Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Вучэбныя задачы. Вызначыць прычыны ўсенароднага характару Руху Супраціўлення на тэрыторыі Беларусі.






Вызначыць прычыны ўсенароднага характару Руху Супраціўлення на тэрыторыі Беларусі.

Ахарактарызаваць узаемаадносіны савецкіх партызан і мясцовага беларускага насельніцтва.

Раслумачыць матывы дзейнасці прыхільнікаў польскага нацыяналістычнага падполля.

Станаўленне народнага супраціўлення. Гісторыя не ведае больш шырокага супраціўлення народа агрэсарам, чым барацьба супраць германскіх рабаўнікоў, якая разгарнулася на акупіраванай тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва акупіраванай тэрыторыі СССР, у тым ліку і Беларусі, у сваёй большасці з недаверам і падазронасцю сустракала агрэсараў. Нават нягледзячы на жорсткасць акупацыйнага рэжыму і рэпрэсіі, патрыятычны рух беларускага народа супраць германскіх захопнікаў узрастаў і пашыраўся, прымаў эфектыўныя арганізаваныя формы і разнастайныя метады барацьбы.

З першых дзён агрэсіі частка насельніцтва пад кіраўніцтвам астаўленых партыйных, савецкіх і камсамольскіх фукцыянераў, а таксама вайскоўцаў, што трапілі ў акружэнне, стваралі партызанскія групы і атрады. У многіх населеных пунктах яны ўзніклі стыхійна і пад кіраўніцтвам актывістаў падпольных арганізацый і груп.

Частка насельніцтва не выконвала загады акупацыйных улад, усяляк ігнаравала іх распараджэнні і ўказанні, аказвала маральную і матэрыяльную падтрымку партызанам, падпольшчыкам, а таксама трапіўшым у акружэнне воінам Чырвонай Арміі. Такая форма барацьбы атрымала назву пасіўнага супраціўлення народа.

Зразумела, адступленне Чырвонай Арміі з тэрыторыі Беларусі, адсутнасць сувязі з цэнтральнымі кіруючымі органамі, складаныя зімовыя ўмовы, недахоп зброі і боепрыпасаў, медыкаментаў, адмоўна адбіліся на баяздольнасці беларускіх партызан і падпольшчыкаў. Частка створаных летам-восенню 1941 г. атрадаў і груп былі разгромлены, некаторыя самараспусціліся, другія, выканаўшы заданні, выйшлі ў савецкі тыл, іншыя перайшлі на паўлягальнае становішча. Аднак, каля 200 атрадаў і груп нават у такіх неспрыяльных умовах працягвалі барацьбу з ворагам.

За верасень-снежань 1941 г., паводле няпоўных звестак, партызаны падарвалі 80 эшалонаў, знішчылі каля 10 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка, разграмілі 9 вайсковых штабоў, вывялі са строю 33 самалёты, 78 танкаў і бронемашын, 973 аўтамабілі, 137 матацыклаў, 155 чыгуначных і шашэйных мастоў, спалілі 63 склады з боепрыпасамі і гаручым.

Разгром немцаў пад Масквой узняў маральны настрой патрыётаў, станоўча адбіўся на актывізацыі і пашырэнні патрыятычнага руху ў Беларусі. У выніку контрнаступлення савецкіх войск утварыўся 40-кіламетровы разрыў нямецкага фронту на стыку груп армій “Поўнач” і “Цэнтр” – паміж Веліжам і Усвятамі (“Віцебскія вароты”), які існаваў з лютага па верасень 1942 г. Выкарыстаўшы зручны момант, праз гэтыя “вароты” у тыл былі перапраўлены 20 партызанскіх атрадаў, 102 арганізатарскія і 62 дыверсійныя групы, якія налічвалі больш за 3 тыс. чалавек, звыш 5 тыс. адзінак зброі, вялікую колькасць боепрыпасаў медыкаментаў, абмундзіравання. Гэта дазволіла наладзіць сувязь ЦК КП(б)Б з дзеючымі атрадамі, палепшыць іх узбраенне і арганізацыйную структуру, папоўніць фарміраванні кваліфікаванымі кадрамі, інструктарамі падрыўной справы.

