Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вытрымкі з выступлення прамьер-міністра Уінстана Чэрчыля ў школе Хэрроу 29 кастрычніка 1941 года






“Давайте не будем говорить о тёмных днях; давайте говорить лучше о суровых днях. Дни — не тёмные, они — великие дни, самые великие дни, какие только переживала наша страна, и мы все должны благодарить Бога, что нам дозволено — каждому на своём посту — быть частью народа, творящего эти дни, незабываемые дни в истории нашей расы.”

Вызначце, у чым заключаецца гістарычнае значэнне дзён, аб якіх гаварыў англійскі прамьер-міністр.

Тэма 6. Акупацыйны рэжым

Вучэбныя задачы.

Ахарактарызуйце сутнасць нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму.

Дайце ацэнку дзейнасці калабарантаў, якія мелі сваёй мэтай стварэнне беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктарам.

Абмяркуйце верагодныя варыянты паводзін юнакоў і дзяўчат, якія апынуліся ва ўмовах нямецка-фашысцкага акупацыйнага рэжыму.

Ваенна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні на захопленых тэрыторыях. У жніўні-кастрычніку 1941 г. на акупіраваных тэрыторыях СССР ўсталёўваецца германскі “новы парадак” – нацысцкая сістэма ваенных, палітычных, ідэалагічных і эканамічных мер, рэжым крывавага тэрору, жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Гэта быў загадзя распрацаваны, абдуманы і мэтанакіраваны план генацыду, ліквідацыі савецкага грамадства і дзяржаўнага ладу, рабавання нацыянальных багаццяў і прыродных рэсурсаў савецкай краіны.

Ідэалагічнай падставай гэтай палітыкі з’яўлялася чалавеканенавісніцкая тэорыя нацыстаў аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над іншымі народамі, неабходнасці пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў, іх “права” на сусветнае панаванне. Паводле нацысцкіх ідэй, заваяваныя тэрыторыі СССР падлягалі нямецкай каланізацыі. У адпаведнасці з спецыяльным планам “Ост” прадугледжвалася: высяленне 2/3 насельніцва за Урал на працягу 30 гадоў (у тым ліку, 75% з Беларусі), 10–15 % падлягалі анямечанню, астатняя частка насельніцтва – вынішчэнню. Пакінутаму мясцоваму насельніцтву адводзілася адзіная роля – быць таннай рабочай сілай. Для рэалізацыі плана ў рэйху было створана асобнае міністэрства па пытаннях усходніх тэрыторый на чале з А.Розенбергам. Практычныя мерапрыемствы па ўсталяванню “новага парадку” былі выкладзены ў “Інструкцыі аб асобных абласцях да дырэктывы № 21 (план “Барбароса”), выдадзенай 13 сакавіка 1941 г., і шэрагу іншых дакументаў, якія яскрава сведчаць аб тым, што гітлераўцы старанна і загадзя рыхтаваліся да ажыццяўлення сваёй злачыннай акупацыйнай палітыкі.

На нарадзе, праведзенай у Гітлера 16 ліпеня 1941 г., была выпрацавана праграма каланізацыі ўсходніх тэрыторый, у якой прадугледжвалася: “...как сподручнее разделить гигантский пирог, чтобы мы

во-первых, господствовали,

во-вторых, управляли,

в-третьих, могли эксплуатировать.

…Железным принципом должно быть и оставаться во веки веков: никому, кроме немца, носить оружие не дозволено!

…Только немец может владеть оружием, но отнюдь не славянин, не чех, не казак, не украинец!

…Из вновь приобретенных восточных областей мы должны сделать для себя райский сад. Они для нас жизненно важны…

…Фюрер подчеркивает, что территорией Германии должна стать вся Прибалтика. То же самое относится и к Крыму.

…Финны хотят заполучить Восточную Карелию, но ввиду имеющегося там большого никелевого месторождения Кольский полуостров должен отойти к Германии.

…На район Ленинграда предъявляют свои притязания финны. Фюрер хочет сначала сровнять Ленинград с землей, а уже потом передать его финнам.

…Огромное пространство надо усмирить как можно быстрее; этого лучше всего можно добиться расстрелом каждого, кто посмеет поглядеть на немца косо.

…Жители должны знать: каждый, кто не работает на немцев, будет расстрелян и за любой проступок виновный будет наказан”.

