Студопедия

Главная страница Случайная страница

КАТЕГОРИИ:

АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника






Глава 25 арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва






Артыкул 252. Арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, яе віды

Арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва – культурная дзейнасць, накіраваная на задавальненне асветных, эстэтычных, пазнавальных і забаўляльных патрэбнасцей насельніцтва.

Асноўнымі відамі арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва з'яўляюцца:

арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;

ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў;

правядзенне дыскатэк, маладзёжных баляў, карнавалаў, дзіцячых ранішнікаў, гульнявых і іншых забаўляльных мерапрыемстваў;

правядзенне масавых тэатралізаваных свят і прадстаўленняў, народных гулянняў, абрадаў і рытуалаў у адпаведнасці з мясцовымі звычаямі і традыцыямі;

стварэнне і арганізацыя работы калектываў, студый і гурткоў па краязнаўчых, навукова-тэхнічных, экалагічных, культурна-бытавых, калекцыйных і іншых інтарэсах;

арганізацыя ва ўстаноўленым парадку фізкультурна-аздараўленчых, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, турыстычных падарожжаў;

іншыя віды арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

Асноўнымі арганізацыямі культуры, якія забяспечваюць арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, з’яўляюцца клубныя ўстановы, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі і заасады.

Артыкул 253. Правядзенне дыскатэк і ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў

Дыскатэка – танцавальны вечар, вечар адпачынку або іншае забаўляльнае мерапрыемства, якое суправаджаецца публічным выкананнем музычных твораў артыстамі, выканаўцамі і (або) з дапамогай тэхнічных сродкаў, з магчымым выкарыстаннем кіна- і відэаматэрыялаў, правядзеннем канцэртных, гульнявых і іншых праграм.

Дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў – дзейнасць па правядзенню дыскатэк, арганізацыі кегельбанаў, боўлінгаў, більярдаў, прадстаўленню іншых забаўляльных, культурна-дасугавых паслуг з магчымым адначасовым прадстаўленнем паслуг грамадскага харчавання.

Правядзенне дыскатэк і ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў з’яўляюцца публічнымі відамі дзейнасці (ажыццяўляюцца ў дачыненні да кожнага, хто звернецца за іх атрыманнем).

Фізічным асобам, не дасягнуўшым васемнаццаці гадоў, забараняецца прысутнічаць на дыскатэках у начны час (з 22 да 6 гадзін). Па узгадненню з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам або ўпаўнаважаным ім органам дазваляецца правядзенне разавых дыскатэк у начны час (з 22 да 6 гадзін) з удзелам фізічных асоб, не дасягнуўшых васемнаццаці гадоў.

Правядзенне дыскатэкі, ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльнага (начнога) клуба арганізуюцца на закрытай і адкрытай пляцоўках, якіх павінны адпавядаць санітарна-эпідэміялагічным, супрацьпажарным патрабаванням, а таксама патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі.

Закрытая пляцоўка – ізаляванае нежылое памяшканне, якое ўяўляе сабой асобны будынак або яго частку, якое выкарыстоўваецца для правядзення дыскатэкі, ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльнага (начнога) клуба;

Адкрытая пляцоўка – выдзеленая тэрыторыя, якая не з'яўляецца памяшканнем: танцавальная пляцоўка і іншыя месцы пад адкрытым небам, агароджаныя і спецыяльна прызначаныя для правядзення дыскатэкі.

Правядзенне дыскатэк, ажыццяўленне дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў у жылых памяшканнях не дапускаюцца.

Правядзенне дыскатэк у перыяд з 22 да 6 гадзін дазваляецца толькі на закрытых пляцоўках (за выключэннем дыскатэк, якія праводзяцца па рашэнню рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, або па ўзгадненню з імі).

Правядзенне дыскатэк на адкрытых пляцоўках ажыццяўляецца да 22 гадзін. Па ўзгадненню з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў або з упаўнаважанымі імі асобамі час правядзення дыскатэк на адкрытых пляцоўках можа быць падоўжаны.

Пры правядзенні дыскатэкі на адкрытай пляцоўцы тэрыторыя гэтай пляцоўкі павінна быць адгароджана ад вуліцы, праезнай часткі плотам або агароджай, якія забяспечваюць бяспеку наведвальнікаў дыскатэкі, а таксама жыхароў прылеглых да месца правядзення дыскатэкі жылых дамоў, удзельнікаў дарожнага руху.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляюць улік юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў.

Гэты артыкул не распаўсюджваецца на дыскатэкі, якія праводзяцца ў рамках арганізацыі адукацыйнага працэсу на бязвыплатнай аснове.

Артыкул 254. Правы і абавязкі наведвальнікаў, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў пры правядзенні дыскатэк і ажыццяўленні дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў

Наведвальнікі дыскатэкі, культурна-забаўляльнага (начнога) клуба маюць права:

на атрыманне інфармацыі аб узроставым складзе і максімальнай колькасці наведвальнікаў, мерах па забеспячэнні грамадскага парадку;

наведваць дыскатэку, культурна-забаўляльны (начны) клуб незалежна ад полу, расы, мовы, рэлігійных, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых абставін;

Наведвальнікі дыскатэкі, культурна-забаўляльнага (начнога) клуба абавязаны:

выконваць зацверджаныя правілы правядзення дыскатэкі, ажыццяўлення дзейнасці культурна-забаўляльнага (начнога) клуба, а таксама абмежаванні, устаноўленыя заканадаўствам;

захоўваць грамадскі парадак;

выконваць патрабаванні работнікаў юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў, аб выкананні патрабаванняў заканадаўства, правілаў правядзення дыскатэкі, ажыццяўлення дзейнасці культурна-забаўляльнага (начнога) клуба.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў, маюць права зацвярджаць правілы правядзення дыскатэк і (або) ажыццяўлення дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў, абавязаны:

не дапускаць прысутнасць на дыскатэках у начны час (з 22 да 6 гадзін) фізічных асоб, не дасягнуўшых васемнаццаці гадоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаным часткай чацвёртай артыкула 253 гэтага Кодэкса;

не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў;

не дапускаць прысутнасці фізічных асоб, якія знаходзяцца ў стане наркатычнага або таксічнага ап’янення, наведвальнікаў з агнястрэльнай або халоднай зброяй, выбуханебяспечнымі рэчывамі;

забяспечваць ахову грамадскага парадку, у тым ліку на аўтамабільных паркоўках, арганізаваных для наведвальнікаў;

неадкладна інфармаваць органы ўнутраных спраў аб выяўленні фактаў ужывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, таксічных сродкаў і іншых адурманіваючых рэчываўнаведвальнікамі, а таксама аб здзяйсненні наведвальнікамі супрацьпраўных дзеяў;

арганізоўваць спецыяльна прызначаныя і абсталяваныя для курэння месцы;

не выкарыстоўваць праграмы, якія прапагандуюць насілле, жорсткасць, парнаграфію, наркаманію, ужыванне іншых адурманіваючых рэчываў, заклікаюць да гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнага або грамадскага строю;

выконваць патрабаванні заканадаўства, у тым ліку заканадаўства аб культуры, заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах;

ажыццяўляць пры абслугоўванні наведвальнікаў прыём наяўных грашовых сродкаў з ужываннем касавых апаратаў і (або) спецыяльных камп’ютарных сістэм, і (або) плацежных тэрміналаў для рэгістрацыі аперацый, якія ажыццяўляюцца з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак;

выконваць іншыя абавязкі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў на пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, пералічаных у частцы другой гэтага артыкула, павінны забяспечваць:

уваход на дыскатэку на падставе квіткоў;

абсталяванне месцаў правядзення дыскатэк і (або) ажыццяўлення дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў сістэмамі відэаназірання і кнопкай трывожнай сігналізацыі з паступленнем сігналу на пульт органаў унутраных спраў.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк на не пастаяннай аснове, акрамя абавязкаў, пералічаных у частцы другой гэтага артыкула, у мэтах прадухілення надзвычайных сітуацый і падтрымання правапарадку павінны ўзгадніць правядзенне дыскатэкі з адпаведным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам або ўпаўнаважаным ім органам за пяць дзён да яе правядзення.

Гэты артыкул не распаўсюджваецца на наведвальнікаў, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў пры правядзенні дыскатэк у рамках арганізацыі адукацыйнага працэсу на бязвыплатнай аснове.

Артыкул 255. Клубныя ўстановы. Дзейнасць клубных устаноў

Клубная ўстанова – арганізацыя культуры або структурнае падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія ажыццяўляюць арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва праз стварэнне фізічным асобам спрыяльных умоў для заняткаў народнай і мастацкай творчасцю, задавальнення іх асветных, эстэтычных, пазнавальных і забаўляльных патрэбнасцей, патрэбнасцей у міжасобасных адносінах і адпачынку, забяспечвае захаванне фальклору, развіццё і рэалізацыю творчых здольнасцей.

Усе клубныя ўстановы адчынены для публічнага наведвання.

Асноўнымі задачамі клубнай установы з’яўляюцца:

зберажэнне і развіццё здабыткаў нацыянальнай культуры, традыцыйных формаў адпачынку;

развіццё аматарскай мастацкай творчасці ва ўсіх праявах, раскрыццё і падтрымка творчых талентаў, носьбітаў аўтэнтычнага фальклору;

садзейнічанне пазнавальнай актыўнасці фізічных асоб, іх самаадукацыі;

стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека;

фарміраванне ў фізічных асоб ўмення і звычкі рацыянальнай, грунтоўнай, трывалай і гуманнай арганізацыі і самаарганізацыі свайго вольнага часу.

Клубная ўстанова абавязана садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для аматарскай творчасці і задавальнення культурных запатрабаванняў фізічных асоб.

Дзейнасць клубных устаноў грунтуецца на добраахвотнасці ўдзелу фізічных асоб у клубных фарміраваннях, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, спалучэнне кіравання і самакіравання.

Клубныя ўстановы могуць сумяшчаць дзейнасць па арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва з іншымі напрамкамі культурнай дзейнасці, дзейнасцю іншых арганізацый. Да такіх клубных устаноў, у прыватнасці, адносяцца дамы і клубы культурна-сацыяльных паслуг, клубы-бібліятэкі, клубы-музеі, культурна-спартыўныя цэнтры, клубы-кафэ.

Клубныя ўстановы могуць спецыялізавацца на перасоўным характары дзейнасці з выкарыстаннем розных транспартных сродкаў (агітбрыгады, аўтаклубы, плаўклубы і іншыя).

Артыкул 256. Віды клубных ўстаноў

Клубныя ўстановы могуць быць наступных відаў:

клубы;

палацы (дамы, цэнтры) культуры;

цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору);

цэнтры (дамы) рамёстваў;

маладзёжныя культурныя цэнтры;

цэнтры нацыянальных культур;

іншыя клубныя ўстановы.

Клубныя ўстановы ў залежнасці ад характару дзейнасці падраздзяляюцца на шматпрофільныя і аднапрофільныя.

Шматпрофільная клубная ўстанова забяспечвае падтрымку і развіццё розных відаў арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва.

Аднапрофільная клубная ўстанова забяспечвае разнастайнасць дзейнасці на аснове канкрэтнага віду арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, а таксама функцыянуе ў якасці пракатнай пляцоўкі для правядзення культурных і іншых мерапрыемстваў.

Клубныя ўстановы ў залежнасці ад тэрыторыі функцыянавання падзяляюцца на сельскія, пасялковыя, гарадскія, раённыя, абласныя, рэспубліканскія.

Клубныя ўстановы ў залежнасці ад арыентацыі на культурныя інтарэсы пэўных прафесійных, нацыянальных і іншых сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва падзяляюцца на цэнтры (дамы) народнай творчасці (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур і іншыя.

Артыкул 257. Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі. Дзейнасць паркаў культуры і адпачынку, гарадскіх садоў, заапаркаў, заасадоў

Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады – арганізацыі культуры, якія ажыццяўляюць арганізацыю культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва праз стварэнне на сваёй тэрыторыі спрыяльных умоў для адпачынку і забаў фізічных асоб, распаўсюджвання і папулярызацыі ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя.

Усе паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады адчынены для публічнага наведвання.

Парк культуры і адпачынку (гарадскі сад, заапарк, заасад) ствараецца са згоды мясцовага выканаўчага і распарадчага органа па месцы яго знаходжання з заключэннем дагавору, які рэгулюе адносіны паміж паркам культуры і адпачынку (гарадскім садам, заапаркам, заасадам) і мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады павінны мець генеральныя планы развіцця, зацверджаныя адпаведным мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, у якім вызначаюцца перспектывы іх развіцця. Планаванне, добраўпарадкаванне, будаўніцтва, устаноўка атракцыёнаў і іншае ў парках культуры і адпачынку, гарадскіх садах, заапарках, заасадах ажыццяўляюцца толькі ў адпаведнасці з генеральным планам.

Правядзенне паркамі культуры і адпачынку, гарадскімі садамі, заапаркамі, заасадамі мерапрыемстваў, якія могуць мець экалагічныя, сацыяльныя і іншыя вынікі, што закранаюць інтарэсы насельніцтва адпаведнай тэрыторыі, узгадняецца з мясцовым выканаўчым і распарадчым органам па месцы іх знаходжання.

Паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады, заапаркі, заасады каардынуюць дзейнасць арганізацый грамадскага харчавання, гандлю, камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкавання, азелянення і іншых арганізацый, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы садзейнічаюць развіццю і эфектыўнай дзейнасці паркаў культуры і адпачынку, гарадскіх садоў, заапаркаў, заасадаў, перадачы для іх патрэбнасцей памяшканняў, іншых аб’ектаў.


Поделиться с друзьями:

mylektsii.su - Мои Лекции - 2015-2024 год. (0.01 сек.)Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав Пожаловаться на материал