Асабліва хутка павялічваліся рады партызан вясной-летам 1942 г. Да жніўня 1942 г. колькасць народных мсціўцаў павялічылася больш чым на 23 тыс. чалавек, а да пачатку 1943г. перавысіла 56 тыс. Узброеную барацьбу супраць захопнікаў вялі 56 брыгад, якія аб’ядноўвалі 220 атрадаў. Акрамя таго, 292 атрады дзейнічалі самастойна. Партызанскія рэзервы складалі на гэты час звыш 150 тыс. чалавек.

Паводле Пастановы Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 9 верасня 1942 г. быў створаны Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) – рэспубліканскі орган ваеннага кіраўніцтва партызанскім рухам на Беларусі, які дзейнічаў да лістапада 1944 г. Начальнікамі штаба з’яўляліся П.З.Калінін. БШПР працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху на чале з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б П.К.Панамэрэнка. З ростам партызанскіх сіл памнажалася і іх баявая актыўнасць. Партызаны ўсё часцей праводзілі буйныя наступальныя аперацыі, узмацнялі ўдары па камунікацыях, гарнізонах, апорных пунктах і іншых аб’ектах захопнікаў. Ад ворага вызваляліся цэлыя раены, дзе ўлада пераходзіла да партызан і адноўленых органаў савецкай улады. Так, у 1942 г. былі разгромлены 123 нямецка-паліцэйскія гарнізоны, вызвалены 14 раённых цэнтраў, а ў 28 сумесна з падпольшчыкамі ажыццёўлены буйныя дыверсіі. Брыгада імя К.І. Варашылава пад камандаваннем П.П. Капусты ачысціла ад акупантаў многія населеныя пункты Грэскага, Копыльскага і Уздзенскага раёнаў, агульнай плошчай 1100 кв.км. Брыгады “За Радзіму” і 1-я Мінская выгналі захопнікаў з часткі тэрыторыі Чэрвенскага, Рудзенскага і Пухавіцкага раёнаў, узялі пад свой кантроль да 350 кв. км, агульнай плошчы, пад непасрэдным уплывам партызан знаходзілася больш 6200 кв. км Значна пашырылася Любанска-Акцябрская зона, дзе было вызвалена ад праціўніка 418 населеных пунктаў. У шэрагу раёнаў Магілёўскай вобласці звыш 70 нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў, у тым ліку ў райцэнтры Клічаў, былі разгромлены партызанамі пад камандаваннем І.З. Ізоха, А.С. Юркаўца, В.І. Лівенцава, В.П. Свістунова, В.М. Сырцова. Была створана Клічаўская партызанская зона, плошчай 1900 кв. км.

Партызанская барацьба вялася ў цесным узаемадзеянні з патрыятычным падполлем. У гарадах і вёсках, што знаходзіліся пад акупацыяй, ствараліся партыйныя, камсамольска-маладзёжныя і антыфашысцкія органы і арганізацыі. На пачатак 1943 г. ужо існавала густая сетка падполля. Ужо ў канцы 1942 г. працавалі Віцебскі, Гомельскі, Магілёўскі, Пінскі абласныя, Бабруйскі, Барысаўскі, Лобінскі, Мінскі, Слуцкі міжраённыя, Барысаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Мінскі гарадскія і 63 раённыя падпольныя камітэты, у нелегальных умовах змагалася каля 6 тыс. юнакоў і дзяўчат.

У Заходніх абласцях Беларусі актыўна дзейнічалі антыфашысцкія арганізацыі, што ствараліся па ініцыятыве камуністаў, былых членаў КПЗБ, камсамольцаў, іншых патрыётаў. У маі 1942 г. на базе антыфашысцкіх груп Васілішкаўскага, Шчучынскага, Радунскага, Скідзельскага раёнаў быў створаны Акруговы беларускі антыфашысцкі камітэт Баранавіцкай вобласці. Арганізатарамі камітэта з’яўляліся Г. М. Картухін, А. І. Іваноў, А. Ф. Манковіч і Б. І. Гардзейчык. Камітэт правёў значную работу па стварэнні новых і актывізацыі дзейнасці існуючых груп і арганізацый. Восенню 1942 г. пад кіраўніцтвам акруговага камітэта барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў.