Часткай планаў з’яўлялася “гаспадарчае выкарыстанне СССР у інтарэсах эканомікі Германіі”. За выкананне гэтых задач адказвала спецыяльная арганізацыя пад кодавай назвай “Ольдэнбург”, якая з пачаткам вайны дзейнічала як эканамічны штаб “Ост”. Галоўныя мэты і задачы германскай эканамічнай палітыкі ў СССР былі адлюстраваны ў спецыяльных “дырэктывах” ці ў так званай “Зялёнай папцы”. За тыдзень да пачатку вайны з СССР у ваенна-эканамічным ведамстве рэйхсмаршала Г.Герынга былі выдадзены “Дырэктывы па вядзенні гаспадаркі на новазанятых усходніх тэрыторыях”. З іх вынікала, што выключнае значэнне для далейшага вядзення вайны будзе мець неадкладная і поўная эксплуатацыя захопленых абласцей у інтарэсах ваеннай эканомікі Германіі, у асаблівасці ў вобласці харчавання і нафтавай галіны

Усе захопленыя матэрыяльныя і людскія рэсурсы аб’яўляліся ўласнасцю рэйха. У Беларусі пад нацысцкую акупацыю патрапіла каля 7 млн чалавек, ці 12, 7% ад усяго насельніцтва, якое заставалася на захопленай тэрыторыі СССР. У адпаведнасці з дырэктывамі Гітлера, захопленая тэрыторыя падлягала падзелу на асобныя часткі з падпарадкаваннем цывільнаму і ваеннаму акупацыйнаму апарату. Тэрыторыя Літвы, Латвіі і Эстоніі, а таксама значная частка Беларусі (53% ад перадваеннай тэрыторыі) былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыятаў “Остланд” і “Украіна”. Пытанні агульнага кіравання на тэрыторыі рэйхскамісарыятаў “Остланда” і “Украіна” былі сканцэнтраваны ва Усходнім міністэрстве, паліцэйская улада — у Гімлера (рэйхсфюрэра СС і начальніка паліцыі Германіі).

Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій “Цэнтр”. Улада на гэтай тэрыторыі знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў. Вышэйшым органам на гэтай тэрыторыі быў штаб тылу групы армій “Цэнтр”.

Паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск, Брэст былі далучаны да рэйхскамісарыята “Украіна”, граніца якога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст-Гомель. Беластокскую, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай абласцей гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі. Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі Літва.

У склад уласна Беларусі, ці як яе акупанты называлі Генеральная акруга Беларусь (ГАБ), было ўключана 68 раёнаў з агульнага ліку 192 сельскіх і 9 гарадскіх раёнаў, якія ўваходзілі ў склад БССР напярэдадні вайны. Агульная плошча ГАБ складала прыкладна чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам 3, 1 млн. чалавек (на 04.12.41 г.) і ГАБ была ўключана ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з рэзідэнцыяй у Рызе.

Генеральная акруга Беларусь падзялялася на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Слонімскую, Слуцкую, Навагрудскую. Мінск з’яўляуся цэнтрам Генеральнай акругі Беларусь і выдзяляўся ў аддзельную акругу. Вышэйшым выканаўчым органам тут з’яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў В. Кубэ. Яму падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты, штатскамісарыяты (гарады), артскамісарыяты (раёны). Дзейнасць акупацыйнага апарата адбывалася на прынцыпе “фюрэрства” – адзінаўладдзя. Кожны гебітскамісар выдаваў загады і распараджэнні па свайму меркаванню, кіруючыся толькі указаннямі вышэйшых германскіх інстанцый. У воласцях прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсках – старасты. Работу раённых, валасных упраў і стараст вёсак накіроўвалі і жорстка кантралявалі спецыяльна прызначаныя шэфы – камісары, каменданты, крайсляндвірты, зондэрфюрэры і г. д.

Ва ўсходняй частцы Беларусі ваенна-адміністрацыйныя функцыі выконвалі створаныя вермахтам палявыя і мясцовыя камендатуры, якія надзяляліся ўсёй паўнатой улады ў зоне сваёй дзейнасці. У раёнах дыслакацыі ахоўных дывізій у 1942 г. дзейнічала 11 палявых і 23 мясцовыя камендатуры і т. зв. мясцовыя грамадзянскія ўлады. Ім падпарадкоўваліся шматлікія вайсковыя гарнізоны, каманды жандармерыі, групы тайнай палявой паліцыі (ГФП). Усяго на гэтай тэрыторыі дзейнічала 8 груп ГФП (Полацк, Віцебск, Орша, Барысаў, Лепель, Бабруйск, Старыя Дарогі, Магілёў), якія мелі 20 перыферыйных каманд. Толькі групай ГФП, якая дзейнічала ў Оршы, з верасня 1941 г. па верасень 1942 г. было павешана і расстраляна больш за 17 500 савецкіх патрыётаў.

Узброенай апорай створанага рэжыму з’яўляліся акупацыйныя войскі вермахта – ахоўныя дывізіі. У 1941 г. на тэрыторыі Беларусі іх было 5. Яны забяспечвалі ахову камунікацый і ваенных аб’ектаў, лагераў ваеннапалонных, вялі барацьбу супраць партызан і насельніцтва. Акрамя сіл вермахта для падтрымкі акупацыйнага рэжыму быў прыдадзены значны паліцэйскі аппарат. Каб утрымліваць пад кантролем тэрыторыю захопленай Беларусі, акупанты вымушаны былі трымаць тут ваенна-паліцэйскія сілы колькасцю да 160 тыс.чалавек, не лічачы франтавых часцей, якія таксама выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць партызан. У загадзе начальніка штаба вярхоўнага камандавання вермахта Кейтэля аб падаўленні “камуністычнага паўстанчаскага руху” ад 16 верасня 1941 г. адзначалася: “…в своих действиях следует руководствоваться следующими положениями:

а) каждый случай сопротивления немецким оккупационным властям, независимо от обстоятельств, следует расценивать как проявление коммунистических происков;

б) …В качестве искупления за жизнь одного немецкого солдата в таких случаях, как правило, должна считаться смертная казнь для 50 – 100 коммунистов. Способ приведения приговора в исполнение должен еще больше усилить устрашающее воздействие”.

Калабарацыянізм. Няўдачы вермахта на савецка-германскім фронце, нарастаючая барацьба ў тыле акупантаў вымушалі германскія ўлады шукаць падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Не была выключэннем і Беларусь. Акупанты стваралі розныя структуры грамадзянскай улады і вайскова-паліцэйскія фарміраванні, прыцягваючы ў іх пэўныя колы жыхароў.

У кастрычніку 1941 г. была створана Беларуская народная самадапамога (БНС), на чале якой стаў кіраўнік пражскага філіяла Беларускага камітэта самадапамогі І. Ермачэнка. Камісар генеральнай акругі Беларусь В. Кубэ зацвердзіў склад кіраўніцтва БНС, а таксама праграму яе дзейнасці, якая ставіла мэтай “дапамагчы” пацярпеўшым ад ваенных дзеянняў, бальшавісцкага і польскага праследавання беларусам, “дапамагчы адбудаваць” зруйнаваны чужынцамі беларускі край, “пашырыць і развіць” беларускую культуру. Пры кіраўніцтве БНС быў створаны цэнтральны савет (“цэнтраль”) у складзе 10 чалавек. Члены савета прызначаліся і звальняліся гаўляйтарам Кубэ. У акругах (гебітскамісарыятах) ствараліся акруговыя адзелы БНС, якія ўзначальвалі старшыні, прызначаныя акруговымі камісарамі.

Нямецкае акупацыйнае кіраўніцтва пільна сачыла за дзейнасцю БНС і не дазваляла ёй самастойна дзейнічаць. Кіраўнікі БНС намагаліся стварыць беларускія ўзброеныя атрады для барацьбы з партызанамі. Аднак, пакуль захопнікі мелі перавагу над савецкімі войскамі, неабходнасці ў арганізацыі на акупіраваных тэрыторыях якіх-небудзь нацыянальных вайсковых фарміраванняў не было. Тым не менш, ідучы насустрач патрабаванням калабарацыяністаў, В. Кубэ 29 чэрвеня 1942 г. абвясціў аб заснаванні беларускага “Вольнага корпуса самаабароны”, а таксама дазволіў адкрыць галоўную раду БНС у складзе 12 чалавек. Пры галоўнай радзе дзейнічала 13 аддзелаў: адміністрацыйны, палітычны, вайсковы, школьны, аховы здароўя і інш. Адпаведныя падраздзяленні дзейнічалі ў акругах. Ствараўся апарат, які меў нязбытнае жаданне ў адпаведны час пераняць ад нямецкіх улад дзяржаўнае кіраўніцтва. Акрамя таго, былі арганізаваны: Беларускае навуковае аб’яднанне, прафсаюзы, беларускія судовыя структуры. Гэтыя арганізацыі павінны былі дапамагаць рэалізоўваць грабежніцкую акупацыйную палітыку, удзельнічаць у дэпартацыі насельніцтва на работы ў рэйх.

