Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Вучэбныя задачы. Вызначыць з дапамогай гістарычнай карты стратэгічную задуму савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандвання пры правядзенні беларускай наступальнай
Вызначыць з дапамогай гістарычнай карты стратэгічную задуму савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандвання пры правядзенні беларускай наступальнай аперацыі“Баграціён”. Ахарактарызаваць ролю аперацыі “Баграціён” у вызваленні захопленай тэрыторыі СССР. Пачатак вызвалення Беларусі. Пасля перамогі ў Курскай бітве Чырвоная Армія разгарнула стратэгічнае наступленне на фронце 2000 км. ад Невеля да Чорнага мора. На цэнтральным участку фронта войскі Заходняга, левага крыла Калінінскага і Цэнтральнага франтоў выйшлі да ўсходніх раёнаў Беларусі і пачалі вызваленне яе тэрыторыі 23 верасня 1943 г. 13-я армія Цэнтральнага фронту фарсіравала Дняпро і вызваліла першы раённы цэнтр рэспублікі – Камарын. 25 верасня войскі 65-й арміі авалодалі райцэнтрам Гомельскай вобласці – Церахоўкай. 26 верасня войскі 3-й і 50-й армій Бранскага фронту (расфарміраваны 10 кастрычніка 1943 г.) вызвалілі раённы цэнтр Магілёўскай вобласці – Хоцімск. 29 верасня гітлераўцы былі выбіты з горада Крычаў. Пераадольваючы ўпартае супраціўленне ворага, часці 49-й арміі фарсіравалі Сож, і 28 верасня вызвалілі райцэнтр Мсціслаў і выйшлі на р.Проня.У гэты дзень чырвоны сцяг узвіўся над райцэнтрамі Касцюковічы і Клімавічы, 2 кастрычніка над Дрыбіным. Плануючы далейшыя ваенныя дзеянні ў кастрычніку і лістападзе 1943 г. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання паставіла перад савецкімі войскамі задачу разграміць нямецкую групу армій “Цэнтр і ачысціць ад акупантаў усю тэрыторыю Беларусі. Для гэтага прыцягваліся войскі трох франтоў: Калінінскага (з 20 кастрычніка перайменаваны ў 1-ы Прыбалційскі). Заходняга і Цэнтральнага. Планы былі вельмі вялікія, але яны не ўлічвалі суадносіны сіл бакоў. Стаўка меркавала, што гітлераўцы ў летняй кампаніі 1943 г. панеслі такія вялікія страты і настолькі дэмаралізаваны, што не здолеюць стрымаць наступленне савецкіх войск. Аднак, для гэткіх аптымістычных прагнозаў падстаў яшчэ не было. Наступленне пачалося ў кастрычніку і працягвалася на шырокім фронце да канца 1943 г. У выніку цяжкіх кравапралітых баёў гітлераўцам удалося спыніць наступленне Прыбалційскага фронту. У снежні 1943 г. наступленне аднавілася. 24 снежня быў вызвалены райцэнтр Гарадок. Далейшыя спробы савецкіх войск прарвацца да Віцебска поспеху не мелі. 3 лютага 1944 г. наступленне пачалося зноў. Але ўсе намаганні вызваліць Віцебск не ўдаліся. На магілеўскім напрамку да канца 1943 г. войскі Заходняга фронту сем разоў пераходзілі ў наступленне, але задач сваіх не выканалі. Панёсшы вялізныя страты (напрацягу шасці месяцаў яны згубілі забітымі, параненымі і прапаўшымі без звестак 330 тыс. салдат і афіцэраў), яны змаглі прасунуцца толькі на 10-20 км. Войскі Цэнтральнага фронту (20 кастрычніка 1943 г. перайменаваны ў Беларускі) 16 кастрычніка фарсіравалі Дняпро і вызвалілі Лоеў. 18 лістапада вораг быў выгнаны з Рэчыцы, а 26 лістапада Чырвоны сцяг быў падняты над Гомелем. 