Шырокі размах набыў падпольны рух у Асіповічах, Барысаве, Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Оршы, Жлобіне, Петрыкаве, Полацку, Брагіне, Добрушы, Калінкавічах, Мазыры, Мінску, Магілёве і іншых населеных пунктах. Асабліва актыўна дзейнічалі падпольшчыкі на чыгуначным транспарце. На тэрыторыі Беларусі фактычна не было ніводнай колькі-небудзь значнай станцыі, дзе б не дзейнічалі патрыёты. Шырокую вядомасць набылі баявыя подзвігі обальскіх падпольшчыкаў. Камсамольская арганізацыя “Юныя мсціўцы” на чыгуначнай станцыі Обаль Віцебскай вобласці была створана вясной 1942 г. Узначальвала гэту арганізацыю былая работніца Віцебскай фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі” камсамолка Ефрасіння Зянькова. У складзе яе было каля 40 чалавек. Маладыя падпольшчыкі правялі 21 дыверсію: вывялі са строю льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, важныя разведданыя, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро і г. д. Варожыя разведслужбы вышукалі патрыётаў. Былі арыштаваны і закатаваны да смерці Н. А. Азоліна, М. П. Аляксеева, Н. М. Давыдава, Я. Я. Езавітава, маці Ефрасінні Зяньковай – Марфа Аляксандраўна, Ф.Ф. Слышанкова і іншыя. Пасля вайны Ефрасінні Зяньковай і Зінаідзе Партновай (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Па заданні падпольнага штаба камсамольскай арганізацыі “Асінторфа” Дубровенскага раёна, які ўзначальваў С.П. Шмуглеўскі патрыёты Мікалай Малахавіч, Васіль Агурцоў, Георгій Траццякоў знішчылі на торфараспрацоўках кран, чатыры электраматоры і іншае абсталяванне.

Актыўную барацьбу вялі падпольшчыкі Мінска, падтрымліваючы сувязь з 30 партызанскімі атрадамі Мінскай, Магілёўскай і Баранавіцкай абласцей, яны пераправілі ў партызаны не меней 2200 ваеннапалонных і каля 6, 5 тыс. цывільнага насельніцтва. У жорсткай сутычцы з ворагам беларускія патрыёты неслі вялікія страты. У сакавіку – маі 1942 г. былі арыштаваны 404 мінскія падпольшчыкі, з якіх 279 былі растраляны і павешаны. Новы ўдар па мінскім падполлі быў нанесены ў верасні-кастрычніку 1942 г. у засценкі гестапа былі кінуты сотні падпольшчыкаў.

У жніўні 1942 г. агенты СД трапілі на след патрыётаў Брэста. Было арыштавана каля 100 чалавек. У снежні 1942 г. такі ж лёс напаткаў многіх патрыетаў Магілёва, Віцебска. Большасць арыштаваных загінулі ў канцлагерах, на шыбеніцах і ў душагубках, або расстраляны.

Аднак масавы тэрор і рэпрэсіі не зламалі волю беларускага народа да змагання з германскімі акупантамі. На месца загінуўшых прыходзілі новыя тысячы патрыётаў. Рады партызан і падпольшчыкаў пастаянна пашыраліся, іх барацьба станавілася ўсё больш актыўнай і наносіла захопнікам адчувальныя страты.

Пасля разгрому нямецкіх армій пад Сталінградам і на Курскай дузе стратэгічная ініцыятывы канчаткова перайшла да Чырвонай Арміі. Перамогі савецкіх войск уздымалі маральны дух насельніцтва захопленых краін Еўропы і акупіраваных тэрыторый Савецкага Саюза. У год карэннага пералому ў Другой сусветнай вайне рады партызан Беларусі папоўніліся больш чым на 170 тыс. чалавек і налічвалі ў канцы 1943 г. каля 212 тыс. байцоў. Неабходна мець наўвазе, што ў баях з ворагам на працягу 1941 – 1943 гг. загінула звыш 33 тыс. партызан.