Захопнікі імкнуліся стварыць фарміраванні Беларускай самааховы (БСА). Камандуючым быў прызначаны І. Ермачэнка. Ён і яго штаб распачалі дзейнасць па стварэнні БСА, бачачы ў ёй правобраз будучага беларускага войска. У Мінску былі адкрыты курсы па перападрыхтоўцы афіцэраў-беларусаў, праводзілася актыўная прапагандысцкая кампанія ў акругах па вярбоўцы ў шэрагі БСА. Справай БСА зацікавілася разведка партызан, якая рабіла ўсё магчымае, каб сарваць вайсковую акцыю. Узнікшыя фарміраванні БСА падвяргаліся ўзмоцненай апрацоўцы і ваеннаму ўздзеянню. Да таго ж немцы не спяшаліся ўзбройваць гэтыя фарміраванні, у выніку чаго яны лёгка разганяліся партызанамі. Восенню 1942 г. інтарэс акупантаў да арганізацыі корпуса самаабароны стаў слабець. Замест БСА яны вырашылі стварыць беларускія паліцэйскія батальёны пад кіраўніцтвам нямецкіх афіцэраў, а вясной 1943 г. зусім адмовіліся ад беларускай самаабароны.

Поспехі Чырвонай Армі на франтах вайны, узмацнене дзейнасці партызан, актыўная прапагандысцкая работа падпольных партыйных і камсамольскіх органаў сярод насельніцтва спрыялі таму, што беларускі народ у большасці адмоўна ставіўся да мерапрыемстваў акупантаў і іх памагатых.

Агнём і мячом, шыбенцамі і турмамі, гвалтам і жорсткай эксплуатацыяй акупанты імкнуліся аслабіць супраціўленне народа. Разам з тым гітлераўцы пачалі ўсё часцей прыбягаць да розных палітычных манёўраў, замаскіроўваючы сапраўдныя мэты сваёй палітыкі, каб схіліць мясцовае насельніцтва да супрацоўніцтва.

27 чэрвеня 1943 г. было аб’яўлена аб стварэнні з прадстаўнікоў беларускай грамадскасці пастаянна дзеючага дарадчага органа – Беларускага даверанага бюро ці “Рады даверу”. У склад яе ўвайшлі па аднаму прадстаўніку з акруг, якія вызначаліся акруговымі камісарамі, а таксама шэсць чалавек ад цэнтра: В. Іваноўскі – бургамістр Мінска, Ю. Сабалеўскі – ад Беларускай самадапамогі, К. Рабушка – ад прафсаюзаў, М. Ганько і Н. Абрамова – ад Саюза беларускай моладзі.

21 верасня 1943 г. у Мінску падпольшчыкамі быў знішчаны В. Кубэ. Яго пераемнікам на пасадзе генеральнага камісара стаў генерал-лейтэнант паліцыі і СС групенфюрер фон Готберг, які пачаў інтэнсіўна шукаць сродкі для барацьбы з антыгерманскім рухам. Перш за ўсё планавалася выкарыстаць мясцовыя сілы, а таксама тых, хто ўжо супрацоўнічаў з акупантамі і пад націскам Чырвонай Арміі адступіў разам з германскай арміяй на тэрыторыю Беларусі. У канцы 1943 г. тут дыслацыраваліся шматлікія паліцэйскія і ваенныя фарміраванні, што адступілі з усходу: рускія, украінскія, татарскія, грузінскія, армянскія, у тым ліку італьянскія, польскія, венгерскія і французскія падраздзеленні, а таксама супрацоўнікі службы бяспекі і тайнай палявой паліцыі.

У верасні-лістападзе 1943 г. акупацыйныя ўлады, прымяняючы метад прымусовых мабілізацый, распачалі фарміраванне беларускіх паліцэйскіх батальёнаў. Да канца 1943 г. былі сфарміраваны тры такія батальёны: у Мінску, Слоніме, Снове агульнай колькасцю 1 481 чалавек. Да пачатку сакавіка 1944 г. было арганізавана яшчэ 7 батальёнаў, у якіх налічвалася 3 648 чалавек.

Імкнучыся ўцягнуць у барацьбу супраць партызан і падпольшчыкаў як мага больш шарокае кола мясцовага насельніцтва акупанты прыбягалі не толькі да прымусовых мабілізацый. З гэтай нагоды ствараліся не толькі батальёны беларускай паліцыі, але і т. зв. абарончыя вёскі, куды пазней пасяліліся і сем’і паліцэйскіх, эвакуіраваных жыхароў усходніх абласцей СССР, у тым ліку казакоў, што служылі ў германская арміі. Узброеныя жыхары гэтых паселішч, павінны былі супрацьстаяць партызанам і падпольшчыкам. Больш шырокія памеры гэта акцыя мела на тэрыторыі заходніх раёнаў Беларусі, дзе было створана некалькі дзесяткаў такіх вёсак. Як сведчыць заходнегерманскі гісторык Хэсе, на Беларусі “...паўсюдна не існавала неабходных умоў для ажыццяўлення гэтай задумы. Часам мясцовыя жыхары весак разбягаліся, як толькі заўважалі нямецкія войскі, якім было даручана … стварыць “абарончую вёску”.

У 1943 г. пад уплывам перамог Чырвонай Арміі, прапагандысцкай дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, актывізаваўся пераход на бок партызан ваеннаслужачых са створаных акупантамі розных воінскіх дапаможных фарміраванняў і паліцыі. У лютым 1943 г. да віцебскіх партызан перайшла большая частка байцоў 825-га волга-татарскага батальёна, легіена “Ідэль-Урал”, які быў створаны з ліку ваеннапалонных татар, башкіраў і іншых прадстаўнікоў народаў Паволжа. 16 жніўня 1943 г. на бок партызан перайшла т.зв. 1-я руская нацыянальная брыгада СС палкоўніка У.У. Гіль-Радыёнава, агульнай колькасцю каля 2 тыс. чалавек. Свой пераход байцы 1-й Антыфашысцкай брыгады (так яна стала называцца) адзначылі разгромам нямецка-фашысцкіх гарнізонаў у Докшыцах і Крулеўшчызне. Было знішчана больш за 400 варожых салдат, вадакачка, 4 чыгуначныя масты, 4 паравозы, 85 вагонаў з ваеннымі грузамі, склады з нафтапрадуктамі і боепрыпасамі, захаплена 3 гарматы, больш 100 аўтаматаў і вінтовак, 2 склады з боепрыпасамі, 5 складоў з рознай маёмасцю і прадуктамі.

У снежні 1943 г. акупацыйныя ўлады абвясцілі аб стварэнні Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). Гэта была толькі бачнасць беларускага нацыянальнага ўрада. Захопнікі бачылі ў ім сродак мабілізацыі сіл беларускага народа для барацьбы супраць партызан, больш поўнага выкарыстання эканомікі Беларусі ў сваіх інтарэсах. Беларускія калабарацыянісцкія сілы разлічвалі выкарыстаць дадзеную сітуацыю для ажыццяўлення сваёй даўняй мары – стварэння беларускай дзяржаўнасці пад германскім пратэктарам. У склад БЦР уваходзіла 14 чалавек. У іх ліку Р. Астроўскі, (прэзідэнт), М. Шкеленак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю. Сабалеўскі (2-гі віцэ-прэзідэнт). Былі створаны 13 аддзелаў: фінансавы, культуры, сельскай і лясной гаспадаркі, прафесійных спраў, рэлігіі і судовых спраў, вайсковы і інш.