14 студзеня 1944 г.былі вызвалены Мазыр і Калінкавічы. 21 лютага 3-я армія 1-га Беларускага фронту (17 лютага Беларускі фронт быў перайменаваны ў 1-ы Беларускі) пачалі наступленне ў раёне Рагачова. 24 лютага яны штурмам авалодалі Рагачовым і прасунуліся да р.Друць. Восенню і зімой 1943—1944 г. войскі Чырвонай Арміі поўнасцю ці часткова вызвалілі 36 раёнаў нашай рэспублікі, 36 райцэнтраў і два абласных цэнтры – Гомель і Мозыр. Занялі зручныя пазіцыі, з якіх летам 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”. Наступленне савецкіх войск на беларускай зямлі праходзіла ва ўмовах усеагульнай падтрымкі і дапамогі з боку партызан і ўсяго насельніцтва рэспублікі. Першыя аднаўленчыя мерапрыемствы. Яшчэ ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны савецкі ўрад і ЦК ВКП(б) распрацавалі першачарговыя мерапрыемства па аднаўленні народнай гаспадаркі і культуры ў вызваленных раёнах. ЦК КП(б) Беларусі распрацаваў канкрэтныя мерапрыемствы па аказанні неадкладнай дапамогі насельніцтву вызваленых раёнаў, наладжванні аднаўленчых работ, аказанні дапамогі Чырвонай Арміі. Праграму аднаўленчых работ зацвердзіла УІ сесія Вярхоўнага Савета БССР, якая адбылася 21-24 сакавіка 1944 г. у Гомелі. Пераадольваючы цяжкасці, працоўныя Беларусі ўзяліся за адраджэнне народнай гаспадаркі. Вясной 1944 г. пачалося аднаўленне больш як 100 прамысловых прадпрыемстваў. На іх было занято больш за 40 тыс. рабочых. Аднаўленыя прадпрыемствы дапамагалі Чырвонай Арміі ў рамонце зброі, ваеннай тэхнікі, перапрацоўцы харчовых прадуктаў. Самыя неабходныя тавары пачало атрымліваць насельніцтва. Асаблівая ўвага ўдзялялася аднаўленню чыгуначнага транспарту. У лютым 1944 г. на аднаўленні Беларускай чыгункі працавала больш за 5 тыс. чалавек. Да чырвеня 1944 г. яна ў асноўным была адноўлена. Адной з першачарговых народнагаспадарчых задач з’яўлялася аднаўленне сельскай гаспадаркі. Дапамогу сельскаму насельніцтву рэспублікі аказалі ваенныя саветы франтоў. Яны накіроўвалі на вёску трактары, гаручае, спецыялістаў па рамонту сельскагаспадарчага інвентару, дапамагалі ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, у барацьбе з хваробамі жывёлы. Вясной 1944 г. паўсюдна разгарнуліся работы па аднаўленні і будаўніцтву жылля. На 1 чэрвеня 1944 г. было адноўлена і пабудавана 8429 жылых дамоў. У вызваленых раёнах аднаўляліся бальніцы, сельскія ўрачэбныя участкі, фельшарска-акушэрскія пункты, аптэкі і іншыя медыка-санітарныя ўстановы. Клопаты праяўляліся па ўладкавангні дзяцей, якія засталіся без бацькоў. У чэрвені 1944 г. ужо працавала 37 дзіцячых дамоў, у якіх выхоўвалася больш за 3700 дзяцей. Аднаўляліся школы. У чэрвені 1944 г. у вызваленчых раёнах працавалі 1458 школ, вучобай было ахоплена каля 150 тыс. дзяцей. Для падрыхтоўкі педагагічных кадраў пачалі работу настаўніцкі інстытут у Мозыры, педвучылішчы ў Гомелі, Мозыры, Рэчыцы, Крычаве, Клімавічах. 1 кастрычніка 1943 г. на станцыі Сходня пад Масквой аднавіў работу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Да чэрвеня 1944 г. былі адноўлены 24 дамы культуры, 503 хаты-чытальні, 44 гарадскія і раённыя бібліятэкі і абласная бібліятэка ў Гомелі. У лістападзе 1943 г. аднавіла работу кінасетка рэспублікі. У вызваленых раёнах працавала 54 кінаўстаноўкі, 9 кінатэатраў, звыш 5 тыс. радыёкропак. Вялікія цяжкасці перанёс беларускі народ у першыя месяцы жыцця на вызваленнай ад нямецка-фашысцкай акупацыі зямлі. Распачаўшы першыя першыя аднаўленчыя работы жыхары рэспублікі падпарадкавалі іх галоўнай задачы – дапамагчы Чырвонай Арміі ў яе рашаючых баях за поўнае выгнанне фашысцкіх акупантаў з тэрыторыі Беларусі. Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён”. К лету 1944 г. на савецка-германскім фронце склалася спрыяльнае становішча для наступальных дзеянняў Чырвонай Арміі, якая трывала ўтрымлівала стратэгічную ініцыятыву ў сваіх руках. Напрамак галоўнага ўдару савецкае камандаванне вызначыла ў Беларусі. Перад савецкімі войскамі была пастаўлена задача разбіць цэнтральную групоўку нямецкіх войск – групу армій “Цэнтр”, вызваліць Беларусь, выйсці да дзяржаўнай граніцы СССР і поўнасцю ачысціць савецкую тэрыторыю ад акупантаў. Лінія фронту на беларускім участку к гэтаму часу праходзіла на ўсход ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Бабруйска, Жлобіна, назахад ад Мазыра і далей уздоўж ракі Прыпяці да Ковеля, агібаючы Беларусь з поўначы і поўдня амаль на ўсю глыбіню яе тэрыторыі. Гэты гігантскі выступ меў выключна важнае стратэгічнае значэнне ў сістэме абароны нямецкіх войск, бо ён прыкрываў галоўныя стратэгічныя напрамкі – Усходнерускі і Варшава-Берлінскі, забяспечваў устойлівае становішча паўночнай групы армій ў Прыбалтыцы. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы стварылі моцную глыбокаэшаланіраваную абарону глыбінёй да 270 км. пад назвай “Фатэрлянд” (“Бацькаўшчына”), тым самым падкрэсліваючы, што ад яе залежыць лёс Германіі. Спецыяльным загадам Гітлера гарады Віцебск, Орша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Мінск абвяшчаліся крэпасцямі, камандуючыя якіх давалі фюрэру пісьмовыя абавязацельствы утрымліваць іх да апошняга салдата, нават пры ўмовах акружэння. Тут была сканцэнтравана група армій “Цэнтр”, частка правафланговых злучэнняў групы армій “Поўнач” і левафланговых групы армій “Паўночная Украіна” – усяго 63 дывізіі і 3 брыгады, якія налічвалі звыш 1200 тыс. чалавек, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, каля 1300 самалётаў. Удар па цэнтральнай групоўцы ворага на фронце працягласцю 700 км наносілі чатыры франты: 1 Прыбалційскі (камандуючы генерал арміі І.Х.Баграмян), 3, 2 і 1-ы Беларускія франты (камандуючыя генерал-палкоўнік, з 26 чэрвеня генерал-арміі У.Д.Чарняхоўскі, генерал-палкоўнік Г.Ф. Захараў, генерал-арміі К.К.Ракасоўскі). Яны налічвалі 1 430 тыс. чалавек баявога складу, каля 32 тыс. гармат і мінамётаў, 5 200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Раніцай 23 чэрвеня галоўныя сілы 1-га Прыбалційскага, 3-га і 2-га Беларускіх франтоў пасля моцнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім і Магілёўскім напрамках. Назаўтра пачалі наступаць войскі 1-га Беларускага фронту на Бабруйскім напрамку. Дзеянні франтоў каардынавалі прадстаўнікі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання маршалы А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў. На ўсіх напрамках наступленне савецкіх войск разгортвалася паспяхова і з нарастаючай сілай. Войскі 1-га Прыбалційскага фронту ва ўзаемадзеянні з войскамі 3-га Беларускага фронту 25-27 чэрвеня акружылі і разбілі віцебскую групоўку гітлераўцаў у складзе 5 дывізій. 26 чэрвеня вызвалены Віцебск, 28 чэрвеня Лепель. Праціўнік страціў тут 20 тыс. забітымі і больш як 10 тыс. палоннымі салдат і афіцэраў. 26 чэрвеня войскі 3-га Беларускага фронту ліквідавалі моцны вузел абароны ворага каля Оршы, вызвалілі Дуброўна, Сянно, Талачын. Адначасова войскі 2-га Беларускага фронту разгарнулі аперацыі на Магілёўскім напрамку. Зламаўшы моцныя абарончыя рубяжы праціўніка, яны фарсіравалі Дняпро і 28 чэрвеня авалодалі Магілёвам, Шкловам, Быхавам, Клічавам. Да гэтага ўчастку былі прыкаваны галоўныя сілы 4-й нямецкай арміі, што садзейнічала потым акружэнню і поўнаму яе разгрому. Камандзір 12-й пяхотнай нямецкай дывізіі генерал-лейтэнант Бамлер, які быў узяты ў палон у г. Магілёў, сведчыў: ”Мы чакалі рускага наступлення, але мы нават у аддалёнай ступені не маглі сабе ўявіць такой імклівасці, такой магутнасці напору. Мы былі ашаломлены яшчы да таго, як аказаліся разбітымі”. Войскі 1-га Беларускага фронту да 29 чэрвеня акружылі і поўнасцю разграмілі Бабруйскую групоўку ворага ў складзе больш за 6 дывізій. На полі бою гітлераўцы пакінулу 50 тыс. чалавек забітымі, у палон было захоплена 23680 салдат і афіцэраў. За шэсць дзён наступлення пад ударамі войск чатырох франтоў магутная варожая абароны на вялізнай прасторы паміж Заходняй Дзвіной і Прыпяццю рухнула. Былі вызвалены сотні населеных пунктаў, у тым ліку гарады Віцебск, Орша, Магілеў, Бабруйск. Цяпер перад савецкімі войскамі стаяла задача – шляхам двухбаковага ахопу з раёна Барысава і Асіповічаў на Мінск і франтальнага праследжвання ў напрамку Магілёў – Мінск завяршыць акружэнне, знішчыць галоўныя сілы 4-й нямецкай арміі, якая адступала на захад, і вызваліць Мінск. Войскі 3, 1 і 2-га Беларускіх франтоў без прамаруджвання прыступілі да выканання сваіх задач. Тым часам 1-ы Прыбалційскі фронт працягваў наступленне на паўночны захад ад Полацка і на захад у агульным напрамку на Глыбокае. 4 ліпеня Полацк быў вызвалены. Войскі фронту, прасунуўшыся з 29 чэрвеня па 4 ліпеня на захад на 120-130 км, выйшлі на подступы да Літвы з усходу, поўнасцю ізалявалі адну ад другой варожыя групы армій “Цэнтр” і “Поўнач”. Войскі 3-га Беларускага фронту 30 чэрвеня фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку ворага і вызвалілі Барысаў – важны апорны пункт нямецкай абароны, які прыкрываў подступы да Мінска. 2 ліпеня яны абышлі Мінск з Паўночнага Захаду, авалодалі Вілейкай, Красным і перахапілі чыгунку Мінск-Вільнюс. Войскі 1-га Беларускага фронту, якія наступалі на поўдзень ад Мінска, 30 чэрвеня вызвалілі Слуцк, Гарадзею, Нясвіж, закрылі праціўніку адыход на паўднёвы захад. На досветку 3 ліпеня 2-і гвардзейскі танкавы корпус 3-га Беларускага фронту уварваўся ў Мінск з усходу. У сярэдзіне дня з поўдня ў горад увайшоў 1-ы гвардзейскі танкавы корпус 1-га Беларускага фронту, а з поўначы – часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі, 11-й гвардзейскі і 33-й армій. У другой палове дня 3 ліпеня 1944 г. сталіца Беларусі была поўнасцю ачышчана ад ворага. З выхадам злучэнняў 3-га і 1-га Беларускіх франтоў да Мінска і вызваленне яго было завершана акружэнне 4-й нямецкай арміі і некаторых іншых часцей ворага на ўсход ад Мінска. У “катле” апынулася 105-тысячная варожая групоўка, па ліквідацыі якой распачалі баі войскі 2-га і частка сіл 3-га Беларускіх франтоў пры актыўнай падтрымцы авіяцыі і партызан. 7-8 ліпеня былі знішчаны або ўзяты ў палон галоўныя сілы акружаных, а 9-11 ліпеня – асобныя групы. Гітлераўцы страцілі забітымі 70 тыс. і больш за 35 тыс. палоннымі, уліку якіх было 12 генералаў, з іх 3 камандзіры карпусоў і 9 камандзіраў дывізій. 4 ліпеня завяршыўся першы этап грандыёзнай бітвы за Беларусь. Савецкія войскі за два тыдні баявых дзеянняў разграмілі галоўныя сілы нямецкай групы армій “Цэнтр” і вызвалілі Мінск. У выніку ўтварыўся вялікі пралом да 400 км. на фронце і да 500 км. у глыбіню, закрыць які хутка нямецкаму камандаванню не было чым. Ужо 4 ліпеня войскі 3-га Беларускага фронту вялі баі на рубяжы возера Нарач, Смаргонь, Маладзечна, Краснае, Волма. 5 ліпеня яны аваладолі Маладзечна, 16 ліпеня – Гродна. Разам з савецкімі авіяцыйнымі часцямі ў складзе 1-й паветранай арміі самааддана змагаўся 1-ы асобны знішчальны авіяполк французскіх лётчыкаў “Нармандыя”. За мужнасць і гераізм, праяўленыя французскімі лётчыкамі пры вызваленні Беларусі, і ў прыватнасці на рацэ Нёман, палку было прысвоена назва “Нёманскі”. Войскі 1-га Беларускага фронту наступалі на Баранавіцка – Брэсцкім і Пінскім напрамках. 8 ліпеня былі вызвалены Баранавічы, 14 ліпеня Пінск. 18 ліпеня яны перайшлі граніцу Польшчы і 23 ліпеня ўступілі ў Люблін, што з’явілася падзеяй, якая мела далёка ідучыя палітычныя наступствы. 28 ліпеня ў выніку рашучага штурму быў узяты горад Брэст. Гэты дзень стаў знамянальным у гісторыі беларускага народа. Узяццем Брэста нашы войскі завяршылі выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з беларускай зямлі. У ходзе паспяховага завяршэння аперацыі “Баграціён” савецкія войскі знішчылі і ўзялі ў палон звыш 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Фактычна перастала існаваць адна з мацнейшых груповак нямецка-фашысцкай арміі – група армій “Цэнтр”. Па прызнанні саміх гітлераўцаў разгром іх войск у Беларусі з’явіўся самым цяжкім паражэннем, якое вермахт панёс на Усходнім фронце. Як адзначалася ў “Журнале баявых дзеянняў вярхоўнага галоўнакамандавання нямецкай арміі”, разгром групы армій “Цэнтр” у Беларусі ўяўляў сабой “большую катастрофу, чым Сталінград”. Вялікія страты ў баях за вызваленне Беларусі панеслі і савецкія войскі. З 23 чэрвеня і да канца ліпеня 1944 г. чатыры франты страцілі 440879 чалавек, у тым ліку забітымі 97 232 салдаты і афіцэры. Беларуская наступальная апервацыя па свайму размаху, колькасці сіл, што ўдзельнічалі ў ёй, з’яўляецца адной з буйнейшых не толькі ў Вялікай Айчыннай вайне, але і ва ўсёй Другой сусветнай вайне. З улікам рэзерваў, якія прыбывалі ў ходзе баёў, у ёй удзельнічала больш за 4 млн. Чалавек, каля 62 тыс. гармат, звыш 7 100 самалётаў. Летапіс барацьбы за вызваленне Беларусі багаты прыкладамі гераічных подзвігаў савецкіх воінаў. Звыш 1 600 воінаў, што ўдзельнічалі ў Беларускай аперацыі, удастоены звання Героя Савецкага Саюза, больш за 402 тыс. узнагароджаны ардэнамі і медалямі, 663 злучэнні і часці атрымалі ганаровыя найменні Мінскіх, Віцебскіх, Бабруйскіх, Магілёўскіх і інш. Узаемадзеянне партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва з войскамі Чырвонай Арміі. Адной з вызначальных рыс Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” – з’яўлялася тая надзвычай важная роля, якую адыгрывалі ў ёй партызанскія фарміраванні, якія дзейнічалі ў тыле ворага на тэрыторыі рэспублікі. Партызанская барацьба ў Беларусі па сваіх маштабах, палітычных і ваенных выніках набыла ваенна-стратэгічнае значэнне і пераўтварылася ў адзін з важных фактараў разгрому варожай групы армій “Цэнтр” і вызвалення тэрыторыі рэспублікі. Найбуйнейшай акцыяй беларускіх партызан у перыяд падрыхтоўкі аперацыі “Баграціён” было правядзенне трэцяга этапу “рэйкавай вайны”, пачатага за тры дні да пераходу ў наступленне савецкіх войск. Ноччу з 19 на 20 чэрвеня 1944 г. партызана атакавалі чыгуначныя камунікацыі ворага на ўсёй тэрыторыі акупіраванай Беларусі і падарвалі 40775 рэек, паралізаваўшы рух на гэтых камунікацыях. Ужо ў перыяд паспяховага наступлення Чырвонай Арміі, партызаны да 29 чэрвеня дадаткова падарвалі яшчэ 20 тыс. рэек. Адступаючы пад ударамі Чырвонай Арміі, гітлераўцы не маглі скарыстаць чыгуначны транспарт у неабходным аб’ёме як для перавозкі рэзерваў, так і для эвакуацыі сваіх часцей і тылоў. З пачаткам наступлення Чырвонай Арміі бавявыя дзеянні партызанскіх атрадаў і брыгад набылі асобую сілу і размах па ўсёй тэрыторыі рэспублікі, асабліва на галоўных шляхах адступлення гітлераўскіх войск. Партызаны блакіравалі многія ўчасткі шашэйных і грунтовых дарог, нападалі на варожыя калоны, зрывалі перагрупоўку сіл ворага, парушалі кіраванне войскамі. Вялізнае значэнне для паспяховага наступлення Чырвонай Арміі мелі дзеянні партызан па захопу і ўтрыманні да падыходу часцей савецкіх войск перапраў цераз водныя перашкоды і плацдармы на іх берагах. Імі былі захоплены дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя праз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Вілія, Шчара, Нёман, Котра,. Гэтым партызаны дапамаглі часцям Чырвонай Арміі ў іх руху на захад. Партызаны аказалі вялікую дапамогу савецкім войскам у вызваленні шмат якіх гарадоў і населеных пунктаў рэспублікі, у тым ліку Мінска, Барысава, Вілейкі, Докшыцаў, Дунілавіч, Клічава, Слуцка, Ліды, Лагойска, Лунінца, Любані, Маладзечна, Нясвіжа, Навагрудка, Смалявічаў, Пінска, Стаўбцоў і інш. Значную колькасць населеных пунктаў ва ўмовах панічнага адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі сваімі сіламі і ўтрымалі іх да падыходу савецкіх войск – Копыля, Узды, Карэліч, Івянца і інш. Дзейсную дапамогу Чырвонай Арміі аказалі партызаны ў ліквідацыі акружаных варожых груповак. У ходзе сумесных баявых дзеянняў з часцямі Чырвонай Арміі, а таксама па ачысцы тэрыторыі рэспублікі і ахове камунікацый савецкіх войск партызаны Беларусі знішчылі больш як 15 тыс. і ўзялі ў палон звыш 17 тыс. варожых салдат і афіцэраў. Шмат у чым дапамагалі Чырвонай Арміі падпольшчыкі і насельніцтва. У гарадах і населеных пунктах падпольныя арганізацыі стваралі групы для назірання за прамысловымі прадпрыемствамі і памяшканнямі, якія падрыхтоўваліся гітлераўцамі да ўзрыву. Дом урада, будынак ЦК КП(б)Б, Акруговы Дом афіцэраў, многія дамы і прадпрыемствы ў Мінску ўдалося выратаваць толькі дзякуючы таму, што перадавыя часці, якія ўварваліся ў горад, хутка наладзілі кантакт з мясцовымі падпольшчыкамі і пры іх дапамозе неадкладна размініравалі будынкі. Жыхары вёсак па закліку падпольных арганізацый разбуралі варожыя камунікацыі –пераконвалі дарогі, знішчалі масты, рабілі лясныя завалы, перашкоджалі адступленню варожых войск. Калі савецкія воіны падыходзілі да населеных пунктаў і гарадоў, мясцовыя жыхары наладжвалі з імі сувязь, дапамагалі фарсіраваць водныя перашкоды, паказвалі варожыя засады, мінныя палі, замініраваныя будынкі і прадпрыемствы, праводзілі іх толькі ім вядомымі пуцявінамі, дзякуючы чаму нашы часці з’яўляліся там, дзе іх меньш за ўсе чакаў вораг, лавілі варожых салдат і афіцэраў, што рассяліліся па палях, лясах і г.д. Беларускі народ не толькі непасрэдным удзелам у барацьбе супраць акупантаў, але і самаадданай працай дапамагаў усімі сіламі і сродкамі Чырвонай Арміі ў хутчэйшым разгроме ворага. Працоўныя вызваленых раёнаў наладжвалі работу прамысловых прадпрыемстваў, якія забяспечвалі патрэбы фронту, выходзілі на аднаўленне чыгунак, шашэйных і грунтовых дарог, на будаўніцтва мастоў. За кароткі тэрмін насельніцтва Беларусі аднавіла больш як 10 тыс. км. чыгуначнага палатна і 1735 чыгуначных мастоў, пабудавала 2950 новых мастоў. Працоўныя рэспублікі клапацілія пра параненых воінаў, бралі шэфства над шпіталямі, аддавалі сваю кроў для выратавання раненых. З патрыятычным уздымам ус упалі яны ў Чырвоную Армію, каб у яе радах працягваць барацьбу з фашысцкімі захопнікамі.Усяго з вызваленых раёнаў было прызвана 600 тыс. чалавек, у тым ліку 180 тыс. партызан. Высокую свядомасць праявіла насельніцтва Беларусі, мабілізуючы харчовыя рэсурсы для савецкіх воінаў. У 1944 г. сяляне рэспублкі здалі звыш плана ў фонд Чырвонай Арміі 3 млн. пудоў хлеба, 25 млн. пудоў бульбы. Паўсюдна ў дні вызвалення Беларусі ў гарадах і вёсках рэспублікі праходзілі шматлюдныя мітынгі, на якіх працоўныя выказвалі гарачую ўдзячнасць Чырвонай Арміі за збаўленне ад фашысцкага рабства, за выртанне да жыцця. Урачыста і па-святочнаму прайшоў 16 ліпеня 1944 г. мітынг працоўных і партызан Мінска і Мінскай вобласці сумесна з прадстаўнікамі Чырвонай Арміі, на які сабралася 50 тыс. працоўных сталіцы і больш за 30 тыс. партызан, прыбыў камандуючы 3-м Беларускім фронтам генерал арміі І.Д.Чарняхоўскі і дэлегацыя працоўных горада Горкага (ніжняга Ноўгарада), якая прывезла эшалон падарункаў. Пасля мітынгу адбыўся грандыёзны партызанскі парад, які з’явіўся дастойным завяршэннем гераічнай народнай барацьбы партызан і ўсіх жыхароў рэспублікі супраць гітлераўскіх захопнікаў. Аднаўленне народнай гаспадаркі. За тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі вялізныя страты народнай гаспадарцы Беларусі. Яны разбурылі 209 гарадоў і раёных цэнтраў рэспублікі, сцёрлі з твару зямлі 9200 вёсак, 637 вёсак былі знішчаны разам з людзьмі, разбурылі 10338 прамысловых аб’ектаў. Да моманту вызвалення ацалелі толькі 15 працэнтаў даваенных фабрык і заводаў. Вялізны ўрон панесла беларуская культура. Акупанты разбурылі 7 тыс. школ, разрабавалі 5 144 установы, у тым ліку інстытуты, навукова-даследчыя цэнтры, Акадэмію навук, музеі, тэатры, клубы, Дварцы культуры, звыш 4738 бальніц, амбулаторый. Беларусь пачала адраджацца з руін і попелу, калі на франтах Вялікай Айчыннай вайны яшчэ ішлі ўпартыя баі. Практычна адраджэнне яе народнай гаспадаркі пачалося з нулявой адзнакі. Намаганні працоўных былі накіраваны галоўным чынам на тое, каб хутчэй увесі ў строй прадпрыемства прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі, якія забяспечвалі неабходнай прадукцыяй фронт і пацярпеўшага насельніцтва. “Усё для фронта, усё для перамогі! ” – гэты прынцып стаў важнейшым для працоўных Беларусі, вызваленых ад фашысцкага прыгнёту. У паўразбураных майстэрнях на ўскраіне Мінска ў найкарацейшы тэрмін было створана прадпрыемства па зборцы аўтамабіляў. Да канца вайны Чырвоная Армія атрымала ад мінчан 8 тыс. грузавікоў. Раней ўстаноўленага тэрміну, у канцы 1944 г., пачаў выпуск прадукцыі для фронта калектыў авіяпрадпрыемства. Да сакавіка 1945 г. ён сабраў 240 і адрамантаваў 237 баявых самалётаў. У сціслыя тэрміны былі адноўлены Мінскі вагонарамонты завод, Віцебскія станкабудаўнічыя заводы імя Кірава і імя Камінтэрна, фабрыка “Сцяг індустрыялізацыі”, “Гомсельмаш”, Гомельскі паравозарамонты завод і іншыя прамысловыя аб’екты рэспублікі. У 1944 г. далі прадукцыю179 тэкстыльных, 263 швейных і 487 гарбарных прадпрыемстваў. Да канца года дзейнічалі 15 заводаў рэспубліканскага падпарадкавання і 188 раёных прамысловых прадпрыемстваў. Адной з неадкладных задач было аднаўленне транспарту, асабліва чыгуначнага, ад якога залежыла забяспячэнне фронту. Першы поезд у вызвалены Мінск прыбыў 10 ліпеня, на сёмы дзень пасля вызвалення, у Маладзечна – 11 ліпеня, у Ліду – 19 ліпеня, і г.д. У самы заходні горад рэчспублікі – Брэст паязды прыбылі на трэці дзень пасля яго вызвалення. З вялікімі цяжкасцямі шло адраджэнне разбуранай ворагам сельскай гаспадаркі. На дапамогу, як і заўсёды, прыйшла ўся краіна. На працягу некалькіх месяцаў пасля выгнання фашысцкіх акупантаў былі адноўлены амаль усе калгасы і саўгасы рэспублікі. У Беларусі паўсюды аднаўлялі работу школы. У 1944/45 навучальным годзе ўжо дзейнічалі больш за 10 тыс. агульнаадукацыйных школ, у якіх навучалася 1260 тыс. дзяцей. Самому беларускаму народу было б не пад сілу ў кароткія тэрміны аднавіць разбураную гаспадаркі. На дапамогу прыйшла ўся краіна. На працягу 1944 г. ў Беларусь прыбыло 487 вагонаў розных грузаў з Сібіры, Урала, Горкаўскай і Яраслаўскай абласцей, 137 вагонаў з будаўнічымі матэрыяламі, сталлю з Удмурдскай АССР. Толькі з сакавіка 1944 г. па студзень 1945 г. з розных раёнаў краіны ў Беларусь паступіла звыш 10 тыс. грузаў на суму 8200 тыс. рублёў.
|