Значна ўзмацніліся сілы народных мсціўцаў у заходніх абласцях рэспублікі. Важную ролю адыграла перадыслакацыя ў 1943 г. ў гэты рэгіён 9 партызанскіх брыгад, 10 атрадаў і 15 арганізатарскіх груп з усходніх абласцей Беларусі. Асабовы склад партызанскіх сіл павялічыўся ў 3 разы: з 11, 1 тыс. да 36, 8 тыс.чалавек.

Рост радоў партызан адбываўся ў асноўным за кошт мясцовай моладзі, якія не мелі неабходнай ваеннай падрыхтоўкі, у сувязі з чым востра паўстала пытанне іх ваеннага абучэння. ЦК КП(б)Б і БШПР ажыццяўлялі вялікую работу па забеспячэнні партызан неабходнымі кадрамі. У савецкім тыле былі адкрыты школы і пункты па падрыхтоўцы камандных кадраў, арганізатараў партыйнага і камсамольскага падполля, інструктароў, падрыўнікоў, радыстаў, разведчыкаў і іншых спецыялістаў. За час вайны ў гэтых вучэбных цэнтрах было падрыхтавана 529 арганізатараў партыйнага і камсамольскага падполля, 265 камандзіраў, камісараў і начальнікаў штабоў, 1146 інструктараў мінна-падрыўной справы, 457 радыстаў, 252 разведчыкі, 52 паліграфісты-наборшчыкі, 23 хімінструктары, 12 рэдактараў газет, 11 вадалазаў і каля 15 тыс. падрыўнікоў.

Зразумела, што гэтых спецыялістаў было недастаткова, і асноўная работа ажыццяўлялася непасрэдна ў атрадах і брыгадах. У многіх фарміраваннях былі створаны вучэбныя гурткі, дзе моладзь авалодвала баявым майстэрствам, у некаторых існавалі вучэбныя роты, узводы, аддзяленні. Добра была пастаўлена ваенная падрыхтоўка ў Баранавіцкай, Віцебскай, Гомельскай, Палескай, Магілёўскай, Мінскай і іншых абласцях. Так, за вясну 1943 г. 138 маладых партызан брыгады імя С. М. Кароткіна Віцебскай вобласці сталі мінамётчыкамі, 312 – кулямётчыкамі, 37 – гранатамётчыкамі, 50 – санінструктарамі, 15 – падрыўнікамі. За лістапад-снежань 1943 г. у Віцебскай вобласці было падрыхтавана 2635 кулямётчыкаў, 2721 падрыўнік, 2041 аўтаматчык, 778 знішчальнікаў танкаў, 632 мінамётчыкі, 283 снайперы, 312 санінструктараў. Прыкладна так разгортвалася справа падрыхтоўкі кадраў у многіх партызанскіх фарміраваннях Беларусі.

Дзеля ажыццяўлення дыверсій на варожых камунікацыях і аб’ектах ствараліся групы падрыўнікоў і “паляўнічых”. Напрыклад, у Гомельскай вобласці дзейнічала 209 камсамольска-маладзёжных дыверсійных груп, якія аб’ядноўвалі звыш 1300 юнакоў і дзяўчат, у Мінскай вобласці ў 569 групах змагалася 4100 чалавек, 2950 падрыўнікоў налічвалася ў Магілёўскай вобласці, 1180 – у Баранавіцкай, 1080 – у Беластоцкай, 570 – у Брэсцкай.

Баявая падрыхтоўка партызан садзейнічала павышэнню эфектыўнасці барацьбы. Асабліва актыўныя баі і дыверсіі партызан разгарнуліся напярэдадні і ў час контрнаступлення Чырвонай Арміі пад Курскам. 24 чэрвеня 1943 г. было прынята рашэнне ЦК КП(б)Б аб пачатку “рэйкавай вайны”, за тры яе этапы было пашкоджана 211 тыс. км чыгуначных рэек, узарваны 2 171 цягнік, 6 бронецягнікоў, 32 вадакачкі, 295 чыгуначных мастоў.

Сапраўднымі майстрамі падрыўной справы былі Аляксандр Ісачанка, Павел Кажушка, Мікалай Анохін, Васіль Сімоцін, Канстанцін Пармон, Васіль Шутаў, Фёдар Бачыла, Барыс Дзмітрыеў, Піліп Кавалёў, Фёдар Кухараў, Аляксей Лукашэвіч, Фёдар Малышаў, Ганна Маслоўская, Уладзімір Парахневіч, Рыгор Такуеў, Эдуард Лаўрыновіч, Мамед-Алі Тапівалдыеў, Тамара Пачакаева, Любоў Крывельская, Вера Адзінец, Паліна Осіна, Ніна Губінская, Аляксандра Гарбунова, Станіслава Войніч і многія іншыя.

Эфектыўныя баі ішлі па разгрому варожых гарнізонаў. За вясну-лета 1943 г. было разгромлена больш за 220 варожых гарнізонаў і апорных пунктаў, а за другі перыяд Вялікай Айчыннай вайны партызаны нанеслі звыш 600 адчувальных удараў па апорных пунктах ворага. У канцы 1943 г. пад кантролем партызан знаходзіліся 108 тыс. кв.км тэрыторыі Беларусі, у тым ліку 37, 8 тыс.кв.км былі поўнасцю ачышчаны ад праціўніка. Існавалі 20 буйных партызанскіх зон, якія з’яўляліся сапраўднымі фарпостамі савецкай улады ў тыле ворага. Тут знаходзіліся абласныя, міжраённыя, раённыя камітэты партыі і камсамола, дзейнічалі партыйныя арганізацыі, якія кіравалі наладжваннем гаспадаркі. У некаторых вёсках, кантралюемых партызанамі, функцыі органаў Савецкай улады выконвалі прызначаныя камандаваннем упаўнаважаныя і камянданты. На іх ускладаліся задачы падтрымання неабходнага парадку, забеспячэння добразычлівых адносін паміж партызанамі і мясцовым насельніцтвам.

Аднак здараліся выпадкі нядобрасумленных адносін партызан да мясцовага насельніцтва. Так, у паведамленні Магілёўскага падпольнага абкома за май 1944 г. адзначалася, што сярод каманднага і радавога саставу мелі месца амаральныя паводзіны, марадзёрства, дэзерцірства, парушэнні партызанскіх абавязкаў. Як сведчаць архіўныя дакументы, партыйныя камітэты, камандаванне партызанскімі фарміраваннямі вяло жорсткую барацьбу з такімі праяўленнямі. Дастаткова сказаць, што за годы вайны, згодна з рашэннямі партызанскіх судоў, за цяжкія ўчынкі было расстраляна 2345 чалавек.

Варта заўважыць, што тайная палявая паліцыя (ГФП) сумесна з органамі германскай разведкі і контрразведкі – абверам і службай бяспекі (СД) засылала значную колькасць сваіх агентаў у партызанскія атрады і падпольныя арганізацыі. Яны ажыццяўлялі дыверсіі і правакацыі, дыскрэдытуючы патрыятычны рух. Згодна з агентурнымі данымі, 30 лістапада 1943 г. у Мінск было накіравана 300 добра падрыхтаваных у Германіі дыверсантаў. З іх 150 чалавек павінна было быць заслана ў атрады Мінскай вобласці, астатнія – у іншыя раёны рэспублікі. З мэтай дыскрэдытацыі дзейнасці партызан, на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларусь ствараліся добра ўзброеныя і спецыяльна абучаныя невялікія знішчальныя атрады. Маскіруючыся пад партызан, яны грабілі, палілі, гвалтавалі, забівалі мясцовых жыхароў, нападалі на невялікія групы партызан. Нагадаем, гэта праблема мала распрацавана ў айчыннай гістарычнай навуцы, таму параджае шмат домыслаў наконт дзейнасці беларускіх партызан.

У абсалютнай большасці ўзаемаадносіны партызан і мясцовага насельніцтва былі надзвычай высакароднымі. Шмат людзей жылі ў партызанскіх зонах пад аховай партызан: ва Ушацка-Лепельскай зоне – звыш 73 тыс., Клічаўскай – больш 70, у Івянецка-Налібоцкай – каля 60 тыс.

Гістарычнай заслугай партызанскагаг руху перад сваім народам з’явілася самаадданая барацьба па выратаванні насельніцтва ад знішчэння і ўгона ў фашысцкае рабства.

