэння самастойнай праваслаўнай мітраполіі ў ВКЛ. Такім чынам, к канцу княжання Альгерда ВКЛ з’яўлялася адной з буйнейшых дзяржаў у тагачаснай Еўропе, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, большай часткі Украіны, некаторых абласцей Расіі і Польшчы. Можна вылучыць асноўныя шляхі ўключэння асобных княстваў і тэрыторый у склад ВКЛ: - заключэнне дагавораў з асобнымі княствамі на добраахвотнай аснове (напрыклад, Полацкае княства); - устанаўленне васальных адносін праз дынастычныя шлюбы (напрыклад, Віцебскае княства); - ваеннае заваяванне (напрыклад, Кіеўская, Чарнігаўская землі, Падолле). К канцу 14 ст. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае ўяўляла з сябе федэратыўны саюз асобных удзельных княстваў на чале з вялікім князем літоўскім. Першапачаткова ва ўдзельных княствах захоўваліся мясцовыя княскія дынастыі, пазней іх замянілі розныя галіны пануючай літоўскай дынастыі. Асобныя княствы і землі мелі вялікую самастойнасць. Кожнае з іх мела ўласныя органы кіравання, войска, падатковую сістэму, права і традыцыйныя звычаі, нават рэлігію. Асноўным прынцыпам далучэння да ВКЛ быў “даўніны не рушыць навіны не ўводзіць”, што дазваляла старой эліце захаваць уладу ў княствах. Падпарадкаванне ўдзельных княстваў вялікаму князю літоўскаму выяўлялася ў наступных з’явах: - выплата даніны; - адзіная знешняя палітыка; - сумесныя ваенныя паходы.
|