![]() Главная страница Случайная страница КАТЕГОРИИ: АвтомобилиАстрономияБиологияГеографияДом и садДругие языкиДругоеИнформатикаИсторияКультураЛитератураЛогикаМатематикаМедицинаМеталлургияМеханикаОбразованиеОхрана трудаПедагогикаПолитикаПравоПсихологияРелигияРиторикаСоциологияСпортСтроительствоТехнологияТуризмФизикаФилософияФинансыХимияЧерчениеЭкологияЭкономикаЭлектроника |
Тлумачальная запіска
Тыпавая вучэбная праграма па вучэбнай дысцыпліне «Тэорыя музыкі (сальфеджыа, гармонія, поліфанія, аналіз музычных форм)» распрацавана для ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйных стандартаў па спецыяльнасцях 1-18 01 01 «Народная творчасць (па напрамках)»; 1-16 01 10 «Спевы (па напрамках)»; 1-16 01 06 «Духавыя інструменты (па напрамках)». Раздзелы музычна-тэарэтычнага цыкла (сальфеджыа, гармонія, поліфанія і аналіз музычных форм) з’яўляюцца тым неабходным падмуркам, без якога немагчыма навучанне, прафесійнае станаўленне і дзейнасць спецыяліста ў галіне музычнага мастацтва. Спецыфіка накіраванасці разделаў музычна-тэарэтычнага цыкла заснавана на цеснай сувязі з іншымі дысцыплінамі цыкла спецыяльных дысцыплін і дысцыплін спецыялізацыі розных напрамкаў. Веды, уменні і навыкі па сальфеджыа, гармоніі, поліфаніі і аналізе музычных форм неабходны неабходны для засваення спецінструменту, інструментазнаўства і інструментоўкі, дырыжыравання, харавога і аркестравага класа. Сальфеджыа ў агульнай сістэме прафесійнай музычнай адукацыі з’яўляецца практычнай дысцыплінай, якая дазваляе дасягнуць адпаведнага для сучаснага прафесійнага музыканта ўзроўню развіцця музычнага слыху, вакальна-інтанацыйных навыкаў у выніку паслядоўнай, сістэматычнай трэніроўкі, прадуманай сістэмы заняткаў, штотыднёвай праверкі якасці выканання дамашніх заданняў. Асноўнай мэтай раздзела «Сальфеджыа» на факультэтах музычнага мастацтва з’яўляецца захаванне і развіццё слыхавых і пеўчых навыкаў, набытых студэнтамі ў сярэдніх адукацыйных навучальных установах – музычных школах, школах з эстэтычным ухілам, музычных вучылішчах, каледжах мастацтваў. Задачы раздзела: – фарміраванне навыкаў дакладнага інтанавання і вызначэння на слых розных элементаў музычнай мовы; – развіццё ўнутранага музычнага слыху, памяці, адчування метрарытму; – развіццё навыкаў свабоднага чытання з ліста аднагалосных музычных узораў, гарманічнага і асэнсаванага ансамблевага спявання шматгалосся; – выпрацоўка навыкаў аналітычнага мыслення, ведання элементаў сінтаксічных структур музычных твораў розных стыляў і жанраў. У выніку вывучэння раздзела студэнт павінен ведаць: – асноўныя лады і складаныя метрарытмічныя малюнкі; – вызначэнні гукарада і лада, інтэрвалу і акорда і іх відаў; – паняцці дыятонікі і храматыкі, адхілення і мадуляцыі і г.д.; – заканамернасці адхілення і мадуляцыі ў аднагалоссі і шматгалоссі; – асноўныя стылістычныя заканамернасці арганізацыі музыкі ХХ ст.; умець: – пець з ліста свабодна ў тэмпе, зададзеным аўтарам, без суправаджэння складаныя ў інтанацыйных, метрарытмічных адносінах мелодыі твораў розных эпох, стылявой накіраванасці; – выконваць з тэкстам рамансы, песні з акампанементам на фартэпіяна ці іншым інструменце; – спяваць адзін голас шматгалосся, выконваючы іншыя галасы на фартэпіяна, спяваць у ансамблі; – спяваць паступовыя мадуляцыі ў форме перыяду; – запісваць складаныя ў інтанацыйных, метрарытмічных адносінах аднагалосныя дыктанты; – запісваць шматгалосныя дыктанты з колькасцю галасоў ад двух да чатырох гамафонна-гарманічнага і поліфанічнага складоў; – рабіць слыхавы аналіз урыўкаў твораў з вызначэннем іх танальнага плана і гарманічнага развіцця; – транспанаваць у сальфеджыраванні і на фартэпіяна; валодаць: – свабодным сальфеджыраваннем з ліста аднагалосся і двухгалосся дастатковай ступені складанасці сола і ў ансамблі; – аналізам на слых і ў запісы адна- і шматгалосных музычных дыктантаў з адхіленнямі і мадуляцыямі; – дакладным інтанаваннем аднагалосных мелодый пэўнай ступені складанасці і адным з галасоў шматгалосся; – навыкамі суправаджэння мелодыі літарна-лічбавымі абазначэннямі. Раздзел «Гармонія» займае адно з найважнейшых месцаў у сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў музычных спецыялізацый устаноў вышэйшай адукацыі культуры і мастацтваў. Разам з іншымі раздзеламі музычнатэарэтычнага цыкла (сальфеджыа, поліфаніяй, аналізам музычных форм), цыкла спецыяльных дысцыплін (інструментазнаўствам і інструментоўкай, дырыжыраваннем, спецінструментам і г.д.), з якімі гармонія цесна звязана, яна павінна стымуляваць развіццё ў студэнтаў прыродных музыкальных здольнасцей, аналітычных і творчых навыкаў. Набытыя веды па тыпах раскладу, сувязі акордаў, логіцы голасавядзення, пераўтварэнні музычнай тканіны дапамагаюць вырашэнню практычных задач, якія паўстаюць перад кіраўнікамі самадзейнага калектыву, – перакласці твор для іншага выканальніцкага саставу, зрабіць апрацоўку ці аранжыроўку песні, стварыць уласныя творчыя работы. Раздзел мае на мэце сфарміраваць у студэнтаў уяўленне пра гармонію як адзін з важнейшых канструктыўных элементаў музыкі, даць разуменне формаўтваральных, выразных магчымасцей гармоніі. Задачы раздзела: – даць неабходныя веды высноў класіка-рамантычнай гармоніі; – акрэсліць асноўныя тэндэнцыі развіцця гарманічнай мовы музыкі ХХ ст.; – прывіць навыкі гарманічнага аналізу; – развіць творчыя навыкі. У выніку вывучэння раздзела студэнт павінен ведаць: – асноўныя сродкі гарманічнай мовы (акорды, лады, тэорыю мадуляцыі і г.д.); – выразныя, форма- і стылеўтваральныя якасці і магчымасці гармоніі; – разнастайнасці фактурнага пераўтварэння гармоніі; – тэндэнцыі сучаснага развіцця гармоніі; умець: – гарманізаваць мелодыю; – падабраць адпаведную гармонію да песні, раманса і выканаць іх на фартэпіяна; – сыграць мадуляцыйны перыяд з ужываннем розных тыпаў мадуляцыі, секвенцыі, кадэнцыі, адхіленні, вырашэнні акордаў і г.д.; – выканаць творчыя заданні сярэдняй складанасці (напрыклад, завершыць прапанаваны музычны фрагмент у дадзеных фактурных і гарманічных умовах); – ахарактарызаваць гарманічныя сродкі ў кантэксце зместу і формы музычнага твора; валодаць: – гарманізацыяй мелодыі ў чатырохгалосным складзе; – выкарыстаннем гамафоннай фактуры пры падборы акампанементу да песні ці раманса; – аналізам сродкаў гарманічнай мовы. Вывучэнне поліфаніі з’яўляецца наступнай неабходнай ступенню пасля гармоніі. Храналагічна яе метады, жанры і формы папярэднічаюць у гісторыі гамафонна-гарманічнаму складу і формам гамафоннай музыкі. Раздзел мае на мэце паглыбленне агульнакультурнай, музычна-тэарэтычнай, прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў шляхам знаёмства з пачатковым этапам фарміравання прафесійнай еўрапейскай музыкі. Задачы раздзела: – авалодванне метадамі поліфанічнага пісьма ў розных поліфанічных складах; – засваенне метадаў поліфанічнага аналізу; – знаёмства з асноўнымі стылямі і жанрамі поліфанічнай музыкі; – выяўленне месца поліфаніі, яе прыёмаў і форм у музыцы розных эпох – ад Сярэдневякоўя да нашых дзён. У выніку вывучэння поліфаніі студэнт павінен ведаць: – прынцыпы контрапунктавання галасоў, усе віды поліфанічнага складу і асноўныя прыёмы поліфанічнага развіцця; – месца поліфаніі, яе прыёмаў і форм у музыцы розных эпох (ад Сярэдневякоўя да нашых дзён); – прынцыпы пабудовы і галоўныя элементы фугі; – асноўныя этапы развіцця, стылі і жанры поліфанічнай музыкі; умець: – адрозніваць поліфанічныя творы строгага і свабоднага стылю і розныя тыпы поліфанічнай фактуры; – характарызаваць імітацыйную, рознатэмную і падгалосачную поліфанію і складаць іх прыклады; – выяўляць і характарызаваць поліфанічныя прыёмы і формы ў гамафонных стылях; валодаць: – прыёмамі поліфанічнага пісьма ў розных поліфанічных складах; – метадамі аналізу поліфанічнай фактуры ў музычных творах розных стылявых напрамкаў; – тэхнікай сачынення невялікіх твораў поліфанічнага складу (поліфанічныя варыяцыі, апрацоўкі народных песень, фугета альбо фугата). Набытыя ў ходзе вывучэння раздзела навыкі дапамогуць у практычнай выканальніцкай дзейнасці студэнтаў. Аналіз музычных форм завяршае цыкл музычна-тэарэтычных раздзелаў тэорыі музыкі і абагульняе веды і навыкі, атрыманыя студэнтамі. Сваёй мэтай ён ставіць выпрацоўку комплекснага падыходу да музычнага твора, асэнсаванне яго жанравай прыроды, стылявой прыналежнасці, эмацыянальна-сэнсавага зместу, увасобленых у яго гуках, разуменне логікі музычнай формы, выхаванне ў студэнтаў погляду на музычную форму як жывы, гнуткі працэс вобразна-структурнага развіцця.
Мэтавая накіраванасць раздзела прадугледжвае вырашэнне шэрагу наступных задач: – вызначэнне знешніх атрыбутаў пабудовы музычнага твора: паслядоўнасці і маштабаў раздзелаў, іх тэматычных суадносін, танальна-гарманічнага плана; – усведамленне зместу твора, працэсу станаўлення яго вобразаў, дынамічнага тонусу развіцця; – акрэсленне жанравых сродкаў твораў і сродкаў выразнасці музычнага зместу, вызначэнне іх тыповых і індывідуальных рыс; – выяўленне ў музычным творы характэрных прыкмет гістарычнага, нацыянальнага, індывідуальнага кампазітарскага стыляў. У выніку вывучэння аналізу музычных форм студэнты павінны ведаць: – вызначэнні музычнага жанру, мовы, стылю, сродкаў музычнай выразнасці; – структуры простых, складаных і цыклічных форм; – тыпы музычнага аналізу; умець: – вызначаць знешнія атрыбуты пабудовы музычнага твора: паслядоўнасці і маштабы раздзелаў, іх тэматычныя суадносіны, танальна-гарманічны план; – усведамляць змест музычнага твора праз аналіз сродкаў яго музычнай выразнасці; – выяўляць тыповыя і індывідуальныя рысы пабудовы твораў і іх спецыфічныя сродкі выразнасці; – вылучаць характэрныя прыкметы гістарычнага, нацыянальнага, індывідуальна-аўтарскага кампазітарскага стыляў; валодаць: – практычнымі навыкамі вызначэння асноўных тыпаў музычных форм; – ведамі гісторыі і тэорыі класічных музычных форм і іх эвалюцыі ў музыцы ХІХ-ХХ стст.; – методыкай жанравага, стылявога і цэласнага аналізу інструментальных і вакальных твораў; – аналізам пабудовы музычнага твора, вызначэннем тэматыкі, танальнага плана, маштабаў і функцый яго раздзелаў; – практычнымі навыкамі вызначэння асноўных тыпаў музычных форм; – выяўленнем у музычным творы характэрных прыкмет гістарычнага, нацыянальнага, індывідуальнага кампазітарскага стыляў. Засваенне адукацыйнай праграмы па вучэбнай дысцыпліне па спецыяльнасцях 1-18 01 01 Народная творчасць (па напрамках); 1-16 01 10 Спевы (па напрамках); 1-16 01 06 Духавыя інструменты (па напрамках) павінна забяспечыць фарміраванне наступных груп кампетэнцый.
|