Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Глава 18 бібліятэчная справа 1 страница
Артыкул 156. Бібліятэчная справа. Асноўныя прынцыпы арганізацыі бібліятэчнай справы Бібліятэчная справа – галіна культурнай дзейнасці, задачамі якой з'яўляюцца стварэнне і развіццё сеткі бібліятэк, фарміраванне і апрацоўка бібліятэчных фондаў, арганізацыя бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк, навуковае і метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк. Асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы з'яўляюцца: рацыянальнае і аптымальнае размяшчэнне сеткі бібліятэк у адпаведнасці з дэмаграфічным складам насельніцтва і з улікам развіцця асобных рэгіёнаў і галін вытворчасці; узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў; дзяржаўна-грамадскі характар кіравання бібліятэчнай справай. Пытанні перспектыўнага развіцця бібліятэчнай справы, каардынацыі ўзаемадзеяння бібліятэк рознай ведамаснай прыналежнасці разглядаюцца Рэспубліканскім бібліятэчным саветам, які з’яўляецца пастаянна дзеючым дарадчым, кансультацыйным і экспертным органам пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Палажэнне аб Рэспубліканскім бібліятэчным савеце зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Артыкул 157. Бібліятэка. Віды бібліятэк Бібліятэка – юрыдычная асоба або структурнае падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў з мэтай задавальнення інфармацыйных, культурных, навуковых і іншых патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэкі. Бібліятэкі падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя. Да дзяржаўных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, у тым ліку дзяржаўнымі органамі. Да прыватных бібліятэк адносяцца бібліятэкі, заснаваныя недзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі, а таксама фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Па значэнню бібліятэкі падзяляюцца на нацыянальную, рэспубліканскія, абласныя, гарадскія, раённыя, пасёлкаў гарадскога тыпу, сельскія. Па зместу бібліятэчных фондаў бібліятэкі падзяляюцца на універсальныя (па ўсіх галінах ведаў) і галіновыя. Па прызначэнню бібліятэкі падзяляюцца на публічныя і спецыяльныя. Публічная бібліятэка – бібліятэка, якая прадастаўляе магчымасць карыстання яе фондам і паслугамі грамадзянам незалежна ад іх узросту, полу, нацыянальнасці, мовы, паходжання, пасады, маёмаснага становішча, веравызнання, палітычных перакананняў, іншых абставін, а таксама юрыдычным асобам. Спецыяльная бібліятэка – бібліятэка, якая задавальняе прафесійныя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэк, улічвае іх узрост або іншыя асаблівасці (тэхнічныя, медыцынскія, дзіцячыя, для інвалідаў па зроку і іншыя). Артыкул 158. Сукупная сетка бібліятэк Сукупнасць бібліятэк, якая вызначаецца па прыналежнасці да пэўнай тэрыторыі, заснавальніка, галіны, характарызуецца агульнасцю задач і мае метадычны і каардыцыйны цэнтр у выглядзе цэнтральнай бібліятэкі стварае сукупную сетку бібліятэк. Функцыі цэнтральнай бібліятэкі могуць выконваць: на рэспубліканскім узроўні – нацыянальная і спецыяльныя (рэспубліканскія) бібліятэкі; на абласным узроўні – абласныя бібліятэкі; на гарадскім (раённым) узроўні – гарадскія (раённыя) бібліятэкі. Статус цэнтральнай бібліятэкі прысвойваецца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія маюць у сваім падпарадкаванні бібліятэкі. Публічныя і спецыяльныя бібліятэкі могуть быць аб’яднаны ў цэнтралізаваныя бібліятэчныя сістэмы (ЦБС). Палажэнне аб арганізацыі сукупнай сеткі бібліятэк зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Артыкул 159. Дзяржаўная ўстанова ”Нацыянальная бібліятэка Беларусі“ Дзяржаўная ўстанова ”Нацыянальная бiблiятэка Беларусi“ з’яўляецца галоўнай унiверсальнай навуковай бiблiятэкай, носьбiтам агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, скарбнiцай культурных здабыткаў народа Беларусі, яго нацыянальнай памяцi. Дзяржаўная ўстанова ”Нацыянальная бiблiятэка Беларусi“ не можа быць перапрафiлявана. Дзяржаўная ўстанова ”Нацыянальная бiблiятэка Беларусi“ задавальняе універсальныя інфармацыйныя, культурныя і іншыя патрэбнасці карыстальнікаў бібліятэк і з’яўляецца: рэспубліканскім інфармацыйным і сацыякультурным цэнтрам; рэспубліканскім цэнтрам аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС); рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры і мастацтву; нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, цэнтрам унутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў; каардынацыйным і метадычным цэнтрам рэспубліканскага значэння ў галіне бібліятэчнай справы; навукова-даследчай установай па бібліятэказнаўству, бібліяграфазнаўству, кнігазнаўству; міжгаліновым дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь, дэпазітарыем матэрыялаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацый. Дзяржаўная ўстанова ”Нацыянальная бiблiятэка Беларусi“ выконвае наступныя асноўныя функцыі: фарміруе, зберагае, пастаянна захоўвае і прадастаўляе карыстальнікам бібліятэкі найбольш поўны збор айчынных дакументаў і беларусікі, навукова значных замежных дакументаў; ажыццяўляе збор дакументаў у лічбавай форме, пры неабходнасці стварае копіі дакументаў у лічбавай форме з захаваннем правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці; арганізуе доступ да нацыянальных і сусветных баз даных; арганізуе бібліяграфічны ўлік публікацый аб Рэспубліцы Беларусь, удзельнічае ў арганізацыі і вядзенні бібліяграфічнага ўліку нацыянальнага дакумента; фарміруе абменныя бібліятэчныя фонды для ажыццяўлення ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, міжнароднага дакументаабмену; забяспечвае каардынацыю ўзаемадзеяння бібліятэк і інфармацыйных арганізацый па ўзаемавыкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў, вядзенню нацыянальнага зводнага электроннага каталога; ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне дзейнасці бібліятэк, накіраванае на ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій; набывае ў першачарговым парадку бібліятэчныя зборы ў вядомых пісьменнікаў, дзеячаў культуры і навукі, іх наследнікаў (пры ўмове захавання гэтых збораў як унікальных калекцый), а таксама ў букіністычных кнігарнях і на аўкцыёнах; ажыццяўляе навукова-даследчую дзейнасць у сферы бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства; прадастаўляе дакументы, бібліяграфічную і іншую інфармацыю ў адпаведнасці з правам грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне; праводзіць культурна-асветніцкую работу, накіраваную на садзейнічанне духоўнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэкі; ажыццяўляе выдавецкую і паліграфічную дзейнасць, накіраваную на падрыхтоўку і выпуск інфармацыйных (у тым ліку бібліяграфічных) і метадычных матэрыялаў, навуковых публікацый у галіне бібліятэчнай справы, бібліяграфіі, кнігазнаўства і сумежных навук; удзельнічае ў фарміраванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне бібліятэчнай справы. Статут дзяржаўнай установы ”Нацыянальная бiблiятэка Беларусi“ зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 160. Парадак стварэння, дзейнасці, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі бібліятэк Заснавальнікамі бібліятэк могуць быць дзяржаўныя органы, іншыя юрыдычныя