Падкрэслім, што гэта акцыя ўяўляла сабой вымушаны, хоць і добра прадуманы крок, які быў спланаваны ў нетрах берлінскіх спецслужбаў яшчэ ў канцы 1942 г. Вось што гаварылася ў пісьме баранавіцкага гебітскамісара Вернера на імя прэзідэнта БЦР Р. Астроўскага: “Ваша справа – барацьба з партызанамі. Нямецкае камандаванне не мае магчымасцяў, сваіх сіл. Яно гатова дапамагчы ў барацьбе з партызанамі толькі тэхнікай і каманднымі кадрамі”. Далей даваліся парады: “Выкарыстоўвайце шырокія сродкі агітацыі, якія накіроўваюцца супраць партызан, праз друк і мітынгі, збірайце для гэтай мэты яркі матэрыял грабяжу насельніцтва, не важна, што гэта рабілі не партызаны. Ім неабходна прыпісваць усё.”

Між тым, гітлераўцы не спяшаліся дзяліць уладу. Фармальна акупанты перадавалі БЦР толькі кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сацыяльнай апекай і вайсковымі пытаннямі. Аднак на месцах адпаведныя адзелы і надалей заставаліся пад кантролем германскіх акруговых камісараў. Лідэры БЦР імкнуліся развіць кіпучую дзейнасць. Асабліва актыўную дзейнасць калабарацыяністы разгарнулі па стварэнні Беларускай краевай абароны, бачачы ў ёй будучае нацыянальнае войска. Яны дамагліся ад немцаў дазволу на правядзенне прымусовай мабілізацыі, якая пачалася ў адпаведнасці з загадам Р. Астроўскага ад 6 сакавіка 1944 г., ёй падлягалі ўсе мужчыны 1908–1924 г.н. За няяўку на зборны пункт ў выкліканы тэрмін пагражала смяротная кара. Між тым, мабілізацыя ў БКА была шырока выкарыстана для набору рабочай сілы ў Германію, фізічнай расправы з мірным насельніцтвам. Да канца сакавіка 1944 г. удалося насільна мабілізаваць прыкладна 24–25 тыс.чалавек, якія ўдзельнічалі ў гаспадарчых работах, у ахове збудаванняў і складоў, а таксама ў барацьбе супраць партызан. Асабліва ў гэтым напрамку вызначаўся батальён пад камандаваннем Б. Рагулі на Навагрудчыне.

Пад уплывам агітацыі патрыётаў, а таксама баявых аперацый партызан, што былі накіраваныя на зрыў мабілізацыі, поспехаў Чырвонай Арміі на франтах вайны, адбывалася масавае дэзерцірства з БКА і пераход яе членаў са зброяй да партызан. У час вызвалення Беларусі частка актыўных байцоў БКА, якія падзялялі палітыку захопнікаў збеглі на тэрыторыю германскага рэйха, дзе ўдзельнічалі ў антысавецкай барацьбе.

27 чэрвеня 1944 г., калі Чырвоная Армія ўжо падыходзіла да Мінска, у гарадскім тэатры было праведзена апошняе афіцыйнае мерапрыемства БЦР – сход бургамістраў, начальнікаў паліцыі, членаў БЦР і іншых “дэлегатаў” беларускага народа, якія назвалі сябе Другім усебеларускім кангрэсам. Кангрэс абвясціў сябе “паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніком беларускага народа”, выказаў непрызнанне БССР як формы беларускай дзяржаўнасці, аб’явіў неправамоцнымі ўсе польска-савецкія пагадненні, што датычыліся Беларусі, выбраў Р. Астроўскага прэзідэнтам БЦР. У прывітальнай тэлеграма А.Гітлеру ад Другога усебеларускага кангрэса, падпісанай Р.Астроўскім, адзначалася, “што Беларускi Народ будзе нязломна змагацьца побач з нямецкiм жаўнерам супроць супольнага нашага ворага — бальшавiзму.

Мы спадзяёмся i верым у канчатковую перамогу, каторая, пад Вашым кіраўнiцтвам, пры будове Новае Эўропы, прынясе шчасьлiвую будучыню вольнаму Беларускаму Народу”. Не закончыўшы работы, кангрэсмены збеглі ў Кенінсберг, а затым у Берлін. З дазволу гітлераўцаў праводзілі антысавецкую работу сярод беларускай эміграцыі, а таксама насільна вывезеных на працу ў Германію беларусаў з мэтай стварэння беларускай арміі.

Маладзёжная палітыка захопнікаў. Удоўгатэрміновай палітыцы германскіх улад стаўка рабілася на падрастаючае пакаленне, уцягненне моладзі ў сферу інтарэсаў гітлераўскай Германіі. З гэтай нагоды ішла актыўная работа па стварэнні маладзёжных арганізацый, дзейнасць якіх будавалася на ўзор германскай маладзёжнай арганізацыі Гітлер-югенд. Так, 22 чэрвеня 1943 г. афіцыйна быў абвешчаны Саюз беларускай моладзі на чале з М. Ганько і Н. Абрамавай. Каля трох месяцаў працягвалася актыўная арганізатарская работа. Толькі 17 ліпеня былі назначаны кіраўнікі аддзелаў галоўнага штаба і акруговыя кіраўнікі. Згодна са статутам, у члены СБМ маглі ўступаць толькі беларусы 10-20-гадовага ўзросту.

У чэрвені 1943 г. былі адкрыты школы па падрыхтоўцы кіруючых кадраў СБМ у Мінску, Альберціне, Драздах, а з лютага 1944 г. у Фларыянаве. У Мінску, пры галоўным штабе, рыхтаваліся вышэйшыя кіраўнікі СБМ. Ужо 16 чэрвеня быў зроблены першы выпуск арганізатараў саюза. У Драздах пад Мінскам і ў Фларыянаве, недалека ад Ляхавіч, навучанне праходзілі кіраўнікі жаночай моладзі, а ў Альберціне, што пад Слонімам, абучаліся будучыя важакі павятовых і валасных арганізацый. За час дзейнасці школ СБМ было падрыхтавана звыш 1300 кіраўнікоў саюза, што дазволіла стварыць даволі шырокую сетку арганізацый, якія аб’ядноўвалі каля 12, 5 тысяч юнакоў і дзяўчат.

З канца 1943 г. у СБМ пачалася актыўная вярбоўка ў дапаможныя воінскія фарміраванні і атрады СС. У снежні 1943 г. шэф-праведнік СБМ Ганько выдае сакрэтны загад аб мабілізацыі ў роту СС юнакоў 1920 –1927 г.н. Акруговыя кіраўнікі абавязваліся да 10 студзеня 1944 г. закончыць падбор кандыдатаў. Пачынаючы з вясны 1944 г., акупанты і іх памочнікі вымушаны былі разгарнуць адкрытую дабравольна-прымусовую вярбоўку 15-20-гадовых юнакоў у ваенна дапаможныя фарміраванні Трэцяга рэйха. Радыё, газеты, шматлікія каляровыя лістоўкі заклікалі моладзь вербавацца на службу ў германскую армію.

Вясной 1944 г. германскія вайсковыя ўлады дазволілі стварыць Саюз рускай моладзі, Саюз барацьбы супраць бальшавізма, Саюз татарскай моладзі. Рабілася ўсё магчымае, каб уцягнуць моладзь у сферу германскіх інтарэсаў.

Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі быў звязаны і з жахлівымі праявамі вынішчэння, рабавання і эксплуатацыі: лагерамі ваеннапалонных, ваенна-катаржнымі работамі, лагерамі смерці і месцамі прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва, гета, дэпартацыяй беларускага насельніцтва на прымусовыя работы ў рэйх і інш..

Мясцовае насельніцтва павінна было выконваць розныя працоўныя павіннасці. Да канца 1941 г. была праведзена дэталаёвая інвентарызацыя ўсіх прамысловых прадпрыемстваў. У выніку гэтага 1 снежня ў Мінску працавала 73 прадпрыемствы, у снежні 1942 г. — 117, а ў красавіку 1943 г. — 140. У першую чаргу наладжвалася дзейнасць прадпрыемстваў, якія працавалі на патрэбы германскага вермахта. Усяго на тэрыторыі Беларусі была адноўлена праца звыш 800 прамысловых прадпрыемствах. Рабочыя і служачыя падвяргаліся жорсткай эксплуатацыі, працоўны дзень складаў у сярэднім 12 гадзін у суткі.

Сельскае насельніцтва выконвала “гадавыя гаспадарчыя заданні” па абавязковых пастаўках зерня, мяса, яек і іншых прадуктаў харчавання, а таксама воўны, ільну, канапель і г.д. З мэтай арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці акупацыйная адміністрацыя ў пачатку 1942 г. правяла зямельную рэформу, мэтай якой з’яўлялася надзейнае забеспячэнне харчовых патрэб фронту і рэйху.

Побач з задачамі па ваенным захопе тэрыторыі СССР дырэктывамі гітлераўскага камандавання вызначаліся канкрэтныя планы па ўключэнні германскага вермахта ў праграму па масавым вынішчэнні асобных груп мясцовага насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных, палітычных або рэлігійных матывах. У масавых маштабах злачынная палітыка вынішчэння праводзілася на ўсёй акупіраванай савецкай тэрыторыі. Аднак Беларусь панесла найбольш вялікія страты. Па найноўшых падліках размова можа сёння аб лічбе ў 3 млн чалавек.

Акупанты стварылі на тэрыторыі Беларусі сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў, дзе без суда і вызначэння тэрміну зняволення знаходзіліся дзесяткі тысяч людзей. Больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў: для ваеннапалонных, для цывільнага насельніцтва, жаночыя лагеры, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, гета, дзейнічалі на акупіраванай тэрыторыі. Адзін з першых лагераў смерці быў створаны ў в. Дразды каля Міснка, дзе ў ліпені — верасні 1941 г. ўтрымліваліся ваеннапалонныя і цывільныя асобы ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў. Самым буйным не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй захопленай савецкай зямлі з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці, дзе было знішчана больш за 206 тыс. чалавек. Адным з буйнейшых гарадскіх лагераў смерці было мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 г. У ім было знішчана каля 100 тыс. чалавек. Па няпоўных дадзеных у лагерах смерці на тэрыторыі Беларусі германскія акупанты загубілі больш за 1 400 тыс. савецкіх грамадзян.

Знішчэнне беларускіх людзей насіла мэтанакіраваны характар, што выцякала з нацысцкай ідэалогіі і захопніцкай палітыкі германскіх акупантаў. Расправы над людзьмі былі самымі жудаснымі і пераўзыходзілі сярэдневяковае варварства. Гітлераўцы нярэдка заганялі людзей у будынкі, зачынялі дзверы і падпальвалі. Людзі гарэлі, паміраючы пакутлівай смерцю. З 9 200 населеных пунктаў, разбураных і спаленых акупантамі ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 628 былі знішчаны з усімі жыхарамі, 4 667 – з часткай насельніцтва.

За гады акупацыі Беларусь страціла палову свайго нацыянальнага багацця. Амаль поўнасцю былі знішчаны энергетычныя магутнасці, 90% станочнага парку, на 40 % скараціліся пасяўныя плошчы, без даху над галавой засталося амаль 3 млн чалавек. Пасля вызвалення ў рэспубліцы налічвалася 60 тыс. дзяцей-сірот. Поўнасцю было знішчана 6 177 і часткова 2648 школьных памяшканняў, 24 навуковыя ўстановы, 200 бібліятэк, 4 756 тэатраў і клубаў, 1 377 бальніц і амбулаторый, 2 188 дзіцячых ўстаноў.

Такім чынам, на акупіраванай тэрыторыі Беларусі германскае палітычнае кіраўніцтва, абапіраючыся на жорсткую сілу, імкнулася стварыць умовы для найбольш эфектыўнага рабавання мясцовых рэсурсаў на карысць Германіі. Паражэнні германскіх войск пад Масквой, Сталінградам, Арлом і Курскам прымусілі нацысцкіх лідэраў да пошуку шляхоў больш актыўнага супрацоўніцтва з мясцовымі жыхарамі. Стаўка рабілася на падрастаючае пакаленне, якое павінна было быць выхавана ў нацысцкім духу. З гэтай нагоды адкрываліся школы, засноўваліся маладзёжныя саюзы, якія павінны былі стаць праваднікамі нацысцкай ідэалогіі ў асяроддзі падрастаючага пакалення Беларусі. Ажыццяўляемая захопнікамі палітыка не находзіла падтрымкі з боку агульнай большасці насельніцтва акупіраваных тэрыторый. Яна не адпавядала ні нацыянальным, ні дзяржаўным, ні эканамічным ітарэсам людзей, будавалася на злачыннай, чалавеканенавісніцкай расавай ідэалогіі.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.016 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал