Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Аграрная рэформа 1557 г. Станаўленне фальваркавай сістэмы.
У 15 -16 стст. у краінах Заходняй Еўропы адбываюцца істотныя грамадскія пераўтварэнні: “Вялікія геаграфічныя адкрыцці”, стварэнне каланіяльных імперый, станаўленне мануфактурнай вытворчасці, значны рост гарадоў і пашырэнне гандлю, якія сведчылі пра фарміраванне і развіццё капіталістычных адносін. У Заходняй Еўропе ў сувязі з развіццём прамысловасці і ростам гарадоў рэзка павялічваецца попыт на прадукты харчавання і сельскагаспадарчую сыравіну. З другога боку назіраецца значны рост цэн у выніку падзеняя кошту высакародных металаў. Так, пасля адкрыцця Амерыкі ў 1492 г. адтуль за 60 год было вывезена 180 тон золата і 17000 тон срэбра. У выніку кошт высакародных металаў у Еўропе за 1500 – 1600 г. зменшыўся больш чым у 8 разоў. Вынікам гэтых з’яў стала так званая “ рэвалюцыя коштаў ”, характэрнымі рысамі якой сталі рост цэн на харчаванне і сельскагаспадарчую сыравіну, танныя срэбра і золата. Гэта была вельмі выгодна для вытворцаў і гандляроў збожжам. Еўрапейскі кантынент ў эканамічным жыцці выразна падзяліўся па “ лініі ракі Эльбы ”. На Захадзе ад яе развіваецца капіталізм (банкі, мануфактуры, урбанізацыя), а на Усходзе – адбываюцца развіццё таварнай сельскай гаспадаркі і “другое выданне прыгоннага права” (пазбаўленне сялян асабістай свабоды і прымацаванне да зямлі). У сувязі з імкненнем дзяржавы і феадалаў да павелічэння даходаў шляхам продажу збожжа ранейшая феадальная сістэма, заснаваная на даніне і натуральнай гаспадарцы, у 16 ст. замяняецца фальваркавай. Фальварак – арыентаваная на продаж прадукцыі шматгаліновая таварная гаспадарка, у якой вядучае месца належыла вытворчасці збожжа. З фарміраваннем фальваркаў значна пашырыліся ворыўныя землі, якія знаходзіліся ў карыстанні феадалаў, у асноўным за кошт сялянскіх надзелаў. Павялічылася доля паншчыны ў сялянскіх павіннасцях. Ва ўмовах пашырэння сувязяў са знешнім рынкам для росту дзяржаўных даходаў вялікі князь Жыгімонт ІІ Аўгуст у 1557 г. пачынае правядзенне рэформы ў дзяржаўных маёнтках, якая атрымала назву “ валочная памера ”. Падчас рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на ўніфікаваныя надзелы – валокі памерам каля 23 га. Кавалкі зямлі былі падзелены паводле якасці глебы на “вельмі кепскую”, “кепскую”, “сярэднюю” і “добрую”. Лепшыя валокі адводзіліся пад вялікакняжацкія фальваркі. Астатнія валокі раздаваліся ў якасці надзелаў сялянам у падворнае землекарыстанне. Для сялянскіх дымоў валока з’яўлялася адзінкай падаткаабкладання і нясення павіннасцей. Суадносіны велічыні фальваркавых і сялянскіх ворыўных земляў у дзяржаўным маёнтку вызначаліся 1: 7. Акрамя падворнага надзела, сялянам адводзіліся землі агульнага карыстання: сенажаці, выганы, дубровы і г.д. За абшчынамі было захавана права " ўваходу" і " ўступу" ў пушчы, балоты і азёры маёнтка. Тут сяляне маглі нарыхтоўваць дровы, будаўнічы матэрыял, пасвіць жывёлу, лавіць рыбу. Сялянскія двары ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівалі валоку ці яе частку (палову, чвэрць), з якой выконвалі дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя), асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя валокі пераважалі на захадзе дзяржавы; чыншавыя – на ўсходзе. Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень з валокі, асадныя сяляне павінны былі плаціць чынш у залежнасці ад якасці зямлі 6-66 грошаў з валокі. Акрамя таго усе сяляне выконвалі розныя дадатковыя павіннасці і выплочвалі нерэгулярныя падаткі на вайсковыя патрэбы. Сялянскія надзелы падзяляліся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці. Да канца 16 ст. рэформа ў дзяржаўных уладаннях была ў асноўным завершана. Яна прывяла да істотнага павелічэння прыбыткаў маёнткаў. Сацыяльнымі наступствамі рэформы сталі: - на захадзе і ў цэнтры ВКЛ была разбурана сялянская абшчына; - сялянскія гаспадаркі страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся іх спадчынным валоданнем; - асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцей сталі на захадзе паншчына, на ўсходзе –чынш; - адбываецца паступовае абмежаванне грамадзянскіх свабод большасці сялянства. Прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, у першую чаргу буйнымі, якія пры стварэнні фальваркаў таксама ажыццяўлялі валочную памеру. Гэтаму спрыяла тое, што з 1609 г. у Рэчы Паспалітай былі адменены ўсе падаткі з продажу тавараў, якія належалі шляхце – галоўнымі ўласнікамі капітала і сродкаў вытворчасці ў рэгіёне сталі феадалы. Адначасова са станаўленнем фальваркавай гаспадаркі адбываецца працэс юрыдычнага запрыгоньвання сялянства. У межах дадзенага працэсу можна влучыць некалькі этапаў: 1) Прывілей 1447 г. Казіміра Ягайлавіча, згодна з якім замацоўвалася права вотчыннага суду над сялянамі і было забаронена шляхце прымаць беглых і пераманьваць да сябе чужых сялян. 2) Статут ВКЛ 1529 г., які абмежаваў права распараджэння сялян зямлёй без дазволу ўладальніка, а таксама ўстанаўліваў правіла, паводле якога “пахожы” селянін, які пражыў на зямл аднаго ўладальніка звыш 10 гадоў, пераходзіў у разрад “непахожых”. 3) Устава на валокі 1557 г. (пазбаўленне спадчыннага валодання сялянамі зямлі, фактычнае прымацаванне сялян да зямлі). 4) Статут ВКЛ 1566 г., паводле якога быў уведзены 10-гадовы тэрмін пошуку сялян–уцекачоў і абмежавана магчымасць “пахожасці” адным пакаленнем (ужо сыны перайшоўшага ў другі маёнтак вольнага селяніна станавіліся прыгоннымі). 5) Статут ВКЛ 1588 г., згодна з якім уводзіўся 20-гадовы тэрмін пошуку сялян–уцекачоў і абвешчана аб адмене “пахожасці”. Такім чынам, да канца 16 ст. большая частка сялянства страціла асабістую свабоду і трапіла ў залежнасць ад землеўладальнікаў, без дазволу якіх яны не маглі перасяліцца на іншае месца, выбраць іншы від заняткаў; фактычна пазбаўляліся грамадзянскіх правоў. Паступова розныя юрыдычныя катэгорыі сялянства (акрамя сялян-слуг) зліваюцца ў адзіную групу прыгоннага сялянства.
|