асобы, а таксама фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі. У адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь бібліятэкі могуць стварацца замежнымі юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі. Бібліятэкі могуць быць створаны толькі ў форме ўстановы або структурнага падраздзялення юрыдычнай асобы пры наяўнасці асобнага будынка або памяшкання, якія адпавядаюць будаўнічым нормам на праектаванне бібліятэк з разлікам на плануемы аб’ем бібліятэчнага фонду і колькасць чытачоў, а таксама пры наяўнасці не менш за 2 тысячы экземпляраў бібліятэчнага фонду і аўтаматызаванных рабочых месцаў. Бібліятэка дзейнічае на аснове статута (палажэння). У статуце (палажэнні) бібліятэкі вызначаюцца яе назва, месца знаходжання, статус, від, мэты і прадмет дзейнасці, парадак кіравання дзейнасцю, а таксама змяшчаюцца іншыя звесткі, прадугледжаныя заканадаўствам аб юрыдычных асобах дадзенага віду. Парадак стварэння, дзейнасці, дзяржаўнай рэгістрацыі, рэарганізацыі і ліквідацыі бібліятэк вызначаецца заканадаўствам з улікам асаблівасцей, прадугледжаных гэтым Кодэксам. Пры ліквідацыі прыватнай бібліятэкі пераважнае права набыцця яе бібліятэчнага фонду пры іншых роўных умовах маюць дзяржаўныя органы і бібліятэкі адпаведнага віду. Артыкул 161. Асаблівасці матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння бібліятэк Заснавальнікі бібліятэк абавязаны забяспечыць бібліятэкі будынкамі, памяшканнямі, пабудаванымі па спецыяльных праектах, або іншымі добраўпарадкаванымі памяшканнямі, якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк і захаванасці бібліятэчных фондаў, а таксама адпаведнымі сродкамі механізацыі і аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, размнажальнай тэхнікай, абсталяваннем і транспартам. Перавод дзяржаўных бібліятэк у памяшканні, якія пагаршаюць умовы іх дзейнасці, не дапускаецца. Артыкул 162. Асноўныя задачы і прынцыпы дзейнасці бібліятэк Асноўнымі задачамі бібліятэк з'яўляюцца: камплектаванне бібліятэчных фондаў дакументамі і забеспячэнне іх захаванасці; ажыццяўленне апрацоўкі дакументаў, стварэнне даведачна-бібліяграфічнага апарату, у тым ліку баз даных і іншых інфармацыйных рэсурсаў; забеспячэнне бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк з улікам іх патрэбнасцей; правядзенне культурна-асветніцкай работы, накіраванай на садзейнічанне духоўнаму развiццю карыстальнiкаў бiблiятэк. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці бібліятэк з'яўляюцца: вызначэнне агульначалавечых каштоўнасцей у якасці прыярытэтных; садзейнічанне адраджэнню і развіццю культурных традыцый і захаванню каштоўнасцей беларускай нацыі, іншых нацыянальнасцей, якія пражываюць у краіне, захаванасці гісторыка-культурнай спадчыны; распаўсюджванне гуманістычных ідэй, навуковых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры; агульнадаступнасць інфармацыі аб змесце бібліятэчных фондаў; самастойнасць у вызначэнні форм і метадаў дзейнасці; каардынацыя дзейнасці па стварэнню і ўзаемавыкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў. Артыкул 163. Правы і абавязкі бібліятэк Бібліятэкі маюць права: самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці ў адпаведнасці з мэтамі і функцыямі, замацаванымі ў статуце (палажэнні); ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, у тым ліку аказваць платныя паслугі; вызначаць крыніцы камплектавання бібліятэчных фондаў; фарміраваць абменныя бібліятэчныя фонды; выключаць і рэалізоўваць дакументы з бібліятэчных фондаў; зацвярджаць па ўзгадненню з заснавальнікамі правілы карыстання бібліятэкай, распрацаваныя на аснове тыпавых правіл карыстання бібліятэкамі, якія зацвярджаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь; вызначаць залогавы кошт найбольш каштоўных выданняў пры іх выдачы, а таксама ў іншых выпадках, устаноўленых правіламі карыстання бібліятэкай; прымаць меры па кампенсацыі ўрону, нанесенага карыстальнікамі бібліятэкі; вызначаць умовы выкарыстання бібліятэчных фондаў на аснове дагавораў з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі; часова вывозіць дакументы з бібліятэчных фондаў за межы краіны; удзельнічаць на конкурснай або іншай аснове ў рэалізацыі дзяржаўных і мясцовых праграм развіцця бібліятэчнай справы; супрацоўнічаць з бібліятэкамі і іншымі ўстановамі замежных краін, у тым ліку весці міжнародны дакументаабмен, уваходзіць ва ўстаноўленым парадку ў міжнародныя арганізацыі, удзельнічаць у рэалізацыі міжнародных і іншых праграм у галіне бібліятэчнай справы; аб'ядноўвацца ў бібліятэчныя асацыяцыі, саюзы. Бібліятэкі на правах аператыўнага кіравання валодаюць, карыстаюцца і распараджаюцца замацаванай за імі маёмасцю. Бібліятэкі абавязаны: садзейнічаць рэалізацыі права грамадзян на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне, устаноўленага гэтым Кодэксам, абслугоўваць карыстальнікаў бібліятэк у адпаведнасці са сваімі статутамі (палажэннямі) і правіламі карыстання бібліятэкай; не выкарыстоўваць звесткі аб карыстальніках бібліятэк і іх запытах у іншых мэтах, акрамя навуковых і бібліятэчных; пашыраць доступ карыстальнікаў бібліятэк да сусветных баз даных; забяспечваць захаванасць бібліятэчных фондаў; пры наяўнасці ў бібліятэчных фондах каштоўных і рэдкіх выданняў, калекцый, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, забяспечваць іх захаванасць і адлюстраванне ў зводных каталогах і базах даных у рамках дзяржаўных праграм захавання і развіцця культуры; рабіць справаздачы перад заснавальнікамі і органамі дзяржаўнай статыстыкі. Артыкул 164. Бібліятэчныя фонды Бiблiятэчны фонд – упарадкаваная сукупнасць дакументаў (улiковых адзiнак), якiя адпавядаюць задачам i профiлю бiблiятэкi i прызначаны для іх выкарыстання i захоўвання. Бібліятэчныя фонды дзяржаўных бібліятэк і бібліятэчныя фонды прыватных бібліятэк узаемазвязаныя каапераваным камплектаваннем, сістэмай дэпазітарнага захоўвання і пераразмеркавання дакументаў, узаемавыкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, адзіным даведачна-бібліяграфічным апаратам складаюць Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь. Бібліятэчны фонд Рэспублікі Беларусь адлюстроўвае навуковы, культурны і інфармацыйны патэнцыял грамадства. Бібліятэчныя фонды дзяржаўных бібліятэк з'яўляюцца агульнанацыянальным здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай. Артыкул 165. Кніжныя помнікі Кніжныя помнікі з’яўляюцца асабліва каштоўнай часткай Бібліятэчнага фонду Рэспублікі Беларусь. Кнiжны помнiк – рэдкi або асаблiва каштоўны дакумент, якi адрознiваецца выключнымi гiстарычнымi, навуковымi, мастацка-эстэтычнымi, палiграфiчнымi вартасцямi i аднесены да фонду рэдкiх i каштоўных дакументаў. Кніжныя помнікі падзяляюцца на паасобныя кніжныя помнікі і кніжныя помнікі-калекцыі. Кніжнаму помніку можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія валодаюць прыватнымі калекцыямі дакументаў, аднесеных да гісторыка-культурных каштоўнасцей, маюць права на дзяржаўную падтрымку ў мэтах забеспячэння захаванасці калекцыі. Па вартасці гісторыка-культурнай каштоўнасці кніжныя помнікі падзяляюцца на сусветныя, нацыянальныя і мясцовыя. Кніжнымі помнікамі сусветнага ўзроўню з’яўляюцца кніжныя помнікі, якія маюць універсальнае значэнне для развіцця чалавецтва. Кніжнымі помнікамі нацыянальнага ўзроўню з’яўляюцца кніжныя помнікі, якія маюць асаблівае гістарычнае, мастацкае, навуковае або іншае значэнне. Кніжнымі помнікамі мясцовага ўзроўню з’яўляюцца кніжныя помнікі, якія маюць асаблівую каштоўнасць для асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Артыкул 166. Камплектаванне бібліятэчных фондаў Камплектаванне бібліятэчных фондаў можа ажыццяўляцца шляхам: атрымання абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў; бесперашкоднага набыцця за наяўны і безнаяўны разлік дакументаў і падпіскі на перыядычныя выданні; міжнароднага і ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену паміж бібліятэкамі і іншымі юрыдычнымі асобамі, а таксама фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі; атрымання дакументаў у дар. Парадак рассылкі абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў, віды дакументаў, якія адносяцца да абавязковага бясплатнага экземпляра, пералік бібліятэк, якія маюць права на атрыманне абавязковых бясплатных экземпляраў дакументаў, вызначаюцца палажэннем аб абавязковым бясплатным экземпляры дакументаў, якое зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Бібліятэкам могуць устанаўлівацца ў адпаведнасці з заканадаўствам ільготныя тарыфы на малааб'ёмныя кантэйнерныя перавозкі дакументаў для камплектавання бібліятэчных фондаў. Артыкул 167. Улік, захоўванне і выкарыстанне бібліятэчных фондаў. Асаблівасці захавання кніжных помнікаў, іншых каштоўных дакументаў Улiк бiблiятэчнага фонду – комплекс аперацый, якiя забяспечваюць фiксацыю звестак аб аб'ёме, складзе i руху бібліятэчнага фонду. Улiк бiблiятэчнага фонду ўключае рэгiстрацыю, маркiроўку, iнвентарызацыю, ацэнку кошту дакументаў, складаючых фонд, выключэнне i падвядзенне вынiкаў руху фонду, яго праверку. Улiк бiблiятэчнага фонду з'яўляецца асновай для дзяржаўнага статыстычнага ўлiку, справаздачнасцi бiблiятэкi, планавання яе дзейнасцi, забеспячэння захаванасцi фонду, кантролю за наяўнасцю i рухам дакументаў. Кiраўнiкi дзяржаўных устаноў, іншых юрыдычных асоб, якія маюць у сваiм распараджэннi бiблiятэкi, павiнны стварыць умовы для забеспячэння арганiзацыi правiльнага ўлiку i захоўвання бiблiятэчнага фонду, а таксама пераплёту кнiг i правядзення санiтарна-гiгiенiчнай апрацоўкi фонду. Для захоўвання кнiг і іншых дакументаў неабходна выдзяляць iзаляваныя, прыстасаваныя памяшканнi, якія забяспечваюць тэмпературны і вільготны рэжым, спецыяльнае абсталяванне i бiблiятэчную тэхнiку. Пры захоўванні кніжных помнікаў абавязковай умовай з'яўляецца абмежаванне асвятлення. Вокны ў памяшканнi, дзе яны захоўваюцца, забяспечваюцца святлозатрымлiваючымi прыстасаваннямi (матавае шкло, шторы). Ужыванне лямп дзённага святла як пастаяннай крынiцы асвятлення не дапускаецца. Захоўванне кніжных помнікаў, іншых найбольш каштоўных у навуковых, гiстарычных i мастацкiх адносiнах дакументаў у працэсе іх выкарыстання забяспечваецца стварэннем страхавога фонду. Страхавы фонд фарміруецца шляхам мiкрафотакапiравання або пераносу дакументаў на электронныя носьбіты і прызначаны для іх працяглага і пастаяннага захоўвання. Асаблівасці выкарыстання каштоўных і рэдкіх выданняў, калекцый, якія ўтрымліваюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, уключаных у культурна-гістарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў Рэспублікі Беларусь, устанаўліваюцца заканадаўствам у сферы дзейнасці з каштоўнымі металамі і каштоўнымі камянямі. Неабходнай умовай для аптымiзацыi якасцi бiблiятэчнага фонду з'яўляецца своечасовае выяўленне i выключэнне дакументаў. Выключаныя з бібліятэчных фондаў дакументы могуць быць перададзены бясплатна або за плату іншым юрыдычным або фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, у парадку, устаноўленым заснавальнікам бібліятэкі. Парадак уліку, захавання і выкарыстання бібліятэчных фондаў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Артыкул 168. Узаемадзеянне бібліятэк па фарміраванню і выкарыстанню бібліятэчных фондаў Для найбольш поўнага задавальнення патрэбнасцей карыстальнікаў бібліятэк, рацыянальнага выкарыстання бібліятэчных фондаў дзяржава стымулюе ўзаемадзеянне бібліятэк розных відаў. У гэтых мэтах дзяржаўныя органы, іншыя дзяржаўныя юрыдычныя асобы ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй мэтанакіравана фінансуюць дзейнасць дзяржаўных бібліятэк па стварэнню ўмоў для ўзаемавыкарыстання іх рэсурсаў на аснове міжнародных і дзяржаўных стандартаў прадастаўлення інфармацыі і абмену ёю, стварэння карпаратыўных сетак. Узаемаедзеянне бібліятэк незалежна ад іх ведамаснай падпарадкаванасці і формаў уласнасці ажыццяўляецца праз сістэму: дакументаабмена і пераразмеркавання дакументаў; міжбібліятэчнага абанемента. Узаемадзеянне бібліятэк праз сістэму міжнароднага дакументаабмену і міжнароднага міжбібліятэчнага абанемента ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і з улікам рэкамендацый Міжнароднай федэрацыі бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA). Артыкул 169. Унутрырэспубліканскі дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў У межах краіны дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў арганізуюцца па тэрытарыяльным і тэрытарыяльна-галіновым прынцыпах у адпаведнасці з гэтым Кодэксам, дзеючымі дзяржаўнымі стандартамі і іншымі актамі заканадаўства. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў ажыццяўляюцца шляхам бязвыплатнай перадачы з адной бібліятэкі празмерна дублетных і няпрофільных для гэтай бібліятэкі дакументаў у другую бібліятэку для папаўнення яе фонду ў адпаведнасці з пісьмовымі дамовамі (пагадненнямі), пісьмамі. У мэтах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў бібліятэкі ствараюць абменныя фонды. Абменныя фонды фарміруюцца з празмерна дублетных, няпрофільных для пэўнай бібліятэкі дакументаў, якія паступілі: пасля выключэння (спісання) дакументаў з дзеючых; у якасці падарункаў і ахвяраванняў ад юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў. Тэхналогія ўліку абменных фондаў вызначаецца кожнай бібліятэкай самастойна ў адпаведнасці з заканадаўствам. Даныя аб арганізацыі абменных фондаў, іх папаўненні і руху падлягаюць пастаяннай і своечасовай фіксацыі ў актах-пуцёўках, картатэках, базах даных, актах і іншых уліковых формах, прынятых у пэўнай бібліятэцы. Для ўзаемнага інфармавання аб складзе абменных фондаў бібліятэкі рэгулярна фарміруюць і распаўсюджваюць (у тым ліку і па электронных каналах) спісы (паказальнікі, пералікі) дакументаў, прызначаных для дакументаабмену і пераразмеркавання. Дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў можа здзяйсняцца на пастаяннай аснове і па разавых запытах. Адпаведна афармляюцца доўгатэрміновыя дамовы (пагадненні) або пісьмы. Працэсы дакументаабмену, пераразмеркавання дакументаў афармляюцца адпаведнымі актамі, якія складаюцца ў двух экзэмплярах і дапаўняюцца спісамі (пералікамі) перадаваемых дакументаў. Акты завяраюцца подпісамі супрацоўнікаў, адказных за перадачу-прыём дакументаў, і зацвярджаюцца кіраўнікамі (упаўнаважанымі асобамі) бібліятэк. Расходы па транспарціроўцы дакументаў, якія перадаюцца ў межах дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, аплачваюцца па дамоўленасці бакоў. У бібліятэках, якія ажыццяўляюць дакументаабмен і пераразмеркаванне дакументаў, прадугледжваюцца: функцыянаванне асобнага структурнага падраздзялення, вызначэнне асобных штатных адзінак, адказных за выкананне адпаведных абавязкаў, з іх замацаваннем у службовых інструкцыях; выдзяленне асобнага памяшкання (часткі памяшкання) для размяшчэння абменнага фонду і работы з ім. Дакументацыя па пытаннях дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў (дамовы, пагадненні, пісьмы, заяўкі, акты, акты-пуцёўкі і іншыя суправаджальныя дакументы) захоўваюцца ў бібліятэках у адпаведнасці з агульнымі правіламі справаводства. Парадак дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, які прадугледжаны гэтым артыкулам, не распаўсюджваюцца на бiблiятэчныя фонды, аднесеныя да гiсторыка-культурных каштоўнасцей, каштоўныя i рэдкiя выданні, калекцыі, якiя ўтрымлiваюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, уключаныя ў культурна-гiстарычны фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 170. Міжбібліятэчны абанемент. Нацыянальная сістэма міжбібліятэчнага абанемента Міжбібліятэчны абанемент – форма бібліятэчнага абслугоўвання, заснаваная на ўзаемным выкарыстанні фондаў бібліятэк шляхам прадстаўлення заказчыку арыгіналаў дакументаў або іх копій у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах. Заказчыкам дакументаў могуць выступаць юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі. Нацыянальная сiстэма мiжбiблiятэчнага абанемента ўключае ўсе бiблiятэкi незалежна ад ведамаснай прыналежнасці, аб’емаў, складу іх фондаў, арганізацыйна-тэхналагічных асаблівасцей функцыянавання і будуецца на ўзаемавыгадным добраахвотным супрацоўніцтве. Нацыянальным цэнтрам мiжбiблiятэчнага абанемента з’яўляецца дзяржаўная установа ”Нацыянальная бібліятэка Беларусі“, якая забяспечвае ажыццяўленне і распаўсюджванне ўзгодненай палітыкі і арганізацыйных мерапрыемстваў у сістэме мiжбiблiятэчнага абанемента. Асноўным арганізацыйным звяном нацыянальнай сiстэмы мiжбiблiятэчнага абанемента з’яўляюцца галіновыя і ўніверсальныя цэнтры мiжбiблiятэчнага абанемента, якія забяспечваюць аптымальны рэжым функцыянавання сістэмы і рацыянальнае выкарыстанне існуючых фондаў. Да галiновых цэнтраў мiжбiблiятэчнага абанемента адносяцца буйнейшыя навуковыя спецыяльныя біблiятэкi краiны. Унiверсальнымi цэнтрамi мiжбiблiятэчнага абанемента з'яўляюцца абласныя бiблiятэкi. Абслугоўванне па мiжбiблiятэчнаму абанементу вядзецца на дагаворнай аснове або на падставе гарантыйных лістоў. Фізічныя асобы не абмежаваны ў выбары бібліятэкі для накіравання заказаў на дастаўку дакументаў, але ажыццяўляюць іх адпаведна ўмовам і правілам фондатрымальнікаў. Заказ па мiжбiблiятэчнаму абанементу афармляецца на бланку-заказу, які накіроўваецца па любых каналах сувязі (пошта, электронная пошта). Бланк-заказ запаўняецца на кожны асобны дакумент разборлiва, без адвольных скарачэнняў. Пры перадачы заказу па электронных каналах сувязі неабходна захоўваць пералік рэквізітаў, якія прадугледжаны бланкам-заказам. Форма бланка-заказа ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Заказчык павінен зрабіць адзнаку ў адпаведнай графе бланка-заказу з мэтай пацвердзіць, што пры выкарыстанні атрыманых дакументаў не будзе парушана заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах. Выкананне заказаў ажыццяўляецца на ўмовах, якія прапануе фондатрымальнік. Фондатрымальнік вызначае форму выканання заказу (арыгінал або копія дакумента), спосаб дастаўкі, тэрмін карыстання, і іншыя ўмовы. У мэтах забеспячэння захаванасці асабліва каштоўных і рэдкіх дакументаў фондатрымальнікі могуць устанаўліваць абмежаванні на выдачу арыгіналаў асобных дакументаў па міжбібліятэчнаму абанементу. Тэрміны выканання заказаў складаюць ад трох да пяці дзён (без уліку часу на дастаўку). Тэрмiны карыстання атрыманымi па міжбібліятэчнаму абанементу дакументамi (без улiку часу на дастаўку) складаюць: на друкаваныя выданні – трыццаць дзён; на мiкрафільмы і мікрафішы – сорак пяць дзён. Фондатрымальнiк мае права скараціць цi падоўжыць тэрмiны карыстання арыгіналамі дакументаў, якiя выдаюцца па міжбібліятэчнаму абанементу, аб чым інфармуе заказчыка пры выдачы дакумента або ў дадатковым лісце. Бібліятэкам могуць устанаўлівацца ў адпаведнасці з заканадаўствам ільготныя тарыфы на перасылку дакументаў па міжбібліятэчнаму абанементу. Артыкул 171. Карпаратыўнае ўзаемадзеянне бібліятэк па фарміраванню і выкарыстанню інфармацыйных рэсурсаў Інфармацыйныя рэсурсы – арганізаваная сукупнасць дакументаванай інфармацыі, якая ўключае базы даных і ведаў, іншыя масівы інфармацыі ў інфармацыйных сістэмах. Інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных бібліятэк з'яўляюцца састаўной часткай інфармацыйных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь. Узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці і задачамі бібліятэк. Бібліятэкі ўдзельнічаюць у стварэнні адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС) на аснове дзяржаўных стандартаў апрацоўкі дакументаў і абмену данымі. Аўтаматызаваная інфармацыйна-бібліятэчная сістэма (АІБС) – комплекс праграмных, тэхнічных, інфармацыйных, лінгвістычных, арганізацыйна-тэхналагічных сродкаў, прызначаных для вырашэння задач бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк. У мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі ўзаемадзейнічаюць з органамі навукова-тэхнічнай інфармацыі, архівамі, музеямі і іншымі арганізацыямі, звязанымі са стварэннем, апрацоўкай і захоўваннем інфармацыі. Парадак узаемадзеяння вызначаецца дагаворамі паміж гэтымі арганізацыямі. Артыкул 172. Карыстальнікі бібліятэк. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк Кожны грамадзянін незалежна ад пола, узросту, нацыянальнасці, адукацыі, сацыяльнага палажэння, палітычных і рэлігійных поглядаў мае права карыстання бібліятэкай. Звяртацца да паслуг бібліятэк могуць і юрыдычныя асобы. Юрыдычныя і фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія звяртаюцца да паслуг бібліятэк з’яўляюцца іх карыстальнікамі. Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх прадастаўлення ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай. Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права: бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе фондаў бібліятэкі; бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі; бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з фондаў бібліятэкі; атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчнаму абанементу; карыстацца іншымі відамі паслуг, у тым ліку платнымі. Непаўналетнія асобы маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне ў публічных бібліятэках, дзяржаўных дзіцячых бібліятэках, а таксама праз сетку бібліятэк устаноў адукацыі. Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на бібліятэчнае, інфармацыйнае і даведачна-бібліяграфічнае абслугоўванне і атрыманне дакументаў на спецыяльных носьбітах інфармацыі ў публічных бібліятэках і спецыяльных дзяржаўных бібліятэках. Фізічныя асобы, якія не могуць наведваць бібліятэку па месцы жыхарства з прычыны састарэласці, фізічных недахопаў, маюць права атрымліваць дакументы з фондаў публічных бібліятэк праз нестацыянарныя формы абслугоўвання з прадугледжаным на гэтыя мэты дадатковым фінансаваннем з фондаў адпаведных бюджэтаў і праграм.
|