Народныя мсціўцы дапамагалі сялянам ахоўваць, сеяць і збіраць ураджай, партызанскія медыцынскія работнікі лячылі хворых, змагаліся з эпідэміямі. У партызанскіх зонах адкрываліся і працавалі дзесяткі школ. Толькі ў Акцябрскім раёне было адкрыта 20 школ. На тэрыторыі зоны дзейнічала вялікая колькасць гаспадарчых прадпрыемстваў, якія працавалі на патрэбы партызан і мясцовага насельніцтва. Напрыклад, у Расонскай зоне да вясны 1943 г. былі адрамантаваны і працавалі 7 вадзяных і паравых млынаў, 12 гарбарных заводаў, 13 шавецкіх майстэрняў. Дзеля патрэб партызан было пашыта 2970 пар абутку, вялікая колькасць маскіровачных халатаў, зроблена 70 сёдлаў, 1189 пар лыж, 248 саней, 215 вазоў.

Партызанскія зоны з’яўляліся арганізацыйна-прапагандысцкімі цэнтрамі. Тут выпускалася 170 падпольных газет, працавала 168 радыёстанцый, праводзіліся гутаркі і лекцыі, дэманстраваліся кінафільмы, урачыста адзначаліся святы.

У зонах былі пабудаваны 41 аэрадром і 83 пляцоўкі для дэсантавання і дастаўкі зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, адпраўкі раненых і хворых у савецкі тыл. За гады вайны партызанам Беларусі было перапраўлена 41 776 вінтовак і карабінаў, 18 684 аўтаматаў, 1 348 мінамётаў, 1 383 процітанкавыя ружжы, 553 т толу, свыш 188 тыс. гранат, больш чым 744 млн патронаў, 168 радыёстанцый і шмат іншай ваеннай амуніцыі.

Польскае нацыяналістычнае падполле. У час вайны ў некаторых раёнах Беларусі пачало дзейнасць польскае нацыяналістычнае падполле, асабліва актывізавалася барацьба пасля арганізацыі Арміі Краёвай (АК). Яны кіраваліся ўказаннямі польскага эміграцыйнага ўрада генерала Сікорскага ў Лондане і ставілі мэтай адраджэнне Польшчы ў межах да верасня 1939 г. Дзейнасць польскага падполля і АК насіла неадназначны характар. Палякі вялі барацьбу з германскімі агрэсарамі, іншы раз узаемадзейнічалі з беларускімі партызанамі па разгрому апорных пунктаў ворага. У адкрытым лісце да камандвання польскіх легіянераў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Вілейскай вобласці, камандзір партызанскай брыгады імя М.Ф.Гастэлы В.А.Манохін адзначаў: На временно оккупированной немцами территории Советского Сою­за советские партизаны ведут борьбу против гитлеровских захватчиков, помогая своими действиями Красной Армии.

Славные польские патриоты на территории Польши ведут против немецких захватчиков активную беспощадную войну. Как и советские патриоты, они мстят нашему общему врагу.

Доблестный польский национальный корпус им. Т. Костюшко бок о бок с частями Красной Армии сражается за дело окончательного разгрома гитлеровской Германии, сражается за родную Польшу, изны­вающую под гнетом фашистских захватчиков. Они дерутся за Польшу, которую и мы, советские люди, хотим видеть после разгрома гитлеризма дружественной нам, свободной, сильной, независимой.

Истинные польские патриоты понимают, что необходимы общие усилия в борьбе против гитлеровских полчищ, что Польша обретет свою самостоятельность только в результате разгрома фашистской Германии ”.

Аднак разрыў савецкім урадам адносін з польскім кіраўніцтвам у Лондане (красавік 1943 г.) прывёў да пагаршэння зносін паміж АК і партызанскім рухам у Беларусі. 22 чэрвеня 1943 г. ЦК КП(б)Б разаслаў падпольным партыйным цэнтрам закрытае пісьмо “Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР”, у якім былі сфармуляваны прынцыповыя ўстаноўкі ў адносінах да польскіх нацыяналістычных атрадаў і груп. Прапанавалася ўсімі сродкамі весці барацьбу з імі і ў той жа час стварыць савецкія партызанскія атрады і групы з удзелам палякаў. “Подпольные партийные центры, партизанские отряды, организуя и возглавляя борьбу народа, должны развивать ее на той основе, что запад­ные области Советской Белоруссии являются неотъемлемой частью Бе­лорусского Советского Социалистического Государства, неотъемлемой территорией Союза Советских Социалистических Республик.

На этот основной, коренной элемент нашей политики, имеющий государственный характер, ЦК обращает особое внимание в связи с тем что польское правительство и националистические польские реакционные круги, став на позицию враждебных отношений к Советскому Союзу и не признавая исторических прав белорусского и украинского народов быть объединенными в своих национальных государствах, выступили с захватническим, империалистическим планом раздела исконных белорусских и украинских земель. Польское правительство рассматривает западные области Советской Белоруссии и Советской Украины как часть территории Польши, игнорирует всем известный факт происшедшего воссоединения белорусов и украинцев в своих национальных государствах и выступает за продолжение политики раздробления белорусского и украинского народов ”.

Нягледзячы на тое, што польскае кіраўніцтва ў Лондане не спяшалася ствараць шырокую сетку партызанскіх атрадаў для барацьбы з германскімі захопнікамі, першыя фарміраванні з ліку палякаў пачалі ўзнікаць ужо ў 1942 г. У 1944 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала да 20 тыс. акаўцаў. У час набліжэння лініі фронту да старой польска-савецкай мяжы (што існавала да 1939 г.) атрады Арміі Краёвай павінны былі прыступіць да рэалізацыі т. зв. плана “Бура”, зацверджанага загадам камандуючага АК ад 20 лістапада 1943 г. Гэтым планам прадугледжвалася ўзняць паўстанне і захапіць тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі польскім падполлем і атрадамі Арміі Краёвай у момант адступлення нямецкіх войск.

У той жа час гітлераўцы шукалі любыя магчымасці для актывізацыі мясцовых сіл супраць партызанскага руху. Для гэтай мэты яны выкарысталі абвастрэнне адносіны паміж савецкімі партызанскімі атрадамі і Арміяй Краёвай. Некаторыя злучэнні АК заключылі пагадненні з нямецкім камандаваннем аб супрацоўніцтве ў барацьбе з савецкімі партызанамі. Узамен гітлераўцы абавязаліся пастаўляць ім зброю, амуніцыю, боепрыпасы. Такі дагавор меўся паміж камандаваннем батальена “Стоўбцы”, а крыху пазней з камандуючым Наднеманскім злучэннем АК. Адпаведныя дамоўленасці мелі таксама атрады АК, што былі падпарадкаваны каменданту Віленскай акругі АК.

Армія Краёва была афіцыйна распушчана 19 студзеня 1945 г., аднак яе мясцовыя структуры прадаўжалі барацьбу з чырвонаармейцамі, партыйна-савецкім актывам і мясцовымі беларускімі жыхарамі амаль да сярэдзіны 50-х гадоў. Так, польскі гісторык Г. Вяліхноўскі піша: “20 снежня і 2 лютага 1946 г. атрады НЗВ “Бурага” спалілі дзве беларускія вёскі. Пасля падпалу будынкаў акаўскія бандыты расстралялі ўцякаўшых жыхароў. Такім чынам, яны забілі і спалілі жывымі 46 чалавек, сярод якіх было прыкладна 15 падлеткаў ва ўзросце да 10 гадоў. Некалькі дзесяткаў чалавек былі паранены, атрымалі моцныя апёкі. 104 сям’і спаленых вёсак, якія налічвалі 459 чалавек, засталіся без сродкаў існавання”.

Тэрарыстычная дзейнасць акаўцаў выклікала занепакоенасць мясцовых органаў улады і дзяржаўнай бяспекі, што вымусіла прымяняць адэкватныя меры, якія былі накіраваны на нейтралізацыю бандыцкіх акцый. Згодна з апублікаванымі данымі, з першага чэрвеня па 1 сакавіка 1947 г. было разгромлена 767 бандыцкіх фарміраванняў АК і арыштавана 13 329 чалавек. Дзейнасць польскіх акаўскіх банд была прыпынена да сярэдзіны 50-х гадоў, калі ўсталяваліся добрасуседскія зносіны з Польскай Народнай Рэспублікай.

Неабходна нагадаць, што ў шэрагу заходніх рэгіёнаў Украіны, а таксама ў паўднёва-заходніх раёнах Беларусі дзейнічалі фарміраванні Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў (АУН), якія змагаліся супраць польскіх, савецкіх і германскіх ваенных частак, намагаючыся набыць самастойную ўладу.

Уклад у перамогу над ворагам. На акупіраванай тэрыторыі гераічна змагаліся 374 тыс. партызан, якія амаль на 80% з’яўляліся мясцовымі жыхарамі. На баявым уліку партызан знаходзіліся каля 400 тыс. чалавек рэзерву. Мужную барацьбу вялі звыш 70 тыс. падпольшчыкаў. Большую частку беларускіх патрыётаў складалі юнакі і дзяўчаты. Моладзь да 26-гадовага ўзросту складала звыш 54% беларускіх партызан. Прадстаўнікі ўсіх сацыяльных слаёў удзельнічалі ў барацьбе з акупантамі. На абарону Радзімы актыўна выступалі настаўнікі і навучэнцы. У партызанскім руху ўдзельнічала 7 175 настаўнікаў і 34 342 навучэнцы, з якіх каля 5 тыс. з’яўляліся піянерамі.

За тры гады гераічнай барацьбы ў тыле ворага патрыёты Беларусі знішчылі і паранілі каля 500 тыс. гітлераўцаў і іх прыслужнікаў, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі звыш 11 тыс. варожых эшалонаў, знішчылі 18 700 аўтамабіляў, спалілі і разбурылі 819 чыгуначных і 4 710 шашэйных мастоў, пашкодзілі 300 тыс. чыгуначных рэек, 7, 3 тыс. км сувязі. Яны збілі ў паветры і вывялі са строю на аэрадромах 305 самалетаў, 1 355 танкаў і бронемашын, 438 гармат; знішчылі 939 складоў. Партызаны захапілі багатыя трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў.

За гераізм і мужнасць 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 чалавекам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У барацьбе з ворагам загінула 44791 партызан, велізарныя страты панесла падполле. Напрыклад, з 1500 падпольшчыкаў Віцебска загінуў кожны трэці. Прыкладна такая ж сітуацыя была і ў іншых падпольных арганізацыях.

Патрыятычным рухам у Беларусі кіравалі падпольныя партыйныя органы і арганізацыі. Усяго ў 1941 – 1944 гг. дзейнічала 10 абкомаў, 17 міжрайкамаў і міжрайпартцэнтраў, 8 гаркамаў, 2 гаркамы-райкамы, 166 райкамаў КП(б)Б і 184 тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі. Актыўна дзейнічала камсамольска-маладзёжнае падполле. У гады вайны дзейнічалі 10 абласных, 6 міжраённых, 189 раённых, 13 гарадскіх падпольных камітэтаў ЛКСМБ і амаль 3 тыс. падпольных арганізацый. У заходніх абласцях актыўна працавалі 2 абласныя, 3 міжраённыя, 4 гарадскія, 27 раённых і 355 маладзёжных антыфашысцкіх арганізацый.

Такім чынам, адным з рашаючых фактараў перамогі Савецкага Саюза ў вайне з гітлераўскай Германіяй і яе саюзнікамі з’явілася ўсенародная барацьба з захопнікамі, якая разгарнулася на акупіраванай ворагам тэрыторыі СССР, у тым ліку і ў Беларусі. Гэтая барацьба ажыццяўлялася ў трох асноўных формах: узброенных дзеяннях партызан, дзейнасці падпольных груп і арганізацый, масавым зрыве насельніцтвам, якое не ўваходзіла ў склад партызанскіх фарміраваннях і падпольных арганізацый, эканамічных і палітычных і ваенных планаў акупантаў.

Усенародны характар барацьбы праявіўся, перш за ўсё, у тым, што ў ёй удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх сацыяльных слаёў насельніцтва і большасці нацый і народнасцей СССР, рознага ўзросту і прафесій. У радах савецкіх партызан налічвалася звыш 1 млн чалавек, у падполлі і скрытых рэзервах – каля 2 млн чалавек.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.011 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал