Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Звязда. 1996. 27 лістапада
СТАТУТ САЮЗА БЕЛАРУСІ I РАСІІ
Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя, кіруючыся воляй народаў да супольнасці дзвюх дзяржаў, стварылі Саюз Беларусі і Расіі (далей называецца – Саюз). Глава I
ПРЫНЦЫПЫ I МЭТЫ САЮЗА Артыкул 1 Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя (далей называюцца – дзяржавы – удзельніцы Саюза), што стварылі Саюз, дзейнічаюць на аснове гэтага Статута, які з’яўляецца неад’емнай часткай Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 года. Артыкул 2 Устанаўліваецца грамадзянства Саюза. Кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь і кожны грамадзянін Расійскай Федэрацыі з’яўляецца адначасова грамадзянінам Саюза. Артыкул 3 Саюз засноўваецца на прынцыпах суверэннай роўнасці дзяржаў – удзельніц Саюза, дэмакратыі і павагі да правоў чалавека і грамадзяніна, супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі, дабравольнасці, добрасумленнага выканання ўзаемных абавязацельстваў і на іншых агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права. Перспектывы развіцця Саюза накіраваны на паслядоўны рух дабравольнага аб’яднання дзяржаў – удзельніц Саюза на аснове свабоднага волевыяўлення іх народаў, зыходзячы з Канстытуцый дзяржаў–удзельніц Саюза і агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. Артыкул 4 У межах паўнамоцтваў, нададзеных гэтым Статутам, Саюз валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Артыкул 5 Прававой асновай дзейнасці Саюза з’яўляюцца Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 года, гэты Статут, іншыя дагаворы паміж дзяржавамі – удзельніцамі Саюза, нарматыўныя прававыя акты органаў Саюза, прынятыя ў межах іх кампетэнцыі. Пры гэтым Дагавор аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1996 года, нарматыўныя прававыя акты, прынятыя раней органамі Супольніцтва Беларусі і Расіі, працягваюць дзейнічаць у частцы, што не супярэчыць Дагавору аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 года, неад’емнай часткай якога з’яўляецца гэты Статут. Артыкул 6 Мэтамі Саюза з’яўляюцца: а) умацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі – удзельніцамі Саюза ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах; б) павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; в) устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржаў – удзельніц Саюза на аснове аб’яднання іх матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў фукцыянавання эканомікі; г) збліжэнне нацыянальных прававых сістэм, фарміраванне прававой сістэмы Саюза; д) забеспячэнне бяспекі і падтрыманне высокай абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю; е) садзейнічанне забеспячэнню агульнаеўрапейскай бяспекі і развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў Еўропе і свеце. Артыкул 7 Удзельніцай Саюза можа стаць дзяржава – член Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая падзяляе мэты і прынцыпы Саюза і прымае на сябе абавязацельствы, прадугледжаныя Дагаворам аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 года і гэтым Статутам. Далучэнне да Саюза ажыццяўляецца са згоды дзяржаў – удзельніц Саюза. Пры далучэнні да Саюза новай дзяржавы разглядаецца пытанне аб змяненні назвы Саюза.
Глава II
ЗАДАЧЫ САЮЗА
Артыкул 8 У палітычнай сферы задачамі Саюза з’яўляюцца: а) узгадненне пазіцый і дзеянняў пры вырашэнні агульных палітычных праблем; б) выпрацоўка агульных пазіцый па міжнародных пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс; в) ажыццяўленне ўзгодненых мер па забеспячэнню міжнароднага міру і бяспекі, у тым ліку шляхам дасягнення міжнародных дамоўленасцей аб абмежаванні і скарачэнні ўзбраенняў і ваенных выдаткаў, аб ліквідацыі ядзернай і іншых відаў зброі масавага знішчэння; г) садзейнічанне развіццю дэмакратыі ў Саюзе, захаванню і абароне правоў і асноўных свабод чалавека і грамадзяніна ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага права. Артыкул 9 У эканамічнай сферы задачамі Саюза з’яўляюцца: а) забеспячэнне дынамічнага эканамічнага развіцця дзяржаў – удзельніц Саюза; б) стварэнне роўных умоў і гарантый дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, адзінай эканамічнай прасторы дзяржаў – удзельніц Саюза; в) фарміраванне і рэалізацыя ўзгодненай праграмы рыначных рэформ з улікам асаблівасцей эканамічнага развіцця кожнай дзяржавы – удзельніцы Саюза; г) стварэнне ўмоў для свабоднай эканамічнай канкурэнцыі суб’ектаў гаспадарання; д) стварэнне і развіццё агульнай інфраструктуры, і ў першую чаргу аб’яднаных транспартнай і энергетычнай сістэм, сістэмы сувязі адзінай навукова-тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы; е) уніфікацыя грашова-крэдытных, бюджэтных і падатковых сістэм, а таксама стварэнне неабходных умоў для ўвядзення адзінай валюты; ж) прымяненне ў адносінах з трэцімі краінамі аднолькавага рэжыму гандлю, агульных мытных тарыфаў, мер нетарыфнага рэгулявання знешняга гандлю; з) развіццё ўзаемнага гандлю і эфектыўнае функцыянаванне адзінай мытнай прасторы; і) стварэнне ўмоў для дзейнасці сумесных транснацыянальных кампаній; к) узгадненне структурнай палітыкі з мэтай эфектыўнага выкарыстання эканамічнага патэнцыялу дзяржаў – удзельніц Саюза; л) забеспячэнне на тэрыторыі адной з дзяржаў – удзельніц Саюза грамадзянам і юрыдычным асобам іншай дзяржавы – удзельніцы Саюза нацыянальнага рэжыму ў галіне набыцця маёмасці, валодання, карыстання і распараджэння ёю. Артыкул 10 У сацыяльнай сферы задачамі Саюза з’яўляюцца: а) распрацоўка адзіных падыходаў пры вылічэнні памераў аплаты працы, пенсіённага забеспячэння, у тым ліку памераў дапамог ветэранам вайны, узброеных сіл і працы, інвалідам і малазабяспечаным сем’ям, а таксама пры вызначэнні льгот і іншых мер сацыяльнаяй абароны; б) забеспячэнне роўных правоў грамадзян дзяржаў – удзельніц Саюза пры атрыманні адукацыі, медыцынскай дапамогі, у працаўладкаванні, аплаце працы, прадастаўленні іншых сацыяльных гарантый; в) устанаўленне адзіных норм у галіне аховы працы, сацыяльнага страхавання, вытворчай і сацыяльнай гігіены; г) стварэнне агульнай інфармацыйнай базы даных па пытаннях занятасці насельніцтва і наяўнасці працоўных вакансій; д) садзейнічанне развіццю адукацыі, узаемаўзбагачэнню культур, ажыццяўленню роўных умоў захавання і развіцця этнічнай, культурнай і моўнай самабытнасці народаў. Артыкул 11 У сферы забеспячэння бяспекі задачамі Саюза з’яўляюцца: а) прыняцце ў выпадку неабходнасці сумесных мер па прадухіленню пагрозы суверэнітэту і незалежнасці кожнай з дзяржаў – удзельніц Саюза; б) каардынацыя дзейнасці дзяржаў – удзельніц Саюза ў галіне ваеннага будаўніцтва і развіцця іх узброеных сіл, сумеснае выкарыстанне ваеннай інфраструктуры і прыняцце іншых мер з улікам інтарэсаў дзяржаў – удзельніц Саюза для падтрымання як іх абараназдольнасці, так і абараназдольнасці Саюза ў цэлым; в) распрацоўка і размяшчэнне сумеснага абароннага заказу, забеспячэнне на яго аснове паставак і рэалізацыі узбраенняў і ваеннай тэхнікі, стварэнне аб’яднанай сістэмы тэхнічнага забеспячэння ўзброеных сіл дзяржаў – удзельніц Саюза; г) ажыццяўленне ўзгодненай пагранічнай палітыкі, распрацоўка і рэалізацыя сумесных праграм па пагранічных пытаннях, арганізацыі узаемадзеяння органаў кіравання пагранічнымі войскамі дзяржаў – удзельніц Саюза па ахове граніц Саюза; д) барацьба з карупцыяй, тэрарызмам і іншымі відамі злачыннасці. Артыкул 12 У прававой сферы задачамі Саюза з’яўляюцца: а) развіццё нарматыўнай прававой базы ў мэтах забеспячэння далейшай інтэграцыі дзяржаў – удзельніц Саюза; б) уніфікацыя і ўзгодненае развіццё заканадаўства дзяржаў – удзельніц Саюза; в) супрацоўніцтва ў галіне кадыфікацыі і сістэматызацыі нарматыўных прававых актаў; г) узаемная юрыдычная дапамога, супрацоўніцтва ў стварэнні і развіцці інфармацыйных баз даных у розных галінах права. Артыкул 13 Паўнамоцтвы Саюза і яго органаў накіраваны на забеспячэнне роўнасці палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян. Асноўнымі абавязкамі дзяржаў – удзельніц Саюза з’яўляюцца: забеспячэнне свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі; забеспячэнне прававых гарантый дзейнасці афіцыйна зарэгістраваных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку апазіцыйных; забеспячэнне гарантый недатыкальнасці прыватнай уласнасці; прававое забеспячэнне інвестыцыйнай палітыкі і эфектыўная абарона правоў інвестараў у межах граніц Саюза; гарантаванне свабоднай эканамічнай канкурэнцыі суб’ектаў гаспадарання; захаванне іншых правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, замацаваных у міжнародна-прававых дакументах і ў нацыянальным заканадаўстве. Артыкул 14 Органы Саюза і дзяржаў – удзельніц Саюза забяспечваюць выкананне задач Саюза, прадугледжаных артыкуламі 8 – 12 гэтага Статута. Задачы Саюза рэалізуюцца органамі Саюза ў межах паўнамоцтваў і ў парадку, прадугледжаным гэтым Статутам, а органамі дзяржаў – удзельніц Саюза – у парадку, прадугледжаным для выканання міжнародна-прававых абавязацельстваў і нацыянальным заканадаўствам. Глава III
ПАЎНАМОЦТВЫ САЮЗА
Артыкул 15 Дзяржавы – удзельніцы Саюза надзяляюць Саюз наступнымі паўнамоцтвамі: а) забеспячэнне правоў грамадзян дзяржаў – удзельніц Саюза, якімі яны надзяляюцца як грамадзяне Саюза; б) забеспячэнне роўнасці правоў грамадзян Саюза пры атрыманні ўсіх відаў адукацыі і медыцынскай дапамогі, у працаўладкаванні, аплаце працы і іншых галінах; в) прыняцце прававых актаў Саюза; стварэнне прававой сістэмы Саюза; узгадненне дзеянняў у працэсе развіцця заканадаўства дзяржаў – удзельніц Саюза; г) стварэнне і рэгуляванне дзейнасці агульнага рынку ў галіне энергетыкі, транспарту і сувязі; д) забеспячэнне свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў, рабочай сілы ў межах граніц Саюза; е) правядзенне адзінай мытнай палітыкі, уключаючы забеспячэнне адзінства кіравання мытнай справай; ж) забеспячэнне сацыяльных умоў для функцыянавання адзінай навуковай, тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы, правядзенне ўзгодненай структурнай палітыкі, рэалізацыя сумесных навуковых і тэхналагічных праграм; з) забеспячэнне адзінага падыходу ў прававым рэгуляванні інтэлектуальнай уласнасці; і) каардынацыя дзейнасці ў сферы валютнага рэгулявання; к) увядзенне адзіных стандартаў, правілаў бухгалтарскага ўліку, вядзення адзінай статыстыкі; л) распрацоўка зацвярджэння і выканання бюджэту Саюза; м) выкарыстанне маёмасці Саюза; н) кантроль за выкананнем прынятых рашэнняў, уключаючы выкананне бюджэту Саюза; о) увядзенне сімволікі Саюза. Дзяржавы – удзельніцы Саюза могуць перадаваць Саюзу таксама іншыя паўнамоцтвы ў парадку, прадугледжаным артыкулам 36 гэтага Статута. Артыкул 16 У мэтах рэалізацыі задач Саюза дзяржавы – удзельніцы Саюза прымаюць узгодненыя рашэнні па наступных пытаннях: а) распрацоўка і ажыццяўленне сумесных праграм у эканамічнай, сацыяльнай, экалагічнай і культурнай галінах; б) арганізацыя ўзаемадзеяння дзяржаў – удзельніц Саюза ў галіне знешняй палітыкі па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс; в) каардынацыя знешнеэканамічнай палітыкі, у тым ліку ў дачыненні да тавараў і паслуг, якія перамяшчаюцца цераз мытную мяжу Саюза, уключаючы ліцэнзаванне, рэгуляванне цэн і іншыя меры нетарыфнага рэгулявання, устанаўленне ставак увазных і вывазных пошлін і памераў іншых мытных плацяжоў (уключаючы акцызы), іншых падаткаў, звязаных са знешнеэканамічнай дзейнасцю, а таксама ўзгодненага механізму іх прымянення; г) забеспячэнне калектыўнай бяспекі дзяржаў – удзельніц Саюза; д) узаемадзеянне ў забеспячэнні тэрытарыяльнай недатыкальнасці дзяржаў – удзельніц Саюза і аховы межаў Саюза; е) забеспячэнне барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, карупцыяй, тэрарызмам і іншымі відамі злачынстваў; ж) фарміраванне ўзгодненых прававых асноў эканамічнага, сацыяльна-культурнага развіцця дзяржаў – удзельніц Саюза, уніфікацыя прававога рэжыму ўтварэння і дзейнасці юрыдычных асоб; з) распрацоўка адзіных падыходаў пры вызначэнні мер сацыяльнай абароны, у тым ліку ў галіне занятасці, аховы працы, вытворчай і сацыяльнай гігіены, сацыяльнага страхавання, пенсіённага забеспячэння; і) уніфікацыя грашова-крэдытных, бюджэтных і валютных сістэм, фінансавых рынкаў, узгадненне асноў антыманапольнага, падатковага і інвестыцыйнага заканадаўства; к) каардынацыя дзейнасці ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, гідраметэаралогіі, забеспячэнне экалагічнай бяспекі, ліквідацыя наступстваў стыхійных бедстваў і аварый, перш за ўсё аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Па пералічаных у гэтым артыкуле пытаннях органы Саюза прымаюць рашэнні ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй або дзяржавы – удзельніцы Саюза, у выпадку неабходнасці, заключаюць міжнародныя дагаворы. Артыкул 17 Гэты Статут не закранае правоў і абавязацельстваў дзяржаў – удзельніц Саюза па іншых міжнародных дагаворах, у тым ліку прынятых у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Глава IV
ГРАМАДЗЯНСТВА САЮЗА
Артыкул 18 Наяўнасць у грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і грамадзяніна Расійскай Федэрацыі грамадзянства Саюза не прымяншае яго правоў і свабод і не вызваляе ад абавязкаў, якія вынікаюць з грамадзянства адпаведнай дзяржавы – удзельніцы Саюза. Разам з правамі і абавязкамі, якія вынікаюць з грамадзянства адпаведнай дзяржавы – удзельніцы Саюза, грамадзяне Саюза надзяляюцца правамі і выконваюць абавязкі, звязаныя з грамадзянствам Саюза. Грамадзянін Саюза мае права: а) на свабоднае перамяшчэнне і пастаяннае пражыванне ў межах тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і тэрыторыі Расійскай Федэрацыі з выкананнем правілаў, якія ўстаноўлены законамі гэтых дзяржа, у дачыненні да асобных раёнаў і мясцовасцей; б) на абарону на тэрыторыі трэцяй краіны, дзе няма прадстаўніцтва дзяржавы – удзельніцы Саюза, грамадзянінам якой ён з’яўляецца, з боку дыпламатычных прадстаўніцтваў ці консульскіх устаноў іншай дзяржавы – удзельніцы Саюза на тых жа ўмовах, што і грамадзяне гэтай дзяржавы; в) на ўдзел у кіраванні справамі Саюза; г) на валоданне, карыстанне і распараджэнне маёмасцю на тэрыторыі іншай дзяржавы – удзельніцы Саюза на тых жа ўмовах, што і грамадзяне гэтай дзяржавы. Грамадзянін Саюза, які пастаянна пражывае ў іншай дзяржаве – удзельніцы Саюза, мае права выбіраць і быць выбраным у органы мясцовага самакіравання на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Глава V
ОРГАНЫ САЮЗА
Артыкул 19 Для рэалізацыі задач Саюза дзяржавы – удзелыніцы Саюза ўтвараюць на парытэтных асновах Вышэйшы Савет Саюза, Парламенцкі Сход Саюза, Выканаўчы Камітэт Саюза і, у выпадку неабходнасці, іншыя органы Саюза. Рашэнні органаў Саюза прымаюцца ў межах іх кампетэнцыі і без урону канстытуцыям дзяржаў – удзельніц Саюза. Пры гэтым рашэнні Вышэйшага Савета Саюза і Выканаўчага Камітэта Саюза падлягаюць непасрэднаму выкананню органамі Саюза і, з захаваннем патрабаванняў заканадаўстваў дзяржаў – удзельніц Саюза, іх органамі выканаўчай улады. Пры неабходнасці органы дзяржаўнай улады дзяржаў – удзельніц Саюза прыводзяць свае прававыя акты ў адпаведнасць з рашэннямі органаў Саюза або выдаюць прававыя акты, якія забяспечваюць рэалізацыю гэтых рашэнняў.
|