Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






ЮхоІ.А.






БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА

І.А. Юхо,

Л.К. Сокал

 

ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ

I ПРАВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Паслякастрычніцкі перыяд

 

Мінск 2004


БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ ПРАВАЗНАЎСТВА

І.А. Юхо,

Л..К. Сокал

 

ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ

I ПРАВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

 

Паслякастрычніцкі перыяд

Вучэбны дапаможнік

 

Мінск

НА ТАА «БІП-С»



Рэкамендавана рэдакцыйна-выдавецкім саветам

Беларускага інстытута правазнаўства

Рэцэнзент А.М. Янушкевіч, канд. гіст. навук

 

 

ЮхоІ.А.

Гісторыя дзяржавы і права Рэспублікі Беларусь / І.А. Юхо, Л.К. Сокал. – Мн.: НТ АА “”БІП-С”, 2004 – с.

У дапаможніку ў адпаведнасці з праграмай курса гісторыі дзяржавы і права Беларусі выкладаецца працэс развіцця дзяржавы і права нашай краіны, а таксама змешчаны дакументы, якія асвятляюць гэты працэс у паслякастрычніцкі перыяд данашых дзён.

Для выкладчыкаў і студэнтаў юрыдычных і гістарычных факультэтаў універсітэтаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй дяржавы і права беларускага народа.

 

УСТУП

 

Вывучэнне гісторыі дзяржавы і права беларускага народа мае як навуковае значэнне, так і практычнае, бо дапамагае студэнту выпрацаваць свой сучасны светапогляд грамадзяніна незалежнай Рэспублікі Беларусь. Без грунтоўнага ведання гісторыі дзяржаўных структур улады і разумення дзеяння ўсяго дзяржаўнага механізма нельга кіраваць дзяржаўным апаратам і забяспечваць падрыхтоўку свядомых будаўнікоў свабоднага грамадства і прававой дзяржавы. Гістарычны аналіз заканадаўства неабходны як для правільнага ўсведамлення дзеючых норм права, так і для крытычнай ацэнкі заганных і застарэлых прававых актаў.

Адраджэнне беларускай дзяржавы пачалося ў момант вострай ваеннай і палітычнай барацьбы, пры адсутнасці ўласных узброеных сіл і пры недастатковай матэрыяльнай і ідэалагічнай падтрымцы з боку заможных слаёў насельніцтва і некаторай часткі нацыянальнай інтэлігенцыі, але беларускі народ здолеў перамагчы ўсе цяжкасці і адбудаваць сваю незалежную Рэспубліку Беларусь. Шматвяковая гісторыя развіцця беларускай дзяржаўнасці сведчыць пра неабходнасць грунтоўнага вывучэння гістарычных падзей адносна невялікага савецкага перыяду гісторыі Беларусі, у якім адбылося безліч гераічных і трагічных з'яў нашага мінулага.

У дапаможніку асвятляюцца праблемы адраджэння дзяржавы беларускага народа, ідэйна-палітычная барацьба ў 1917 – 1920 гг., абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, утварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістынай Рэспублікі і яе ліквідацыю, аднаўленне Беларускай ССР, утварэнне яе дзяржаўнага апарата і права ў перыяд новай эканамічнай палітыкі. Асвятляюцца асноўныя моманты прававога і сацыяльнага становішча беларускіх сялян і рабочых у Заходняй Беларусі пад акупацыйным рэжымам Полышчы, уз'яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай ССР, удзел беларускага народа ў вайне з нямецкімі акупантамі і аднаўленне народнай гаспадаркі, культуры, дзяржаўнага апарата і права рэспублікі. Значная ўвага прысвечана радыкальным пераўтварэнням 90-ых гадоў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г.

Вучэбны дапаможнік разлічаны на самастойнае вывучэнне студэнтамі гісторыі дзяржавы і права Беларусі і падрыхтоўку імі рэфератаў, курсавых і дыпломных прац, таму ў ім змешчаны тэмы такіх прац, навуковая літаратура і асноўныя гістарычныя і заканадаўчыя крыніцы для кожнай тэмы.

Для болыш поўнага і ўсебаковага вывучэння гісторыі дзяржавы і права Беларусі мы раім студэнтам карыстацца не толькі літаратурай, што прыведзена ў дапаможніку, але і іншымі вучэбнымі і навуковымі працамі і публікацыямі дакументаў у часопісах і зборніках.


 

 

ТЭМА 1. Грамадска-палітычны лад і права ў перыяд рэвалюцыйных перамен і змагання за адраджэнне беларускай нацыянальнай дзяржавы (1917 – 1920)

 

Адбудова беларускай нацыянальнай дзжяржавы, пачалася з першых дзён Лютаўскай народнай рэвалюцыі ў Расіі ў 1917 г. На змену зліквідаванай царскай адміністрацыі ў Мінску былі ўтвораны на пачатку сакавіка Камітэт грамадскага парадку і бяспекі, падпарадкаваны Часоваму ўраду ў Петраградзе, і Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, кіраўніцтва ў якім належала выканаўчаму камітэту Савета. Але фактычна вышэйшая ўлада на тэрыторыі Беларусі захавалася ў ваеннага камандавання Стаўкі вярхоўнага камандавання, што знаходзілася ў Магілёве, і штаба Заходняга фронту ў Мінску. Бо ўся тэрыторыя Беларусі з пачаткам вайны ў 1914 г. была абвешчана на ваенным становішчы і ў сувязі з гэтым усе цывільныя органы кіравання былі падпарадкаваны ваеннаму камандаванню. Такім чынам, на Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўсталявалася не двоеўладдзе, як у Расіі, а троеўладдзе. Усе гэтыя тры ўлады варожа ставіліся да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Але яны не маглі стрымаць ініцыятывы нацыянальных дзеячаў Беларусі, якія 25 – 27 сакавіка 1917 г. правялі ў Мінску з’езд Беларускіх нацыянальных арганізацый, дзе быў створаны яго выканаўчы орган – Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК) у складзе 18 чалавек. У склад БНК былі выбраны: Р.А.Скірмунт (старшыня), П.П.Аляксюк, У.С.Фальскі (намеснікі старшыні), Б.А.Тарашкевіч (сакратар), Л.Заяц (скарбнік), А.А.Смоліч, Э.А.Будзька, В.Гадлеўскі, Я.С.Канчар, І.І.Краскоўскі, А.Л.Бурбіс, З.Ф.Жылуновіч, К.К.Кастравіцкі, М.С.Кахановіч, Бабарыкін, В.Л.Іваноўскі, Л.І.Дубяйкоўскі, Ф.Г.Шантыр. З’езд даручыў Камітэту прыступіць да распрацоўкі Канстытуцыі «Беларускага краявога ўрада». З’езд выказаўся за падтрымку Часовага ўрада Расіі і за неабходнасць перадачы мясцовай выканаўчай улады ў Беларусі БНК, а таксама аб прадастаўленні аўтаноміі Беларусі.

Летам таго ж года ў Мінску адбыўся Другі з'езд беларускіх арганізацый, на якім замест БНК была выбрана Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацый і яе Выканаўчы камітэт. У той жа час на розных франтах былі створаны камітэты воінаў-беларусаў, якія правялі свой з’езд і ўтварылі Цэнральную Беларускую Вайсковую Раду. У кастрычніку 1917 г. Цэнтральная Рада Беларускіх Арганізацый і Цэнтральная Беларуская Вайсковая Рада аб’ядналіся і ўтварылі Вялікую Беларускую Раду (ВБР) і яе Выканаўчы камітэт з 24-х чалавек. Найбольш актыўнымі дзеячамі ВБР былі: В.А.Адамовіч, П.А.Бадунова, Я.Я.Варонка, В.І.Захарка, З.Ф.Жылуновіч, С.А.Рак-Міхайлоўскі, Б.АТарашкевіч. Вялікая Беларуская Рада мела на мэце скліканне на дэмакратычнай аснове Усебеларускага з’езда для вырашэння пытання аб дзяржаўным і грамадскім ладзе Беларусі.

Далучэнне шырокіх мас насельніцтва да палітычнага жыцця спрыяла таму, што ініцыятыва Выканаўчага камітэта Вялікай Беларускай Рады аб скліканні Усебеларускага з’езда была падтрымана ўсімі беларускімі арганізацыямі. У той жа час у Выканаўчага камітэта ВБР з'явіўся канкурэнт у асобе прабальшавіцкага Беларускага Абласнога Камітэта (БАК) пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе. Галоўнай мэтай БАК было жаданне перахапіць ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда і накіраваць яго працу ў сацыялістычным накірунку і не дапусціць утварэння незалежнай Беларускай рэспублікі. Дзейнасць БАК атрымала падтрымку ўрада Расіі, і асабіста I. Сталіна.

Пераход улады ў Петраградзе ў кастрычніку 1917 г. у рукі бальшавікоў не змяніў намаганняў Вялікай Беларускай Рады да склікання Усебеларускага з’езда, які пачаў працу 5 снежня 1917 г. У працы з’езда ўдзельнічала каля 2 тыс. чалавек, з іх 1175 дэлегатаў мелі права рашаючага голасу. Па свайму сацыяльнаму складу ён быў неаднародным. Большасць удзельнікаў з’езда складалі салдаты, сяляне, рабочыя, працоўная інтэлігенцыя (настаўнікі), але былі і прадстаўнікі памешчыкаў. На з’ездзе разглядаліся пытанні палітычнага становішча, утварэння мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання лёс Беларусі. З’езд пачаў працаваць, калі ў Мінску была ўстаноўлена дыктатура бальшавікоў Заходняга фронту, якія ў лістападзе 1917 г. утварылі Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй у вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які абапіраўсяна салдат Заходняга фронту расійскай арміі. Першапачаткова Аблвыкамзах не перашкаджаў працы Усебеларускага з’езда, але як толькі з’езд прыняў пастанову аб самавызначэнні Беларусі і аб утварэнні са свайго складу «органа краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў», то з’езд быў разагнаны. Тым самым бальшавікі Заходняга фронту не далі магчымасці працоўным Беларусі ўтварыць свае саветы.

У лютым 1918 г. нямецкія войскі пачалі новае наступленне, і бальшавіцкі Аблвыкамзах вымушаны быў уцякаць з Мінска. Выкарыстаўшы момант, калі бальшавікоў ужо не было ў Мінску, а немцы яшчэ не захапілі горад, Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда выдаў Першую ўстаўную грамату да народаў Беларусі, ў якой абвясціў сябе часоваю ўладаю на Беларусі і ўтварыў Народны Сакратарыят, як часовы ўрад Беларусі.

3 сакавіка 1918 г. урадам Савецкай Расіі быў падпісаны ў Брэст-Літоўску мірны дагавор з Германіяй, па якому Беларусь рвалася на часткі і большая частка Беларусі прызнавалася за Германіяй, што ўжо выключала магчымасць утварэння беларускай аўтаноміі ў складзе Расіі. А таму 9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады з’езда, дбаючы аб дзяржаўнасці беларускага народа, выдаў Другую ўстаўную грамату, якой абвясціў аб утварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Затым, 25 сакавіка, Трэцяй устаўной граматай абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку самастойнай, «незалежнай і вольнай дзяржавай». Яе незалежнасць і суверэннасць была прызнана некаторымі замежнымі дзяржавамі.

У лістападзе 1918 г. Германія пацярпела паражэнне і яе войскі вымушаны былі пакінуць Беларусь. Але як толькі немцы пачалі адыходзіць з Беларусі, на яе тэрыторыю ўступіла расійская Чырвоная Армія. Урад Расіі, і асабліва ЦК РКП(б), каб неяк прыхаваць агрэсіўны характар супраць незалежнай Беларускай рэспублікі, вырашылі ўтварыць Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусі. З гэтай мэтай 25 снежня 1918 г. І.Сталін паведаміў А.Мяснікову, што ЦК партыі вырашыў пагадзіцца з прапановай беларускіх бальшавікоў, што працавалі ў Народным камісарыяце па нацыянальных справах у Маскве, на ўтварэнне савецкага ўрада для Беларусі. Там жа І.Сталін выдаў дырэктыву «Аб практычных мерапрыемствах утварэння БССР» і зацвердзіў склад урада Беларускай ССР. Канстытуцыйнае абвяшчэнне аб утварэнні Беларускай ССР было зроблена 1 студзеня 1919 г. Маніфестам Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларусі, падпісанага З.Жылуновічам (старшыня ўрада) і сябрамі ўрада – А.Мясніковым, С.Івановым, А.Чарвяковым і І.Рэйнгольдам. У лютым 1919 г. адбыўся 1-ы з’езд саветаў Беларусі, на якім была прынята Канстытуцыя Беларускай ССР і выбраны Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Беларускай ССР. Ён у сваю чаргу выбраў Вялікі і Малы прэзідыумы ЦВК БССР, якія выконвалі функцыю ўрада Беларускай ССР.

Першая Савецкая Рэспубліка Беларусі праіснавала два няпоўныя месяцы, бо КЦ РКП(б), жадаючы засцерагчы Беларускую ССР і Літоўскую ССР «ад магчымасці праяўлення ў іх нацыянальна-шавіністычных памкненняў», вырашыў аб’яднаць іх у адзіную Літоўска-Беларускую рэспубліку, якая і была ўтворана 27 лютага 1919 г. Праіснавала яна да восені 1919 г., калі яе беларуская частка была акупіравана Польшчай і ўрад Савецкай Расіі прапанаваў Польшчы заключыць мірны дагавор, па якому яна магла атрымаць тэрыторыю Беларусі, што ўваходзіла ў склад Літоўска-Беларускай ССР. Акупацыя Польшчай тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі не азначала яе ліквідацыю. На той час нават У.І.Ленін лічыў, што Беларуская Народная Рэспубліка можа заставацца незалежнай дзяржавай. У красавіку 1920 г. ён паведаміў, што савецкі ўрад нічога не мае «супраць незалежнасці Літвы і Беларусі» (У.І.Ленін. ПСС. Т. 40. С. 331). Але як толькі Чырвоная Армія заняла сталіцу Беларускай Народнай Рэспублікі Мінск, ЦК РКП(б) вырашыў аднавіць Беларускую ССР. 31 ліпеня 1920 г. у Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне Мінскага губернскага Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, прадстаўнікоў ЦК КП(б) Літбел, прафесійных саюзаў, Беларускай камуністычнай арганізацыі і партыі Бунд, на якім была зацверджана Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Гэтай Дэкларацыяй была канстытуцыйна адноўлена Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка і быў утвораны яе вышэйшы орган дзяржаўнай улады – Ваенна-Рэвалюцыйны Камітэт ССРБ, які быў падпарадкаваны партыйным і дзяржаўным органам Савецкай Расіі.

У сярэдзіне снежня 1920 г. у Мінску адбыўся Другі з’езд Саветаў Беларусі, які прыняў папраўкі і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт, старшыню ЦВК, утварыў урад БССР. Старшынёй ЦВК і ўрада БССР быў выбраны А.Р.Чарвякоў. 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Польшчай, з аднаго боку, і Расіяй і Украінай – з другога, па якому ўся Заходняя Беларусь аддавалася Польшчы. Беларуская ССР на той час складалася толькі з шасці паветаў былой Мінскай губерні: Мінскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага, Слуцкага і Мазырскага. Усходнія паветы Беларусі былі ўключаны ў склад РСФСР.

 

 

Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 1

 

1. Дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый у 1917 г. Першы Усебеларускі з’езд (кангрэс), яго рашэнні і значэнне.

2. Усталяванне Савецкай улады на Беларусі. Абласны Выканаўчы Камітэт Заходняй вобласці і фронту. Яго склад і характар дзейнасці.

3. Беларуская Народная Рэспубліка і яе дзейнасць.

4. Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь. Першы ўрад БССР. Тэрыторыя рэспублікі.

5. Першы з’езд Саветаў Беларускай ССР і яго акты.

6. Утварэнне Літоўска-Беларускай ССР, яе тэрыторыя, час яе дзейнасці.

7. Беларусь пад польскай акупацыяй. Дзейнасць БНР. Хлуслівасць польскай палітыкі.

8. Аднаўленне Беларускай ССР. Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР.

9. Другі з’езд Саветаў Беларусі і яго рашэнні.

 

Літаратура да тэмы 1

 

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1 – 6. Мн., 1993 – 2003.

2. Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности. Мн., 1999.

3. Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945 гг.). Мн., 2000.

4. Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917 – 1920 гг.).

5. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000.

6.Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921; Мн., 1993.

7. Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР. Документы и материалы. Мн., 1954.

8. Маргунский С.П. Создание и упрочение белорусской государственности. Мн., 1958.

9. Юхо И.А., Сокол Л.К. Учебное пособие по истории государства и права Республики Беларусь. Ч. 1. Мн., 1994.

 

ТЭМА 2. Дзяржава і права Беларускай ССР

у міжваенны час (1921 – 1938)

 

Народная гаспадарка Беларусі, зруйнаваная першай сусветнай вайной, нямецкай і польскай акупацыяй, «ваенным камунізмам» на пачатку 1921 г. знаходзілася ў вельмі цяжкім стане. Голад і рабаўніцтва харчатрадаў выклікалі масавыя сялянскія бунты і паўстанні супраць бальшавіцкай улады. У першай палове сакавіка 1921 г. у Маскве адбыўся X з’езд РКП(б), які прыняў пастанову аб пераходзе да новай эканамічнай палітыкі дазвол рыначных адносін, прадпрымальніцкай дзейнасці і, самае галоўнае, навядзенне прыватнай сялянскай гаспадаркі. Правядзенне нэпа садзейнічала аднаўленню і развіццю беларускай культуры.

У перыяд нэп’а былі выпрацаваны новыя тэарэтычныя і практычныя асновы спалучэння камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання з гаспадарчаразліковай, што давала магчымасць дзяржаўным прадпрыемствам удзельнічаць у таварна-рыначных адносінах, праяўляць ініцыятыву ў гаспадарчай дзейнасці. Некалькі паслаблены быў рэпрэсійны характар дзейнасці карных органаў, пачало ўводзіцца новае заканадаўства. Дзейнасць вышэйшых і мясцовых органаў дзяржаўнай улады ставілася пад кантроль заканадаўства. Пачалі больш дакладна юрыдычна афармляцца ўзаемаадносіны паміж БССР і РСФСР. У пачатку 1921 г. быў заключаны Саюзны рабоча-сялянскі дагавор, згодна з якім Беларуская ССР заняла пераходнае становішча ад аўтаноміі ў складзе РСФСР да саюзнай рэспублікі, што пазней і было засведчана ў рэзалюцыі X з’езда РКП(б). Развіццю Беларускай ССР садзейнічала ўтварэнне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік 30 снежня 1922 г.

У гэты ж перыяд усталявалася стабільная структура партыйнага і дзяржаўнага апарата. Вышэйшая ўлада належала кіраўніцтву Расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) на чале з У.І.Леніным, а з 1924 г. – І.В.Сталінам. Вышэйшымі дзяржаўнымі органамі лічыліся: Усерасійскі з’езд Саветаў, Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў РСФСР. З 1923 г., пасля ўтварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Усесаюзны з’езд Саветаў, Цэнтральны Выканаўчы Камітэт СССР і Савет народных камісараў СССР.

У Беларускай ССР усе партыйныя і савецкія органы былі падпарадкаваны кіраўніцтву РКП(б), ВКП(б), КПСС і да 1923 г. кіруючым органам РСФСР, а потым Савецкага Саюза. У рэспубліцы партыйнае кіраўніцтва да 1924 г. належала Цэнтральнаму Бюро Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а з траўня 1924 г. Цэнтральнаму Камітэту КП(б)Б. Вышэйшымі дзяржаўнымі органамі лічыліся Усебеларускі з’езд Саветаў, яго Цэнтральны Выканаўчы камітэт (ЦВК) і Савет Народных Камісараў БССР.

У 1924 – 1926 гг. у склад Беларускай ССР былі вернуты 18 паветаў Усходняй Беларусі і праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі. Уся тэрыторыя БССР была падзелена на акругі, раёны, сельсаветы, гарады, мястэчкі, вёскі. Тэрыторыя БССР у пачатку 1927 г. складала 125 950 кв. км з насельніцтвам каля 5 млн чалавек.

11 красавіка 1927 г. VIII Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая мела сваёй задачай «гарантаваць дыктатуру пралетарыяту ў мэтах падаўлення буржуазіі, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам і здзяйсненне камунізму, пры якім не будзе ні падзелу на класы, ні дзяржаўнай улады» (арт. 1). У першыя гады бальшавіцкай улады адбылося зліццё партыйнага і савецкага дзяржаўнага апарату. Усе важнейшыя пасады ў дзяржаўным апараце займалі толькі сябры камуністычнай партыі бальшавікоў, якія зацвярджаліся ў адпаведных партыйных камітэтах. Напрыклад, кіруючыя работнікі Беларускай ССР зацвярджаліся ў Маскве ў ЦК РКП(б), ЦК ВКП(б), а рэспубліканскія наркомы, іх намеснікі і некаторыя іншыя – на Бюро ЦК КП(б)Б. Асобы, якія прызначаліся або выбіраліся на пасады ў акругах, раёнах, зацвярджаліся адпаведнымі партыйнымі камітэтамі. Такая сістэма вылучэння і прызначэння кіруючых партыйных і дзяржаўных работнікаў атрымала назву наменклатуры. Канстытуцыя Беларускай ССР 1927 г. абмяжоўвала правы некаторых груп сваіх грамадзян (арт. 13, 19, 71).

У 20-ыя гады XX ст. у Беларускай ССР была створана рэспубліканская нарматыўна-заканадаўчая база, што забяспечвала прававое рэгуляванне дзейнасці органаў дзяржаўнага апарату, гаспадарчых і культурных устаноў, а таксама прававое становішча грамадзян. Былі ўведзены ў дзеянне на тэрыторыі рэспублікі некаторыя кодэксы РСФСР і распрацаваны свае кодэксы і іншыя нарматыўныя акты.

Паспяховае правядзенне зямельнай, падатковай, крэдытна-фінансавай і рыначнай палітыкі ў сярэдзіне 20-ых гадоў садзейнічала таму, што ў 1925 – 1926 гг. сельская гаспадарка і прамысловасць рэспублікі значна пераўзыходзіла даваенны ўзровень. Але ў 1928 – 1930 гг. пачалася ліквідацыя нэп’а і прымусовая масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Паскоранымі тэмпамі пачалася пабудова сацыялізму. Пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць нэпманаў, кулакоў, нацыянальных дэмакратаў і ўвогуле ўсяго народа, якія асабліва ўзраслі ў 1934 – 1938 гг. Усё гэта ў значнай ступені нанесла значныя шкоды народнай гаспадарцы і беларускай культуры. У 1932 – 1933 гг. у рэспубліцы пачаўся голад, была ўведзена карткавая сістэма забеспячэння насельніцтва харчовымі прадуктамі і таварамі неабходнага ўжытку.

Фальсіфікацыя крымінальных спраў супраць «ворагаў народа», партыйных, савецкіх і ваенных кіраўнікоў у Савецкім Саюзе прывяла да значнай дэзарганізацыі ўсіх структур кіравання. Разам з тым праводзілася шырокая прапагандысцкая кампанія па нібыта пабудаванаму сацыялізму і развіццю дэмакратыі. У гэтай прапагандысцкай працы значная роля адводзілася прынятай у 1936 г. Канстытуцыі СССР і зацверджанай у лютым 1937 г. Канстытуцыі Беларускай ССР.

Канстытуцыя СССР 1936 г. прадугледжвала нібыта пашырэнне правоў грамадзян. Так, у артыкуле 125 абвяшчаліся свабода слова, свабода друку, свабода сходаў і мітынгаў, свабода вулічных шэсцяў і дэманстрацый, але толькі ў мэтах «умацавання сацыялістычнага ладу». На самай жа справе кожнае свабоднае слова разглядалася як контрарэвалюцыйная дзейнасць або антысавецкая агітацыя і прапаганда, што магло карацца смяротным пакараннем або (з 1937 г.) пазбаўленнем волі да 25 гадоў, як была асуджана Ларыса Геніюш у 1949 г. З прыняццем Канстытуцыі СССР 1936 г. яшчэ больш былі абмежаваны правы саюзных рэспублік і праведзена больш жорсткая цэнтралізацыя ўсяго дзяржаўнага апарату. Забаранялася нават выданне ў рэспубліцы сваіх законаў аб судовым ладзе і судаводстве, а таксама прыняцце крымінальнага і грамадзянскага кодэксаў, што было аднесена да выключнай кампетэнцыі СССР.

Канстытуцыя Беларускай ССР 1937 г. адпаведна пераказвала Канстытуцыю СССР і толькі дэталізавала яе некаторыя палажэнні. Новымі былі ў саюзнай і рэспубліканскай канстытуцыях спроба адыходу ад прынцыпу «ўся ўлада Саветам» і намячаўся пераход да прынцыпу падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Але практычна гэта нічога не вызначала, бо фактычна ўся ўлада была сканцэнтравана ў ЦК ВКП(б) і яго Палітбюро. Новымі былі артыкулы аб Вярхоўным Савеце і яго прэзідыуме, а таксама аб выбарчым праве, аднак і яны не мелі вялікага значэння, бо дэпутаты ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР фактычна прызначаліся партыйнымі органамі. Спачатку ў кожную выбарчую акругу вылучаўся адзін кандыдат у дэпутаты, а затым ён жа выбіраўся дэпутатам, так што для грамадзян выбіраць не было магчымасці. Таму ўся палітычная сістэма Саецкага Саюза, у тым ліку і Беларускай ССР, з 1930 г. да 1953 г. характарызуецца як бюракратычны, аўтарытарны, дыктатарскі рэжым, у якім пануючым быў поўны кантроль над усімі бакамі грамадскага жыцця з боку партыйных і рэпрэсіўных органаў.

 

Тэматыка рэфератаў і курсавых прац па тэме 2

 

1. Дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларускай ССР у першыя гады новай эканамічнай палітыкі.

2. Дзяржаўна-прававыя ўзаемаадносіны паміж РСФСР і БССР.

3. Нацыянальная палітыка ў БССР у 20-ыя гады XX ст.

4. Вяртанне ў склад Беларускай ССР усходніх раёнаў Беларусі.

5. Сутнасць і значэнне Канстытуцыі БССР 1927 г.

6. Змены ў заканадаўстве БССР у 20-ыя гады XX ст.

7. Адміністрацыйна-прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі.

8. Канстытуцыя СССР 1936 г. і Канстытуцыя БССР 1937 г.

9. Рэпрэсіўны характар дзейнасці карацельных органаў у 1930 – 1938 гг.

 

Літаратура да тэмы 2

 

1. Ленин В.І. К вопросу о национальностях или об «автономизации». ПСС. Т. 45.

2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1 – 6. Мн., 1993 – 2003.

3. Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917 – 1945 гг.). Мн., 2000.

4. История государства и права Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1970.

5. История советской конституции 1917 – 1956. М., 1957.

6. Нарысы гісторыі Беларусі ў 2-х частках. Ч. 2. М., 1995.

7. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000.

8. Маргунский С.П. Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства 1921 – 1925. Мн., 1966.

9. Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1996.

10..Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20 – 50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994.


Тэма 3. Беларуская ССР

у перыяд другой сусветнай вайны.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай ССР. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне

 

29 жніўня 1918 г. Савет Народных Камісараў РСФСР выдаў дэкрэт, якім прызнаваліся страціўшымі сілу ўсе трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй, падпісаныя ў XVIII ст. Гэтым дэкрэтам Савецкая Расія прызнавала права Польшчы, Беларусі і Літвы на ўтварэнне сваіх нацыянальных дзяржаў. Але ўнутраныя эканамічныя і палітычныя сілы гэтых народаў на той час былі вельмі слабымі. Знешняя дапамога з боку еўрапейскіх дзяржаў была накіравана толькі Польшчы і Літве.

Пры падтрымцы заходніх дзяржаў у Польшчы былі створаны вайсковыя легіёны, якія адразу пасля капітуляцыі Германіі і абвяшчэнні Польскай рэспублікі ў канцы 1918 г. пачалі агрэсію супраць Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасля утварэння Беларускай ССР і супраць яе.

Прыкрываючы сваю захопніцкую палітыку на Беларусі, Ю.Пілсудскі 22 красавіка 1919 г. выдаў адозву «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага», у якой пісаў: «Край Ваш больш як сто гадоў ня ведае свабоды, прыгнечаны варожай сілаю Расіі, Германіі і бальшавікоў, якія не пытаючыся народу накінулі чужыя парадкі, прыгняталі Вашу волю, а частакроць ламалі жыццё». Далей ён абяцаў даць магчымасць самім беларусам вырашаць нацыянальныя і рэлігійныя справы так, як самі яны пажадаюць. Але, наадварот, як толькі палякі захапілі частку Беларусі, то адразу пачалі вынішчаць беларускую культуру і праводзіць палітыку апалячвання беларусаў. У сакавіку 1921 г. быў падпісаны ў Рызе мірны дагавор паміж Расіяй і Украінай з аднаго баку, і Польшчай – з другога, па якому Заходняя Беларусь прызнавалася часткай Польшчы.

У Заходняй Беларусі пад польскай акупацыяй усталяваўся ваенна-паліцэйскі рэжым, які душыў падаткамі сялян і прыгнятаў усіх працоўных палітычным і нацыянальным бяспраўем, асабліва пасля дзяржаўнага перавароту ў 1926 г. Тэрыторыя Заходняй Беларусі ў 20 – 30-ыя гады падзялялася на 4 ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае з цэнтрам у гтБрэсце. Ваяводствы складаліся з паветаў, паветы – з гмін, гміны – з грамад. Згодна з гэтым падзелам былі ўтвораны і мясцовыя органы кіравання і самакіравання.

Вышэйшымі органамі ўлады і кіравання ў Польшчы былі: прэзідэнт дзяржавы, сейм і сенат, савет міністраў.

Прэзідэнт Польскай рэспублікі выбіраўся на 7 гадоў на сумесным пасяджэнні дэпутатаў сейма і сенатараў (народным сходам). Першым прэзідэнтам Польскай рэспублікі быў выбраны галасамі левых і цэнтрысцкіх партый і нацыянальных меншасцяў 9снежня 1922 г. ураджэнец Віленшчыны Гаўрыла (Габрыэль) Нарутовіч, які быў забіты польскім шавіністам праз 7 дзён пасля 16 снежня 1922 г. 20 снежня 1922 г. адбыліся выбары новага прэзідэнта, ім быў выбраны Станіслаў Вайцэхоўскі, які пасля майскага дзяржаўнага перавароту ў 1926 г. падаў у адстаўку. Народны сход 31 мая 1926 г. выбраў прэзідэнтам Польскай рэспублікі Юзафа Пільсудскага, але ён не прыняў гэтай пасады і прапанаваў выбраць прэзідэнтам Ігната Мосьціцкага, які і быў выбраны прэзідэнтам Польскай рэспублікі. З гэтага часу ў Польшчы ўсталяваўся паліцэйска-бюракратычны таталітарны рэжым. Роля сейма і сената была зведзена да зацвярджэння бюджэту.

Прэзідэнт Польскай рэспублікі быў галавой дзяржавы. Ён кіраваў органамі выканаўчай улады, прадстаўляў дзяржаву ў міжнародных зносінах, выдаваў заканадаўчыя акты, у некаторых выпадках карыстаўся паўнамоцтвамі суддзі. Ён прызначаў і звальняў міністраў і іншых вышэйшых службовых асоб, ажыццяўляў вярхоўнае камандаванне збройнымі сіламі дзяржавы. Прэзідэнт склікаў, зачыняў і мог пераносіць даты чарговых і надзвычайных сесій сейма і сената. Ён жа прызначаў суддзяў і вырашаў пытанні аб памілаванні. Дзяржаўныя акты прэзідэнта павінны былі быць засведчанымі старшынёй урада і адпаведным міністрам, якія і неслі адказнасць за іх змест перад сеймам.

На выбарах, што адбыліся ў лістападлзе 1922 г. у сейм і сенат побач з прадстаўнікамі правых і цэнтрысцкіх буржуазна-памешчыцкіх партый былі выбраны і некалькі прадстаўнікоў працоўных ад блока нацыянальных меншасцяў, у асноўным, з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Дэпутаты ад Заходняй Беларусі П.Мятла, А.Аўсянік, С.Рак-Міхайлоўскі, Б.Рагуля, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч і іншыя, усяго 11 дэпутатаў і 3 сенатары ўтварылі Беларускі сеймавы клуб. Яны пастаянна змагаліся ў Сейме за сацыяльныя і нацыянальныя правы працоўных Заходняй Беларусі. У 1925 – 1927 гг. у Заходняй Беларусі была ўтворана, пры непасрэдным удзеле дэпутатаў Б.Тарашкевіча, П.Мятлы, С.Рак-Міхайлоўскага, масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя працоўных Заходняй Беларусі Беларуская сялянска-работніцкая Грамада.

Сейм і Сенат, якія былі асноўнымі заканадаўчымі органамі да мая 1926 г., пасля ваеннага перавароту Пілсудскага страцілі сваё значэнне, хаця працягвалі існаваць у дзяржаве. Згодна з Канстытуцыяй Польшчы 1935 г. і Законам аб выбарах у Сейм і Сенат, выбіраць дэпутатаў у Сейм маглі грамадзянне, якія дасягнулі 24 гадоў, а быць выбранымі – з 30 гадоў. Сейм складаўся з 208 дэпутатаў, а Сенат – з 96 сенатараў. 32 сенатары прызначаліся прэзідэнтам, а 64 сенатары выбіраліся толькі грамадзянамі, якія дасягнулі 30 гадоў, мелі заслугі перад дзяржавай, вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, афіцэрскае званне або займалі кіруючыя пасады ў грамадскім ці дзяржаўным апараце. Вядома, што ні сяляне, ні рабочыя з Заходняй Беларусі пры такіх умовах не маглі ўдзельнічаць у выбарах сенатараў. Выбранымі ў сенат маглі быць толькі грамадзяне, якія карысталіся выбарчым правам сенатараў і дасягнулі 40 гадоў.

Цэнтральным выканаўча-распарадчым органам дзяржаўнага кіравання быў Савет міністраў Польшчы, які складаўся са старшыні Савета міністраў, яго намеснікаў і міністраў.

Уся тэрыторыя Заходняй Беларусі падчас польскай акупацыі падраздялялася на чатыры ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Беластоцкае і Палескае з цэнтрам ў г. Брэст. Мясцовымі органамі дзяржаўнай адміністрацыі ў ваяводстве былі ваявода і ваяводскае ўпраўленне. Ваявода прызначаўся прэзідэнтам па прапанове міністра ўнутраных спраў, зацверджанай Саветам міністраў. Ваявода быў прадстаўніком урада на тэрыторыі ваяводства. Ён каардынаваў дзейнасць усіх дзяржаўных устаноў на тэрыторыі ваяводства і мог ажыццяўляць кантрольныя паўнамоцтвы над усімі дзяржаўнымі ўстановамі, якія непасрэдна яму не падпарадкоўваліся. Ён наглядаў, каб іх дзейнасць адпавядала агульнай палітыцы дзяржавы.

Свае функцыі ваявода выконваў праз ваяводскае ўпраўленне, якое складалася з аддзелаў: агульнага; бяспекі; самакіравання; адміністрацыйнага; аховы здароўя; вайсковага; земляробства; прамысловасці; працы і інш. Галоўная ўвага ваявод у заходнебеларускіх ваяводствах накіроўвалася на апалячванне краю, на недапушчэнне нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа, устанаўленне жорсткага кантролю за прэсай, грамадскімі і палітычнымі рухамі, партыямі і арганізацыямі. Ваяводы ажыццяўлялі нагляд за працай падпарадкаваных ім павятовых органаў улады.

На чале павятовай адміністрацыі стаяў стараста, які прызначаўся міністрам унутраных спраў і падпарадкоўваўся ваяводзе. Яму было падпарадкавана павятовае ўпраўленне – староства. Паўнамоцтвы старасты ў многім былі падобнымі да паўнамоцтваў ваяводы. У павятовым упраўленні ў адрозненне ад ваяводства была меншая колькасць аддзелаў і называліся яны рэфератамі.

Да 1933 г. у паветах існавалі павятовыя сеймікі як органы мясцовага самакіравання, дэлегаты на якія выбіраліся гміннымі саветамі. Пасля 1933 г. у паветах былі ўтвораны павятовыя рады, якія выбіраліся гміннымі радамі, а іх выканаўчымі органамі сталі павятовыя ўправы з шасці чалавек на чале са старастам. Але гэтыя органы самакіравання былі ў значнай меры толькі дэкаратыўнымі, бо самі яны без старасты нічога вырашаць не маглі. Колькасць паветаў у Заходняй Беларусі ў розныя часы вагалася ад 20 да 34. Напрыклад, у Навагрудскае ваяводства ў 1932 г. уваходзілі: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі, у склад Віленскага ваяводства – Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісненскі, Маладзечанскі, Пастаўскі, Свянцянскі паветы. Вялікія гарады, з колькасцю жыхароў за 75 тыс. чалавек, выдзяляліся ў самастойныя гарадскія паветы і ўзначальваліся гарадскімі старастамі. Малыя гарады ўтваралі гарадскія гміны.

Кожны сельскі павет падраздзяляўся на гміны. Гмінную адміністрацыю складалі войт і гміннае праўленне, якое складалася з намесніка войта і двух або трох засядацеляў. Засядацелі выбіраліся гміннаю радаю, у склад якой уваходзіла 10 – 15 радцаў. Гмінную раду выбіралі дэлегаты гміннага сходу, які складаўся са 100 – 150 прадстаўнікоў мясцовых паселішчаў – грамад.

Гміны складаліся з грамад, якія маглі аб’ядноўваць некалькі хутароў або невялікіх вёсак, аднак магло быць, што адна вёска ўтварала грамаду. На чале грамады стаяў солтыс, які па закону павінен быў выбірацца на грамадскім сходзе або грамадскай радай, але на самай справе солтыс, як і гмінны войт, прызначаўся павятовым старастам.

На ўсе дзяржаўныя пасады ў ваяводствах, паветах і гмінах Заходняй Беларусі прызначаліся толькі палякі і, як правіла, ураджэнцы самой Польшчы, выхадцы з багатых слаёў насельніцтва. Каб не дапусціць простых людзей да працы ў дзяржаўным апараце, у 1933 г. быў прыняты закон, згодна з якім нават на пасады ў гміннае праўленне маглі «выбірацца» толькі асобы, якія мелі сярэднюю адукацыю і павінны былі вытрымаць экзамены ў спецыяльнай павятовай камісіі. Уся сістэма мясцовых органаў дзяржаўнай улады грунтавалася на прынцыпе бюракратычнага цэнтралізму, на поўным падпарадкаванні месц цэнтру, без уліку мясцовых інтарэсаў, на падаўленні ўсяго беларускага.

Палітычнае бяспраўе, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі выклікалі барацьбу за свае правы, нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне з-пад польскай акупацыі. У першыя гады пасля захопу Заходняй Беларусі нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народа насіла характар шырокай партызанскай вайны. У сярэдзіне 20-ых гадоў у Заходняй Беларусі ўзнікла масавая дэмакратычная арганізацыя – Беларуская сялянска-рабочая грамада, якая на пачатку 1927 г. налічвала ў сваіх радах больш за 100 тыс. чалавек. Праграма Грамады ўключала патрабаванні: перадачу памешчыцкай зямлі сялянам, права на нацыянальнае самавызначэнне і шэраг іншых дэмакратычных патрабаванняў. Супраць польскай акупацыі актыўна дзейнічалі розныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, рухі: Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (ліквідавана паводле пастановы выканкома Камінтэрна ў 1938 г.), Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя, Беларускі сялянскі саюз, Таварыства беларускай школы і некаторыя менш уплывовыя арганізацыі.

Польскі паліцэйска-бюракратычны рэжым увесь час вёў жорсткую барацьбу супраць усіх беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый, праводзіў арышты, ссылкі, зняволенні ў канцлагеры, рабіў бандыцкія напады на актыўных дзеячаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Польшчы. Былі выдадзены законы, якія прадастаўлялі самыя шырокія правы адміністрацыі, паліцыі і судова-следчым установам у барацьбе з беларускім нацыянальным рухам. Законам ад 14 лютага 1928 г. дазвалялася паліцыі і іншым збройным сілам дзяржавы расстрэльваць дэманстрацыі і інш. 17 чэрвеня 1934 г. прэзідэнт Польшчы і Савет міністраў выдалі дэкрэт, згодна з якім кожны чалавек мог быць «затрыманы і прымусова змешчаны ў месца ізаляцыі…» Пастанову аб прымусовай ізаляцыі выдаваў следчы суддзя па прадстаўленні ўлад, якія выканалі затрыманне. Пастанова следчага суддзі абскарджанню не падлягала. Ізаляваны можа быць заключаны на тры месяцы. Ізаляцыя можабыць прадоўжана на наступныя тры месяцы ў тым жа парадку. Згодна з гэтым дэкрэтам, у канцлагер, які быў утвораны ў Бярозе Картузскай, былі заключаны сотні беларускіх дзеячаў без суда і следства, бо калі былі нейкія доказы, што сведчылі аб іх удзеле ў вызваленчай барацьбе, то тады іх вялі ў суд. У Заходняй Беларусі да 1932 г. ужывалася царскае крымінальнае ўлажэнне 1903 г., а ў 1932 г. быў уведзены ў дзеянне Крымінальны кодэкс Польшчы, згодна з якім асобы, вінаватыя ў вызваленчай барацьбе, караліся самымі суровымі карамі, аж да пакарання смерцю. Але ніякія кары не маглі запалохаць барацьбітоў за сваю свабоду, за вызваленне народа з-пад польскай акупацыі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.02 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал