Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Глава 18 бібліятэчная справа 3 страница






Артыкул 195. Музейная дзейнасць, яе віды

Музейная дзейнасць ажыццяўляецца музеямi ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасцi музейных прадметаў i музейных калекцый, выкарыстання iх для духоўнага развiцця грамадства, у тым лiку для распаўсюджвання ведаў аб навакольным асяроддзi, гiсторыi i культуры.

Музейная дзейнасць уключае ў сябе наступныя вiды:

выяўленне прадметаў музейнага значэння;

камплектаванне музейных фондаў;

улік музейных прадметаў;

захоўванне музейных прадметаў;

вывучэнне і папулярызацыю музейных прадметаў i музейных калекцый, у тым лiку шляхам правядзення на iх аснове навуковых даследаванняў архiўных, бiблiятэчных i iншых крынiц, публiчнага прадстаўлення музейных прадметаў i музейных калекцый, а таксама публiкацыi адпаведных матэрыялаў;

кансервацыю i рэстаўрацыю музейных прадметаў;

каталагiзацыю музейных прадметаў i музейных калекцый;

стварэнне і адкрыццё экспазiцый i музейных выставак;

экскурсiйнае абслугоўванне наведвальнiкаў музеяў;

культурна-адукацыйную дзейнасць, звязаную з музейнымі прадметамі, музейнымі калекцыямі і нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі адпаведна профілю (профілям) музея;

вывучэнне і папулярызацыю нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адпаведна профілю (профілям) музея;

правядзенне навукова-практычных семiнараў i канферэнцый, iншых мерапрыемстваў у сферы музейнай справы.

Музейная дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 196. Камплектаванне музейных фондаў

Камплектаванне музейных фондаў уяўляе сабой мэтанакіраваны, планавы працэс, які ўключае падбор і набыццё прадметаў музейнага значэння, іх улік і вывучэнне ў мэтах фарміравання і папаўнення музейных фондаў, прыняцце рашэння аб уключэнні прадметаў музейнага значэння ў музейны фонд.

Набыццё прадметаў музейнага значэння ажыццяўляецца шляхам куплі, абмену, дарэння, выканання арыгінальных або капійных работ па заказу музея, іншымі спосабамі, якія не супярэчаць заканадаўству.

Прадметы музейнага значэння, накіраваныя (перададзеныя) ва ўласнасць дзяржавы, перадаюцца дзяржаўным музеям у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Камплектаванне музейных фондаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з профілем (профілямі) музея, канцэпцыяй навукова-фондавай працы.

Канцэпцыя навукова-фондавай працы замацоўвае комплекс работ, якія плануецца правесці ў мэтах камплектавання музейнага фонду ў пэўны тэрмін, і зацвярджаецца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Для вырашэння пытанняў камплектавання музейных фондаў ствараецца фондава-закупачная камісія музея, палажэнне аб якой зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Парадак камплектавання музейных фондаў музеяў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 197. Улік музейных прадметаў

Кожны музейны прадмет падлягае ўліку.

Унутрымузейны ўлік музейных прадметаў, у тым ліку ўключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца музеем у парадку, які ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Музейныя прадметы, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або не нададзены такі статус, але якія з’яўляюцца рэдкімі ў сваім родзе прадметамі і існуюць у адзіным экзэмпляры або ў абмежаванай колькасці (далей – асабліва каштоўныя музейныя прадметы), падлягаюць цэнтралізаванаму ўліку.

Рашэнне аб аднясенні музейных прадметаў да асабліва каштоўных музейных прадметаў, за выключэннем тых, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, прымаецца музеем. Дадзенае рашэнне падлягае ўзгадненню з экспертным саветам па пытаннях аднясення музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, да асабліва каштоўных музейных прадметаў, які ствараецца пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанай ім арганізацыі. Склад і палажэнне аб дадзеным экспертным савеце зацвярджаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Цэнтралiзаваны ўлiк асабліва каштоўных музейных прадметаў ажыццяўляецца шляхам уключэння ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь прадстаўленых звестак аб гэтых музейных прадметах.

Артыкул 198. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь

Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь уяўляе сабой сукупнасць асноўных звестак аб кожным асабліва каштоўным музейным прадмеце, уключаным у Музейны фонд Рэспублiкi Беларусь.

Вядзенне Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь забяспечваецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважанай ім арганізацыяй і ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Уладальнікі асабліва каштоўных музейных прадметаў абавязаны прадстаўляць у Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаную ім арганізацыю звесткі аб гэтых музейных прадметах.

Асноўнымі мэтамі вядзення Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь з’яўляюцца:

цэнтралізаваны ўлік усіх асабліва каштоўных музейных прадметаў;

ідэнтыфікацыя і папулярызацыя асабліва каштоўных музейных прадметаў.

У мэтах вядзення Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаная ім арганізацыя ажыццяўляе:

збор звестак аб асабліва каштоўных музейных прадметах;

улік наяўнасці і кантроль захаванасці асабліва каштоўных музейных прадметаў.

Вядзенне Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Звесткі аб асабліва каштоўных музейных прадметах уносяцца ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь у двухмесячны тэрмін з дня іх паступлення.

Уладальнікі асабліва каштоўных музейных прадметаў павінны ў месячны тэрмін паведамляць у Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаную ім арганізацыю аб любых зменах звестак, прадстаўленых імі ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь.

У выпадку змены ўласніка асабліва каштоўнага музейнага прадмета ранейшы ўласнік павінен у дзесяцідзённы тэрмін паведаміць аб гэтым у Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаную ім арганізацыю.

Звесткі аб стратах або знішчэннях асабліва каштоўных музейных прадметаў накіроўваюцца ў Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь у трохдзённы тэрмін з моманту ўстанаўлення факта іх страты або знішчэння.

Звесткі, якія змяшчаюцца ў Дзяржаўным каталогу Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь, носяць адкрыты характар, за выключэннем звестак, што падлягаюць абмежаванаму распаўсюджванню ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Звесткі аб асабліва каштоўных музейных прадметах распаўсюджваюцца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Для забеспячэння захаванасці звестак, уключаных у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублiкi Беларусь, ажыццяўляецца іх абавязковае страхавое капіраванне.

Артыкул 199. Захоўванне музейных прадметаў

У мэтах забеспячэння захаванасці музейных прадметаў і выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты або знішчэння ў музеях устанаўліваецца спецыяльны рэжым захоўвання музейных прадметаў.

Устанаўленне спецыяльнага рэжыму захоўвання музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Парадак захоўвання музейных прадметаў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 200. Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў

Пад кансервацыяй музейных прадметаў разумеецца комплекс мерапрыемстваў па часоваму або доўгатэрмiноваму забеспячэнню захаванасцi тэхнiчнага стану музейных прадметаў з прымяненнем адпаведных метадаў, якiя дазваляюць прадухiлiць іх далейшае пагаршэнне i ствараюць умовы для экспанавання закансерваваных музейных прадметаў.

Пад рэстаўрацыяй музейных прадметаў разумеецца комплекс мерапрыемстваў па навукова абгрунтаванаму аднаўленню страчаных фрагментаў музейных прадметаў, а таксама iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей.

Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, якія з’яўляюцца гiсторыка-культурнымі каштоўнасцямі, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным для гiсторыка-культурных каштоўнасцей, у адпаведнасці з гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства.

Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, якія не з’яўляюцца гiсторыка-культурнымі каштоўнасцямі, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў.

Склад, парадак распрацоўкi i ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыi на выкананне кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў, якія не з’яўляюцца гiсторыка-культурнымі каштоўнасцямі, устанаўлiваюцца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Парадак кансервацыі i рэстаўрацыі музейных прадметаў, якія не з’яўляюцца гiсторыка-культурнымі каштоўнасцямі, устанаўліваецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Кансервацыя i рэстаўрацыя музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Артыкул 201. Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет

У мэтах вырашэння найбольш важных пытанняў кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, каардынацыі дзейнасці па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, выпрацоўцы рэкамендацый па методыцы кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў, падрыхтоўкі заключэнняў аб выкананні найбольш складаных работ па кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў ствараецца Рэспубліканскі рэстаўрацыйны савет, які з’яўляецца дарадчым, кансультатыўным і экспертным органам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Палажэнне аб Рэспубліканскім рэстаўрацыйным савеце зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 202. Каталагiзацыя музейных прадметаў i музейных калекцый

Пад каталагiзацыяй музейных прадметаў i музейных калекцый разумеецца працэс стварэння і функцыянавання каталогаў музейных прадметаў i музейных калекцый, які ўключае апрацоўку звестак аб музейных прадметах i музейных калекцыях, іх групоўку, сістэматызацыю, дакументальную фіксацыю і актуалізацыю.

Парадак каталагізацыі музейных прадметаў i музейных калекцый устанаўліваецца Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 203. Экспазіцыя

Экспазіцыя – мэтанакіраваная і навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў з уласнага музейнага фонда, выстаўленых для агляду наведвальнікамі музея, якія арганізаваны кампазіцыйна, суправаджаюцца пісьмовым каментарыем, тэхнічна і мастацка аформленыя і ў выніку ствараюць спецыфічны музейны вобраз пэўных прыродных і (або) грамадскіх з’яў згодна з профілем (профілямі) музея.

Экспазіцыі класіфікуюцца ў залежнасці ад тэматыкі (гістарычныя, мастацкія, літаратурныя, прыродазнаўчыя, архітэктурныя і іншыя), метаду арганізацыі (калекцыйныя, ансамблевыя, ілюстрацыйна-тэматычныя), а таксама могуць класіфікавацца па іншых крытэрях, у тым ліку ў залежнасці ад мэтаў, задач, прызначэння.

Пад класіфікацыяй экспазіцый разумеецца групоўка экспазіцый на аснове адзінства (агульнасці) іх прыкмет.

Артыкул 204. Стварэнне і адкрыццё экспазіцый

У мэтах стварэння экспазіцыі распрацоўваецца канцэпцыя экспазіцыі, якая зацвярджаецца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Распрацоўка канцэпцыі экспазіцыі ажыццяўляецца рабочай групай. Склад рабочай групы, яе кіраўнік, тэрміны пачатку і заканчэння работы вызначаюцца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

У выпадку адсутнасці ў штаце музея спецыялістаў, неабходных для распрацоўкі канцэпцыі экспазіцыі, па рашэнню кіраўніка музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, да распрацоўкі канцэпцыі экспазіцыі, выканання асобных работ у межах распрацоўкі канцэпцыі экспазіцыі, могуць прыцягвацца спецыялісты, якія не знаходзяцца ў штаце музея, на дагаварной аснове.

Канцэпцыя экспазіцыі складаецца з аналітычнай і праектнай частак.

Аналітычная частка змяшчае вынікі даследавання, праведзенага ў мэтах стварэння экспазіцыі, аналіз патэнцыялу музея, у тым ліку наяўнасць неабходных музейных прадметаў, памяшкання (тэрыторіі) для размяшчэння экспазіцыі, вынік аб мэтазгоднасці стварэння экспазіцыі на аснове аналізу сацыякультурнай сітуацыі, вызначэнне аўдыторыі, на якую накіравана стварэнне экспазіцыі.

Праектная частка змяшчае вынікі праведзенай работы па навуковаму, мастацкаму і тэхнічнаму праектаванню экспазіцыі.

Пры навуковым праектаванні экспазіцыі распрацоўваецца навукова-праектная дакументацыя:

пісьмовая навуковая канцэпцыя з абгрунтаваннем асноўнай ідэі, мэтаў і задач экспазіцыі, вызначэннем шляхоў іх увасаблення;

тэматычная структура экспазіцыі, тэматыка-экспазіцыйнага плана і сцэнарыя экспазіцыі.

Падрыхтаваная навукова-праектная дакументацыя абмяркоўваецца на навукова-метадычным савеце музея і дасылаецца на рэцэнзаванне:

дзяржаўнымі музеямі рэспубліканскага падпарадкавання – у Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь для разгляду на Рэспубліканскім навукова-метадычным савеце па пытаннях музейнай справы;

дзяржаўнымі музеямі абласнога (Мінскага гарадскога) падпарадкавання – у дзяржаўны музей рэспубліканскага падпарадкавання адпаведнага профілю;

іншымі музеямі – у дзяржаўны музей абласнога або рэспубліканскага падпарадкавання адпаведнага профілю.

Пры адсутнасці дзяржаўнага музея адпаведнага профілю, у які прызначана дасылаць на рэцэнзаванне навукова-праектную дакументацыю, гэта дакументацыя накіроўваецца на рэцэнзаванне ў Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь для разгляду на Рэспубліканскім навукова-метадычным савеце па пытаннях музейнай справы.

Пасля атрымання рэцэнзіі на навукова-праектную дакументацыю і на аснове вынікаў навуковага праектавання ажыццяўляюцца мастацкае і тэхнічнае праектаванні, у межах якіх распрацоўваюцца архітэктурна-мастацкае і тэхнічнае рашэнні экспазіцыі.

Зацверджаная канцэпцыя экспазіцыі з’яўляецца падставай для заключэння дагавора на мантаж экспазіцыі.

Адкрыццё экспазіцыі ажыццяўляецца пасля яе прыёма камісіяй, якая прызначаецца загадам заснавальніка музея.

Артыкул 205. Музейная выстаўка

Музейная выстаўка – сукупнасць музейных прадметаў з уласнага музейнага фонда, музейных фондаў iншых музеяў і (або) прадметаў музейнага значэння, аб’яднаных адной тэмай, выстаўленых на пэўны тэрмін для агляду наведвальнікамі музея.

Музейныя выстаўкі падзяляюцца на групы ў залежнасці ад тэматыкі (гістарычныя, мастацкія, літаратурныя, прыродазнаўчыя, архітэктурныя і іншыя), тэрміну экспанавання музейнай выстаўкі (менш за адзін месяц або адзін месяц і болей), іншых крытэрыяў.

Артыкул 206. Стварэнне і адкрыццё музейных выставак

Стварэнне музейнай выстаўкі ажыццяўляецца навукова-экспазіцыйным, выставачным аддзелам музея або рабочай групай. Склад рабочай групы, яе кіраўнік, тэрміны пачатку і заканчэння работы па стварэнні музейнай выстаўкі вызначаюцца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Для стварэння музейных выставак музеямі распрацоўваецца наступная праектная дакументацыя:

сцэнарый музейнай выстаўкі або разгорнутая тэматычная структура (калі тэрмін экспанавання музейнай выстаўкі менш за адзін месяц);

сцэнарый музейнай выстаўкі або разгорнутая тэматычная структура, а таксама архітэктурна-мастацкае рашэнне (калі тэрмін экспанавання музейнай выстаўкі адзін месяц і болей).

Праектная дакументацыя музейнай выстаўкі, разлічанай на тэрмін экспанавання адзін месяц і болей, або музейнай выстаўкі, якая рыхтуецца для экспанавання за межамі музея, разглядаецца на навукова-метадычным савеце і зацвярджаецца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленням якой з’яўляецца музей.

Праектная дакументацыя музейнай выстаўкі, разлічанай на тэрмін экспанавання менш за адзін месяц, зацвярджаецца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Адкрыццё музейнай выстаўкі ажыццяўляецца пасля яе прыёма камісіяй, прызначанай загадам кіраўніка музея або юрыдычнай асобы, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.

Артыкул 207. Экскурсiйнае абслугоўванне наведвальнiкаў музеяў

Пад экскурсійным абслугоўваннем наведвальнiкаў музеяў разумеецца паказ музейных прадметаў, музейных калекцый, прадметаў музейнага значэння, які суправаджаецца каментарыямі, прадастаўленнем інфармацыі аб музейных прадметах, музейных калекцыях, прадметах музейнага значэння і ажыццяўляецца спецыялістам, які мае неабходную кваліфікацыю (экскурсаводам).

Артыкул 208. Мiжнародныя сувязi музеяў

Музеi Рэспублiкi Беларусь удзельнiчаюць у мiжнародным супрацоўнiцтве ў сферы музейнай справы ў адпаведнасцi з актамi заканадаўства, мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

У выпадку арганізацыі міжнароднай музейнай выстаўкі ў Рэспубліцы Беларусь Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па хадайніцтву дзяржаўнага музея, які арганізуе музейную выстаўку, на падставе дагавора паміж бакамі і дакумента, які пацвярджае страхаванне музейных прадметаў, што ўвозяцца ў Рэспубліку Беларусь, можа прадастаўляць гарантыйныя абавязацельствы аб іх захаванасці і своечасовым вяртанні.

Рашэнне аб прадастаўленні гарантыйных абавязацельстваў прымаецца ў пятнаццацідзённы тэрмін і выдаецца ў форме гарантыйнага пісьма Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь бясплатна.

Гарантыйныя абавязацельствы выдаюцца на перыяд знаходжання музейных прадметаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь можа быць адмоўлена ў выдачы гарантыйных абавязацельстваў, калі ёсць падставы меркаваць, што міжнародная музейная выстаўка ў Рэспубліцы Беларусь можа прычыніць шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь і (або) асабістым інтарэсам грамадзян, стварыць пагрозузахаванасцімузейных прадметаў, прывесці да іх пашкоджання, страты або знішчэння і (або) выклікаць іншае парушэнне заканадаўства.

Глава 20
народнае мастацтва (народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), народныя мастацкія промыслы (рамёствы)

Артыкул 209. Народнае мастацтва (народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Народныя мастацкія промыслы (рамёствы)

Народнае мастацтва (народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва) – галіна традыцыйнай народнай культуры, звязаная са стварэннем па-мастацку аформленых прадметаў побыту з выкарыстаннем мясцовых прыродных матэрыялаў.

Народныя мастацкія промыслы (рамёствы) – адна з форм народнага мастацтва па вытворчасці прадметаў дэкаратыўнага і (або) утылітарнага прызначэння з выкарыстаннем пераважна ручной працы, якая гістарычна сфарміравалася ў пэўнай мясцовасці і неразрыўна звязана з самабытнымі мастацкімі і рамёснымі традыцыямі гэтай мясцовасці.

Артыкул 210. Вырабы народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў)

Прадметы дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння, створаныя ў адпаведнасці з традыцыямі народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) з выкарыстаннем натуральных матэрыялаў і ручной працы, адносяцца да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў).

Пры стварэнні вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) дазваляецца творчае вар'іраванне, якое ўяўляе сабой адну з форм праявы народнай творчасці, асноўны метад перадачы тыпавога ўзору выраба народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), які прадугледжвае ўнясенне змен і дадаткаў у кампазіцыйнае, каляровае, арнаментальнае, пластычнае і іншае мастацкае рашэнне выраба, якія не прыводзяць да прынцыповай змены аўтарскай задумы, зніжэнню мастацкага ўзроўня і якасці вырабу народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) у параўнанні з яго тыпавым узорам.

Аднясенне прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннем экспертнай камісіі па аднясенню прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) з улікам асартыменту, віду рамёстваў, сыравіны, дoлі ручнoй і механізаванай працы.

Да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) не могуць быць аднесены вырабы, у тэхналогіі вырабу якіх немагчыма ўжыванне творчага вар’іравання тыпавых узораў дадзеных вырабаў, у тым ліку:

строчавышытыя вырабы, вырабленые на вышывальных машынах-аўтаматах або паўаўтаматах – без спалучэння з ручной вышыўкай або з вышыўкай, выкананай на вышывальных машынах, якія дазваляюць творча выконваць і вар’іраваць вышыўку;

вырабы з тканін, дэкарыраваныя пры дапамозе фотадруку без спалучэння з ручнымі спосабамі дэкарыравання вырабаў;

вырабы з тканін, дываны і дывановыя вырабы, вырабленыя на машынах без спалучэння з ручным выкананнем;

вырабы з металу і ювелірныя вырабы, вырабленыя пры дапамозе штампоўкі і ліцця, за выключэннем ліцця па васковых мадэлях, без наступнай чаканкі, гравіроўкі, размалёўкі, траўлення або ўжывання іншых спосабаў ручной дэкаратыўнай апрацоўкі металу;

керамічныя вырабы, вырабленыя пры дапамозе ліцця без наступнай размалёўкі, лепкі або без ужывання іншых спосабаў ручнога декарыравання вырабаў;

вырабы, вырабленыя на вязальных машынах-аўтаматах без спалучэння з дэкаратыўнай ручной вязкай, вышыўкай або іншымі спосабамі ручнога декарыравання вырабаў;

іншыя вырабы, вырабленыя механічным спосабам з выкарыстаннем матываў народнага мастацтва.

Артыкул 211. Экспертная камісія па аднясенню прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў)

Экспертная камісія па аднясенню прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) (далей – экспертная камісія па вырабам народных мастацкіх промыслаў) ствараецца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб'яднанні “Белмастацпромыслы“.

Асноўнымі задачамі экспертнай камісіі па вырабах народных мастацкіх промыслаў з'яўляюцца:

садзейнічанне абароне дзяржаўных і агульнанацыянальных інтарэсаў па захаванні і далейшаму развіццю самабытных традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў);

стварэнне ўмоў для творчага развіцця арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), падтрымка і захаванне іх творчай індывідуальнасці і самабытнасці, забеспячэнне кантролю за мастацкім узроўнем і якасцю вырабаў, пашырэнне і абнаўленне асартыменту вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў);

падрыхтоўка прапаноў па адраджэнню і далейшаму развіццю народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) на аснове мастацка-стылявых асаблівасцеў і традыцыйных тэхналогій народнага мастацтва, якія склаліся гістрычна з улікам сучасных эстэтычных патрабаванняў, заахвочванне творчых калектываў і асобных аўтараў за стварэнне высокамастацкіх твораў;

прапаганда народнага мастацтва, аказанне дапамогі арганізацыям народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), творчым калектывам у арганізацыі іх працы, правядзенне кансультацый па пытаннях мастацка-стылявой накіраванасці, захаванню, адраджэнню традыцыйных прыёмаў выраба вырабаў;

ажыццяўленне экспертызы вырабаў па аднясенні прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) (далей – экспертыза вырабаў).

У адпаведнасці з ускладзенымі на яе задачамі экспертная камісія па вырабах народных мастацкіх промыслаў:

ажыццяўляе экспертызу вырабаў;

праводзіць сумесна з мастацкімі радамі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) адзнаку стану мастацка-творчай працы;

дае рэкамендацыі па ўдасканаленні працы, развіццю мастацка-стылявой накіраванасці вырабаў, павышэнню якасці гэтых вырабаў, здыманню іх з вытворчасці і аднаўленню выпуску традыцыйных выглядаў вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў);

па выніках правядзення экспертызы вырабаў прымае рашэнне пра магчымасць аднясення прадукцыі да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) і ўносіць яго на разгляд дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб'яднання “Белмастацпромыслы“.

Экспертная камісія па вырабах народных мастацкіх промыслаў працуе паводле зацверджанага плану.

Пры ажыццяўленні экспертызы вырабаў асноўнымі крытэрыямі аднясення прадукцыі, якая вырабляецца арганізацыямі народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), да катэгорыі вырабаў народных мастаціх промыслаў (рамёстваў) з'яўляюцца:

адпаведнасць іх традыцыям нацыянальнай культуры, вырабам народных мастацкіх промыслаў;

мастацка-стылявая скіраванасць вырабаў, іх сучаснасць;

каштоўнасць для развіцця народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва;

скарыставаная для вытворчасці сыравіна, трываласць вырабаў;

складальныя кампазіцыі (вонкавы выгляд, колер, гама, прапорцыі, памеры);

ажыццяўляемыя прадстаўніцкія функцыі дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва;

наяўнасць ручной працы ў вырабах;

аднясенне да сувенірнай прадукцыі.

Парадак стварэння і дзейнасці, а таксама склад экспертнай камісіі па аднясенню прадукцыі арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) да вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) вызначаецца Кіраўніцтвам справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 212. Арганізацыі народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў)

Арганізацыі народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) –камерцыйныя арганізацыі любой формы ўласнасці і арганізацыйна-прававой формы, якія займаюцца вытворчасцю вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) на аснове выкарыстання традыцыйных мастацка-тэхнічных прыёмаў па апрацоўцы натуральных матэрыялаў.

У мэтах вытвoрчасці, тыражавання і рэалізацыі вырабаў нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў), якія характарызуюцца нацыянальнай самабытнасцю і высoкім мастацкім узрoўнем, а таксама захавання і развіцця традыцыйных нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў), задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадства, удасканалення традыцыйных рамесніцкіх тэхналoгій і індывідуальнага майстэрства нарoдных майстрoў ствараюцца і дзейнічаюць арганізацыі нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў).

Артыкул 213. Дзяржаўная падтрымка арганізацый народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў)

Арганізацыі нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) і іх асноўныя вытворчыя падраздзяленні (цэхі, участкі, брыгады), занятыя выпускам вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), забяспечваюцца фінансавай і іншымі відамі дзяржаўнай падтрымкі.

Дзяржаўная падтрымка арганізацый нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) ажыццяўляецца для забеспячэння магчымасцей выканання імі іх вытворчых задач.

Дзяржаўная падтрымка арганізацый нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) ажыццяўляецца шляхам:

стварэння спрыяльных умoў для выкарыстання гэтымі арганізацыямі фінансавых, матэрыяльна-тэхнічных і інфармацыйных рэсурсаў, а таксама навукoва-тэхнічных распрацoвак і тэхналoгій;

садзейнічання знешнеэканамічнай і іншай звязанай з ёю дзейнасці, уключаючы пашырэнне і развіццё гандлёвых, навукoва-тэхнічных, вытвoрчых і інфармацыйных сувязей арганізацый нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) з аналагічнымі арганізацыямі замежных краін;

арганізацыі падрыхтoўкі, перападрыхтoўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў для гэтых арганізацый.

Рэспубліканскія oрганы дзяржаўнага кіравання, мясцoвыя выканаўчыя і распарадчыя oрганы распрацoўваюць і ажыццяўляюць кoмплекс мерапрыемстваў па садзейнічанню ў забеспячэнні арганізацый нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) абсталяваннем і сучаснымі тэхналoгіямі для падрыхтоўчых працэсаў і арганізацыі вытворчасці.

Мясцoвыя выканаўчыя і распарадчыя oрганы прадастаўляюць арганізацыям народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў) магчымасць карыстацца на аснове дагавораў арэнды на льготных умовах будынкамі, абсталяваннем, вытвoрчымі і службoвымі памяшканнямі, іншай маёмасцю, якая знахoдзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Oрганы дзяржаўнай улады садзейнічаюць удзелу арганізацый нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) у рэалізацыі праграм і праектаў у сферы знешнеэканамічнай дзейнасці і ў міжнарoдных выстаўках і кірмашах, заахвочваюць развіццё спецыялізаванага гандлю вырабамі нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) у парадку, устанoўленым заканадаўствам.

Артыкул 214. Правы грамадзян у галіне народнага мастацтва, народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў)

Кoжны грамадзянін мае права на дзейнасць у галіне народнага мастацтва, нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) у адпаведнасці са сваімі схільнасцямі і здoльнасцямі.

Права грамадзяніна займацца дзейнасцю ў галіне народнага мастацтва, нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) мoжа ажыццяўляцца як на прафесійнай, так і непрафесійнай (аматарскай) аснoве ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам.

Грамадзяне, якія працуюць у галіне народнага мастацтва, нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў), маюць права ўтвараць па сваёй ініцыятыве твoрчыя саюзы і іншыя грамадскія аб'яднанні, што маюць на мэце стварэнне найбoльш спрыяльных умoў для культурнай дзейнасці, развіцця, падтрымкі і папулярызацыі народнага мастацтва, нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў).

Дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў у галіне народнага мастацтва, нарoдных прoмыслаў (рамёстваў) рэгулюецца заканадаўствам аб грамадскіх аб'яднаннях.

Грамадзяне маюць права вывoзіць за межы Рэспублікі Беларусь з мэтай экспанавання, іншых фoрм публічнага паказу, а таксама на прoдаж аўтарскія ўзoры і вырабы нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) у адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.022 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал